Вышэйшая адукацыя – учора, сёння, заўтра – у кантэксце сусветных тэндэнцый

Пад такой назвай 4 мая 2018 года адбылася сустрэча студэнтаў універсітэта з кіраўніком упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Аленай Адольфаўнай Ліпай і рэктарам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталляй Пятроўнай Баранавай, якая з’яўляецца пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь у кiроўчым камітэце Савета Еўропы па адукацыйнай палітыцы і практыцы, членам групы экспертаў названага савета па вышэйшай адукацыі.

З прывітальным словам да гасцей і студэнтаў звярнулася рэктар БрДУ імя А.С. Пушкіна Ганна Мікалаеўна Сендзер, якая запрасіла прысутных да адкрытага дыялогу па пытаннях развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі і за мяжой.

Алена Адольфаўна Ліпа расказала студэнтам аб рэалізацыі ў рэспубліцы канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі, аб распрацоўцы новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, аб рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і моладзевая палітыка» на 2016–2020 гады, накіраванай на комплекснае вырашэнне актуальных задач развіцця ўсіх узроўняў адукацыі.

Наталля Пятроўна Баранава пачала сваё выступленне з невялікага экскурсу ў гісторыю развіцця сістэм адукацыі ў розных краінах, якую прадвызначылі глабальныя сусветныя эканамічныя і сацыяльныя змены. Яна расказала аб вышэйшай адукацыі сучаснай Еўропы, якая ў значнай меры абумоўліваецца Балонскім працэсам. Наталля Пятроўна адзначыла, што фарміраванне Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі заўсёды адбывалася ў адпаведнасці з прынцыпамі захавання і ўзгаднення разнастайных нацыянальных сістэм адукацыі.

У заключным слове Ганна Мікалаеўна Сендзер падзякавала гасцям за дадзеную студэнтам магчымасць атрымаць вычарпальныя адказы на пытанні аб сучасных тэндэнцыях развіцця вышэйшай адукацыі.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: