Ю.А. Іванову прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна”

У снежні 2014 г. на сесіі дэпутатаў Брэсцкага раёна прынята рашэнне аб прысваенні звання “Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна” кандыдату педагагічных навук, дацэнту Ю.А. Іванову, які доўгі час узначальваў Брэсцкі раённы аддзел адукацыі, доктару эканамічных навук, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшынi СВК “Астрамечава” А.С. Скакуну і былому галоўнаму доктару раённай бальніцы Н.Ф. Федарук.

Званне ганаровага грамадзяніна заснавана Брэсцкім раённым Саветам дэпутатаў 21 сакавіка 2008 года і з'яўляецца вышэйшай ступенню ўдзячнасці жыхароў рэгіёна.

Уручэнне пасведчанняў аб прысваенні ганаровага звання і памятных стужак адбылося на ўрачыстым сходзе ў гонар 75-годдзя з дня ўтварэння Брэсцкага раёна, які адбыўся 16 студзеня 2015 г. у Доме культуры ў вёсцы Чэрні.

Юрый Аляксандравіч у 1969 г. з адзнакай закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці «настаўнік геаграфіі і біялогіі», пасля чаго чатыры гады (1969–1973) працаваў старшынёй студэнцкага прафсаюзнага камітэта Інстытута. З 1973 па 1983 гг. працаваў дырэктарам школ у Кобрынскім і Брэсцкім раёнах, у тым ліку дырэктарам Тамашоўскай сярэдняй школы, у якой стаў адным са стваральнікаў мемарыяльнага музея Касманаўтыкі, прысвечанага двойчы Герою Савецкага Саюза лётчыку-касманаўту Пятру Ільічу Клімуку.

З 1983 года на працягу 20 гадоў працаваў загадчыкам аддзела адукацыі Брэсцкага райвыканкама. У гэты перыяд выбіраўся дэпутатам Знаменскага сельскага савета Брэсцкага раёна, раённага Савета народных дэпутатаў, членам Брэсцкага раённага выканаўчага камітэта. Быў членам калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993–1995), членам калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама (1996–2003).

Працуючы загадчыкам аддзела адукацыі, распрацаваў і ўкараніў у практыку работы школ Брэсцкага раёна сістэму дыферэнцаванага навучання ў сельскай школе, у 1993 годзе абараніў дысертацыю на прысваенне навуковай ступені кандыдата педагагічных навук па тэме “Арганізацыйна-педагагічнае забеспячэнне дыферэнцаванага навучання ў сельскай школе”. Быў дэлегатам Усесаюзнага з'езда работнікаў народнай адукацыі (1988), неаднаразова выбіраўся дэлегатам рэспубліканскіх з'ездаў настаўнікаў, быў адным з пераможцаў IX усесаюзных педагагічных чытанняў у г. Пензе (1991), удзельнічаў у рабоце Усесаюзнага з'езда творчых настаўнікаў у г. Адэсе, I з'езда настаўнікаў Беларусі.

З 2003 г. працуе ў нашым універсітэце. Спачатку на пасадзе загадчыка сектара кантролю якасці адукацыі, з 2005 года – дацэнтам кафедры геаграфіі Беларусі.

Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі (Масква). У 1991 годзе загадам МНА БССР прысвоена ганаровае званне “Выдатнік народнай адукацыі БССР”. Узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў, Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкага райвыканкама, абласнога ўпраўлення адукацыі, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

Аўтар каля 70 публікацый у асобных выданнях, навукова-метадычных часопісах і зборніках матэрыялаў канферэнцый.

Віншуем дацэнта кафедры геаграфіі Беларусі Юрыя Аляксандравіча Іванова
з прысваеннем высокага звання “Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна”!

Артыкул пра ганаровага грамадзяніна Брэсцкага раёна Ю.А. Іванава чытайце тут.

Падзяліцца: