Бібліямарафон–2019

Бібліямарафон–2019, прысвечаны Году малой радзімы і 1000-годдзю горада Брэста, праходзіць у нашым універсітэце 30–31 кастрычніка. Адкрыла яго рэктар БрДУ Ганна Сендзер.

Ганна Мікалаеўна адзначыла важнасць таго, што мерапрыемства прымеркавана да Года малой радзімы, бо ўсе мы маем родныя краі, з якімі жывём у сэрцах, да якіх вяртаемся зноў і зноў, каб набрацца сіл і энергіі. Рэктар пераканана ў патрэбнасці бібліямарафона. Яна пажадала студэнтам часцей звяртацца да друкаваных версій кніг, а не да электронных. У пацверджанне яе слоў студэнткі Ганна Крывецкая і Сафія Абрубка выканалі песні пра Беларусь.

Затым работнікі бібліятэкі анансавалі праграму мерапрыемства. Яно ўключае некалькі блокаў. У фае ўніверсітэта навуковая літаратура прадстаўлена ў частках «Напісанае застаецца» і «Сардэчна запрашаем у навуку студэнцтва». Таксама ў холе першага паверха размясціліся кніжная выстава «Горад Брэст праз стагоддзі» і выстава рэкламных праспектаў «Турыстычнымі сцяжынкамі па родным краі». А па тэлевізары дэманструюцца фотаработы кіраўніка вучэбна-метадычнага аддзела Аляксандра Жукоўскага і сакратара ІПКіП Валянціны Здановіч.

Заўтра ў чытальнай зале адбудзецца прэзентацыя кніг выкладчыкаў гістарычнага факультэта і літаратурна-творчая гасцёўня «Жыву, мой родны край, табою» з удзелам літаратурнага аб’яднання «Ветразь» і тэатральнай студыі «Ў-нескладовік» – прадстаўнікоў філалагічнага факультэта.

За гады правядзення гэты праект стаў значнай падзеяй у жыцці ўніверсітэта. Бібліямарафон накіраваны на больш цеснае супрацоўніцтва выкладчыкаў і студэнтаў з бібліятэкай, а таксама на фарміраванне інфармацыйнай культуры ў адукацыйным асяроддзі.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: