Студсавет у гасцях у Дзівінскага дзіцячага дома

12 снежня 2014 года ДУА «Дзівінскі дзіцячы дом» наведалі члены студэнцкага савета і выхавацель інтэрната №3, педагог-псіхолаг Аддзела выхаваўчай працы, студэнты-актывісты юрыдычнага і псіхолага-педагагічнага факультэтаў, а таксама факультэтаў замежных моў і фізічнага выхавання.

У Дзівінскім дзіцячым доме пражывае 52 дзіцяці. І гэты снежаньскі дзень напярэдадні Каляд і Новага года стаў чароўным не толькі для выхаванцаў, але і для студэнтаў нашага ўніверсітэта.

З малодшымі дзецьмі была апрабавана тэхніка малявання «чароўныя фарбы», падчас якой яны малявалі рукамі, кожны пакінуў сваю каляровую далоньку на паперы. А старэйшыя складалі карту жаданняў з іх самымі запаветнымі марамі, пісалі пажаданні да Новага года. Усе захапіліся чароўнымі фарбамі, рознакаляровымі алоўкамі і фламастарамі, і здавалася, што выхаванцы і студэнты былі гатовыя займацца творчасцю ўвесь дзень.

Нашы студэнты падрыхтавалі для кожнага дзіцяці невялікі падарунак. Усе раздзяліліся на групы і сабраліся за салодкім сталом, дзе выхаванцы змаглі пагутарыць з гасцямі, расказаць пра сябе, пагуляць і паесці прысмакаў. Шмат дзяцей збіраецца паступаць у наш універсітэт, таму студэнтаў засыпалі пытаннямі пра ўмовы паступлення і пражывання ў інтэрнатах.

Развітвацца не хацелася. У захапленні ад праведзенага дня былі ўсе: выхаванцы і персанал дзіцячага дома, нашы студэнты. Юнакам і дзяўчатам з студсавета інтэрната №3 сапраўды атрымалася размаляваць гэты дзень для дзяцей яркімі фарбамі.

Падзяліцца: