Дыялог педагагічных школ

26 студзеня па ініцыятыве кафедры замежных моў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшла міжнародная навукова-практычная відэаканферэнцыя «Іншамоўная адукацыя: вектары развіцця». Сваім вопытам з беларускімі калегамі падзяліліся выкладчыкі Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта і Уманскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П. Тычыны.

Беларуская сістэма адукацыі толькі на першы погляд падобная да аналагічных сфер суседніх краін. На практыцы школа кожнай дзяржавы мае свае асаблівасці і індывідуальныя шляхі развіцця. У сваім дакладзе Наталля Леанідаўна Коршунава, кандыдат педагагічных навук, прафесар кафедры педагогікі Школы педагогікі ДФУ, раскрыла кампетэнтнасны і дзейнасны падыходы да мадэрнізацыі вышэйшай школы. Гэтыя паняцці сталі выкарыстоўвацца ў расійскім педагагічным грамадстве ў пачатку 2000-х, але ўжо цяпер шырока даследуюцца і прымяняюцца на практыцы ў адукацыйным працэсе. Адмова ад падрыхтоўкі выключна кваліфікаванага, з наборам ведаў спецыяліста і пераход да фарміравання кампетэнтнага прафесіянала, які абапіраецца на ўласны вопыт і разбіраецца ў сумежных галінах, стаў адказам на паскарэнне тэмпаў сучаснага жыцця і шырокі доступ да велізарных аб’ёмаў інфармацыі.

Адным з каталізатараў прымянення кампетэнтнаснага падыходу ў Расіі з’яўляецца Балонскі працэс, да якога краіна далучылася ў 2003 годзе. Беларусь знаходзіцца ў пачатку гэтага шляху, і вопыт расійскіх калег дазваляе больш упэўнена падладжвацца пад новыя рэаліі вышэйшай школы. Выкладчыкі кафедры абмеркавалі з расійскай калегай плюсы і мінусы ўкаранення кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыі і задалі пытанні пра асаблівасці арганізацыі навучальнага працэсу ў ДФУ.

Педагагічную школу Украіны на відэаканферэнцыі прадставіла Ірына Анатольеўна Грытчанка, кандыдат педагагічных навук, старшы выкладчык кафедры замежных моў УДПУ імя П. Тычыны. У дакладзе яна расказала пра ўласны вопыт у выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій на занятках па англійскай мове пры прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў факультэта мастацтваў. Асаблівасцю творчых спецыяльнасцей з’яўляецца вострая неабходнасць выкарыстання мультымедыя на занятках. Праглядаючы відэаролікі, слухаючы музычныя творы і чытаючы аўтэнтычныя тэксты па тэме мастацтва, будучыя харэографы, музыканты і мастакі засвойваюць прафесійную лексіку на замежнай мове. Таксама дакладчык падзялілася вопытам украінскіх выкладчыкаў у галіне абароны аўтарскіх правоў пры складанні электронных навучальных дапаможнікаў. Праслухаўшы даклад, выкладчыкі кафедры ўключыліся ў дыскусію аб праблемах распрацоўкі навучальных дапаможнікаў і вучэбна-метадычных комплексаў для студэнтаў, якія вывучаюць замежную мову ў ВНУ.

Загадчык кафедры Ларыса Міхайлаўна Максімук у сваім выступленні зрабіла акцэнт на рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў сферы іншамоўнай падрыхтоўкі. Гэта звязана з распрацоўкай адукацыйных праграм, прызначаных для фарміравання прафесійна-моўных і камунікатыўных кампетэнцый будучых спецыялістаў, стварэнні навучальных матэрыялаў на крэдытна-модульнай аснове, ужыванні інавацыйных тэхналогій з мэтай інтэграцыі моўнай падрыхтоўкі студэнтаў у кантэксце іх прафесійнага станаўлення.

Вынікам міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі стане публікацыя зборніка артыкулаў. Дарэчы, навуковы форум штогод праводзіцца ў нашым універсітэце і традыцыйна прыцягвае ўвагу калег з блізкага замежжа.

Вольга Лебедзева,
кафедра замежных моў

Падзяліцца: