У Зімовым садзе адкрылася выстава водараў

У кожнага свята пах асаблівы. Водары ігліцы елак і пладоў цытрусавых нагадваюць нам пра Новы год. Напярэдадні гэтага свята і ў гонар чарговага дня нараджэння Зімовага саду (а нам ужо 4 гады) 19 снежня 2014 года ў экспазіцыі адкрылася выстава навуковых прац студэнтаў біялагічнага факультэта «Водары Зімовага саду». Студэнты біяэколагі ў межах заняткаў па «Экалагічнай біяхіміі» выдзелілі эфірныя маслы з больш за 20 відаў раслін, якія растуць у Цэнтры экалогіі. Апрача нюхальнай дэгустацыі саміх маслаў, наведвальнікам прапануецца інфармацыя ў выглядзе буклетаў пра карысныя ўласцівасці гэтых лятучых рэчываў, якія, акрамя прыемных адчуванняў, ратуюць чалавека ад розных хвароб.

Адкрыла выставу Колбас Наталля Юр'еўна, кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры хіміі. Яна расказала пра значэнне пахаў у жыцці чалавека. Напрыклад, ранішнюю зарадку можна замяніць эфірным маслам лімона. Гэты лёгкі, свежы водар дапаможа прачнуцца, сканцэнтравацца, а таксама забяспечыць абарону ад вірусаў і інфекцый на працягу ўсяго дня. Лёгкі, чысты, кветачны водар лаванды спрыяе аднаўленню сіл і дасягненню ўнутранай гармоніі. Палепшыць настрой і эмацыйны стан можна з дапамогай эфірнага масла апельсіна. Да таго ж яго асаблівы салодка-свежы водар падахвочвае чалавека здзяйсняць пакупкі.

Выстава будзе доўжыцца да 11 студзеня 2015 года. Прыходзьце да нас і акуніцеся ў атмасферу свята.

З надыходзячым Новым Годам і Калядамі!

Цэнтр экалогіі

Падзяліцца: