Агульныя звесткі

Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» – аднагодак Вялікай Перамогі. Вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе стала пачаткам эканамічных і сацыяльна-культурных змен у заходняй частцы БССР, і ў прыватнасці стварэння новай сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў. Пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 6 чэрвеня 1945 года зацверджана рашэнне аб заснаванні настаўніцкага інстытута ў Брэсце. Ён пачаў сваю дзейнасць у жніўні 1945 года. У 1949 годзе інстытуту прысвоена імя А.С. Пушкіна ў гонар 150-годдзя з дня нараджэння паэта, а ў 1950 годзе пастановай Савета Міністраў СССР адкрыты Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут, які ў 1995 годзе ператвораны ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт (імя А.С. Пушкіна прысвоена ў 1999 годзе).

3 мая 2014 года загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь рэктарам універсітэта прызначана доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер.

Сёння Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна – найбуйнейшая навучальная ўстанова Брэсцкай вобласці, цэнтр навуковых даследаванняў і культурна-асветніцкага жыцця паўднёва-заходняга Палесся.

Універсітэт размяшчаецца ў трох вучэбных карпусах, мае 5 карпусоў інтэрнатаў студэнцкага гарадка, спартыўны комплекс з басейнам, бібліятэку, біялагічны музей, этнаграфічны музей, музей гісторыі фізічнай культуры Брэсцкай вобласці, зімовы сад і сад бесперапыннага цвіцення, навучальную аграбіялагічную базу. Для рэалізацыі асноўных напрамкаў дзейнасці ўніверсітэта створаны вучэбна-метадычны аддзел, навукова-даследчы сектар, аддзел выхаваўчай працы з моладдзю, цэнтр інфармацыйных тэхналогій, упраўленне бухгалтарскага ўліку і фінансаў, аддзел міжнародных сувязяў, аддзел прававой і камерцыйнай працы, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, аддзел кадраў, аддзел дакументацыйнага забеспячэння, эксплуатацыйна-тэхнічны аддзел.

АДУКАЦЫЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Універсітэту на сучасным этапе развіцця ўласцівы шматпрофільнасць і шматузроўневасць прафесійнай падрыхтоўкі: даўніверсітэцкая падрыхтоўка; вышэйшая адукацыя па 9 профілях: «Педагогіка», «Гуманітарныя навукі», «Прыродазнаўчыя навукі», «Сацыяльная абарона», «Камунікацыі. Права. Эканоміка. Упраўленне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці», «Экалагічныя навукі», «Тэхніка і тэхналогіі», «Фізічная культура. Турызм і гасціннасць», «Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне»; навучанне ў магістратуры і аспірантуры; павышэнне кваліфікацыі, паслядыпломная адукацыя ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

У структуры ўніверсітэта 10 факультэтаў: філалагічны, псіхолага-педагагічны, сацыяльна-педагагічны, факультэт замежных моў, факультэт фізічнага выхавання, геаграфічны, біялагічны, фізіка-матэматычны, гістарычны, юрыдычны. На дзённай і завочнай формах атрымання адукацыі навучаецца больш за 8 тыс. студэнтаў. Адукацыйны працэс ажыццяўляецца высокакваліфікаваным прафесарска-выкладчыцкім саставам (50,2 % выкладчыкаў маюць навуковую ступень і/або званне). Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца па 46 спецыяльнасцях I ступені вышэйшай адукацыі (14 напрамках спецыяльнасцей, 41 спецыялізацыі) і 21 спецыяльнасці магістратуры. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі вядзецца па 16 спецыяльнасцях аспірантуры. Адасобленым падраздзяленнем універсітэта з’яўляецца Пінскі каледж, які ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Для падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыi ў скарочаныя тэрміны ўніверсітэтам сумесна з каледжам рэалізуюцца вучэбныя планы для атрымання вышэйшай адукацыі па адукацыйных праграмах, інтэграваных з адукацыйнымі праграмамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Адукацыйная дзейнасць універсітэта ў першую чаргу накіравана на павышэнне якасці фундаментальнай і спецыяльнай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для фарміравання гатоўнасці генерыраваць новыя ідэі, ствараць і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі ў вытворчасць і сацыяльную сферу, на сістэмнае развіццё ў студэнтаў сацыяльна-прафесійных якасцей, якія дазволяць ім паспяхова выконваць прафесійныя задачы, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, самаўдасканальвацца. Найважнейшымі складнікамі ў павышэнні канкурэнтаздольнасці і прэстыжнасці прафесійнай падрыхтоўкі ва ўніверсітэце ў апошні час сталі сістэма ўзаемадзеяння з арганізацыямі, заказчыкамі кадраў, і практыкаарыентаваны падыход у арганізацыі адукацыйнага працэсу. Сумесна з кафедрамі ў падрыхтоўцы спецыялістаў прымаюць удзел базавыя арганізацыі ўніверсітэта: аддзелы адукацыі, спорту і турызму раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў Брэсцкай вобласці, ЗТАА «ERICPOL Брэст», ЗТАА «ЭПАМ Сістэмз», Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, Брэсцкае абласное ўнітарнае прадпрыемства «Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі», пракуратура Брэсцкай вобласці і інш. Работнікі базавых арганізацый прымаюць непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні адукацыйнага працэсу: працуюць на ўмовах сумяшчальніцтва, чытаюць вузкапрофільныя дысцыпліны, кіруюць падрыхтоўкай дыпломных прац і магістарскіх дысертацый, прымаюць удзел у распрацоўцы вучэбных праграм, у правядзенні выніковай атэстацыі выпускнікоў.

Для рэалізацыі практыкаарыентаванага падыходу да прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў ва ўстановах і арганізацыях створана 45 філіялаў кафедраў, з іх 28 – на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі г. Брэста. Студэнты маюць магчымасць не толькі праходзіць вытворчую практыку, наведваць частку вучэбных заняткаў на базе філіяла кафедры, але і выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу філіяла для правядзення навуковых даследаванняў, напісання курсавых і дыпломных прац, магістарскіх дысертацый.

Важную ролю ў падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў маюць шматлікія цэнтры, лабараторыі, навучальныя кабінеты, што функцыянуюць ва ўніверсітэце: юрыдычная клініка, зала судовых пасяджэнняў, Цэнтр экалогіі (аддзелы «Батанічныя экспазіцыі» (зімовы сад і сад бесперапыннага цвіцення) і «Аграбіялагічная станцыя»), навучальны кабінет геалогіі, рэгіянальны беларуска-індыйскі цэнтр у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, Кампетэнтнасны цэнтр адукацыйнага менеджменту і міжнародных адукацыйных праграм, Адукацыйна-асветніцкі цэнтр імя У. Калесніка і інш.

Шырокае прызнанне ў Рэспубліцы Беларусь атрымала дзейнасць універсітэцкага навукова-метадычнага цэнтра «Школа – Сям’я». Цэнтрам ажыццяўляецца правядзенне навукова-даследчай дзейнасці па праблемах сямейнага выхавання, узаемадзеяння школы і сям’і, падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, бацькоў да гэтых відаў дзейнасці. Па даручэнні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вядзецца распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння ўзаемадзеяння школы і сям’і.

З мэтай вывучэння і распаўсюджвання перадавога вопыту арганізацыі адукацыйнага працэсу і выкладання вучэбных дысцыплін ва ўніверсітэце штогод праводзяцца конкурсы «Майстар лекцыйных заняткаў», «Майстар практычных (семінарскіх, лабараторных) заняткаў». Для выкладчыкаў – маладых спецыялістаў – заснаваны конкурс «Прафесійны дэбют», які накіраваны на стымуляванне маладых педагогаў да развіцця прафесійнай кампетэнтнасці, стварэнне ўмоў для іх прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі, усведамлення імі каштоўнасна-мэтавых прыярытэтаў у прафесійным станаўленні. Стымуляванню навучэнцаў да навукова-даследчай дзейнасці, павышэнню навуковага ўзроўню і якасці праведзеных імі даследаванняў, садзейнічанню ўкаранення ў практычную сферу вынікаў даследавання спрыяе штогадовы конкурс на лепшую дыпломную працу і магістарскую дысертацыю па гуманітарных і прыродазнаўчых спецыяльнасцях.

Істотным рэзервам для ўдасканалення адукацыйнага працэсу, павышэння эфектыўнасці навукова-даследчай дзейнасці, паляпшэння функцыянавання ўсіх структур універсітэта стала інфарматызацыя. Сіламі прафесарска-выкладчыцкага саставу ўніверсітэта створана бібліятэка электронных адукацыйных рэсурсаў, у якой сабраны вучэбна-метадычныя матэрыялы практычна па ўсіх вучэбных дысцыплінах. Побач з інтэрактыўнымі электроннымі вучэбна-метадычнымі комплексамі ў бібліятэцы прадстаўлены дыстанцыйныя курсы, інтэрактыўныя атласы, сістэмы тэставання і інш. Доступ да электроннай бібліятэкі ажыццяўляецца пры дапамозе адзінай інфармацыйна-адукацыйнай сеткі, якая аб’ядноўвае ўсе навучальныя карпусы і інтэрнаты, з выкарыстаннем тэхналогіі высакаскораснага бесправаднога доступу да сусветных адукацыйных рэсурсаў. Значная колькасць аўдыторый абсталявана стацыянарнай мультымедыйнай тэхнікай, якая дазваляе праводзіць навучальныя заняткі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, анлайн-семінары, відэаканферэнцыі.

НАВУКОВЫЯ ТРАДЫЦЫІ

Навукова-інавацыйная дзейнасць універсітэта накіравана на дасягненне аптымальных вынікаў, атрыманых у працэсе правядзення фундаментальных і прыкладных даследчых работ. Навуковыя даследаванні вядуцца па 55 фундаментальных і прыкладных тэмах, выконваюцца гасдагаворныя тэмы, навуковы пошук ажыццяўляецца па праграмах Фонду фундаментальных даследаванняў, па дзяржпраграмах Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і тэмах Міністэрства адукацыі і інш. Да навукова-даследчай працы актыўна прыцягваюцца студэнты. Ва ўніверсітэце працуюць 149 студэнцкіх навукова-даследчых аб’яднанняў: 11 навукова-даследчых лабараторый, 98 навукова-даследчых груп, 40 навукова-даследчых гурткоў. На працягу 2011-2015 гг на Рэспубліканскі конкурс навуковых прац студэнтаў ад універсітэта накіравана 261 праца, з іх 76,2% прац атрымалі катэгорыю.

Ва ўніверсітэце склаліся і паспяхова працуюць навукова-педагагічныя школы:

  • «Педагогіка і методыка вышэйшай школы», кіраўнік Г.М. Сендзер, доктар педагагічных навук, прафесар;
  • «Беларускае гісторыка-функцыянальнае літаратуразнаўства: тэорыя і практыка інтэрпрэтацыі мастацкага твора», кіраўнік З.П. Мельнікава, доктар філалагічных навук, прафесар;
  • «Краіназнаўства і турызм», кіраўнік К.К. Красоўскі, доктар геаграфічных навук, прафесар;
  • «Псіхалогія самасвядомасці», кіраўнік Л.Г. Лысюк, доктар псіхалагічных навук, прафесар;
  • «Практычная псіхалогія дзяцінства», кіраўнік І.Я. Валітава, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт;
  • «Намінатыўная і функцыянальная лінгвістыка», кіраўнік В.І. Сянкевіч, доктар філалагічных навук, прафесар;
  • «Лінгвадыдактычная школа», кіраўнік М.М. Аляхновіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;
  • «Псіхалогія пазнавальнага суб’екта», кіраўнік А.І. Мядведская, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт;
  • «Сістэмы камп’ютарнай матэматыкі і вэб-тэхналогіі: выкарыстанне пры рашэнні дыферэнцыяльных ураўненняў», кіраўнік А.В. Чычурын, доктар фізіка-матэматычных навук (Украіна), прафесар;
  • «Актуальныя праблемы лагістыкі», кіраўнік Т.С. Сілюк, кандыдат эканамічных навук, дацэнт;
  • «Метадалагічныя і лінгвадыдактычныя аспекты фарміравання інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя навучання замежнай мове студэнтаў», кіраўнік В.Ф. Сацінава, кандыдат педагагічных навук, прафесар;
  • «Экалогія пазваночных жывёл», кіраўнік В.Е. Гайдук, доктар біялагічных навук, прафесар;
  • «Гісторыя, культура і рэлігія заходнебеларускіх зямель», кіраўнік А.М. Вабішчэвіч, доктар гістарычных навук, дацэнт.

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

Універсітэт вядзе шматвектарную палітыку ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва па напрамках развіцця акадэмічнай мабільнасці навучэнцаў i выкладчыкаў з установамі вышэйшай адукацыі і замежнымі арганізацыямі, навуковага супрацоўніцтва ў рамках міжнародных праектаў і пагадненняў, а таксама арганізацыі навучання замежных грамадзян. Універсітэтам рэалізуюцца праграмы супрацоўніцтва больш чым па 50 дагаворах і пагадненнях з установамі вышэйшай адукацыі і замежнымі арганізацыямі розных краін свету: Расіі, Украіны, Бельгіі, Францыі, Венгрыі, Германіі, Азербайджана, Швейцарыі, Кітая, Казахстана, Польшчы, Італіі, Літвы і інш.

Адным з прыярытэтных напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва ўніверсітэта з’яўляецца інтэграцыя ў еўрапейскую адукацыйную і навукова-даследчую прастору праз удзел у рэалізацыі міжнародных праектаў. Універсітэт актыўна ўдзельнічае ў розных міжнародных акадэмічных і навуковых міжнародных праграмах і праектах ЮНЕСКА, ПРААН, а таксама ў праграмах «Erasmus +», «Erasmus Mundus», «Tempus», германскай службы акадэмічных абменаў DAAD, «Трансгранічнае супрацоўніцтва Польшча – Беларусь – Украіна» , «Адукацыя на працягу ўсяго жыцця – Жан Манэ» і інш. У рамках названых праграм рэалізуюцца сумесныя навуковыя даследаванні, ствараюцца навучальныя модулі і праграмы, вучэбна-метадычныя комплексы, якія дазваляюць забяспечыць прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў высокай якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі нацыянальных і міжнародных стандартаў і з улікам запытаў спажыўцоў адукацыйных паслуг. Толькі ў рамках праектаў праграмы «Erasmus Mundus», у якой універсітэт прымае ўдзел з 2007 года, штогод больш за 20 прадстаўнікоў універсітэта (студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў) стажыруюцца і праводзяць навуковыя даследаванні ў еўрапейскіх вышэйшых навучальных установах. У той жа час ва ўніверсітэце навучаюцца і ўдзельнічаюць у правядзенні навуковых даследаванняў у рамках гэтай праграмы студэнты і выкладчыкі з краін Еўрасаюза: Польшчы, Партугаліі, Іспаніі, Італіі, Германіі, Бельгіі і інш.

Штогод па запрашэнні ўніверсітэта для чытання лекцый, правядзення практычных і семінарскіх заняткаў прыязджаюць замежныя спецыялісты па геаграфіі, біялогіі, гісторыі, юрыспрудэнцыі з Польшчы, Расіі, Германіі, Францыі, ЗША. На факультэце замежных моў функцыянуе Кампетэнтнасны цэнтр адукацыйнага менеджменту і міжнародных адукацыйных праграм, аснашчаны сістэмай PolyCom для правядзення анлайн-семінараў, канферэнцый, інтэрактыўных лекцый.

Адукацыйныя паслугі ўніверсітэта прывабныя і канкурэнтаздольныя. Ва ўніверсітэце навучаецца больш за 500 замежных грамадзян з Туркменістана, Грузіі, Расіі, Украіны, Узбекістана, Таджыкістана, Азербайджана, Казахстана, Літвы, Турцыі, ЗША, Англіі, КНР, Паўднёвай Карэі, Іспаніі, Кубы. На філалагічным факультэце функцыянуе кабінет рускай мовы як замежнай, аснашчаны сучаснай вучэбнай літаратурай і мультымедыйнай тэхнікай. Традыцыйным стала правядзенне Фестывалю замежных студэнтаў, які дазваляе выявіць свой талент замежным студэнтам не толькі нашага ўніверсітэта, але і іншых устаноў адукацыі.

ІДЭАЛАГІЧНАЯ І ВЫХАВАЎЧАЯ РАБОТА

Ідэалагічная і выхаваўчая работа (далей – ІВР) ва ўніверсітэце ажыццяўляецца на аснове ідэй і каштоўнасцей, што складаюць змест ідэалогіі беларускай дзяржавы як сістэмы поглядаў, адпавядаюць мэтам і асаблівасцям беларускага шляху сацыяльна-эканамічнага і грамадскага развіцця.

Вызначальнымі напрамкамі сістэмы ІВР ва ўніверсітэце з’яўляюцца ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне; духоўна-маральнае, полікультурнае і эстэтычнае выхаванне, выхаванне культуры побыту і вольнага часу; эканамічнае, працоўнае і прафесійнае выхаванне; сямейнае і гендарнае выхаванне; экалагічнае выхаванне, выхаванне культуры здаровага ладу жыцця, культуры бяспечнай жыццядзейнасці; сацыяльна-педагагічная падтрымка і аказанне псіхалагічнай дапамогі навучэнцам, выхаванне псіхалагічнай культуры; маніторынг і кантроль за станам ІВР, аналітычная дзейнасць.

Растлумачэнне дзяржаўнай унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь – найважнейшы напрамак у арганізацыі ІВР ва ўніверсітэце. У рамках інфармавання навучэнцаў i работнікаў аб важнейшых грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсах сучаснай Беларусі ва ўніверсітэце праводзяцца адзіныя дні інфармавання. Для арганізацыі гэтай работы дзейнічаюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы. Традыцыйнымі сталі сустрэчы студэнтаў з кіраўніцтвам універсітэта, факультэтаў. З мэтай фарміравання прававой і палітычнай культуры будучага спецыяліста праводзяцца сустрэчы з грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтвам вобласці, горада, супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта – актыўныя ўдзельнікі розных гарадскіх і абласных грамадска значных мерапрыемстваў. З 2013 года актыўна дзейнічае дыскусійны клуб грамадзянска-патрыятычнага напрамку, дзейнасць якога накіравана на фарміраванне і развіццё ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычнага светапогляду, авалоданне імі навыкамі арганізацыі мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, арыентаваных на рознабаковае развіццё асобы членаў клуба.

Прызнанне на ўніверсітэцкім, абласным і рэспубліканскім узроўнях атрымала студэнцкае самакіраванне. Нараўне з грамадскімі арганізацыямі актыўна дзейнічаюць калегіяльныя студэнцкія органы (саветы самакіравання факультэтаў, інтэрнатаў, савет валанцёраў, штаб працоўных спраў, старастат замежных навучэнцаў i iнш.), а таксама студэнцкія фарміраванні (студэнцкія валанцёрскія атрады, моладзевы атрад аховы правапарадку, педагагічныя, будаўнічыя атрады і інш.). Навучанне розных катэгорый студэнцкага актыву ажыццяўляецца праз школу «Вопыт».

Ва ўніверсітэце на высокім прафесійным узроўні ажыццяўляецца дабравольніцкая дзейнасць. Актыўна працуюць 22 валанцёрскія атрады розных напрамкаў. Паспяхова функцыянуе савет валанцёраў універсітэта. Работа ўсіх валанцёрскіх атрадаў арганізавана па прынцыпе «роўны вучыць роўнага»: студэнты-валанцёры старэйшых курсаў дзеляцца сваімі ведамі і вопытам са студэнтамі-валанцёрамі малодшых курсаў. Гэта спрыяе фарміраванню ў іх пазітыўных сацыяльных установак, выпрацоўцы ўменняў і навыкаў дабравольніцкай дзейнасці, аказання бязвыплатнай дапамогі. З 2010 года дзейнічае «Акадэмія дабравольніцтва», дзейнасць якой накіравана на развіццё валанцёрскага руху ва ўніверсітэце, аказанне дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, забеспячэнне асобаснага і прафесійнага росту валанцёраў, фарміраванне ў іх маральных і прафесійна значных якасцей, ініцыятывы, сацыяльнай актыўнасці, прафесійнай накіраванасці асобы.

Асаблівае месца ва ўніверсітэце надаецца захаванню і прымнажэнню традыцый. З гэтай мэтай ва ўніверсітэце праводзіцца вялікая колькасць розных мерапрыемстваў: урачыстая лінейка для першакурснікаў, пасвячэнне ў студэнты, Дзень універсітэта, конкурс «Павер у сябе!» (на званне «Студэнт года»), злёт валанцёраў, фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая вясна», турыстычны злёт, злёт студэнцкіх атрадаў, адкрыты конкурс чытальнікаў «Таямніцы слова і думкі», адкрыты конкурс прамоўніцкага майстэрства «Майстар слова», урачыстае мерапрыемства для выпускнікоў «Апошні званок» і мн. інш.

Пры студэнцкім клубе працуе 8 клубных фарміраванняў: народная тэатральная студыя (кіраўнік Д.П. Бекіш), студыя эстрадных спеваў «Ступені» (кіраўнік Л.І. Борсук), універсітэцкая ліга КВЗ і каманда КВЗ «Гораздо» (кіраўнік Б.Л. Шкабара), а таксама студыя народнай песні, гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Повязь», студыя танца «OneWay», клуб «Дыялог культур».

Створаны ўсе неабходныя ўмовы для падтрымання і паляпшэння здароўя навучэнцаў: працуюць аддзел арганізацыі аховы здароўя, спартыўны комплекс з 4 заламі і басейнам, 17 спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых секцый, спартыўны клуб, турыстычны клуб «Бярэсце». Праведзена мэтанакіраваная праца па стварэнні неабходных умоў для паспяховага спалучэння вучэбных заняткаў з арганізацыяй трэніровак студэнтамі – кандыдатамі на ўдзел у розных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню. Як вынік – студэнты маюць шмат спартыўных дасягненняў. У 2012 годзе К. Герасіменка заваявала сярэбраны медаль на чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, а М. Кунда стаў прызёрам чэмпіянату Еўропы па стральбе з лука і ўдзельнікам Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Д. Несцярук – чэмпіёнка Еўропы па спартыўнай акрабатыцы (2011, 2013); Г. Зінчук – пераможца Кубка Еўропы па лёгкай атлетыцы (2013); Т. Халадовіч – прызёр Кубка Еўропы па лёгкай атлетыцы (2013) і пераможца Сусветнай універсіяды ў кіданні кап’я (2015); А. Копец заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы (2013); А. Дземянчук – прызёр чэмпіянату свету па баявым самба (2013); Г. Малышчык – пераможца Кубка Еўропы сярод моладзі ў кіданні молата (2016). Зборная каманда ўніверсітэта па плаванні (трэнер – С.А. Суркоў) на працягу трох гадоў уваходзіць у лік наймацнейшых каманд Рэспубліканскай універсіяды. У 2014 годзе стала пераможцам Рэспубліканскай універсіяды і Спартакіяды Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Зборная каманда ўніверсітэта па лёгкаатлетычным кросе з’яўляецца двухразовым пераможцам Рэспубліканскай універсіяды. Каманда ўніверсітэта па спартыўнай аэробіцы ў 2016 годзе стала сярэбраным прызёрам на фестывалі неалімпійскіх відаў спорту Рэспубліканскай універсіяды.