Першакурснікі – рэктар: дыялог адбыўся

Сустрэчы рэктара ўніверсітэта, прафесара Ганны Мікалаеўны Сендзер, з першакурснікамі сталі ўжо традыцыйнымі. Адна з такіх сустрэч адбылася 22 кастрычніка 2019 г. на псіхолага-педагагічным факультэце. У аўдыторыі сабраліся студэнты спецыяльнасцей «Пачатковая адукацыя», «Псіхалогія», «Практычная псіхалогія». Даведаўшыся пра блізкую размову з першакурснікамі, «напрасіліся» і другакурснікі.

Запоўненая аўдыторыя, атмасфера дыялогу, пытанні, пытанні, пытанні…

Студэнтаў цікавіць літаральна ўсё: пачынаючы ад дасягненняў ВНУ за апошнія гады і канчаючы «сакрэтамі» шчаслівага чалавека. Важна тое, што на 1-ы  курс паступілі матываваныя на атрыманне педагагічнай прафесіі студэнты, паколькі ў ліку мноства пытанняў вылучаўся блок, які мае адносіны да прафесіі педагога, настаўніка, задаволенасці педагагічнай прафесіяй, яе запатрабаванасці ў сучасных умовах.

Спецыфіка выбраных спецыяльнасцей навучэнцамі (у аўдыторыі сабраліся будучыя педагогі-псіхолагі, практычныя псіхолагі) наклала свой адбітак і на пытанні, якія паступілі на адрас рэктара. Студэнтам было цікава даведацца, што, на думку Ганны Мікалаеўны, можа выступаць у ролі трох кітоў, на якіх грунтуецца псіхалагічнае здароўе асобы; які партрэт ідэальнага студэнта, які дэвіз натхняе рэктара ў жыцці і многае іншае.

Цікавіліся студэнты і меркаваннем прафесара Сендзер пра дасягненні не толькі ўніверсітэта, але і г. Брэста. Прайшлі (і працягваюцца) цудоўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 1000-годдзя г. Брэста, і студэнтам было важна даведацца пра ўражанні рэктара аб горадзе, аб яго славутасцях, дасягненнях.

Рэктар універсітэта шчыра прадэманстравала гатоўнасць да адкрытага дыялогу са студэнтамі, да аказання дапамогі і падтрымкі. Студэнты пераканаліся, што ІХ рэктар – не толькі пісьменны і мэтанакіраваны прафесіянал сваёй справы, высокаэрудыраваны чалавек, але і ўважлівы кіраўнік, добрая мама, любячая бабуля.

Псіхолага-педагагічны факультэт

Падзяліцца: