ЖЫВЫЯ ПІСЬМЫ

ЖЫВЫЯ ПІСЬМЫ

Янка Брыль

За паўстагоддзя сябравання іх сабралася дзве пакоўныя папкі, яго і маіх. Хораша і сумна было мне перачытваць іх, а часам яшчэ і балюча. Няхай сабе мы, хто старэйшы, і прызвычаены лёсам да розных удараў, няхай сабе неўзабаве будзе цэлы год пасля яго адыходу, а ўсё ж балюча дакранацца да раны, якая яшчэ ўсё свежая...

Так сказаць, рэгулярная перапіска ў нас пачалася з прыходам разлукі, пад восень 1952 года, калі Валодзя быў пасля аспірантуры накіраваны на працу ў бабруйскі настаўніцкі інстытут, а праз два гады ў брэсцкі педагагічны. Там ён, у “горадзе над Бугам”, і ўгрунтаваўся на ўсё жыццё, там і спачыў пасля доўгіх, цяжкіх пакутаў.

Разлука наша не была, вядома, суцэльнай. Я наведваў яго ў Бабруйску, ён прыязджаў у Мінск. За сорак наступных гадоў мы даволі часта сустракаліся то ў Брэсце, то яшчэ часцей у Мінску. Былі ў нас сумесныя падарожжы і адпачынкі. Падарожжы бліжэйшыя, па роднай Наваградчыне, і далейшыя, то ўдвух, то сем’ямі, то ў сяброўскай кампаніі. Па Літве і былой Усходняй Прусіі; па Валыні, Львоўшчыне і Закарпацці; па Узбекістане, ад Ташкента да Самарканда; па Волзе ад Масквы да Астрахані і назад; па Карэліі, з Кіжамі і Салаўкамі ўключна. На працягу 1970-1973 гадоў летнімі тыднямі мы сустракаліся з ацалелымі жыхарамі беларускіх “вогненных вёсак”. Адпачывалі разам над Нёманам і Шчарай, на Нарачы і Свіцязі, у Юрмале і Каралішчавічах. А яшчэ ж і паходы і выезды на рыбалку: Нёман, Прыпяць, Ясельда, Рыта, Лясная, Сэрвач, Кромань...

Колькі было перагаворана – каля надрэчнага вогнішча, на лясной дарозе, на свежым сене гумнаў, у хатняй утульнасці, пры настольнай лямпе і без яе, у начной цішыні то ў яго, то ў мяне, то ў нейкай незнаёмай да таго сціплай гасцініцы. Мужчынская шчырасць дружбы. “Падабенства сэрцаў”, як напісаў мне на сваёй першай кнізе яшчэ адзін наш Валодзя, Караткевіч.

І чыталася, і чулася, і самому думалася так: раней людзі хадзілі, ездзілі на конях, і ўсюды паспявалі. Тэлефонаў таксама не было, былі пісьмы. Былі і засталіся. Больш у вялікіх папярэднікаў, менш у сучасных.

За дзевяць месяцаў апошняй разлукі я двойчы пераглядаў нашу перапіску: спачатку па зразумелай душэўнай патрэбе, а потым, паабяцаўшы “Крыніцы” зрабіць для яе публікацыю. Не адступаючы ад гэтага намеру і абяцання, я ўсё ж то турботна думаў, што такое лепш было б зрабіць камусьці трэцяму паміж намі, з зацікаўленым позіркам збоку, то зноў шукаў адпаведнага падыходу, памятаючы, што сам я павінен тут гаварыць перш і больш за ўсё пра яго, а гэта якраз і нялёгка, калі думаць пра патрэбную паўнату паказу.

Была ў мяне публікацыя перапіскі з Караткевічам, аднак там знайшоўся той неабходны трэці, дакладней трэцяя, – закаханая ў родную літаратуру, талковая, кваліфікаваная Людміла Мазанік. Я памагаў ёй толькі патрэбнымі заўвагамі. Дый пісем там было значна менш, і былі яны менш складаныя, даць іх у альманах “Шляхам гадоў” за 1990 год было значна лягчэй, чым бачыцца ў гэтым выпадку.

Словам, выходжу да чытача з пэўнай трывогай, спадзеючыся на прыхільнае зразуменне.

Перапіска наша, мне думаецца, творчая, у тым сэнсе, што яна была своеасаблівым, дадатковым працэсам творчай працы нас абодвух. Мы дзяліліся задумамі, чыталі адзін аднаго не толькі перад здачай таго ці іншага матэрыялу ў рэдакцыю часопіса, газеты ці ў выдавецтва, а ў самых першых варыянтах, не скажу сырых, але першапачатковых, яшчэ гарачых ад аўтарскай рукі. Найменш было ў нас, а то і зусім не было нейкага тэарэтызавання, тым больш павучання адзін аднаго. Праўда, і з некаторымі зрывамі, якія пагоды не рабілі. І не толькі па-дзелавому пісалі мы адзін аднаму, – і паскардзіцца на цяжкае ці крыўднае таксама ж трэба было, няхай не пад бацькаву дужую і цёплую далонь падстаўляць галаву, але ж далонь сяброўскую адчуць у поціску – гэта ж таксама патрэбна, нармальна. Амаль усе мае творы, чытаючы іх у розных варыянтах машынапісу, ён сустракаў не толькі з прыязнасцю, але і крытыкай, часамі суб’ектыўна завострай, па дружбе з поўнай свабодай слова, аднак у сутыкненні з маёй самастойнасцю ён, па натуры гарачы, не ганарыўся і прызнаць сваю памылку ці памылкі. Часамі нават і залішне каяўся, наракаў на самога сябе.

Так, напрыклад, было з першым варыянтам аповесці “Ніжнія Байдуны”. У маі 1975-га я пісаў яму: “...Дарэмна Ты папракаеш сябе. Дагаварыўся нават да ...дыскваліфікацыі... А чаму не прасцей, – што кожны мае права на сваю думку? Апроч Цябе, чыталі Саша1, Федзя2, Скрыган, Ніна3, Якуб4, Бярозкін, Караткевіч. У кожнага былі свае заўвагі. Саша і Якуб лічаць лепшым пачатак, першую палавіну. Ты і Ніна – другую. Скрыган, Караткевіч і Бярозкін хваляць усю рэч. А мне прыйшлося яшчэ трохі з ёю памарочыцца – і ў кампазіцыі, і ў дробязях. І ўжо вось зноў зманлівае адчуванне, што ўсё, можна здаваць у часопіс... Апроч таго, што і людзей добрых паслухаць хочацца і трэба, дый прывык я да гэтага, трэба ж яшчэ і не згубіць таго, што бачыцца самім сабою, нявыказанае да канца. І гэта не ўсё яшчэ, – я пісаў паралельна апавяданні, таксама не да канца ўпэўнены ў тым, што гэта сапраўднае, а рабіць хацелася, чаго я даўно так шчасліва не адчуваў... Словам – я пра тое, што Ты дарма сябе папракаеш. Мне добра, што ёсць з кім дзяліцца, ёсць каго паслухаць, ёсць каму па-сяброўску падзякаваць. І добра, што ёсць трывога на душы, калі дасі таварышу, а потым слухаеш яго. З Федзем, які другі, пасля Сашы, прачытаў, мы даўгавата хадзілі па парку і па вуліцы, і пэўная стрыманасць яго пайшла мне на карысць таксама”.

Так нядаўна гэта было, дваццаць гадоў таму назад, калі мелася каму даць на суд толькі што зробленае, калі ў цябе, скажам з журботнай усмешкай, быў свой “уласны саюз пісьменнікаў”, саюз сяброўскага ўзаемаразумення. Імёны, якія я называў вышэй, – Бог мой, якая гэта талака, якая помач!.. А цяпер?.. Выходзіш да чытача старонкамі часопіса ці кнігі і сцішнавата на душы, як неапранутаму ў золкі дзень, як выштурхнутаму з-за кулісаў на зыркае святло рампы, – такі вось мінус старасці, сяброўскай адзіноты. Адарванасць ад маладзейшых па сваёй віне? Тут цэлы комплекс віны-невіны, а перад усім – халодная заканамернасць, асіраценне ў сваім пакаленні...

Над старонкамі нашых пісьмаў думалася:

Не, не мне ж самому пісаць пра ўсё тое добрае, што ў яго пісьмах сказана пра мяне, маю працу!

Дадам: а што ж рабіць, калі тое добрае здаецца табе не проста справядлівым, але ж, магчыма, і патрэбным для кагосьці іншага, хто прачытае гэта са шчырасцю, блізкай да тое, з якою ты прапануеш наша ягонай увазе.

Тут будзе пісьмо Уладзіміра Андрэевіча ад 2 студзеня 1966 года, у адказ на маё, якое ў яго багатым архіве пакуль што не знойдзена. Там я пісаў яму, што рыхтую прапанаваны мне выдавецтвам чатырохтомны збор твораў, дзяліўся з сябрам гэтым клопатам.

“...Тваё пісьмо мяне ўзрушыла і ўсхвалявала той глыбінёй і святасцю адносін да літаратурнай справы, якая ў наш час, на жаль, не ўсюды і не заўсёды сустракаецца. Вульгарызатары вельмі шмат нарабілі зла, унушыўшы пасрэдным рамеснікам погляд, быццам літаратура і ёсць рамяство, сутнасць якога заключаецца ў лоўкасці пераказу агульнавядомых палажэнняў сацыялогіі на мову наглядных вобразаў. Гэты погляд і зручны, і выгадны для людзей, якія робяць творы “без божества, без вдохновенья”, бо ён аблягчае ім занятак і заработак, а галоўнае – ураўнівае пасрэднасць з талентам, рамяство з творчасцю. І ніколі гэтая катэгорыя літаратараў не адступіцца ад мілых іхняму сэрцу прынцыпаў. Барацьба за сапраўднае мастацтва заўсёды была і будзе барацьбой супраць рамяства, якое заўжды гатова на кан’юнктурныя “подзвігі”. Гэта горкая праўда, але ад яе няма куды дзецца. Такое жыццё. Мне думаецца, у гэтай сітуацыі трэба асцерагацца лішняйуражлівасці, хваравітасці, а старацца весці барацьбу сістэматычна і з такім напружаннем сіл душы, якога вымагаюць абставіны, каб не растрачваць пачуццяў па-дурному. Варта ўлічваць і тую акалічнасць, што такія Карпавы маюць моцныя нервы і самыя сур’ёзныя адносіны да іх тактыкі – гэта іронія. Іронія, на мой погляд, якраз найлепшая зброя, бо яна наносіць удар праціўніку і зберагае агонь душы, псіхічную энергію, якая ў адрозненне ад энергіі фізічнай затрачваецца беззваротна.

Я разумею, што Ты перажываеш вельмі адказны этап жыцця і творчасці, падводзячы вынікі здабыткаў напярэдадні пяцідзесяцігоддзя. Шчыра дзякую Табе за давер і жаданне параіцца пры складанні чатырохтомніка выбраных твораў. Мне здаецца, Ты паступіў правільна, падбіраючы творы па прынцыпу найбольшай шчырасці і эмацыянальнасці нагрэву. Адчуваецца еднасць стылю ў шырокім сэнсе гэтага слова – стылю адносін аўтара да жыцця і адбору пэўнага тыпу чалавечых характараў, адлюстраваных у творах...

Адносна “Забалоцця” можна згадзіцца, што там ёсць пэўны налёт ілюстрацыйнасці і тэндэнцыя адбору блікаў, а не ценяў, што прывяло да паслаблення канфліктнасці, а віны тут Тваёй няма, бо сам дух жыцця таго перыяду праяўляўся ў затушоўванні канфліктаў. Канфлікты заганяліся кудысьці ўглыбіню, г.зн., што самыя людзі баяліся ў тую пару быць шчырымі, асабліва ў афіцыйнай абстаноўцы. З другога боку, Ты браў жыццёвы матэрыял у раёне не зусім, можа, тыповым – сілы, якія маглі б абвастрыць сацыяльны канфлікт, былі зломаны ў нас у час партызанскага руху, і гэта абумовіла адносна лёгкі пераход да калектывізацыі. Так што для раёнаў, дзе ідэі савецкай улады мелі багатыя традыцыі, Твая рэч застаецца праўдзівым адлюстраваннем жыцця. Вобразы, створаныя ў гэтай аповесці, пластычныя і запамінальныя. Па мастацкіх і ідэйных вартасцях яе можна было б уключаць. Толькі, можа, сапраўды распаўсюджанасць папярэдніх выданняў гэтай рэчы створыць такое ўражанне ў пакупніка, што гэта свайго роду “дагрузка”.

Я хацеў бы параіць Табе ўсё ж заказаць прадмову ці ў Сашы, ці ў Каваленкі, бо Твае аўтабіяграфічныя нататкі не могуць замяніць прадмовы. Ты спасылаешся там на манаграфіі і г.д., але ж, наколькі я ведаю Тваю думку пра гэтыя працы, яны не раскрываюць у поўную меру Твайго пісьменніцкага аблічча. А па-другое, не кожны чытач будзе мець мажлівасць і ахвоту чытаць манаграфіі. Яму захочацца проста даведацца, якое месца займаеш Ты як пісьменнік у сучаснай савецкай літаратуры, і параўнаць свае ўражанні і ацэнкі ад прачытаных твораў з ацэнкамі крытыка-прафесіянала. Так што ўступны артыкул абавязкова патрэбны, ён дапаможа фарміраванню больш дакладнага і граматнага погляду на Тваю творчасць у чытача і будзе спрыяць агульнаму росту чытальніцкай культуры...”

Уздыхнём, падумаўшы: быў жа час, не ваенны, а мірны, калі на адным тыдні, адпісаўшы сябру, можна было атрымаць і ягоны адказ.

Гэта я пра другое пісьмо, ад 8 студзеня 1966-га, вакол той самай справы.

“...Я рады, што Ты згадзіўся са мной наконт прадмовы для чатырохтомніка і “польщен”, што Твой выбар паў на мяне. З прыемнасцю я б заняўся гэтай працай, адлажыўшы на потым Таўлая, але думаецца мне, што я не зраблю таго, што трэба зрабіць і што можа зрабіць Віктар Каваленка. Тут патрэбна, на мой погляд, пэўная дыстанцыя паміж аўтарам і крытыкам, якое мне не хапае ў сілу нашай дружбы. Я буду пісаць пра Тваю творчасць памімаволі залішне інтымна, асабіста, уплятаючы розныя дэталькі і ўражанні, якія мне здаюцца дарагімі з прычыны нашай дружбы, а чытачу яны не абавязковыя ў даным выпадку і могуць паказацца не да месца. Так што з канчатковым рашэннем падумай.

Я пішу зараз, выбіраючы хвіліны (калі набрыдзе), такое эсэ-не эсэ на тэму “Як і чаму пісаўся раман “Птушкі і гнёзды”. Раблю свабодныя экскурсіі і адступленні, накрэсліў папутна партрэцік Паўла Жалезняковіча, як мецэната “Жывога і гнілі”, – адным словам, такое маляванне ўпрытык. Не ведаю, што з гэтага выйдзе, але можа быць сёе-тое атрымаецца. Закрану і пытанне: матэрыял жыцця – змест твора, чыркану пра прататыпы.

Другая мая патаемная работа пра Тваё і наша – гэта кароценькія эцюдзікі, якія маюцца быць тэкстам да альбома “Сустрэчы з пісьменнікамі цераз аб’ектыў”, або “Здымкі без папярэджання”, або “Фотасустрэчы з майстрамі слова”, або... – назвы канчатковай не прыдумаў. Накрэмзаў першы эцюдзік пра наша гасцяванне ў М. Лынькова, сустрэнемся – пакажу.

Улічыўшы ўсё гэта, падумай, ці варта мне, настроенаму на легкадумны лад, даручаць такую сур’ёзную працу, як прадмова да этапнага выдання. Чакаю Твайго рашэння”.

Я ўсё-такі настояў на сваёй просьбе, і той збор твораў выйшаў з прадмовай Уладзіміра Калесніка.

Як, дарэчы, не згадзіўся з тым, што аповесць “У Забалоцці днее” можна ўключыць у чатырохтомнік.

Трэба, відаць, не ў заўвагах, а тут сказаць пра Паўла Жалезняковіча, нашага старэйшага сябра з партызанскіх дзён. Пра яго мы ўдзячна пісалі з Валодзем абодва, – ён у “Блакадзе”, апублікаванай летась часопісам “Беларусь”, а я, за трэцім разам, у эсэ “Заказ і просьба”, змешчаным у зборніку “Пішу як жыву”. У пісьме сваім Валодзя згадвае той факт, што мая аповесць “Жывое і гніль”, якая пазней увайшла ў “Птушкі і гнёзды”, у партызанскім лагеры, дзякуючы, у першую чаргу, Жалезняковічу, была перадрукавана штабной машыністкай і самалётам, з аказіяй, паслана з Налібоцкай пушчы ў Маскву, Максіму Танку.

А што да фотаальбома пра сустрэчы з пісьменнікамі – задума гэтая, на жаль, не здзейснілася. Хочацца быць упэўненым – пакуль што. Мноства таленавітых фотаздымкаў у Валодзевым архіве захавалася і чакае свайго часу.

Калі ж яшчэ пра яго шчырую сяброўскую зацікаўленасць у маіх поспехах, дык варта спыніцца на двух рэчах, так сказаць, этапнага характару – на маіх “Птушках і гнёздах” і ягонай манаграфіі пра маё жыццё і творчасць. Да манаграфіі мы вернемся крыху пазней, а пра “кнігу адной маладосці” скажу, што тузаніны ў нас з Валодзем вакол яе было шмат, пакуль не дайшло да канчатковага варыянта гэтай рэчы ў мяне, а ў майго сябра-крытыка да ягоных ацэнак у артыкулах і ў манаграфіі. Тут не месца для апублікавання вялікіх дыскусійных пісьмаў, і я хачу даць вытрымку толькі з аднаго пісьма, датаванага канцом снежня 1962 года.

“...Сапраўды, мы нібыта развучыліся пісаць (дакладней сказаць, я развучыўся, і гэта будзе правільна ва ўсіх адносінах). Уласна кажучы, не набралася яшчэ такіх балючых пытанняў, каб карцела сесці за стол ды шкрэбаць гадзіну-другую, адводзячы душу. Мне проста хацелася пачуць Твой голас ды сказаць: жадаю поспехаў, рад, што Табе пішацца!..

Па тону Твайго пісьма бачу, што ў Цябе алімпійскі настрой і алімпійская форма. Вельмі прыемна гэта мне, хоць і пабойваюся, каб не лішне дабрадушны тон запанаваў у мелодыі рамана. Мне хацелася б пачуць у ім адценне іроніі (прадмету духоўнай сталасці літаратуры), накшталт тое, якая ўлоўліваецца, скажам, у рамане Джузепе дзі Лампедуза “Леапард”. Нядаўна я прачытаў гэтую кнігу і хаджу пад яе глыбокім уражаннем. Такой тонкай праніклівасці ў жыццё людзей я не сустракаў у літаратуры. Тым больш выглядае ўсё гэта фенаменальна, што аўтар яе, нейкі італьянскі арыстакрат, напісаў адну адзіную кнігу ў канцы жыцця. Хочацца пачуць Тваю думку пра гэтую кнігу.

Думаючы пра Твой раман, хацеў бы пажадаць, акрамя пэўнай дозы халодных тонаў, яшчэ і суровай прастаты талстоўскага тыпу, якая, на мой погляд, дужа свежа прагучала ў аповесці Салжаніцына, адкрываючы самыя глыбокія закаморкі славянскай земляробскай летуценнай душы. На мяне яна зрабіла такое ўражанне, нібы прайшоў за адзін вечар жыццё ўсіх продкаў ад скіфскіх часоў да нашых дзён, убачыўшы ў перспектыве гісторыі народнага духу ўсе грандыёзныя эксперыменты з іх нялюдскай жорсткасцю – дарэмнымі, наіўнымі і смешнымі. Тут паказана перад судом гісторыі нават эпоха культу асобы, а само ўсходняе славянства з яго рахманай недалужнасцю і страшэннаю, нялюдскаю вынослівасцю.

З нецярпеннем чакаю завяршэння Тваёй вялікай працы...”

Дзяліцца радасцю ад прачытаных кніг – гэта ж таксама сяброўская дапамога.

Вось і яшчэ пісьмо, характэрнае ў гэтым сэнсе. Напісана яно з Дубултаў, у студзені 1977 года.

“...Убіўся быў у чытанне тэарэтычных работ найноўшага перыяду, каб падабраць адпаведны матэрыял пад фундамент для артыкула пра філасофскую лірыку, але наткнуўся на такую занудлівую мудрагельшчыну, што ледзь не ўцёк дамоў, махнуўшы рукой на такую навуку і сваё служэнне. Да чаго ж заартадокшана наша беднае літаратуразнаўства! І няўжо тытулаваныя знакамітыя літсаноўнікі не разумеюць, што такое літаратуразнаўства нічога нікому не дае, што гэта нейкае кланавае абслугоўванне вучоных вытворцаў нудоты...

Дзякаваць богу, што натрапіў тут на ўспаміны Пабла Нэруды “Wyznaj?, ?e ?y?уm”5 – і адвёў душу, вярнуў сабе адчуванне карыснасці літаратуразнаўчай прафесіі, калі яна скіравана на людзей, а не на артадаксальных склеротыкаў, якія бясконца адзін аднаму напамінаюць агульнавядомыя цытаты з класікаў ці адпаведных пастаноў і каменціруюць, і каменціруюць да атупення. Між іншым, наш паважаны Леанід Мікалаевіч6 таксама ўзяўся за настаўленні на шлях ісціны свавольных крытыкаў. Уніфікацыя літаратурных ацэнак і густаў... А пасля гэтага застаецца толькі ўвесці знак якасці і даручыць Дзяльцу7 ставіць на вокладкі кніжак. Толькі і выратаваў ад гэтай мярцвячыны Пабла Нэруда. Калі Ты яшчэ яго не чытаў – дастань абавязкова і атрымаеш вялікую асалоду.

Вялікі мастак, арганічны мастак гаворыць пра мастацтва, жыццё, пра мастакоў і простых людзей, пра свае інтымныя справы і праблемы сучаснага складанага свету. Чытаецца кніга як паэма, нават мова так насычана вобразнасцю, метафарычнасцю, што пераносішся ў свет паэзіі, у яго паэтычны свет. Колькі трагізму ў гэтай кнізе, колькі балючых штрыхоў веку: Гарсія Лорка, Сікейрас, Гевара, Альендэ і многія іншыя трагічныя постаці, героі вызваленчай барацьбы трэцяга свету. Крыўдна толькі, што з савецкіх пісьменнікаў адзін Ілья Эрэнбург зрабіў на яго ўражанне, астатнія, у тым ліку Сіманаў, хоць і сустракаліся, і гасцявалі, – прайшлі як салдаты на маршы – міма і міма.

Прызванне паэзіі ён бачыць у тым, каб не даць заарганізаваць жыццё і не ператварыць чалавека ў механізм, хоць бы і добры. І яшчэ што пакарае – магутная сіла любові да роднага краю, народа. Хоць тэрмін народнасць яму і не ўласцівы, але ўласціва вышэйшая форма сувязі з народам. Апісанне выступленняў паэта перад рабочымі і на вялікіх сходах, на мітынгах кранаюць нейкай незвычайнай узнёсласцю. Нам усё гэта вельмі блізка – і лёс, і баявы дух паэзіі: як многа пераклічкі з Купалам, Танкам. Нават прыгадваюцца неаднойчы “Лісткі календара”, на жаль, маштабы ў нас больш сціплыя. Народная спецыфіка – родная зацялёпістасць...”

Абедзве Валодзевы падказкі былі выкарыстаны. Раман “Леапард” мне давялося прачытаць толькі праз два гады, але затое пабачыў і цудоўны кінафільм па ім, – у Варшаве, бо ў нас ён, здаецца, не праходзіў. А кнігу Нэруды, зноў жа праз два гады пасля рэкамендатара, і я прачытаў у бібліятэцы дома творчасці ў Дубултах, па тым самым, што і Валодзя, экземпляры польскага выдання, пра што пісаў у “Сваіх старонках”.

Яшчэ крыху пра ўражанні ад прачытаных паасобных твораў і кніг, – тут нібыта зусім між іншым у яго, а бачыцца значным і сімпатычным.

“...Канчаю артыкульчык у “Литгазету” пра Платона Галавача. Атрымліваецца нейкае неканкрэтнае разважанне, – можа, такое ім і патрэбна.

Як пісьменнік Галавач сыраваты, скрозь чуецца нейкая паспешлівасць, эскізнасць і побач з моцна напісанымі сцэнамі – шаблонныя, побач з усхваляванымі роздумамі – пропісі палітграматы, побач з яркімі дыялогамі – агіткі.

Добра, што ў цэлым адчуваецца чэснасць і шчырасць”. (13.VП.67)

“...Чытаў “Авиаэтюды” Межалайціса і пазайздросціў літоўцам – сапраўды касмічная вышыня, аж дух займае.

Адначасна купіў “Радиус действия” Раждзенственскага – многа наігранага, жаданне быць глыбакадумнейшым за самога сябе.

Панчанкава шыпшыністая лірыка куды больш натуральная і праўдзівая. Раблю накід рэцэнзіі на яго зборнік”. (20.V.66)

Тут ужо я і сам на абзацы пабіў, для большай значнасці, і слова адно падкрэсліў, – так жыва ўявілася густая зелень лістоты, пяшчотныя фарбы і водар, і абаронная, і наступальная калючасць – не толькі кветак, але і вершаў.

Ён быў шчодры ў сяброўстве. Згадваецца мноства цудоўных фотаздымкаў, якімі ён закідаў сяброў, у тым ліку і мяне, можа больш чым каго. А мне тут хочацца дадаць пра шчодрасць у іншым.

Для апавядання “Званочкі” з рыбацкага цыкла “Пад гоман вогнішча” ён мне ў пісьме расказаў пра цыганоў, як яны, ратуючыся ад гітлераўцаў, задыбалі табарам у партызанскі атрад, дзе іх накармілі, за што яны “падзякавалі”, пакраўшы тол, які палічылі мылам, і паўцякалі, калі атрад пайшоў на заданне, пакінуўшы ў лагеры аднаго вартавога. Валодзя не толькі расказаў мне гэты свой успамін, а прапанаваў яго як устаўку. Што ж, гісторыя літаратуры ведае прыклады такога сяброўскага супрацоўнітва. Прыгадаўся “Пан Тадэвуш”, у які адзін з сяброў Міцкевіча, паэт Вітвіцкі, напісаў некаторыя фрагменты – нават такому аўтару! Аднак праз некалькі гадоў, калі Валодзя даў мне прачытаць пачатак сваіх партызанскіх успамінаў, мне стала няёмка, прыгадаўшы тую ўстаўку ў “Званочкі” і падараваныя ім для ўсяго цыкла яшчэ два невялікія эпізоды. Успаміны яго спадабаліся мне, – густая, вобразная проза, – я неаднойчы пасля падштурхоўваў яго працягваць гэтую працу, замест залішняй газетнай публіцыстыкі, якая адбірала ў яго нямала часу і нерваў. Няёмкасць мая паўтарылася, калі чытаў “Блакаду”, працяг успамінаў. Застаецца задавальняцца тым, што яго “цыганскі” падарунак не бачыцца ў “Званочках” лішняй латкай з чужога палатна, – бо і апавяданне гэтае ён любіў, пра што пісаў у адным з лістоў, і нагадвала яно яму, як і мне, наш цудоўны выпад з Бабруйска на Беразіну ў чэрвені 1954 года, бо і Андрэй у цыкле – гэта ён, Валодзя, бо ёсць і яшчэ адна акалічнасць, – асабліва прыемна бывае падараваць іменна тое, чаго пасля шкада. Ці шкадаваў ён – не ведаю, хутчэй за ўсё не. А няёмкасць мая яшчэ раз паўтарылася, калі я перачытваў для гэтага слова яго пісьмо ад 26 лістапада 1961 года, у якім ён піша:

“...Можа, варта, пішучы пра цыганоў, даць адзін халодны мазок – паказаць не толькі хараство, бязмежную паўнату дзікай свабоды, але і яе беднасць, “нищету”. Скажам, мог бы Андрэй расказаць з іроніяй выпадак, як цыганоў ганялі немцы, жадаючы вынішчыць, – нібыта яны памагаюць партызанам. А яны не дараслі, каб памагаць каму-небудзь. Я Табе, здаецца, расказваў, як у блакаду...”

А далей – амаль даслоўна тое, што ў “Званочках”.

Зрэшты, цяперашнюю маю няёмкасць ён – бачу гэта з журботнай удзячнасцю – назваў бы “миндальничаньем”, а то і прасцей, мацней, – я даў, ты ўзяў і – на здароўе!..

Цяпер вакол яго манаграфіі пра мяне.

“Народная асвета” заказала яе яму ў пачатку 1981 года. У адпаведную серыю, дзе такія кнігі строга па дзесяць аўтарскіх аркушаў. А ён з творчай свабодай, што з ім здаралася неаднойчы, зрабіў ім амаль удвая больш. І тут пачаліся складанасці. Пра гэта ў далейшых фрагментах з яго пісьмаў. А ў першым – ягоны адказ на маю прапанову даць яму для прачытання некалькі цікавейшых чытацкіх пісьмаў, у тым ліку і замежных.

“...Пісьмы мне будзе цікава і карысна прачытаць хоць бы для таго, каб не меў адразу вялікай механічнай перавагі той біёграф, што будзе пісаць пасля маёй смерці.

Між іншым, пішучы кніжку пра Танка, я ўвесь час адчуваў гэтую сваю недаінфармаванасць, і гэта мяне раззбройвала. Мажліва, таму, што Максім прачытаў мне некалькі дзесяткаў пісьмаў, падшытых у гросбуху, цікавых, але не запрапанаваў прачытаць і зрабіць патрэбныя выпіскі. Біяграфія пасляваеннага часу ў кніжцы пра яго зусім перасохла, гэта заўважылі і чытачы, і рэцэнзенты. Але там была кніжка вучэбная, так што неабавязкова было яе абсталёўваць усімі ветразямі і вёсламі, а кніжку пра Цябе я хачу зрабіць больш раскавана і не паўтараць таго, што ўжо надрукавана, хіба ў парадку палемікі ці спасылак”.

Напісана гэта было ў снежні 1982-га, калі Валодзя яшчэ ўсё здалёк прымяркоўваўся да працы над кнігай. Наступнае пісьмо – праз тры гады, калі работа ўжо ішла.

“...Пасылаю Табе незакончаны варыянт першага раздзела. Прабач, што ён яшчэ ў такім сырым стане, але я баюся, што Ты паедзеш на ўзмор’е, і я не змагу давесці гэтага матэрыялу да нейкага ладу, бо ён насычаны біяграфічнымі фактамі і патрабуе гаспадарскага вока. Ведаю сваю слабасць – абыходзіцца з фактамі вольна, г.зн., эмацыянальна. Напэўна тут знойдуцца недакладнасці, – папраў, “поправи мя, Господи!”

Праз адзінаццаць дзён пісьмо наступнае:

“...Прачытаў твае заўвагі, часам саромеючыся за сырасць матэрыялу, які Табе паслаў, але часцей расчароўваючыся і ў памяці жывой, і ў пісанай, і ў мажлівасцях фантазіі пры апісанні біяграфіі мастака. Збіраў я, як Ты мог заўважыць, крупіны фактаў з розных сваіх нататак, зробленых на хаду, калі Табе ў размове прыгадваўся нейкі біяграфічны эпізод. Наша дзелавая гутарка летам у Крынічным8 запісана досыць дакладна. Твае расказы дапамаглі збольшага выстраіць біяграфічны ланцуг, але аказалася ў ім багата недакладнасцей, часам, пэўна, я не ўлоўліваў кантэксту, часам Ты гаварыў не зусім выразна... Не ўсё, напэўна, з напісанага варта даваць у друк, я і ўстаўляў спрэчныя ці неабавязковыя моманты, каб пачуць Тваю думку... Ды перастаць вагацца, – усё гэта давядзецца-дацягнецца да ладу.

Але не магу пагадзіцца з Табою, што трэба пісаць нейкі утылітарны варыянт манаграфіі, прымальны для настаўнікаў-дыетыкаў, чые страўнікі не змогуць пераварыць матэрыялу, напісанага на ўзроўні сучаснага літаратуразнаўства. Я не хачу і нізавошта не стану пісаць шпаргалак для настаўнікаў. На гэтае хапае спецаў, якія ведаюць, што трэба, а чаго не трэба, што можна, а чаго не можна. Няхай яны і пішуць, а я пагарджаю ўсёю тою вульгарнай катавасіяй, якую вядуць знаўцы ідэалагічнай легкатраўнасці вакол літаратуры.

У новым праекце праграмы, які меўся адпавядаць рэформе школы, адведзена ўсяго тры гадзіны на “непонятную” старажытную беларускую літаратуру, прытым палавіну часу трэба аддаць на старажытнарускі перыяд, а ў беларускім убіваць у галовы вучняў ідыёцкую думку, што беларусы як нацыя яшчэ ў чэраве гісторыі жылі адзінай марай і мэтай, каб з’яднацца з вялікім рускім народам. Манія з’яднання была такой вялікай у нашых продкаў, што яны не зважалі нават на татара-мангольскае ярмо – хоць у ярме, абы быць запрэжаным разам з братам.

Я пісаў рэцэнзію на тую праграму і выказаў свае адносіны да такога роду утылітарызацыі гісторыі ў імя “высокіх мэт” навучання і выхавання пакалення бязродных Іванаў...

Не паспеў я адаслаць тое рэцэнзіі, як дайшла з гары Сінай звестка, што рускія “вучоныя”-метадысты наогул адмянілі гістарычны прынцып пабудовы школьнага курса літаратуры і “предписали” ва ўсіх класах вывучаць адначасна і класікаў, і сучасных пісьменнікаў уперамежку. Літаратура, такім чынам, аддзяляецца ад гісторыі і ператвараецца ў набор займальных сюжэтаў, вумных маналогаў, прыдатных для “возбуждения положительных чувств”. Калі ісці за такою метадычнай навукай і практыкай, якая накшталт Івана-дурня сячэ сук, на якім не паспела яшчэ толкам усесціся пасля кувыркання ў 20-я гады, у эпоху лабараторнага метаду і брыгаднага пражэкцёрства, дык увогуле трэба страціць павагу да сябе.

Тое, якую кнігу захоча выдаваць “Народная асвета”, мяне не асабліва цікавіць. Мне хочацца напісаць кнігу сур’ёзную, прафесійна напісаць, лічачы настаўніка літаратуры разумным і падрыхтаваным чытачом, які б знайшоў у гэтай кнізе нешта новае, каб яна абудзіла яго думку і павярнула яе ў рэчышча адказнага грамадзянскага, эстэтычнага і філасафічнага мыслення. Упэўнены, што ў такой кнізе ёсць сапраўдная патрэба. Сам жа я вяду штогод практыку студэнтаў у школах. А выдавецтва?.. Не захоча “Асвета” выдаваць, запрапаную “Вышэйшай школе” ці іншай фірме. Выдадуць, абы кніга была добрай. Зрэшты, няхай лепш ляжыць, чым мае жыць на правах пабірахі ці ўгодлівага прыслужніка нейкага баламута, які сам не ведае, чаго хоча, і не ўяўляе, колькі каштуе фунт творчай працы ды мастацкага густу.

Баюся, што не паспею ў час здаць рукапіс: работа сур’ёзная і цяжкая. Бачыш, нават біяграфічны раздзел зрабіць нялёгка. Праўда, ён мае быць па задуме не проста біяграфічным, але і светапоглядным. Не ведаю, ці гэта адчуваецца...

Даруй, што тлумлю Табе галаву праблемамі, якіх магло б і не быць, каб я сядзеў у акадэміі і памаленьку (па паўстаронкі ў дзень) мог сабе пісаць манаграфію пра пісьменніка. Хачу верыць сабе, што далей такіх заўвагаёмкіх раздзелаў будзе менш, хоць, як Ты мог заўважыць, па плану кнігі (наклееным на вокладцы той папкі, якую я Табе пасылаў), і ў далейшых раздзелах будуць з’яўляцца кавалкі біяграфіі, характарыстыкі жыцця, зробленыя цераз прызму Твайго і Вашай брылёўскай сям’і. Усё гэта будзе праецыравацца на творы. Бо дасюлешнія манаграфіі ўсё ж будаваліся па прынцыпу: ад твора да твора. Мне хочацца ісці ад этапа да этапа. Будзе нялёгка. У тых выпадках, дзе давядзецца мець справу з раманам ці цыклам апавяданняў, кніга сама павінна стаць і этапам, цыкл нарысаў – таксама”.

Як пастскрыптум – з майго пісьма яму ад 28 студзеня 1986 года: “...Што да нашай з Табой “старэчай” забыўлівасці і памятлівасці – не думаю, што яны “злосныя” ці “зласлівыя”. І мяне ўжо ў сім-тым памяць падводзіць, і трэба правярацца. Да пэўных промахаў Тваёй памяці я не магу быць абыякавым: нашы сяброўскія адносіны ў літаратурным свеце (дый шырэй) вядомы многім, і тое, што Ты пра мяне скажаш – будзе лічыцца самым дакладным.

Так што, дружа, не злуйся і не “казнись”.

Ну, а далейшы лёс манаграфіі быў нялёгкі. Аўтару ўсё-такі прыйшлося скарачацца да абавязковага серыйнага памеру, а гэта прывяло да балючых стратаў...

Мне асабіста з таго, што не ўвайшло ў кнігу, было найбольш шкада Валодзевых разваг пра маё любімае – мініяцюры. Праўда, гэта ён выкарыстаў пазней у грунтоўным артыкуле, змешчаным у яго апошняй прыжыццёвай кнізе “Усё чалавечае”.

Усё пра мяне ды пра мяне... А ён жа пісаў мне і пра іншых.

“...З прыемнасцю прачытаў Тваё слова пра Адамовіча, кранае яно гуманістычнай азоранасцю, пераканальна-шчымлівым выяўленнем каштоўнасці жыцця і балючай дыялектыкі, што існуе паміж дружбай, найбольшай блізкасцю і адзінотай, непазбежнасцю адзіноты. Да гэтага далучаецца высокае адчуванне маштабнасці справы, якой мы служым. Апошняе адчуванне дазволіла Табе ўзняцца над юбілейным этыкетам (цяпер розныя віды таварыскіх і службовых этыкетаў знаходзяць масу служак) і гаварыць пра юбіляра як пра слугу справы і праціўніка ўсякіх этыкетаў, свядомага і прынцыповага праціўніка. Гэта ў Сашы ёсць, і гэта бадай што галоўнае сярод многіх рыс яго характару. Трапна і не назойліва прачытаў Ты раман яго цераз жывы светлы вобраз (прататып) Ганны Мітрафанаўны9, добра, старанна ацэнены і яго літаратурна-крытычны набытак, удала вырашыў сітуацыю досыць клопатную, – што Твая творчасць знаходзіла ў ім прапагандыста і прыхільніка – не абмінуў і не звёў гаворкі зноў да этыкетнай удзячнасці.

Змог я заўважыць толькі пару драбнічак і адзначыў іх на палях рукапісу. Ты іх разбярэш і, калі захочаш, вырашыш, дакладней – улічыш”. (26 лютага 1977 года).

Ён любіў моладзь, умеў знаходзіць сярод сваіх студэнтаў дзяўчат і юнакоў з божаю іскрай, шчыра апекаваўся абласным літаратурным аб’яднаннем, па прэсе цікавіўся маладымі талентамі ва ўсіх кутках Беларусі, радуючыся поспехам і смуткуючы ад непажаданага.

У наступным фрагменце з пісьма пра аднаго маладога паэта я, нібыта і ўзгодніўшы гэта з Валодзем, прозвішча маладзёна апускаю з педагагічна-прыязных меркаванняў.

“...Хлопец вельмі здольны, начытаны, памятлівы і ахоплены прагай паэтычнай славы, усё гэта было б цалкам добра, калі б захоўвалася нейкая мера суадносін творчасці з жыццём, а ён, як мне думаецца, так напорыста выціскае з сябе ўсю душу, што не застаецца часу, патрэбы, сіл, каб проста жыць, зносіцца з людзьмі. Пару вечароў толькі прагаварылі з ім пад лёгкім віном, дык і размовы, і інтарэсы ў яго ўсе ў літаратуры. Я ўжо і не ведаю, што думаць. Спрабаваў яму заўважыць, але ён і слухаць не збіраецца. Сам усё ведае ад “а” да “я”. А дакладней – гэтае Я з’яўляецца пачаткам і канцом ведаў. Прачытаў яго вершы – ёсць цікавыя, хоць і кніжнасці хапае, між іншым, перайманне ў Караткевіча. Пакуль не магу разабрацца з гэтым хлопцам – і здольны, і па-свойму апантаны паэзіяй, і супярэчлівы, не самакрытычны. Можа, гэта сучасная сталічная норма характару і паводзін творчай адзінкі? Я ўжо толькі назіраю збоку і маўчу”. (Студзень 1977 года).

Траплялася і радасць, толькі радасць:

“...Двойчы быў у Брэсце Карпюк, адзін раз заехаў пагутарыць з нашымі абкомаўскімі спецыялістамі па сектантах, другі раз Алёша быў з Волькай Іпатавай, выступалі тыдзень па лініі бюро прапаганды. Волечка зрабіла на мяне ўражанне таленавітага, прагна-дапытлівага дзіцяці, прытым за гэтай дзіцячай свежасцю душы прыхавана разумная дасведчанасць сапраўднага інтэлекту. З’явілася радаснае адчуванне, што яна далёка пойдзе ў літаратуры і асабліва, відаць, у прозе. Дарэчы, гаварыла, што закончыла і здала ў друк аповесць пра Ефрасінню Полацкую. Слаўнае дзяўчо!” (18.Х.71 года).

І ўдзячнасць бывала ў радасці:

“...Атрымаў два лісты ад Веры Сымонаўны, і яшчэ раз шчасліва адчуў, якое гэта шчасце для нас, крытыкаў, што над усходамі нашай крытычнай руні стаіць такая звеннявая – добры дух ураджаю. Клапоціцца, дабіваецца і, відаць, даб’ецца, што мой Жылачка выйдзе без купюраў і без асаблівых страт”. (Студзень 1977 года).

Вера Палтаран узначальвала тады рэдакцыю крытыкі выдавецтва “Мастацкая літаратура”. “Жылачка” – манаграфія Калесніка пра жыццё і творчасць Уладзіміра Жылкі, “Ветразі Адысея”. Выданне гэтае, згодна з цэнзурнымі нормамі часу, як ні змагалася светлая, мужная Вера Сымонаўна, на жаль, выйшла з бязлітасна-недарэчнымі купюрамі. Валодзя вельмі перажываў гэта. А манаграфію ён рупліва дапрацоўваў да сваіх апошніх дзён.

Ён быў заўсёды вельмі перагружаны працай, абавязкамі, у нервовым напружанні, часта хварэў. У вайну – два раненні, з вайны вынес туберкулёз, лячэнне на цэлы дзесятак гадоў, потым язва і, нарэшце, цэлы букет...

А ўсё роўна з Мінска ён, амаль да апошніх дзён, вяртаўся з новымі заказамі, як нейкі навукова-літаратурны трактар (так я тады жартаваў), абчэплены кожны раз новым мноствам розных агрэгатаў. Варта паглядзець у шасцітомным “Слоўніку беларускіх пісьменнікаў” ягоную бібліяграфію, каб пераканацца, колькі паспеў зрабіць гэты да канца нястомны руплівец. А колькі хацелася зрабіць, давесці да ладу тое, што цяпер, на жаль, засталося ў накідах або толькі ў задумах...

Для ілюстрацыі – два фрагменты з розных пісьмаў:

“...Атрымаў ліст ад Чалмаева з “Дружбы народов”, прапануе некалькі тэм. Перспектыва прывабная. І хочацца, і колецца... Не ведаю, ці спраўлюся напісаць, бо планы і так пераўзыходзяць мае мажлівасці. Ніяк не давяду да ладу Салагуба, а за акадэмічны артыкул, можна сказаць, не браўся. Незакончаны ляжыць палемічны артыкул аб перыядызацыі старажытнай літаратуры і дапаможнік па выразнаму чытанню. Уклініўся ў мае планы даклад аб эстэтычным выхаванні, які я прачытаў на абласным семінары настаўнікаў мовы і літаратуры. Асноўная думка: сувязь эстэтычнага выхавання з жыццём, г.зн. з роднай прыродай, грамадскім і бытавым укладам нашага нацыянальнага раёна і нацыянальным (рэгіянальным) мастацтвам, – так быў захапіўся працай, што хацеў давесці даклад да кандыцыі журнальнага артыкула, але зараз гляджу на здабыткі гэтага даклада скептычна, мажліва, пазней, сабраўшы больш матэрыялу, давяду гэтую справу да нейкага канца”.

Гэта – са снежня 1960-га. Тады, калі ласка, з лістапада 1972-га:

“...Вісіць на шыі яшчэ раздзел для акадэмічнай гісторыі літаратуры на рускай мове, і рукапіс Серафіма Андраюка (на рэцэнзіі) – дай бог закончыць да канца наступнага месяца... Каб як збавіцца ад пачуцця затумканасці – нічога не хацеў бы. А то налятае адно на другое, і бегаеш у вечных даўжніках, уцякаеш ад крэдытораў...”

Такія фрагменты з пісьмаў можна было б трывожна, прыкра множыць...

Забанальненым словам “хобі” мне не хочацца называць ягонае захапленне жывапісам, разьбой па дрэве, мастацкай фатаграфіяй – усё гэта было ў яго не толькі адпачынкам ад навукі і літаратуры, усюды ён дамагаўся прафесійнасці.

У падрыхтоўцы да выдання кнігі “Я з вогненнай вёскі...” у нас былі два выдатныя памочнікі – рэдактар Васіль Сёмуха і мастак Арлен Кашкурэвіч. Процьма работы, якая несправядліва называецца “чарнавой”. Гэта тая работа, якой пасля не відно, відаць толькі промахі, недапрацоўкі, памылкі. А каб іх не было – патрэба нямала цярплівасці, як з пчоламі, цягавітасці, як у аратага, дадамо яшчэ светлую думку, відушчасць і творчае азарэнне, якое не адразу ўспыхвае на жары ці прыску. Калі з Васілём Сяргеевічам працавалі мы ўдвух з Адамовічам, дык з Арленам Міхайлавічам Калеснік адзін. Пакуль ішла яго работа з мастаком, якога адрознівае і належны густ, і плённая практыка афарміцеля, а таксама і мяккая, але паслядоўная настойлівасць, Валодзя, і сам мастак, пісаў мне зрэдку і пра цяжкасці, і пра ўдачы ў пошуках належнага вырашэння той ці іншай формы падачы матэрыялу. Прычым трэба памятаць, што яму трэба было і ў Мінск прыязджаць неаднойчы, і што ўся тая процьма за чатыры леты назапашанага фотаматэрыялу ў падачы для кнігі рыхтаваліся ім не ў больш-менш прыстойнай фоталабараторыі, а проста ў цесным ванным пакоі, і не ў поўнай свабодзе для гэтай работы, а дзённымі ды вячэрнімі прыхваткамі, нібы між іншым, пасля лекцыяў, пасяджэнняў, дакладаў, літаратуразнаўчых работ, якія ў сваю чаргу, а часцей без чаргі патрабавалі належнай увагі.

І ён усюды паспяваў.

Дваццаць гадоў таму назад, у Маскве, знаёмячы Валодзю з маім рускім сябрам, добрым пісьменнікам і чалавекам Васілём Субоціным, я назваў яго, Калесніка, а мой Васіль Яфімавіч, па-свойму сціпла ўсміхнуўшыся, сказаў:

– Как же не знать! “Володя сказал”, “Володя пишет”, “Если бы Володя это видел”. Очень приятно, Владимир Андреевич!..

І мне было прыемна ўдвая, – і што знаёмлю сяброў, і што Вася, якога цікавяць мае лірычныя запісы, аб чым ён у друку гаварыў, ведае пра нашу дружбу.

Гэта праўда – у запісах маіх, і ўжо надрукаваных, і яшчэ не, пра Валодзю гаворыцца часта. А штосьці большае пра яго як чалавека, пісьменніка, сябра мне пакуль што – спакусліва-зманлівае “пакуль што”! – напісаць не прыйшлося. Калі не лічыць скупаватага нарыса “Першы прыпынак”, слова да яго пяцідзесяцігоддзя.

Нямала дадала б і, можа, калі-небудзь дадасць наша перапіска.

А пакуль што – аптымістычна паўторымся – няхай штосьці скажа і гэтая публікацыя з калектыўнай нагоды.

Верасень 1995 года

НАТУРА БАРАЦЬБІТА

(Жменя згадак пра Уладзіміра Калесніка)

Дзмітрый Бугаёў

Уладзіміра Андрэевіча Калесніка я трохі ведаў яшчэ з 50-х гадоў мінулага стагоддзя, бо вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце імя А.М. Горкага, з якім Калеснік быў трывала звязаны працяглы час. Ён атрымліваў тут і вышэйшую адукацыю, і аспіранцкую падрыхтоўку, быў блізкім сябрам Ф.М. Янкоўскага, часта наведваў яго ў педінстытуцкім інтэрнаце па вуліцы Кірава. Мне таксама давялося правесці ў гэтым інтэрнаце тры аспіранцкія гады і якраз у той час, калі там жыў Янкоўскі. Пакоі ў нас, вядома, былі розныя, але размешчаныя на адным паверсе і з выхадам у адзін калідор. Таму выпадковыя сустрэчы з Янкоўскім здараліся нярэдка. Калі-нікалі бачыў іх разам з Калеснікам. Яны абодва ўжо тады вылучаліся сваёй відавочнай сталасцю, мелі за плячыма вопыт барацьбы з фашызмам, словам, яўна адрозніваліся ад яшчэ зялёных і ў многім легкадумных аспірантаў майго ўзросту, але ставіліся да нас з таварыскай зычлівасцю, бо адчувалі і нашу захопленасць беларушчынай.

А яшчэ ў мяне былі добрыя стасункі з Алесем Адамовічам, які сябраваў і з Янкоўскім, і асабліва з Калеснікам.

У 1960 годзе я нарэшце наважыўся абараняць кандыдацкую дысертацыю па ранняй творчасці Міхася Лынькова. З гэтай нагоды Уладзімір Калеснік, які ўжо працаваў (з 1956 года) загадчыкам кафедры беларускай літаратуры ў Брэсцкім педінстытуце, па просьбе А. Адамовіча напісаў мне наступны вельмі прыязны водзыў, які падаю тут цалкам, бо ён нідзе не друкаваўся.

“Жыццёвы і творчы шлях Міхася Ціханавіча Лынькова да апошняга часу не вывучаны ў той меры, на якую заслугоўвае такі арыгінальны пісьменнік – адзін з заснавальнікаў беларускай савецкай прозы.

Артыкулы Д.Я. Бугаёва, прысвечаныя гэтаму пытанню, з’яўляючыся ў друку, выклікалі ўвагу літаратурнай грамадскасці, студэнтаў і настаўнікаў-славеснікаў нашай рэспублікі.

Калі меркаваць пра дысертацыйную працу толькі па артыкулах ды аўтарэфераце, дык і яны даюць падставу сцвярджаць, што дысертант зрабіў новы крок у вывучэнні ранняй творчасці Лынькова, пераадолеўшы схематызм і спрашчэнства, якія наслаіліся ў шэрагу папярэдніх літаратурна-крытычных прац і часткова атрымалі значэнне дрэннага нарматыву. Даследаванні Д.Я. Бугаёва праведзены на ўзроўні сучаснага савецкага літаратуразнаўства, мастацкія творы разглядаюцца аўтарам у адзінстве зместу і формы, глыбока раскрываюцца сувязі пісьменніка з жыццём.

Карціна творчага шляху Лынькова здаецца тым больш пераканальнай, што аўтар разглядае яго творы на шырокім гісторыка-літаратурным фоне, прыцягваючы матэрыялы беларускай, рускай, украінскай літаратур.

Напісанае з улікам дасягненняў савецкага літаратуразнаўства апошніх гадоў, даследаванне Д.Я. Бугаёва з’яўляецца, на наш погляд, плённым працягам той працы, якую правялі беларускія даследчыкі да яго, таму суіскальніку варта было б адлюстраваць у аўтарэфераце не толькі тыя моманты, якія адрозніваюць яго працу ад папярэдніх прац па гэтым пытанні, але падкрэсліць якраз тыя агульныя моманты, што сведчаць пра навуковую паслядоўнасць, уласцівую савецкаму літаратуразнаўству, якое стаіць на метадалагічным фундаменце марксізма-ленінізма.

Кафедра лічыць што суіскальнік заслугоўвае прысуджэння яму вучонай ступені кандыдата філалагічных навук.

Заг. кафедры беларускай літаратуры

 кандыдат філалагічных навук У. Калеснік”.

 

Такія водзывы звычайна пісаліся па пэўнай схеме. Збольшага яе прытрымліваўся і Калеснік. Але яго прынцыповасць, удумлівае стаўленне да справы выявіліся і тут. Пра гэта сведчаць і агульная змястоўнасць напісанага тады Уладзімірам Андрэевічам, і ягоныя заўвагі. Зусім абмінуць штосьці спрэчнае Калеснік не мог і ў сяброўскім водзыве – не дазваляла сумленнасць. З-за яе ён дапускаў і рэзкасць ацэнак, калі сутыкаўся з павярхоўнымі ці залішне прыгладжанымі працамі. Такую прыгладжанасць пасля бясконцых рэдагаванняў і ўзгадненняў ён убачыў у “Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры” (1956) і сказаў нямала рэзкіх слоў пра гэта, выклікаўшы нараканні з боку некаторых аўтараў тых нарысаў і іх рэдактараў. Аднак Уладзімір Андрэевіч, калі быў перакананы ў сваёй слушнасці, не зважаў на ўшчуванні самых амбітных, у тым ліку і надзеленых уладнымі паўнамоцтвамі асоб. Сам ён па дробязях не лез на ражон, да літаратурнай палемікі ставіўся спакойна, разважліва, асабліва не крыўдаваў, калі нешта аспрэчвалася і ў ягоных працах. Зразумела, гэта датычылася толькі тых выпадкаў, калі нейкія падставы для аспрэчвання былі.

Кажу пра гэта, абапіраючыся на свае стасункі з Калеснікам у сувязі з вывучэннем танкаўскай творчасці. Я звярнуўся да яе пасля кнігі Уладзіміра Андрэевіча ”Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура” (1959). Гэта першая кніга даследчыка, але кніга выдатная, як і іншыя яго этапныя для нашага літаратуразнаўства працы. Пазней ён казаў, што яе моцна парэзала цэнзура, бязлітасна выкрасліўшы некалькі друкаваных аркушаў. Я суцяшаў, зазначаючы, што і ў тым выглядзе, у якім кніга дайшла да чытача, яна вылучаецца сваёй грунтоўнасцю, багаццем фактычнага матэрыялу і значнасцю абагульненняў. Калеснік з гэтым не спрачаўся, але знятых раздзелаў усё роўна шкадаваў. Па сабе ведаю, што выкрасленае гвалтоўна, насуперак волі аўтара, заўсёды здаецца самым цікавым і значным.

Рыхтуючы сваю кнігу пра Максіма Танка (яна выйшла ў 1964 годзе), я мусіў звярнуцца за парадамі да паэта, бо без ягонай дапамогі цяжка было разабрацца ва ўсёй складанасці тых судовых спраў, якія заводзіліся на яго ўладамі ў заходнебеларускія часы. Танк, вядома, дапамог, але разам з тым настойліва казаў, што ён лічыць памылковымі некаторыя сцверджанні пра яго ў кнізе “Паэзія змагання”. Усе Танкавы пярэчанні Калесніку я ўключыў у сваю працу (яны для таго і рабіліся паэтам) і не без асцярогі чакаў рэагавання Уладзіміра Андрэевіча. Чалавек усё ж можа пакрыўдзіцца, думалася мне, хоць я даваў і шэраг сцвярджальных спасылак на “Паэзію змагання”, цытуючы тое, што Танк не крытыкаваў. Было ў мяне і некалькі дробных удакладненняў ужо ад сябе, зробленых там, дзе я заўважыў нейкія “апіскі”, што праскочылі ў Калесніка. Ні за гэтую ўедлівасць, ні за паўтор танкаўскіх крытычных заўваг Калеснік ніколі не папракаў, фактычна пагадзіўшыся, што я павінен быў лічыцца найперш з поглядам самога паэта.

Такім чынам, нядобразычліўца з-за спрэчкі пра паэзію Танка я сабе не прыдбаў. Нашы адносіны заставаліся нармальнымі, увогуле прыхільнымі. Былі сустрэчы на розных пісьменніцкіх сходах, на якія Калеснік прыязджаў з Брэста. Калі мне даводзілася гаварыць у вусных выступленнях ці ў друкаваных артыкулах пра нашу крытыку, я, канечне ж, не абмінаў добрым словам і Калесніка. Але даследчыя дзялянкі ў нас збліжаліся, а тым больш перакрыжоўваліся рэдка. Бо ён шмат пісаў пра старажытнасць і асабліва пра заходнебеларускую літаратуру. А я якраз тут спецыялістам сябе не лічыў, як даследчык не займаўся ні творчасцю заходнебеларускіх пісьменнікаў (акрамя Максіма Танка), ні літаратурай ранейшых эпох, хоць у час выкладчыцкай працы ў Мазыры чытаў курс дарэвалюцыйнай літаратуры, цішком, але шчодра выкарыстоўваючы напаўзабаронены тады вялізны фаліянт В. Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”.

Даводзілася не раз рэцэнзаваць абагульняльныя літаратуразнаўчыя працы, якія пра Заходнюю Беларусь заўсёды пісаў Калеснік, бо тут па аўтарытэтнасці ніхто з ім тады зраўняцца не мог. Але і ў такіх выпадках пра асвятленне заходнебеларускага літаратурнага працэсу я падрабязна пісаць не рызыкаваў, абыходзячыся сумарным заключэннем. У якасці прыкладу згадаю тое, што напісалася ў рэцэнзіі на двухтомную “Гісторыю беларускай літаратуры”, выдадзеную ў 1977 годзе ў Мінску на рускай мове. У той рэцэнзіі падкрэслівалася, што для новай “Гісторыі беларускай літаратуры” і даследчыкі, якія ў папярэдніх працах такога профілю таксама рыхтавалі адпаведныя раздзелы, “цяпер, як правіла, не толькі нанава пісалі, але і нанава вывучалі свае ранейшыя тэмы, ва ўсякім разе, паглыблялі і ўзбагачалі іх асэнсаванне. Гэта ў першую чаргу стасуецца да разгляду заходнебеларускай літаратуры, зробленага У. Калеснікам, які, дарэчы сказаць, амаль што адзін і ўзняў на сапраўды навуковы ўзровень гэтую галіну нашага літаратуразнаўства”. (Агаворка “амаль што адзін” не выпадковая. Яна выклікана тым, што пра творчасць некаторых заходнебеларускіх літаратараў час ад часу пісалі і іншыя, маладзейшыя за Калесніка крытыкі з добрым веданнем жыцця ў Заходняй Беларусі, напрыклад, М. Арочка, А. Ліс.).

Ацэнка напісанага Калеснікам для той “Гісторыі...” раздзела ў мяне зроблена, канечне ж, па вельмі высокім рахунку, але ўсяго адной фразай. Праўда, там і іншым даследчыкам пахвала выдаецца без шматслоўнасці, а больш падрабязна, з канкрэтнай аргументацыяй ідзе толькі крытыка спрэчных мясцін. У Калесніка іх я не бачыў. I ён зноў успрыняў усё належным чынам.

Рэцэнзія на двухтомную рускамоўную “Гісторыю беларускай літаратуры” друкавалася ў 1978 годзе. К таму часу я ўжо меў зноў бліскучую Калеснікаву кнігу “Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі” (1977 г. з аўтографам: “Дзмітрыю Бугаёву – з пажаданнем новых поспехаў у даследаванні сучаснай прозы. У. Калеснік. 8.ІІ.–1978”. А потым была падаравана параўнальна невялікая памерам, але змястоўная кніга “Максім Танк. Нарыс жыцця і творчасці” (1981). Тут зноў кароткі, але яшчэ больш прыязны аўтограф: “Дзмітрыю Бугаёву – з павагай да творчай прынцыповасці. У. Калеснік. 18.Х.–1981. Брэст”.

У 1983 годзе У. Калеснік падарыў мне свой зборнік выбраных літаратурных партрэтаў і нарысаў “Лёсам пазнанае”. Кніга выдадзена “Мастацкай літаратурай” (1982) да 60-гадовага юбілею даследчыка. I зроблена яна так, як і павінны рабіцца нешэраговыя выданні выдатных літаратараў, класікаў у сваёй галіне (а што Калеснік дасягнуў самых выдатных вышынь у нашай крытыцы, стаў яе класікам, сёння ўжо відавочна для многіх).

Але яшчэ колькі слоў пра тое выданне. Яно вельмі арыгінальна аформлена, надрукавана на лепшай паперы, з партрэтамі аўтара і тых майстроў слова, якім прысвечаны нарысы, напісаныя з зайздроснай таленавітасцю. Выдавецкі рэдактар кнігі – А. Разанаў, цяпер славуты паэт, якога Калеснік мужна бараніў усе тыя гады, калі на хлопца насядалі з усіх бакоў рэтраграды ад ідэалогіі і літаратуры, не прымаючы ні яго грамадзянскай няскоранасці, ні эстэтычнай нязвыкласці ягонай паэзіі.

Кнігу “Лёсам пазнанае”, якую толькі пагартаць, і то прыемна, а чытаць – адно задавальненне, я атрымаў з аўтографам: “Дзмітрыю Бугаёву з нязменнай сімпатыяй і павагай. 6.V.1983. Ул. Калеснік”.

Належна выдадзена і Калеснікава кніга “Тварэнне легенды” (1987). Яна мае вельмі сціплы падзагаловак “Літаратурныя партрэты і нарысы”. На самой справе гэта вялікая праблемная манаграфія, адна з тых, у якіх даследуюцца кардынальныя праблемы нацыянальнага быцця. Падрабязней скажу пра яе далей. А цяпер перачытаем ужо і зусім апалагетычны аўтограф з кнігі: “Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву – змагару за гонар і годнасць нашага літаратуразнаўства, за права на ўласную думку. 26.ХІІ.–87. Ул. Калеснік. Брэст”.

З гэтай кнігай Уладзіміра Калесніка я знаёміўся яшчэ па прысланых аўтару з выдавецтва карэктурных адбітках, бо незадоўга да яе выхаду ў свет апынуўся ў Брэсце. У студзені 1987 года мяне ўрэшце выбралі на пасаду прафесара БДУ – без абароны доктарскай дысертацыі. Падчас летняй экзаменацыйнай сесіі трапіў у Брэст у якасці старшыні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па беларускай літаратуры. Вось тады і паявілася магчымасць наладзіць з Калеснікам больш шчыльныя дзелавыя кантакты, паглядзець на яго педагагічную працу зблізку. Яна пакінула найлепшае ўражанне. Уладзімір Андрэевіч быў педагогам надзвычай дасканалым, гэткім жа таленавітым, як і ў літаратуразнаўстве ці грамадскай дзейнасці. Ён трымаўся годна, свабодна, з той душэўнай адкрытасцю, якая бывае ў людзей разумных, дасведчаных і незакамплексаваных рознай афіцыяльшчынай і клопатам пра чыноўніцкую субардынацыю. З ім можна было гаварыць зусім шчыра, зноў жа свабодна, даверліва, без аніякай палахлівай аглядкі пра ўсе тагачасныя вострыя праблемы і ў самім жыцці, і ў літаратуры. І мы гаварылі шмат, у смак, не асцерагаючыся падвохаў. Гэтаму нямала спрыяў сам той час, пазначаны істотнымі грамадскімі пераменамі. Але Калеснікава чалавечнасць яшчэ падахвочвала. А яна адчувалася скрозь.

Прыемна было бачыць, як паводзіў ён сябе са сваімі выкладчыкамі і студэнтамі. Роўны тон, спакойная разважлівасць тут былі нормай. Прымаючы экзамены ў студэнтаў, Калеснік не збіваўся на безадказную паблажлівасць, дамагаўся добрага ўзроўню ведаў, але і па-дурному прыдзірлівым не быў. Усмешка, жарт, зусім не злосны ці з лёгкай падкавыркай, не разлічанай, аднак, на яўнае прыніжэнне чалавека, падкуплялі ў ім асабліва.

Вельмі высокая павага да Калесніка адчувалася не толькі ў выкладчыкаў і студэнтаў, але і ў тых людзей за межамі педінстытута, з якімі мы па яго прапанове колькі разоў сустракаліся. Гэтыя сустрэчы наглядна сведчылі, як трывала зросся ён з Брэстчынай, якім свойскім і дарагім стаў тут многім.

У 1987 годзе я атрымаў ад У. Калесніка і ладны ліст, які зноў падаю поўнасцю.

“Брэст, 12.ХІІ.87.

Паважаны Дзмітры Якаўлевіч!

Дзякую Табе за перададзеную цераз Сіранькова кнігу пра Быкава. Прачытаў з задавальненнем, хоць і часу не меў, але стараўся пазнаць яшчэ адну працу з серыі бібліятэкі для старэйшых школьнікаў. Прыемна было ўсведамляць, што пачаўся прынцыповы пералом у гэтай занарматывізаванай да бязлікасці серыі. Звяртаючыся да Дзяльца, калі рэдактары мне рэзалі рукапіс манаграфіі пра Брыля, я прапанаваў яму зняць абмежаванні памеру ці хоць зрабіць нейкія рамкі (10-15 аркушаў), і гаварыў, што пара адмовіцца ад жорсткай рэгламентаванасці зместу, і выказваў меркаванне – упэўненасць, што Твая кніга пра Быкава пры адпаведнай падтрымцы з боку выдавецтва і Камітэта магла б напэўна стаць вяхою абноўленых арыенціраў, арыенціра на буджэнне думкі, дапытлівасці і прывучвання юных чытачоў да культуры палемікі, адвучвання ад артадаксальна-дагматычнай глупоты. Я рады, што кніга Твая, нягледзячы на кансерватызм выдавецтва, усё ж стала такім творам, які сёння патрэбны як паветра ці гаючая вада, каб лячыць душы ад застою.

Мяне, на жаль, трасуць і скубуць (рукапіс), перанеслі ўжо ў план 1989 года. Не дзейнічаюць на ўпартых пасрэднасцей нават словы аўтарытэтных людзей, лезуць і правяць мову – гэта пасля Брыля, які чытаў жа рукапіс, і пасля Цябе, які (дзякуй Табе) вельмі высока адазваўся пра мову. Думаю змагацца, засланяючыся Табою і Брылём як шчытом. Давядзецца папсаваць крыві і сабе і выдаўцам, а ўсё дзеля філалагічнага дылетантцтва, якое мучае і раз’ядае і мастакоў многіх і нас, крытыкаў, і найгорш чытачоў, для якіх руска-беларуская мяшанка выдаецца ідэальнаю літаратурнаю мовай. Зрэшты, такую мову яны чуюць і ад настаўнікаў у школе і са школы прыносяць дамоў, яе чуюць па радыё і г. д.

Ну, ладна, не будзем займацца старэчым бурчаннем.

Прачытаў учора Тваю палеміку з Каваленкам. Думаю, што абодва Вы, міленькія-харошанькія, хочаце вырашыць маральна-псіхалагічную загадку, развязаць гордзіеў вузел тым самым спосабам: знайсці абавязкова адназначную дэфініцыю – вечны, скончаны здраднік гэты самы Рыбак ці не. А Рыбак жа застаўся жывы. Вы ж спрачаецеся як пра нябожчыка. Дакладней, Ты лічыш яго скончаным мярзотнікам-антычалавекам, а Віктар [Каваленка] упэўнены, што ў яго ёсць яшчэ шанец. I абодва Вы забываеце, што праблема зусім не ў гэтай плоскасці. Праблема ў тым, ці ёсць у грамадстве права на адкупленне віны, і як савецкі, ваенны варыянт гэтага права суадносіцца з адвечным, агульначалавечым (больш ён жорсткі ці не і чаму? Апраўдана гэта ці не? На які час дапушчальна жорсткасць і абмежаванні ў праве на раскаянне?), гаворыцца ў Цябе нешта пра змыванне віны крывёю, але мімаходзь. А між іншым фактам вайны на Беларусі была і біяграфія Гіль-Радзівонава. Я не думаю, што ён, камандзір карнага фарміравання, перайшоў да нас, партызан, толькі са страху перад намі і нашай Перамогай. Тысячы здраднікаў жывуць сабе за мяжой прыпяваючы і знаходзяць сабе апраўданне і гераічнае падвышэнне ў прэсе. Тут дзейнічала ўсё ж і сумленне, і раскаянне, і права на адкупленне віны. Перад усім гэтае права!! Але пра гэта можа пазней... Цісну руку. Ул. Калеснік”.

Ліст ёмісты і шматзначны. Ён, акрамя ўсяго іншага, паказвае глыбіню разважанняў Калесніка, яго ўменне гаварыць праўду. Я ж толькі патлумачу, што размова ідзе ў пачатку ліста пра маю кнігу “Васіль Быкаў. Нарыс жыцця і творчасці”, выдадзеную “Народнай асветай” у 1987 годзе (серыя – “Народныя пісьменнікі БССР”). Яе перадаў Калесніку брэсцкі выкладчык А.Ф. Сіранькоў. М.I. Дзялец тады быў старшынёй Камітэта па друку, які курыраваў выдавецтвы, паліграфію і кніжны гандаль. Рыбак – персанаж з быкаўскай аповесці “Сотнікаў”. Рукапіс Калеснікавай кнігі пра Брыля я рэцэнзаваў для выдавецтва “Народная асвета”. Кніга выйшла толькі ў 1990 годзе, але памерам трохі большым, чым аналагічныя папярэднія выданні (13,84 друк. арк.). Калеснік падараваў мне яе з надпісам: “Дзмітрыю Бугаёву, чыя лёгкая рука блаславіла рукапіс гэтага сачынення, – з удзячнасцю і найлепшымі пажаданнямі. Ул. Калеснік. Мінск, 13.XI.–90”.

Ды вярнуся нарэшце да “Тварэння легенды”. Разгорнутую рэцэнзію на гэтую кнігу я надрукаваў толькі ў 1989 годзе (“Полымя”, № 2). Затрымка была выклікана рознымі прычынамі. Гэтую працу я разглядаў як адну “з самых значных, глыбокіх і канцэптуальна змястоўных у нашым літаратуразнаўстве”. Бо тут зноў выразна выявілася маштабнасць крытычнай думкі Калесніка, які цяпер стварыў кнігу пра тое, як беларусы станавіліся “народам”, як яны выпрацоўвалі сваю ўласна патрыятычную і нацыянальна-вызваленчую свядомасць. Ключавымі фігурамі ў гэтым працэсе Калеснік называе Ф. Скарыну, М. Гусоўскага, казачніка Рэдкага (за ім – глыбіні нашага фальклору і памежжа паміж нацыянальным фальклорам і літаратурай) і, канечне ж, Я. Купалу. Але фактычна ў кнізе праз ёмістую прызму тварэння нацыянальнай легенды, нацыянальных асноў даследуецца ўся беларуская літаратура дакастрычніцкай пары. А праз савецкага Я. Купалу зроблены пэўны экскурс і ў паслярэвалюцыйныя гады. Аўтар звяртаецца да В. Цяпінскага і С. Буднага, А. Філіповіча і М. Сматрыцкага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і Я. Лучыны, П. Багрыма і К. Каліноўскага, не кажучы ўжо пра Я. Коласа і М. Багдановіча, Цётку, М. Гарэцкага і З. Бядулю. Праўда, у кнізе не згадваюцца імёны А. Гаруна ці В. Ластоўскага. Але тады гэтыя пісьменнікі яшчэ не былі рэабілітаваны. I пахвалу на іх адрас савецкая цэнзура прапусціць ніяк не магла.

Ацэньваючы “Тварэнне легенды” як выдатнае дасягненне нашага літаратуразнаўства, я мусіў звярнуць увагу і на тое, што савецкі перыяд у творчасці Я. Купалы тут пададзены без належнай крытычнасці, што ў даследчыка абмінута трагедыя, якая напаткала паэта ў 30-я гады XX стагоддзя. Вядома, у мяне адзначалася, што прычына гэткай недастатковасці не ў самім Калесніку, а ў тым, што яго кніга пісалася і выдавалася тады, калі яшчэ не ўсе цэнзурныя забароны былі зняты і пра многія жахлівыя факты літаратурнай гісторыі мы яшчэ добра не ведалі. Нам жа такую праўду старанна дазіравалі, адкрывалі па кропельцы, калі схаваць яе цалкам было ўжо немагчыма. Уладзімір Андрэевіч мае заўвагі па кнізе“Тварэнне легенды” прыняў без пярэчанняў (казаў пра гэта пры сустрэчы), бо ён і сам па меры таго, як гарбачоўская галоснасць набывала пашырэнне, выказваўся пра савецкія парадкі ўсё больш рэзка і бескампрамісна. У яго ж і праўда была натура барацьбіта, якая штурхала на пошукі ісціны, вялікай праўды пра чалавека і свет. Гэтаму была падпарадкавана і яго грамадская актыўнасць, і літаратурная дзейнасць, і педагагічная праца.

А ў заключэнне працытую яшчэ адзін неапублікаваны Калеснікаў тэкст – адрасаваную мне віншавальную паштоўку:

“Дарагі Дзмітры Якаўлевіч!

Сардэчна віншую з Новым годам! Няхай не зморваецца Твая працавітая рука і не траціць баявога запалу сэрца!

Абнімаю. Ул. Калеснік.

26.ХІІ.1987”.

Якія харошыя, бадзёрыя, чалавечныя словы! I які нячысцік пастараўся, каб яны загучалі іначай, сталі па кантрасце нагадваць пра незваротныя страты? Бо і маё сэрца праз непрацяглы час ледзь-ледзь выкараскалася з чорнай прорвы (інфаркт з клінічнай смерцю ў 1991-м). А пра смерць, ужо канчатковую, няўмольную, самога Уладзіміра Андрэевіча, якая балюча скаланула не толькі свядомасць, але і ўсё нутро, я пачуў у Бараўлянах, чакаючы непрадказальнай па магчымых выніках аперацыі на страўніку.

Суцяшэнне толькі адно. Зробленае чалавекам такога маштабу, як Уладзімір Калеснік, застаецца нашым духоўным набыткам. Каб нічога, нават драбніцы, не страціць з гэтага набытку, я і падаў усе неапублікаваныя тэксты Калесніка, якія ёсць у мяне, цалкам, без скарачэнняў і знарочыстых умаўчанняў.

ДАСЛЕДЧЫК З УЛАСНАЙ ДУМКАЙ

Адам Мальдзіс

Упершыню з Уладзімірам Калеснікам асабіста я пазнаёміўся дзесьці на пачатку 1960-х гадоў, яшчэ аспірантам, у час адной з камандзіровак у Вільнюс, у Цэнтральную бібліятэку АН Літвы. Для даследчыкаў гісторыі беларускай літаратуры там, у былым палацы Тышкевічаў, на ўзбярэжжы сутоку Віліі і Віленкі, было шырокае поле росшукаў: у 1946 годзе, пасля ліквідацыі Віленскага беларускага музея, туды перадалі яго рукапісы (тады – Віленскі беларускі фонд, а цяпер фонд 21), кнігі, перыёдыку. Заходнебеларускія газеты і часопісы захоўваліся ў той час у спецфондзе, дзесьці на паддашку. Прыносіла іх у чытальную залу Ніна Ляшковіч, беларуска з Вілейшчыны, асабліва ўважлівая да суайчыннікаў. Паколькі да нас абодвух яна звярталася, крыху тоячыся ад загадчыцы-літоўкі, на беларускай мове, мы не маглі не пазнаёміцца. Разам выйшлі, калі праветрывалася зала, у вестыбюль, сталі каля мармуровай статуі нейкай антычнай багіні і разгаварыліся: ён – пра шматлікія табу, якія накладваліся тады на заходнебеларускую літаратуру, я – пра не менш трагічныя лёсы творцаў і твораў ХІХ стагоддзя. Разам накіраваліся начаваць на вуліцу Рашытою, дзе месціўся і цяпер месціцца Саюз літоўскіх пісьменнікаў. У крыле, прызначаным калісьці для службы князёў Агінскіх, там было некалькі літфондаўскіх пакояў, у якіх маглі спыніцца іншагароднія літаратары. Па вечарах заходзілі адзін да аднаго ў пакоі. І гаварылі, гаварылі. Пра што – успомніць цяпер цяжка. Адно памятаецца: было цікава. Пад канец віленскай камандзіроўкі перайшлі нават, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, на “ты”.

Пасля былі сустрэчы і на пасяджэннях Вучонага савета акадэмічнага Інстытута літаратуры, дзе я застаўся пасля аспірантуры працаваць, і ў Саюзе пісьменнікаў. Калі разгараліся спрэчкі, мы заўсёды чакалі, што скажа Калеснік. Бо па кожнаму пытанню ў яго была свая, адметная, часам парадаксальная думка. І да яе прыслухоўваліся. Бо ён зыходзіў не з кан’юнктурных меркаванняў, не з сацыяльнай зададзенасці, а з мастацкай тканкі твора, сутнасці творчасці.

Не раз і не два мы сустракаліся на кватэры ва Уладзіміра Караткевіча – і на ранейшай, па вуліцы Веры Харужай, і на пазнейшай, каля тэатра імя Янкі Купалы. Дзякуючы Калесніку Караткевіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай. Калі восенню 1967 года Уладзімір Андрэевіч запрасіў пісьменніка-рамантыка на студэнцкую чытацкую канферэнцыю, прысвечаную раману “Каласы пад сярпом тваім”, яна, археолаг па адукацыі, мусіла (вакансій па спецыяльнасці не было) выкладаць у Брэсце гісторыю КПСС. Як куратар курса, яна прывяла сваіх падапечных на канферэнцыю і, не ведаючы твора, пра які ішла гаворка, увесь час чытала нейкі польскі дэтэктыў (дэтэктывы яна дужа любіла, у тым ліку – і “Дзікае паляванне караля Стаха”, якое прачытала ў цягніку, так і не звярнуўшы ўвагу на тое, хто ж яго аўтар). Пасля сустрэчы Уладзімір Андрэевіч пазнаёміў іх у прафесарскай:

– Гэта – аўтар “Каласоў”. Нашу гісторыю ўзнімае...

– Вельмі прыемна, – збянтэжылася Валянціна Браніславаўна. І ад няма чаго гаварыць дадала: – А чаму б вам не напісаць які дэтэктыўны раман?

– Ну, накшталт якога?

– Ну... Накшталт “Дзікага палявання караля Стаха”.

– Га-га-га! – гучна разрагатаўся Караткевіч. – Дык гэта ж я яго напісаў!

Валянціне Браніславаўне, як яна сама потым расказвала, зрабілася сорамна, і яна запрасіла Уладзіміра Сямёнавіча на каву. Назаўтра, вярнуўшыся з Брэста, ён прыбег па-суседску да мяне і ад парога абвясціў:

– Ведаеш, стары, я, здаецца, ажаніўся...

– Што значыць: “здаецца”? На пяцьдзесят працэнтаў ці на ўсе сто? І хто – яна?

– Гісторык. Калеснік нас учора вечарам пазнаёміў... Гісторыю КПСС выкладае. І гэта крыху бянтэжыць.

– Ну і што? – адазвалася з кухні мая Марыя. – Абы чалавек добры быў.

– Зрэшты пабачыце. Паслязаўтра з Брэста прыедзе. Давядзецца, мусіць, на вяселле Рагойшы ў Ракаў браць. Бо мне адмовіцца не выпадае.

У Ракаве думкі вясельнікаў падзяліліся. Што разумная – пагадзіліся ўсе, што глядзіцца – таксама. Але ж па-беларуску не размаўляе... “Значыць, не пара Валодзю!” – вырашылі максімалісты.

Аднак потым аказалася, што калі захочаш – вывучыш. Валянціна Браніславаўна добра загаварыла па-беларуску праз якіх паўгода. Больш таго, аказалася вельмі паслядоўнай патрыёткай. Устроіўшыся на работу ў акадэмічны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, працуючы над шматтомным “Зборам помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, яна стала душой новага калектыву, энтузіястам захавання нацыянальнай спадчыны. Першы, пробны том гэтага выдання быў прысвечаны якраз Брэсцкай вобласці. І Валодзя разам з Валяй пачаў туды ездзіць у экспедыцыі, бясплатна, вядома. Часта заязджалі ў Брэст, да Уладзіміра Калесніка, раіліся, дзе і што знаходзіцца, як абыйсці той або іншы мясцовы “камень”. Дыскусіі працягваліся ў Мінску, нярэдка ў маёй прысутнасці. Валодзя ўхвальна паглядаў на светлавалосую Валю і, калі быў у добрым гуморы, напяваў “дрындушку”:

“А Калеснік добры быў:

 Мне сучачку падарыў.

 А сучачка белая

 Па кватэры бегае”.

Памятаецца, гэтая прыпеўка згадвалася, калі разам з Алесем Баршчэўскім з Варшавы я быў летам 1979 года на кватэры ў Калеснікаў. Трапілі мы тады ў Брэст па лініі Бюро прапаганды мастацкай літаратуры. Паколькі студэнтаў у горадзе не было, выступалі ўсюды, адкуль былі заказы: у рабочых інтэрнатах, прадуктовым магазіне ў час абедзенага перапынку і нават у жаночай турме (праўда, слухачкі там былі ўважлівыя). Апошняя сустрэча неяк азмрочыла настрой лірычнага звычайна Алеся, і, каб паправіць гумар, ён прапанаваў мне пазваніць Уладзіміру Андрэевічу. Той узрадаваўся і запрасіў да сябе. Неўзабаве мы аглядалі багатую бібліятэку Калеснікаў. Гаспадар паказваў нам сваю разьбу па дрэве. А пані Зося частавала нас смажанымі грыбамі са свежай бульбай. Гаворка за сталом ішла пераважна пра змены ў польскім грамадскім жыцці, польскай літаратуры. Уладзімір Андрэевіч быў тут добра абазнаны.

У 1980-я гады, калі ў Інстытуце літаратуры пачаў пад маім кіраўніцтвам рыхтавацца шасцітомны біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі”, да гэтай работы падключыліся і брэсцкія літаратуразнаўцы. Уладзімір Андрэевіч пісаў, вядома, артыкулы пра заходнебеларускіх аўтараў. З таго часу ў мяне захавалася некалькі лістоў, якія сведчаць і пра яго абазнанасць, і пра даследчыцкую скрупулёзнасць. Далучаю лісты ў арыгінале. Калі знойдзеце магчымасць – надрукуйце, а калі аб’ём зборніка не дазволіць – няхай ляжаць у зборах вашага універсітэта.

І апошняе. У маім хатнім архіве аказаўся неапублікаваны рукапіс Уладзіміра Андрэевіча, датаваны красавіком 1992 года. Гэта – “Выступленне ў спрэчках на секцыі літаратуры”. Адбылося яно ў маі 1991 года ў час І Міжнароднага кангрэса беларусістаў. Праз нейкі час мы пачалі рыхтаваць матэрыялы кангрэсу да друку, расшыфроўваць выступленні ў дыскусіі. Уладзімір Андрэевіч напісаў тэкст нанава. І які тэкст! Востры, прынцыповы. Як бачна з суправаджальнага ліста, вучонага трывожыла, што адна рыторыка, сацыяльная, можа змяніцца другой, нацыянальнай – і тады хоць ты стварай “Палітбюро адраджэння і беларусізацыі”. Прысланае выступленне я пачаў ужо рыхтаваць да друку, але потым аказалася, што Д. Дынглі і М. Арочка, з якімі палемізаваў У. Калеснік, сваіх тэкстаў не прадаставілі, таму друкаваць і палеміку з імі асаблівага сэнсу не мела. Ды і ўрэшце ад дыскусіі адмовіліся ўвогуле: аб’ём не дазваляў.

Аднак сёння выступленне варта публікацыі само па сабе – як дакумент сваёй эпохі. Як зацікаўленае слова спецыяліста, што найвышэй ставіў інтарэсы роднай літаратуры. Часам пры гэтым памыляўся. Але памыляўся разам з эпохай.

“Дарагі Адаме!

Пасылаю тэкст выступлення, ён, натуральна, гладчэйшы і эмацыянальна больш зраўнаважаны, чым быў жывы экспромт, але ў прынцыпе – гэта тое самае выказванне. Няма толькі высвятлення адносін з Арочкам, якое адбылося пасля закрыцця пасяджэння – у кулуарах, няма і водгукаў станоўчых і крытычных, якія пачуў ад знаёмых, што прысутнічалі. Асабліва вострым крытыкам аказаўся пан Сэнюк, перакладчык Я. Брыля, polak kresowy, які жыў у Польшчы недзе ў Любчы, сям’я мела канфлікты з савецкімі актывістамі пасля верасня, а ў акупацыю жыла так лаяльна, што давялося выехаць на ziemie odzyskane. Абурыўся на мяне як нейкі фанатычны Klechda, хоць па натуры – Савось-распуснік, – за тое, што я мысліў ураўняць камуністычную ідэалогію з антыкамуністычнай, але лічыў гэта obraz? chrze?cija?stwa. Я сказаў яму, што езуіцкая ідэалагічная інтэрпрэтацыя хрысціянскай ідэі ператварыла яе ў інквізітарскія tortury і кастры, на якіх спальвалі западозраных у konszachtach z dіab?em падобна таму, як гітлераўцы спальвалі непаўнацэнных з іх пункту гледжання грамадзян у печах лагерных крэматорыяў, а сталіністы замучвалі і стралялі ў сібірскім Гулагу. Ён не згадзіўся і пачуў сябе абражаным як прававерны католік. Такім чынам, тэма не вычарпана, спрэчкі не закончаны.

Наогул мне тады падалося, што неяк мала было дыскусій, хоць выступленні часам былі правакацыйнымі, як хоць бы ў таго вучанічка пані-таварышкі Бергмановай – Іванова, што вырашыў рэвізаваць верасень 1939г. і падагнаць яго ацэнку ў беларускай свядомасці пад польскую схему у Салідарнасцёва-капээнаўскім выданні. Нашы былі заблакіраваны і падаўлены пачуццём віны за злачынствы і хітрыкі сталіністаў, дзейнічала, відаць, і адчуванне гасціннасці ў эскімоскім варыянце, калі госця на сямейны ложак спаць запрагаюць. Ну, нічога, дасць бог навучымся. Насцярожыла мяне толькі закрытасць новай канферэнцыі гісторыкаў. Так можам і дайсці да ўтварэння Палітбюро адраджэння і беларусізацыі. А што гіцляў ад навукі развядзецца плойма, то я ўпэўнены. Шкада, што вучоныя ідуць на такія неабачлівыя крокі.

Жадаю Твайму Цэнтру поспехаў і дасягненняў. Толькі хвалююся за Слоўнік. Хто ж яго давядзе на належным узроўні без Цябе? Дапамагай, браце, не крыўдуй на акадэмічнае начальства, важна зрабіць сваю і нашу агульную справу, а ўсё астатняе застанецца фонам, акампанементам. Фальшывы акампанемент не павінен спыніць салістаў.

Думаю, што добра было б наладзіць выданне ў колькасці ад 30 да 300 экз. старажытных помнікаў пісьменства, бо сёння перыферыйныя гуманітарныя факультэты рыхтуюць “спецыялістаў” якія не нюхаюць нават першакрыніц. Калі б міністэрства выдала і разаслала ў ВНУ такія ксеракопіі, дык адкрыла б дарогу да пісання дыпломных работ па старажытным перыядзе гісторыі і літаратуры. ВНУ сталі б такімі, якімі павінны быць і якімі ёсць ва ўсім цывілізаваным свеце.  

Абнімаю. Ул. Калеснік.

Паклон спадарыні Мальдзісавай!

20.ІV.1992

Берасце.

P.S. Калі ў тэксце што не gra, дык прыстрыжы, калі ласка!”

ВЫСТУПЛЕННЕ Ў ДЫСКУСІІ

Уладзімір Калеснік

Шаноўныя спадары, калегі! Мне пашанцавала двойчы стаць аб’ектам крытыкі на нашым кангрэсе: учора, у дакладзе доктара Джыма Дзінглі на пленарным пасяджэнні, і сёння, на секцыі літаратуры, у паведамленні доктара Міколы Арочкі.

Сустрэўшыся з першым дакладчыкам пасля пасяджэння, я растлумачыў госцю прычыны хібаў, якія ён заўважыў у складзеным мной зборніку паэзіі Заходняй Беларусі “Ростані волі”. Я шчыра падзякаваў шаноўнаму даследчыку за ўвагу, бо чакаў і не дачакаўся такой крытыкі ад тутэйшых калегаў і чытачоў. Знаёмыя літаратары гаварылі мне, праўда, што названы зборнік адрозніваецца ў лепшы бок ад папярэдняй маёй кнігі “Сцягі і паходні”, складзенай у 1962 г. Другая кніга ўключае шмат новых імёнаў і твораў. Больш прэзентабельна выглядае панарама заходнебеларускай паэзіі, лепш высвечваецца патрыятычная дамінанта гэтай паэзіі. Сапраўды, першы зборнік быў вельмі жорстка рэгламентаваны цэнзурай і выдавецкім планам. Стараючыся ўціснуць як мага больш забытых імёнаў і твораў у малую па аб’ёму кніжку, я вырашыў тады не ўключаць тых аўтараў, якім удалося выдаць пасля вайны свае асобныя кніжкі. Няма па гэтай прычыне ў “Сцягах і паходнях” М. Танка, В. Таўлая, М. Машары, М. Васілька, П. Пестрака, М. Засіма, Н. Тарас і іншых.

Над тым, першым зборнікам вісеў яшчэ цэнзурна-ідэалагічны меч, дзейнічаў тады артадаксальны прынцып: “Хто не з намі, той супраць нас”. Сярод забароненых цэнзурай было шмат не рэабілітаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і проста аўтараў з невядомым лёсам, загубленых у бясчассі. Каб атрымаць дазвол на друкаванне іх твораў, складальніку трэба было правесці не літаратуразнаўчыя пошукі, а дэтэктыўныя даследаванні. Трапілі ў чорныя спіскі ўсе, хто выехаў на Захад, а таксама паэты нейтральныя, якія ва ўмовах Заходняй Беларусі не ўвязваліся ў палітыку, падымаліся над ідэалагічнай сутычкай – як Наталля Арсеннева ці Анатоль Бярозка. Сапраўднай свабоды слова яшчэ не было, даводзілася друкаваць толькі тое, што праходзіла, а не праходзіў, напрыклад, Казімір Сваяк і іншыя паэты, звязаныя з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, Сялянскім саюзам і іншымі нацыянальна-дэмакратычнымі згуртаваннямі. Кніга “Ростані волі” выходзіла ў значна лепшых, але не ідэальных умовах. Запланавалі ў выдавецтве яе выданне на 1989 год, да 50-годдзя ўз’яднання беларускага народа ў адзінай дзяржаве. Пабачыла ж свет яна годам пазней. Асноўнай прычынай спазнення аказалася тое, што ідэалагічнае ведамства забараніла друкаваць творы Н. Арсенневай. Я дабіваўся як мага большай паўнаты зборніка, даводзячы, што ў Расіі друкуюцца пісьменнікі, якія не прымалі савецкай улады, а чым мы горшыя? Але на чале ідэалагічнага ведамства ў БССР стаяў тады вядомы цэрбер Савелій Паўлаў. Чорны спісак літаратараў ён лічыў святым пісаннем. Хадайніцтвы мае хоць і знаходзілі падтрымку ў выдавецтве, разуменне з боку неартадаксальных работнікаў апарату ЦК КПБ, але адхіляліся “гаспадаром”. А час ішоў, выданне затрымалася на год, страціла “юбілейнасць”. У забароншчыкаў знайшліся “непрабіваемыя” аргументы – фінансавыя: Наталлі Арсенневай, бач, давядзецца плаціць ганарар у валюце, а долараў на рахунку выдавецтва няма... Мне прапанавалі таксама выкінуць дзеля паслядоўнасці гаворку пра творчасць Арсенневай з прадмовы, але тут ужо я меў права заўпарціцца: альбо ўсё, альбо нічога. Дзякуючы падтрымцы работнікаў выдавецтва Г. Шупенькі і У. Арлова прадмова засталася без купюр. Па задуме гэта была першая мая спроба адблакіраваць заходнебеларускую тэму ў літаратуразнаўстве, вызваліць ацэнку ад ідэалагічных прадпісанняў, не дзяліць пісьменнікаў паводле іх сацыяльнага паходжання і стану ці адносін да палітыкі, а бачыць іх перадусім творцамі самастойнай формы грамадскай свядомасці – мастацтва, каштоўнасць якога залежыць не проста ад ідэалагічнай зараджанасці аўтараў, а перадусім ад таленту, эстэтычнага густу, творчай моцы і культуры, ад глыбіні бачання мастаком чалавечых праблем у гістарычнай прасторы і ва ўласнай душы. З удзячнасцю прыгадваю, што гэтую задуму заўважыў рэцэнзент рукапісу В. Рагойша. На падобнае разуменне я разлічваў і з боку іншых калегаў па рамяству, чакаў, што яны здагадаюцца, чаму гаворка ў прадмове не мае пакрыцця ў тэкставай частцы кнігі і папракнуць вінаватых. Мне думалася, што спрэчка такая зможа прынамсі звярнуць увагу грамадскасці на дыскрымінацыю па ідэалагічных матывах шэрагу заходнебеларускіх літаратараў – Хведара Ільяшэвіча, Сяргея Хмары, Макара Краўцова і іншых. Створацца прадумовы, каб неўзабаве выдаць не зборнік, а сапраўдную анталогію з творамі паэтаў і ацэнкамі заходнебеларускіх літаратуразнаўцаў – Уладзіміра Сулімы, Рыгора Шырмы, Адама Станкевіча, Антона Навіны, А. Бужанскага, Янкі Шутовіча і інш.

Зразумела, што літаратура нацыянальнага адраджэння не можа быць цалкам апалітычнай і так наэстэтызаванай, каб замкнуцца на чыстай красе, асалодзе і застацца мастацтвам для мастацтва. Гэтая літаратура заўжды заангажаваная, уключаная ў грамадскія злыбяды, у барацьбу за свабоду, роўнасць, братэрства, чалавечую годнасць так, што нават інтымныя вершы сумяшчаюць там любоў да каханай з любоўю да Беларусі. Жыццё ж кіпела сутыкненнямі палітычных ідэй, арыентацый, не сціхалі ідэалагічныя сваркі. Пра антаганізм і барацьбу напісана шмат і паэтамі і літаратуразнаўцамі, але мала напісана аб’ектыўнага і разумнага пра гуртаванне на платформе агульнанацыянальных інтарэсаў, а гэтыя ж збліжэнні далі такія магутныя ўздымы грамадскіх сіл, прылівы творчасці, якія і называць сталі перыядам Грамады, Народнага фронту. Сталінісцкая артадоксія лічыла ўсялякія згоды мяккацелымі ўступкамі. Але ж звычайна яны паўставалі стыхійна і наперакор устаноўкам, – напрыклад, у выглядзе сімпатыі заходнебеларускіх камсамольцаў-бязбожнікаў да паэзіі ксяндза Казіміра Сваяка або ў выглядзе ўдзелу ў вучнёўскім хоры Р. Шырмы тых жа падпольных камсамольцаў з Беларускай віленскай гімназіі і іх альтэрнатыўнікаў, слухачоў Праваслаўнай духоўнай семінарыі (школы размяшчаліся ў тых самых базыльянскіх мурах). Палітычныя рухі і органы тыпу Беларускага нацыянальнага камітэту, Грамады ці Народнага фронту толькі афармлялі імкненні народных мас. Нікога не здзівіць сёння думка, што літаратура і мастацтва ў краіне, ахопленай вызваленчым рухам, як ні былі б яны наідэалагізаваныя, іграюць перадусім ролю стабілізатара грамадства і выступаюць крытэрыем гуманістычнай ацэнкі ўсяго, нават палітыкі, практычнай дзейнасці партый, рухаў, згуртаванняў.

Я здзівіўся, што закладзеная мной у кнізе “Ростані волі” зачэпка для спрэчак выстраліла ажно на Міжнародным кангрэсе беларусістаў. Вінаватым, мажліва, аказаўся спознены выхад і малы тыраж кнігі, а, з другога боку, затлумленасць чытача гаманой вакол пакта Рыбентропа-Молатава, калі насаджалася догма з арсеналу халоднай вайны, нібы і Заходняя Беларусь у верасні 1939 г. была не вызвалена, а акупіравана чужой краінай, як Прыбалтыка. Папулісты перастаўлялі прозвішчы савецкага і нямецкага дыпламатаў месцамі і трубілі, што чырвоны агрэсар знюхаўся з карычневым, каб паняволіць увесь свет. Але ж у часе нападу вермахту на Польшчу там спявалася па радыё, памятаю песенька пра здрадлівасць Рыбентропа, з якім у палякаў быў усё ж дагавор аб ненападзенні. Ініцыятарам агрэсіі прызнаваўся заходні сусед.

Доктар Дзінглі, даведаўшыся ў час нашай размовы пра цяжкія роды зборніка “Ростані волі”, прасіў прабачэння за вострую крытыку, а я зусім шчыра дзякаваў яму за тое, што ён звярнуў увагу літаратурнай грамадскасці на недапасаванасць паміж прадмовай і зместам. Яго выступленне паслужыць добрым прыкладам, як трэба дбаць пра літаратурную гаспадарку. Справядлівую крытыку трэба вітаць як вестуна адраджэння.

А вось сёння я стаў аб’ектам крытычнага наезду з боку шаноўнага калегі Міколы Арочкі. Што ж, на пахілае дрэва і козы скачуць. Перыферыя ў нас прызвычаілася да крытыкі. Але тут мне не выпадае застацца паблажлівым, бо апанент даўно пачаў спецыялізавацца на абароне “пакрыўджаных” мной паэтаў. Памятаю, пасля выхаду ў свет ”Сцягоў і паходняў” ён спрабаваў лавіць мяне на тым, быццам я спрэпарыраваў вершы У. Жылкі, апусціў у іх самыя вострыя мясціны, перастрахаваўся. На справе ж гэта былі самыя слабыя мясціны, а мне хацелася прадставіць Жылку лепшымі ў мастацкіх адносінах тэкстамі ды аптымальна выкарыстаць плошчу зборніка. Выходзіць, мы здаўна разыходзімся са спадаром Арочкам у намерах і густах. Сёння ён пайшоў далей, абараняючы Ларысу Геніюш. Мой артыкул у часопісе “Полымя”, на які тут спасылаўся мой апанент, гэта пашыраны варыянт прадмовы да зборніка “Ростані волі”. Аказваецца, ён перашкаджае Арочку кананізаваць Ларысу Геніюш і перайсці на новую кан’юктурную хвалю ў ідэалогіі. Але ж рабіць паэтку святой – гэта мядзведжая ёй паслуга. Ніводная паэтка свету не змагла стаць нацыянальнай святой, асобныя станавіліся толькі нацыянальнымі дамамі, хоць бывалі і грэшніцамі. У санктуарыях паэзія вяне, ёй патрэбна прастора палёту, патрэбны вятры і штормы жыцця. Я ўспрымаю лёс Ларысы Геніюш у кантэксце вайны і пасляваенных рэпрэсій як трагічны. Корань жа трагізму ў хібнасці ацэнак дзвюх палітычных сіл, якія сутыкнуліся ў 1941 г. на палях Беларусі, а таксама ў рэпрэсіўнай прыродзе савецкай сістэмы.

Доктар Арочка бачыць шлях паэткі толькі праведным і прамым. Ідэалізацыю ён пачаў з таго, што ў Прагу перанёс месца жыхарства беларускай ідэі ў 30-я гады. На самой справе Прага ад часоў Скарыны не была і не магла быць месцам жыхарства беларускай ідэі. Месцам размоў вакол ідэі – так, стала. Восенню 1921 г. там прайшла Беларуская нацыянальная канферэнцыя, што асудзіла арыентацыі палітыкаў на Маскву і Варшаву, адмежавалася ад Булак-Балаховіча і заклікала не паўтараць горкага вопыту Слуцкага паўстання, дакладней, пазбягаць дрэнна падрыхтаваных паўстанняў.

У Празе пасля канферэнцыі застаўся прадстаўнік БНР Вяршынін ды некалькі дзесяткаў беларускіх студэнтаў, падзеленых палітычнай і светапогляднай іншасцю. У 1923 г. у Прагу пераехала на сталае жыхарства частка ўрада БНР з прэзідэнтам П. Крэчэўскім. Дзеячы спрабавалі згуртаваць моладзь, утварылі Беларускую раду, але шырокай падтрымкі не знайшлі па дзвюх прычынах: па-першае, дзеячы БНР правалілі задуманае і кіраванае імі з тэрыторыі Літвы беларускае паўстанне на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Кіраўнікі паўстання і актывісты падпольных дружын сталі перад польскім палявым судом, пяцярых расстралялі, а недалужны ўрад БНР перастаў цікавіць літоўскага саюзніка. У выніку разладу ўнутры БНР ужо ў 1924 годзе большасць міністраў разам з прэм’ерам А. Цвікевічам здала ў Берліне свае паўнамоцтвы ўраду Савецкай Беларусі і выказала жаданне пераехаць у БССР для работы на культурна-асветніцкай ніве.

Прэзідэнт БНР Пётр Крэчэўскі застаўся ў Празе, аб’явіў сябе і вернага намесніка Васіля Захарку рамантыкамі, апошнімі магіканамі, а тых, што яго пакінулі, – нізкімі рэалістамі і здраднікамі беларускай ідэі. Ён астаўся дажываць век у адзіноце, памёр у 1928 г., перадаўшы паўнамоцтвы В. Захарку, які спрабаваў напамінаць свету пра БНР палітычнымі дэкларацыямі ды ўскосна аддзячыць чэшскаму ўраду за пенсійную дапамогу.

Знаёмства Ларысы Геніюш з верным ідэі БНР беларускім дзеячам зрабіла на яе глыбокае ўражанне. Паэтка адчула сябе далучанай да беларускай ідэі асабіста і, можа, гэта было найвялікшым творчым стымулятарам на пачатку яе творчага жыцця. Яна не разумела, што кансерватызм Захаркі засціць ёй свет, перашкаджае зразумець тыя палітычныя рэаліі, у якіх на самай справе жыла беларуская ідэя. Тут мне бачыцца прычына яе хібных крокаў на публічнай арэне ў часе гітлераўскай агрэсіі ў Еўропе і акупацыі Беларусі.

З В. Захаркам падтрымлівалі сувязь кансерватыўныя адзінкі з ліку тых выпускнікоў універсітэта, якія засталіся ў Чэхаславакіі на сталае жыхарства. Актыўнічалі ў зямляцтве медыкі Янка Ермачэнка і Іван Геніюш. Тамаш Грыб, атрымаўшы тытул доктара філасофіі, адышоў ад палітыкі, заняўся ўпарадкаваннем дакументаў у беларускім архіве і даследаваннем нацыянальнага харрактару беларусаў на аснове фальклорных матэрыялаў.

Л. Геніюш чула шмат расказаў, чытала дакументы пра палітычныя камбінацыі вакол БНР у мінулым, але гэта не дапамагло ёй зарыентавацца ў палітычнай штодзённасці тагачаснай Еўропы, не змагла яна ўцяміць, што ўсё прагрэсіўнае грунтуецца там у антыфашысцкіх народных франтах, што еўрапейцы бачаць пагрозу цывілізацыі ўсё ж з боку гітлераўскай, а не сталінскай імперыі. У “Споведзі”, наколькі я зразумеў, яна вінаваціць Ермачэнку за афёру з дэкларацыяй лаяльнасці Гітлеру, навязанай беларускаму зямляцтву. Сапраўды, Ермачэнка прымяніў там шантаж, гэта відаць з таго, што падпісаць тое ганебнае пасланне вымушаны быў нават перакананы антыфашыст Міхась Забэйда-Суміцкі. Палітычная афёра была праведзена агрэсіўна: або падпішаш, або станеш адкрытым ворагам фюрэра і новага парадку ў Еўропе. Адчуўшы пятлю на шыі, выдатны спявак пайшоў на сувязі з чэскім супраціўленнем, трапіў у лапы гестапа, страціў сяброўку ў катоўнях, а пасля ачышчаўся, перадаючы выручаныя з канцэртаў сродкі дваюроднаму брату, старшыні Брэсцкага антыфашысцкага камітэта і камандзіру партызанскай брыгады Юзіку Урбановічу. Ларыса Геніюш таксама, відаць, пачувала сваю пахібку, бо шукала сабе апраўдання, распушваючы жаночую амбіцыю, пераконваючы сябе, што бальшавікі былі горшыя за фашыстаў, а партызаны, “сталінскія бандыты” горшыя за Кушалевых паліцаяў і нямецкіх афіцэраў разам узятых. На жаль, падставы для такіх разважанняў былі: савецкія органы ўлады рэпрэсіравалі перад вайной яе бацьку, як класава чужы элемент, а муж, хоць і насіў форму нямецкага ваеннага ўрача, але пры адборы людзей на работы ў Германію, рабіў дзе мог палёгкі для супакаення сумлення.

Вершаваны пасквіль на партызан яна напісала па нотах гебельсавай прапаганды з улікам мянушак і прыдумак, сплоджаных у калабаранцкім асяроддзі. Ларыса Антонаўна раздзяляла погляд мужа, паводле якога гітлераўцы не захапілі Беларусі, а вызвалілі яе ад бальшавікоў. У паэткі былі важкія асабістыя прычыны для крыўды і справядлівай помсты саветчыкам з іх нялюдскай класавай рэпрэсіўнасцю, што абрынулася на сям’ю. Аднесціся да становішча і стану паэткі трэба са зразуменнем і спачуваннем. Але нельга аб’яўляць такую пазіцыю слушнай у шырокім нацыянальным і палітычным плане толькі таму, што гэта пазіцыя таленавітай паэткі і шчырай патрыёткі. Паэтычнае ўспрыманне жыцця адрозніваецца ад палітычнага прынцыпова: у паэтаў дамініруе гуманістычная інтуіцыя, а не халодны разлік і інтарэс, разглядаць выказванні мастакоў у катэгорыях палітыкі – некарэктна. Будзеш бачыць у гэтых спантанных выбухах зраненай душы трагізм, высакародны гнеў, але і праяву жахлівай нацыянальнай скалочанасці беларусаў, нашу бяду. Тое, што Л. Геніюш, знаходзячыся пад уплывам міфа пра БНР, перанятага ад прэзідэнта і свайго мужа, не дайшла да такога разумення палітычнай сітуацыі ў акупаванай Беларусі, якое мела тая частка беларусаў, што стварыла антыфашысцкае падполле і партызанскі рух, вяртала гонар Беларусі – усё гэта з’яўляецца не віною яе, а бядою. Сённяшнія спробы падладзіць гісторыю пад разуменне паэткі, на мой погляд, – абраза яе памяці. Са сваімі шчырымі пахібкамі і памылкамі Ларыса Геніюш не перастае быць выдатным мастаком слова і шчыраю патрыёткай, якая акумулявала ў сабе жах, боль і трагізм нацыянальнага жыцця Беларусі ваенных гадоў.

Пахвальна, што спадар Арочка ўзяўся абараняць сваю зямлячку ад мяне, былога партызана, шкада, што спазніўся без мала на тры дзесяткі гадоў. Мне давялося быць у яе хаце тады, калі яна і сценаў баялася, і на гарышча паказвала пальцам, а потым прыкладвала той палец да вуснаў – асцярожней гаварыце, там можа быць устаноўлены подслух. Калі яна ў мяне гасцявала, я, таксама, прасіў яе часам асцерагацца ў словах. Усе тады яшчэ пад страхам хадзілі. Але ж перажылося і давер застаўся, хоць гаварылі тое, што думалі, і здаралася сказаць такое, што магло быць выкарыстана кімсьці супраць асобы. Была, аднак, і тады мажлівай звычайная ўзаемная сумленнасць і карэктнасць. Думаю, што сёння, у час абвальнай дэвальвацыі, валюта чалавечага даверу расце ў цане. На жаль, не памятаю, каб тады Мікола Арочка праяўляў клопат аб зямлячцы. Не была такой прызнанай, як зараз?

Праслухаўшы даклад майго крытыка, я звярнуў увагу на скразную лінію гаворкі, падмену ідэалогіі артадаксальна-камуністычнай на камунафобскую. А яны – абое рабое і канфліктуюць з гуманістычнаю сутнасцю літаратуры. Мастацтва – субстанцыя больш эфірная за палітыку. Памятаю, яшчэ ў студэнцкія гады, пры жданаўшчыне, талковыя сябры і калегі, нядаўнія франтавікі і партызаны разумелі гэта і прытрымліваліся правіла: хочаш стаць граматным літаратарам, а не кан’юнктуршчыкам, трымайся ад ідэалогіі далей. Тады ідэалогіяй на Захадзе ішла прапаганда халоднай вайны супраць імперыі зла, а ў нас – контрпрапаганда, на Захадзе камунафобія, а ў нас – капіталафобія. Тое і тое адводзіць ад праўды і красы.

Што датычыцца беларускай ідэі, шаноўны калега Арочка, то яна магла жыць не толькі ў Пражскім беларускім зямляцтве, але, перадусім, у віленскім і мінскім цэнтрах. Жыла насуперак дыскрымінацый і рэпрэсій у асяроддзі творчай інтэлігенцыі, у беларускіх школах, ВНУ, калі там працавалі сумленныя настаўнікі, выкладчыкі, даследчыкі і кіраўнікі. Гінула, калі трапляла ў рукі прыстасаванцаў і канфармістаў. А ў часе гітлераўскага нашэсця гарэла ў катоўнях гестапа, у беларускіх Хатынях, паднімала дух франтавікоў і партызан, давала стойкасць, спаталяла душы пакутнікаў сталінскіх і гітлераўскіх канцлагераў, тлелі іскрынкі яе і ў акупацыйных ды савецкіх установах, калі туды траплялі патрыёты. Жыла там, дзе жылі беларусы. Манаполіі на любоў да Беларусі і на слугаванне Беларусі не павінна быць у нікога. І ніводзін доктар не можа выдаваць на гэтае святое пачуццё рэцэптаў, а тым больш талонаў ці купонаў са штэмпелям непагрэшнасці. Бірачкі, цэтлікі дэфіцыту не знімуць.

Прашу прабачыць, калі сказалася нешта неўпапад. Выступаю экспромтам.

ЛІСТЫ

“Дарагі Адаме!

Брэст, 6.VІІІ.86.

Маё выступленне на Скарынінскіх чытаннях я назваў “Сонца і месяц Скарыны”, маю на ўвазе прачытаць сімволіку “герба” Скарыны – гэта мінут на 15. А калі ў Вас чытанні з размахам, дык мог бы выступіць на тэму “Партрэт Скарыны” (такі артыкул прыняло “Мастацтва Беларусі” і абяцае недзе там восенню надрукаваць), або “Грамадскі ідэал Скарыны”.

З прывітаннем і найлепшымі пажаданнямі.

Ул. Калеснік”.

 

“Дарагі Адаме!

6.ХІ.72

Сардэчна віншую Цябе і Тваіх са святам, хай Табе плённа працуецца і шчасна жывецца. “Шкляны слоік” прачытаў з цікавасцю і задавальненнем. Мала ў нашым літаратуразнаўстве вострай сюжэтнасці і змястоўнай інтрыгі – усяго таго, што можа зацікавіць шырокага чытача. А без яго горш як без рук.

Рады буду бачыць у Брэсце.

Дзякую за вераснёўскія віншаванні.

Ул. Калеснік”.

 

“Брэст, 14.Х.85.

Дарагі Адам Іосіфавіч!

Даруй, што так доўга прымусіў чакаць з адказам пра разыходжанні анкетных дадзеных Андрэя Зязюлі. Справа, браце, у тым, што мая даведачная гаспадарка – у стане рамантычнага беспарадку. Занадта шырокі фронт работы: ад бягучай крытыкі да Скарыны, Гусоўскага і Рэдкага; трэба скарачаць і ачышчаць Аўгіевыя канюшні, што ўтварыліся з розных нататак, але як кажа народная прымаўка: “Гадка з’есці, жаль пакінуць” – старасць... Зусім выпадкова знайшоў картку, на якой былі запісаны ў свой час дадзеныя пра Зязюлю. Яны ўзяты з віленскага зборніка “Наша ніва”, выд. 1920 г. Там напісана, што Андрэй Зязюля (кс. Астрамовіч) нар. ў Трэбскай воласці Ашмянскага павета і ў Ашмянскім павеце збіраў народныя песні для зборніка “Беларускія песні з нотамі”, Пецярб. 1912 (у сааўтарстве з А. Грыневічам). Гэтыя дадзеныя я, напэўна, даваў у энцыклапедыю, але там яны ўдакладняліся рэдакцыяй і выйшла тое, што Ты там і знайшоў – азямлячылі Цябе з Зязюляй. Здаецца, таварыства не благое. Што датычыць мяне, дык не магу прывыкнуць, прывучыць сябе дабівацца дакладнасці дэталяў і зайздрошчу толькі добрай зайздрасцю тым, хто гэта ўмее рабіць.

З прывітаннем. Твой У. Калеснік”.

 

“Брэст, 23.ІІІ.87.

Дарагі Адам Іосіфавіч!

Высылаю канчаткова зацверджанае кафедрай размеркаванне артыкулаў біябібліяграфічнага слоўніка паміж аўтарамі, членамі кафедры беларускай літаратуры. Па просьбе Ліякумовіча Цімафея Барысавіча далі і яму некалькі імён. Першую партыю артыкулаў (да літары Д) абмеркавалі на кафедры ў пачатку лютага і яны дапрацоўваюцца аўтарамі. У пачатку красавіка правядзем паўторнае абмеркаванне, перапішам на машынцы і ў сярэдзіне месяца вышлем Вам на суд божы. Цяжкавата нам пісаць гэтыя рэчы, патрэбны былі б паездкі ў Ленінскую б-ку ў Мінск і нават у акадэмічную ў Вільню, каб вывучыць усе першакрыніцы і даць абгрунтаваную змястоўную ацэнку ідэйных і мастацкіх якасцяў твораў. Бяда агульная, што не хапае і пэўных, талковых крыніц біяграфічнага характару. Але на гэта няма рады.

Віншую Цябе з паспяховаю абаронай, жадаю многа, многа творчых здзяйсненняў.

Ул. Калеснік”.

 

“Брэст, 29.VІ.87.

Дарагі Адам Іосіфавіч!

Дасылаю на Ваша імя тэкст выступлення на скарынінскіх чытаннях. Ён больш нудны за ту імправізацыю, якую я тады выдаў, але перанесці яе на паперу ўжо не ўдаецца, бо прайшоў час і не вяртаецца той настрой. Глядзіце, калі не падыдзе для публікацыі гэты тэкст – не пакрыўджуся.

Апошнюю порцыю нарысаў для слоўніка я перадаў цераз Паўла Кузміча. Мы лічым, што да літары В уключна разлічыліся з інстытутам. Калі не так – папраўце нас і падкажыце. Дашліце таксама інфармацыю, па якія літары і ў якія тэрміны павінна быць здадзена наступная порцыя. Мне патрэбна будзе ўключыць чарговыя нарысы ў планы работы кафедры на наступны навучальны год і ў індывідуальныя планы выкладчыкаў.

Чакаю ад Вас заўваг на дасланыя тэксты, каб чарговую партыю падрыхтаваць лепш.

З прывітаннем Ул. Калеснік”.

“10.V.1988.

Брэст.

Дарагі Адам Іосіфавіч!

Высылаю кафедральную запазычанасць, спадзяюся, што змест матэрыялаў у асноўным задаволіць патрабаванні рэдакцыі, у кожным разе будзе прыдатным для рэдагавання. Прыпозненасць, за якую прашу прабачэння, магу вытлумачыць тым, што вельмі цяжка выпрошваць біяграфічныя звесткі ад жывых і здаровых мастакоў слова – заядае наша беларуская сціпласць. Спадзяюся, што з наступнымі порцыямі матэрыялаў справімся лепш. Гэтыя артыкулы абмяркоўваліся на кафедры і ўхваленыя калектывам на пасяджэнні 5 мая г.г.

З павагай.    Ул. Калеснік”.

КУЛЬТ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ

Аляксей Каўка

Спамін аб ім адразу варухнуў у маёй памяці адно сонечнае слова: светлы. Гэтае ўражанне ад інтэлекту Уладзіміра Андрэевіча падсілкоўвалася і знешнім абліччам думанніка-падзвіжніка: адкрыты, арыстакратычна бледнаваты твар з высокім чалом, вострымі глыбокаўгляднымі вачыма. Яны, здавалася, не проста пазіралі, але праціналі субяседніка дацекліва выпрабавальнымі промнямі: чаго варт, чалавеча, што ў цябе за душой?

Першая помная мая сустрэча з ім, дакладней, напачатку з яго прозвішчам, адбылася на схіле семідзесятых – у Расійскай дзяржаўнай гістарычнай бібліятэцы, пра беларусазнаўчую ўнікальнасць якой мне ўжо даводзілася згадваць. Заглянуўшы аднойчы ў пакойчык з выставай новых набыткаў, быў, памятаю, уражаны назвай, паліграфічным дызайнам аднае кнігі. На фоне другіх, фацэтных і сціплейшых, колерамі параўнальна “спакойных” выданняў, тая вылучалася нейкай зграбнасцю, кантрастнай цёмна-сіняй абмалёўкаю белага поля. Зняўшы навінку з паліцы, прысеў, трошку ўзрушаны (беларуская ж...), да чытацкага століка, каб занатаваць у сваім бібліяграфічным рэестры: Уладзімір Калеснік. Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. Мінск: Мастацкая літаратура. 1977.

Адкрыццём былі для мяне і прозвішча аўтара, і галоўнага героя –Уладзіміра Жылкі. Не кажучы пра другія, таксама тады мне незнаёмыя імёны-постаці, – Гальяша Леўчыка, Ігната Канчэўскага, Леапольда Родзевіча, Ігната Дварчаніна; іх фотапартрэты абок жылкавага, надзіва адухоўленага, рамантычна прыўзнятага вобліку, неспасціжнай харашынёй прыварожвалі да ўсяе кнігі, але ў нечым й гарчылі мой псіхічны настрой. У глыбінях істоты філолага-выпускніка Беларускага універсітэта, збочанага жыццёвымі абставінамі ў каляіну далёка процілеглую студэнцкім мроям-парыванням, штосьці зноў востра зашчымела ад няўцямнага пачуцця дарагое, незваротнае страты: гойсаеш беспрытульцам, падобна коласавай легкадумнай хмарцы, над сусветнымі “гімалаямі”, амаль абыякавы клопатам маці-Радзімы. Праўда, пад той час у маёй “бадзяжнай” свядомасці даспяваў нутраны зрух, калі не сказаць паварот да роднага берага (“Письмо русскому другу”). І ўсё ж, замест слугавання ідэі яшчэ колькі гадоў доўжылася, прынамсі фармальна, пастылае прыслугоўванне афіцыёзным хімерам. Хоць сыгнальная сістэма блуднага сына-вяртанца ўжо даволі чуйна рэагавала на імёны, падзеі з беларускага абшару, найбольш сугучныя майму патрыятычнаму настрою.

Ласьне і “Ветразі” Калесніка, як тады ж адчулася з іх пабежнага прагляду, гойдаліся на тых самых глыбінях нашае самабытна-драматычнае духоўнасці, якія к таму часу шчодра адкрыліся мне з лірычна-спавядальных старонак Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, з літаратуразнаўчых манаграфій Сцяпана Александровіча, Віктара Каваленкі, Генадзя Кісялёва, Адама Мальдзіса... Гадамі трыма пазней, жнівеньскім надвячоркам 1980, пашчасціла набыць тыя “Ветразі” – зноў жа, пры акалічнасцях не зусім тыповых, незабыўных: у мястэчку Любча, дзе падарожны з Масквы затрымаўся быў на невялічкі перадых цягам пешае вандроўкі маршрутам Вільня-Трабы-Бакшты-Люцынка-Карпілаўка (шляхам “нашаніўца” Ядвігіна Ш.). Адтуль, з-над нарцыстага Нёмана паслаў поштаю на свой маскоўскі адрас ладнаваты пакуначак дэфіцытных, даўношуканых беларускіх выданняў, уключна з калеснікавым, а таксама кісялёвымі “Пачынальнікамі”.

“Ветразі”, з іншымі айчыннымі друкамі, падарожнічалі са мною да Варшавы, ня раз лякуючы радзецкага дыпламата гаючаю думкай у крызіснай, часам, здавалася, безвыйсцёвай сітуацыі. Настроены з тае пары на знаёмае імя ўспрымаў з павышанай цікавасцю ледзь не кожную яго публікацыю, падзіўляючы абсяжнасць аўтарскага мыслення, дакладнасць навуковага аналізу, а затым нязвыклую лёгкасць, паэтычнасць акадэмічнага стылю. На калеснікавых тэкстах лішні раз пераконваўся ў слушнасці палемічнага меркавання: сапраўднае літаратуразнаўства – гэта, па высокім рахунку, і літаратура, як і крытык-даследчык – ён жа і паэт, пісьменнік. Аўтар “Літаратурных партрэтаў”, “Тварэння легенды” бліскуча даводзіў плённасць спалучэння ў адной асобе строгага мысляра-аналітыка і ўзрушлівага мастака. Нязвыклай праявай падобнае спалучнасці стала яго аповесць “Доўг памяці”, пасмяротна надрукаваная ў “Полымі”. Не выпадкова яго філасофска-мастацкае, наскрозь чалавечае стаўленне да жыцця, да спазнання роднае планеты Беларусь сардэчна, па-сяброўску, збліжала з Янкам Брылём, аб чым так хораша, пранікнёна распавёў несамавіты наш лірык-мысляр у сваёй “Калеснікавай” кнізе.

Гэткімі ж гарманійнымі бачацца мне калеснікавы асэнсаванні магістральных пуцявін нашага многавекавога літаратурнага працэсу з гледзішча яго ўласна беларускай унікальнасці і, адначасна, адкрытасці, далучанасці да сусветна-культурных універсалій. Заварожваюць нацыянальна-сцвярджальны пафас, лапідарнасць яго думкі – вострай, каларытнай, не вельмі абцяжаранай “ідэалагічнымі балванкамі” нават там, дзе мусіў, як пазней сам скрушліва прызнаваўся, дагружаць імі свае тэксты для страхоўкі, перад пільнымі рэдактарамі, цэнзарамі асноўнае ідэі.

Галоўнае, непрамінальнае ў яго спадчыне і сёння – ужо з адлегласці часу – прамаўляе да мяне надзённа, інспіруюча: “Нацыянальная літаратура здольна не толькі паскараць сваё развіццё, яна часам здольна паскараць гістарычнае развіццё свайго народа, які ў сферы эканамічнай яшчэ можа нейкі час адставаць, а ў сферы палітычнай заставацца на стадыі бездзяржаўнасці (або, дадамо, квазідзяржаўнасці – А.К.). Літаратура ў гэтым выпадку пашырае сваю функцыю і пераходзіць ад ролі чалавеказнаўства да ролі “народатворства”. Узважыць абодва фактары – пашырэнне сувязей і рост нацыянальнай самабытнасці – значыць, знайсці сапраўдную меру ідэйна-эстэтычнай каштоўнасці нацыянальнай літаратуры на ўзроўні сусветных крытэрыяў”. Цытуемы артыкул-рэцэнзія, самой назвай засяроджаны на радаводным, нацыянальным (Крытэрый самабытнасці. 1980), успрымаўся мною і прадказальна, і у пэўнай меры, выклікальна – на фоне колішняга, дасюль не асаджанага уніфікацыйна-асіміляцыйнага імпэту “в самой интернациональной” Рэспубліцы.

А яго беларуска-параўнальнае разуменне паэтыкі рамантызму, узважанае на шалях нацыянальнае традыцыі і здабыткаў другіх, найперш суседніх літаратур. У гэтай эстэтычнай стыхіі, мабыць, найбліжэйшай духоўна-душэўнаму ладу даследчыка, пачуваўся ён зайздросна захоплена, віртуозна, па-майстэрску. Не трацячы з поля зроку вызначальных каардынат дадзенага стылю, не заставаўся абыякавым да праяў спрашчэнства, плоскай сацыялагізацыі паэтычнай рамантыкі – неўнікнёных пры панаванні нарматыўнай эстэтыкі з яе партыйна-ідэалагічнымі догмамі й засцярогамі. Далікатны сумнеў крытыка-купалазнаўца наконт адэкватнасці вобраза князя-народазаступніка ў паэме “На куццю” фактычнай карціне беларускага мінулага (якое, маўляў, ніколі не ведала сапраўднага народаўладдзя) Калеснік адхіляе не менш пачціва, але больш пераканальна: “А чыя мінуўшчына ведала? Міцкевіча? Рылеева? Лермантава?” Следам – пераканаўчая выснова пра асобнае права мастака, адрознае ад гісторыёграфа, у абыходжанні з мінулым, калісьці, дарэчы, трапна “канстытуяванае” аўтарытэтам Пушкіна (“поэт творит историю”): “Паэт рамантык перастаў бы быць сабою, калі б пачаў скрупулёзна даходзіць, якой жа на самай справе была тая мінуўшчына. Ён ведае, якой яна быць павінна, каб падымаць свабодалюбны дух сучаснікаў. Яго заслуга перад сучаснікамі ў тым, што ён стварае патрэбную, дзейную карціну мінуўшчыны” (Крытэрый самабытнасці). Маем такім чынам надзейны метадалагічны пасыл у суадносінах мастацкай сімволікі і канкрэтных гісторыка-культурных сацыяльных рэалій. Між тым, і ў наш, у навуковых адносінах нібы дэмакратычнейшы, ад папярэдняга, час некаторыя аўтары не перастаюць данімаць рамантычную натуру Паэта агорклым “рэалістычным” допытам кшталту “У якія часы “князь на пасадзе вольнаму люду законы пісаў”? (верш Купалы “Над Нёманам” – А.К.) І як звалі гэтага князя?” (Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Т. І. Мн., 1999. С. 170). Варта ўважлівей чытаць Калесніка.

Хаця й пры жыцці Уладзімір Андрэевіч не мог скардзіцца на абдзеленасць увагай, зразуменнем з боку калег-даследчыкаў, чытачоў, афіцыйных структур (лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, заслужаны работнік вышэйшай адукацыі Беларусі). Не хаваў свайго нераўнадушша да яго наватарскіх прац і Мікалай Улашчык. Вядомага гісторыка-беларуса ў Маскве лучыла з ім непасрэднае знаёмства, плённая творчая перапіска. Памятаецца, у адной з гутарак Мікалай Мікалаевіч заўважыў на адрас прыкметнага Беларуса з нашага, як сумна жартаваў, самага “рускага” (зрусіфікаванага) горада: “Бачыце, які чалавек – адзін, а колькі Беларусі на сабе трымае. Талент!”

Так што асабістаму майму знаёмству з гэтым Талентам папярэднічалі пэўная абазнанасць, натуральная хэнць паціснуць яго руку. Магчымасць такая надарылася на Першых Скарынаўскіх чытаннях у Мінску (кастрычнік 1986). Пад завяршэнне канферэнцыі – працавалі мы ў розных секцыях – пастукаўся я вечарам да яго ў гасцінічны нумар на Сурганава. Зайшоў, прывітаўся, назваўся. З ложку прыўзняўся, адкладаючы ўбок разгорнутую газету, лысаваты, хударлявы з твару мужчына, зграбны выглядам, у спартыўным трыко. Не гэтак, памятаю, пачуў яго лагодны голас, колькі адчуў той самы, спомнены на пачатку, праменна-працінальны пагляд:

– А-а, дак гэта вы, Каўко, – прываблівай усмешкай вітае госця. – А я гляджу ў праграму, хто там такі над Скарынам шчыруе пад шыльдай “сусветнай эканомікі”.

Прыязна-гумарыстычнае перайначванне маёй тагачаснай фірмы (Інстытут эканомікі сусветнай сістэмы сацыялізма АН СССР) неяк адразу дадало нязмушанасці, узаемнага даверу нашай размове. Трывала яна нядоўга, ды пазнавата ўжо было. Развітваючыся, пакінуў яму “скарынаўскую” анкету, якую апрацоўваў дадаткам да рукапісу свае кнігі “Тут мой народ...” (перад здачай у набор прыйшлося ад тых дадатковых аркушаў адмовіцца; часткова былі абнародаваны ў перыёдыцы). Водгуку з Берасця не дачакаўся. Не пашэнціла мне і з пазнейшай да яго, таксама “скарынаўскай” прапановай – выступіць на старонках часопіса “Советское славяноведение” з артыкулам пра асветніка-першадрукара. Набліжаліся 500-я ўгодкі славутага Палачаніна, рупіла, пад юбілей на прыстойным матэрыяле ва ўсесаюзным, у пэўным сэнсе і міжнародным славістычным выданні. У меркаваннях тагачаснага галоўнага рэдактара аўтар “Пчалы Скарыны” глядзеўся вельмі адпаведна, аб чым і нагадаў яму ў адмысловым лісце. Адказ з-над Буга, на жаль, прыгасіў тыя спадзяванні, хаця кранальнае запрашэнне ў тамтэйшы горад неяк кампенсоўвала маё перажыванне ад атрыманага “не”. Урэшце, вось той тэкст:

“Брэст, 12.І.1989.

Шаноўны Аляксей Канстанцінавіч!

Сардэчна віншую Вас з заўтрашнім праваслаўным Новым годам, ён, нібыта ў скарынінскія часы, ідзе сёння шляхамі гуманізацыі жыцця, здаровай талерантнасці, свабоды сумлення, на якіх, на радасць людзям творчай працы, падняты шлагбаумы. Жадаю поспехаў Вашай суполцы, новага дыхання часопісу “Советское славяноведение”. З прыемнасцю прачытаў у 5-м нумары артыкул Ю. Лабынцава пра трэцюю рэдакцыю Статута Вялікага княства Літоўскага. Сказаў пра яго ў выступленні па тэлебачанні, у школах горада. Дзякую за прыемную для мяне прапанову напісаць юбілейны артыкул пра Ф. Скарыну, але думаю, што лепш бы гэта маглі зрабіць Вы з Адамам Мальдзісам. Я ўжо і так лішне многа разоў прыбудоўваў “галубятніцы” да першага свайго нарыса “Пчала Скарыны”. Цяпер, праўда, з’явілася крыху новых фактаў і дакументаў, можна было б асвяжыць тэкст, але гэтага мала для юбілейнага артыкула пад такую знамянальную дату ды ў такім салідным часопісе. Як мне думаецца, там пажадана даць ацэнку сучаснаму стану скарыніяны, вызначыць перспектывы і канцэпцыі, а перспектывы найлепш відаць з цэнтраў навуковай думкі.

Наша берасцейская гуманітарная сябрына абрадавалася нараджэнню сястрыцы ў Маскве. Неўзабаве з Вамі павінна спаткацца адна сімпатычная берасцеечка, Люда Кендыш, якая ў нас на абласной студыі тэлебачання выдае ў эфір усе літаратурна-музычныя перадачы. Думаю, што вярнуўшыся з курсаў, яна пазнаёміць грамадскасць вобласці з дзейнасцю беларускага зямляцтва сталіцы. Сёння так патрэбны станоўчыя прыклады, ініцыятывы, прэцэдэнты.

Спадзяюся, што шляхі скарыніяны прывядуць і Вас у Бярэсце. Рады буду сустрэць Вас і павітаць у сваёй хаце.

Цісну руку Ул. Калеснік”.

 Наш скарыназнавец, як цяпер выразней бачу, не хацеў, не любіў паўтарацца. Яшчэ адна, вартая пашаны рыса ў характары вучонага. Хаця застаюся пры той думцы, што і спомненая “Пчала”, у рускамоўным варыянце, была б на часе, дарэчы.

Затое як жа быў я ўцешаны, калі ў ролі кіраўніка арганізаванага ў Маскве, пад новы 1989 год, Таварыства беларускай культуры імя Францішака Скарыны атрымаў сярод многіх прывітанняў ад суродзічаў натхняльную тэлеграму з далёка-блізкага памежжа: “Сардэчна вітаем ініцыятараў утварэння таварыства імя Скарыны. Жадаем магутнага волатаўскага росту вашаму дзіцяці. Няхай жывіць яго дух скарынаўскай мудрасці, святло добрай навукі. Ля сцен старажытнага Берасця Вам заўсёды гатовы паціснуць рукі вашы шчырыя сябры. Уладзімір Калеснік. Мікола Пракаповіч”.

Патрабавальнасць яго, перадусім да самога сябе, зведаў я і з другой нагоды. На самым пачатку 90-х паслаў яму машынапіс разгорнутай аўтабіяграфіі Б. Тарашкевіча, скапіяванай у архіве тагачаснага Інстытута Маркса-Энгельса-Леніна. Тэкст прымяркоўваўся ў чарговы “Скарыніч”, і я прасіў дасведчанага ў заходнебеларускіх справах спецыяліста зрабіць адпаведны каментар, разам з уступным словам. Мойвысокі калега не спяшаўся з адказам. А падчас сустрэчы на Устаноўчым кангрэсе Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў патлумачыў затрымку проста й шчыра: трэба было б дапасці дасюль неадкрытых архіваў, каб грунтоўна пракаментаваць палітычную споведзь пана Браніслава (пазней той матэрыял апублікуюць у “Спадчыне” А. Валахановіч, У. Міхнюк).

Тады ж, на кангрэсе ён узрушыў мяне нечаканым, арыгінальным сюрпрызам. З залі Дома літаратараў – там адбывалася падзея – у прэзідыум старшынуючаму (з абавязку віцэ-старшыні Аргкамітэта давялося напружвацца ў гэтай мулкаватай ролі) перадаюць абок купкі запісак сімпатычны томік: “Ростані волі. З заходнебеларускай паэзіі”. Адхінаю вокладку, крадком прашэптваючы мілы аўтограф: “Аляксею Каўко – пачынальніку рода маскоўскіх скарынічаў – з прыязню і павагай. Складальнік У. Калеснік. 27 мая 1991 г.”. Цікую, усхвалёваны, па радох удзельнікаў паседжання – дзе ён, віноўнік майго ўзрушэння? Вунь у чацвёртым, можа пятым радзе, з левага боку, – стрэчнай шырокай усмешкай перахоплівае мой позірк, прымаючы сцвярджальным кіўком галавы ўдзячны сігнал са сцэны. На перапынку падпісаў яму аўтарэферат сваёй доктарскай працы, нават, добра памятаю, не намякаючы на водгук. Аднак пад абарону надыходзіць, зноў нечаканая, тым даражэйшая маральная падмога ад двух светладумных берасцейцаў – загадчыка кафедры беларускай літаратуры мясцовага педінстытута Уладзіміра Калесніка і дацэнта Генадзя Праневіча.

Неўпрыкмет, адчуваю, захапіўся асабістымі момантамі. Але ніколькі не манюся праецыраваць яго Светлую Постаць на сваю парсуну, добра ўсведамляючы рознасць нашых вагавых катэгорый. Тым болей, што людзей, акрыленых узнёслай рамантыкай яго сімвалічных ветразяў, абагрэтых сонечным цяпельцам калеснікавых вачэй, мабыць, многа. Сутнасць, зрэшты, не ў асабістых перажываннях, хаця й тыя могуць нешта значыць у аб’ектыўным, больш поўным усведамленні постаці гэтага неардынарнага чалавека Культуры – з вызначальным у ёй, ім культам чалавечнасці.

Імпанавала мне і інакшая яго іпастась, знешне не вельмі кідкая, але ж якая прыцягальная. Калі ў стрымана разважлівым даследчыку, выкладчыку – прафесары абуджаўся, дапаўняючы першага, другі, такі сама арганічны Калеснік: грамадзянін-абаронца справядлівасці, бунтаўнік супраць тупагаловага амбіцыйнага правадырства, палітыка-ідэалагічнага дыктату і лакейства, “якія мучылі (надалей мучаюць – А.К.) грамадства” (Калі суду не трэба сведак. 1988). І ў гэтай грамадзянскай паставе з той жа выразістасцю праявіўся дар празорлівасці Калесніка-публіцыста: “Вось чаму ў гушчы народа ажывае і так бурна выбухае з вуснаў моладзі жаданне больш сэнсоўна і справядліва, больш дэмакратычна вырашаць справы, больш плённа дзейнічаць для адраджэння нацыянальных каштоўнасцяў, засцерагчы нацыю ад размывання, ператварэння ў безаблічны кангламерат, гатовы пацячы куды заўгодна, абы там таўсцей мазалі маслам лусту, не патрабавалі адказнасці за стан зямлі, на якой жывеш”.

У апошнім, паноўленым сваім роздуме пра мяцежна-трагічнага Жылку ён падкрэсліў асаблівую ўросласць Паэта ў нацыянальнае адраджэнне. Магчыма там, за неспасціжнаю мяжою тут-быцця стрэнуцца іх крэўныя душы – аўтараў “Тэстаменту” і “Лёсу наперакор”. І першы з іх – хто ведае? – нагадае другому шчымлівыя радкі як знак асабістага прызнання да калегі, іх духоўнай лучнасці:

   На зломе дзвюх эпох злавесных

   У неспрыяльным ветры злым

   Сваё жыццё прайшоў я чэсна...

   Песняр, змагар, бядняк праз век

   Быў перш за ўсё я чалавек.

Наўрад ці варта шукаць лепшага, дакладнейшага вызначэння-адзначэння Уладзіміру, сыну карэліцкага селяніна Андрэя Калесніка – таксама найтрывалей уросламу ў родную глебу адраджэнцу, творцу “Усяго чалавечнага”.

ГАВАРЫЦЬ ПРА ЯГО ТРЭБА ЦІХА І ДАЛІКАТНА

Іна Карпюк

Уладзімір Андрэевіч Калеснік – беларускі інтэлігент. Ведаю яго, напэўна, паўстагоддзя. Шырокаадукаваны, добразычлівы, чысты душой, мілы сэрцу сяброў чалавек. Ён быў цудоўным выкладчыкам. Кожнае лета вазіў сваіх хлопцаў і дзяўчат у Нясвіж, у Мір, у Навагрудак. Вядома, і ў Гродна. Загадзя клапаціўся аб сустрэчах з гісторыяй, культурай, людзьмі краю. Нікога з нас не пакідаў абыякавым, у яго клопатах прымалі ўдзел і яго сябры; па-бацькоўску думаў аб тым, каб студэнты пад’елі, выспаліся, каб назаўтра нішто не перашкаджала слухаць, глядзець, пазнаваць. Запрашаў і да Брэста цікавых, як ён лічыў, людзей. У архіве А.Н. Карпюка захаваўся ліст: “Брэст, 17.03.60 г. Дарагі Аляксей! 22 сакавіка а 7-й гадзіне ў корпусе філфака Брэсцкага педінстытута сярод студэнтаў будзе праведзена публічнае апытванне адносна невінаватасці генеральскай дачкі Дануты. На апытванні будзе прысутнічаць фактычны бацька гэтай дзяўчыны – Аляксей Карпюк. “Гэта копія аб’явы, якую мы вывесілі, каб прыцягнуць увагу моладзі да тваёй аповесці. Тэкст аб’явы быў прыняты на пасяджэнні кафедры”. А далей Уладзімір Андрэевіч далікатна дадае: “Учора быў на прэзідыуме СПБ – прыняўся ў Саюз пісьменнікаў, можаш павіншаваць...”

У.А. Калеснік – апантаны даследчык, які лічыў сваім абавязкам сабраць усё тое, што трэба было запісаць на старонках гісторыі культуры Беларусі: “Брэст, 20.04.94... постаці там складаныя, супярэчлівыя, трагічныя, а ў нас прывыклі пісаць усё па-прасцецку і адназначна, катэгарычна”. (Ліст да І. Карпюк). Ён – асоба. Таму яго заўсёды цікавіў лёс другога чалавека, другой асобы.

Памёр М. Васілёк. У.А. Калеснік, Я. Брыль клапоцяцца аб тым, як выдаць творы паэта, як дапамагчы яго сям’і, як паставіць помнік, што на ім напісаць. Аб гэтым у пісьмах А. Карпюку: “Брэст, 8.Х.61 г. ...На левым баку гэтага лістка выпісаны цытаты для помніка М. Васільку. Паглядзі, Аляксей! Выбірай!

   Сонца ласкаю смяецца

   Срэбным росам, полю, гаю,

   Глянеш, сэрца ўскалыхнецца,

   О, краіна дарагая. (“Песняру”, 1927 г.)

   З сялянскіх ніў прынёс я вам

   Жывыя адгалосы... (“З сялянскіх ніў”, 1936 г.)

Напішы, Аляксей, якія вынікі Вашых заходаў аб гэтым помніку. Валодзя”. Ці вось гэты ліст: “Брэст, 15.01.64 г.... Скацілася хваля напружанай інстытуцкай працы, – піша ён А. Карпюку, – і я збіраюся пашнырыць па архівах у пошуках ценю Валянціна Таўлая. Не выключана, што скора буду ў Гродне. Таму пішу: да пабачэння. Ваш У. Калеснік”.

У 1984 годзе “Юнацтва” выдала дакументальную аповесць Уладзіміра Андрэевіча “Пасланец Праметэя” пра жыццё Анатоля Адамавіча Альшэўскага родам з Пружаншчыны. У прадмове аўтар пісаў: “Яго вачыма я меў магчымасць паказаць знутры грамадзянска-палітычнае жыццё Польшчы 20-30 гадоў, спрабаваў намаляваць шэраг значных і малавядомых эпізодаў палітычнай драмы”. Герой гэтай аповесці – мой бацька. Таму ведаю, колькі пошукаў, колькі сіл трэба была палажыць Уладзіміру Андрэевічу, каб нешта знайсці. Цудам захаваліся лісты з Макатоўскай турмы, з Арзамаса, Масквы, Мінску. Але ж ні ў сям‘і, ні ў архівах не было паперы аб тым, як А. Альшэўскі пайшоў з жыцця. І толькі ў 1989 годзе прыслалі паперу з Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР: “На Ваше заявление сообщаю, что Ольшевский Анатолий Адамович, 1904 года рождения, уроженец Картуз-Берёзы, Пружанского уезда Гродненской области, постановлением Комиссии НКВД и Прокурора СССР от 22 декабря 1937 года был осуждён к расстрелу. По выводам обвинительного заключения он был признан виновным в том, что на территории СССР занимался контрреволюционной шпионской деятельностью. Сведений о точной дате расстрела не имеется, но, как правило, приговор приводился в исполнение немедленно или на следующий день после его вынесения, место захоронения при этом не фиксировалось. За более точными данными Вы можете обратиться в УАО УКГБ по Московской области.

Проведенной в 1956 году дополнительной проверкой установлено, что осуждение необоснованно. 22 декабря 1956 года Военная коллегия Верховного Суда СССР реабилитировала Ольшевского А. посмертно”.

Аповесць У.А. Калесніка выйшла без патрэбнай кропкі. Чалавек знік. Вядома, аўтар аповесці шукаў дакументы, а калі яны зрабіліся даступнымі, змог сабе дамаляваць фінал трагедыі. Але ж выкарыстаць гэта ў друку ўжо не паспеў.

У.А. Калеснік працаваў да апошняй хвіліны свайго жыцця. Пісаў не дзяжурныя пісьмы-прывітанні. У іх – размова аб тым, што хвалявала яго. Аб справе свайго жыцця, аб людзях беларускай культуры. “Брэст, 3.03.94... Адносна маёй просьбы ў Гродзенскі архіў. Трэба вывучаць дзейнасць Таварыства беларускай школы на Наваградчыне ў перыяд Грамады і Змагання. Тады ТБШ у Наваградчыне вяла вялікую работу па будаўніцтву інтэрната (бурсы) для беларускай Наваградскай гімназіі. Актыўны ўдзел у гэтай справе прымаў Вячаслаў Пронька, уладальнік фальварка Пуцавічы з-пад Наваградка, член павятовай рады ТБШ. Яго сын Яўген Пронька, паэт, вучыўся ў другой палавіне 20-х гадоў у Беларускай наваградскай гімназіі... Мяне цікавяць следчыя справы яго і матэрыялы паліцэйскага (дэфензіўнага) вышуку. Асабліва важна было б, каб ты паглядзела і ў архівах КДБ справу Пронькі В.” (З ліста да І. Карпюк). І далей: “Брэст, 20.V.94... Сіл няма, а завяршыць гэты матэрыял хочацца. Калі там, у архіве, ёсць хоць якія факты пра бацьку Яўгена Пронькі – Вячаслава, то мне і гэта будзе надта карысным...”

Гаварыць пра У. Калесніка і не сказаць пра яго найбліжэйшага чалавека – жонку Зосю – немагчыма. Вось што ён сам пісаў аб ёй ужо зусім напрыканцы свайго жыцця: “Брэст, 3.03.94 г... Зося круціцца, як вавёрка ў калясе... А я зрабіўся капрызны... Шчасце, што ў яе такі добры характар... Абнімаем. Ул. Калеснік”. Гэта дакумент для навукоўцаў з заўтрашніх дзён. І яшчэ: “Брэст, 20.V.94 г. ...Зося мая таксама стараецца працаваць за нас дваіх. Шкада мне яе, але нічога не магу зрабіць: амаль не выходжу з хаты... Валодзя”. Гэта бязмерная пяшчота, стрымана выказаная ў лістах, патрэбнасць выказаць падзяку чалавеку блізкаму – сваёй Зосі – ці не рыса гэта сапраўднага інтэлігента?!

АГОНЬ НЕЗАЛЕЖНАЙ ДУМКІ

Наталля Давыдзенка

У 1980-м годзе я перайшла працаваць малодшым рэдактарам у рэдакцыю крытыкі і літаратуразнаўства (выдавецтва “Мастацкая літаратура”) да незабыўнай Веры Сямёнаўны Палтаран. Там і пабачыла Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, якога яна ведала ўжо гадоў, можа, трыццаць, паважала і любіла і часам прыпамінала аб ім з хітрынкай вясёлае, а то скупа – трагічнае.

Маё ж асабістае знаёмства з паважаным Прафесарам пачалося з вялікай памылкі. (Не ведаю, у якім годзе Уладзімір Андрэевіч атрымаў прафесарскае званне, але мы ўвесь час паміж сабой ушаноўвалі яго менавіта гэтак). Алесь Разанаў, яго ўдзячны вучань, якраз падрыхтаваў рукапіс кнігі прафесара “Лёсам пазнанае” да друку і ўручыў мне, для падліку памеру. Век камп’ютэраў быў яшчэ за гарамі, і аб’ёмы мы лічылі – радок за радком – уручную, запісвалі лічбы ў слупок, а потым шчоўкалі на бухгалтарскіх вялікіх драўляных лічыльніках (цяпер нават мне не верыцца!).

Я была яшчэ неабстраляным малодшым, таму старалася асабліва, і налічыла 20 аркушаў. Алесь усумніўся, бо на вока бачыў перабор тэкстаў і рыхтаваўся нешта скарачаць, загадзя хвалюючыся, як гэта ўспрыме настаўнік. З планавымі аб’ёмамі было вельмі строга, і перавышэнне нават на паўаркуша дорага каштавала б і рэдактару, і рэдакцыі, і выдавецтву.

Я зноў засяроджана ўнурылася ў падлікі, але, відаць, у падсвядомасці нешта заклініла на той жа самай памылцы, і я зноў выдала лічбу 20 і супакоілася. Алесь паціснуў плячыма, і рукапіс пайшоў у вытворчасць. Кніга выйшла на 25 аркушаў. Па ўсіх мерках гэта было “жахліва”. Камітэт па друку гатоў быў абрынуць кары нябесныя на выдавецтва, не кажучы ўжо пра маю бедную галаву, але… светлай памяці наш любімы дырэктар Міхал Фёдаравіч Дубянецкі нават і мушцы не даў апусціцца на маю і нашы рэдакцыйныя галовы! А я настолькі была шчаслівая працаваць сярод такіх цікавых людзей, што абсалютна па-дурному не разумела, якіх грому і маланак пазбегла і чаму навокал столькі людзей паціскаюць плячыма, хітра жмурацца і пасмейваюцца ў кулак, радуючыся пры гэтым за добрага аўтара. (У Камітэце нават западозрылі ледзь не свядомую “дыверсію”).

Праз некаторы час Уладзімір Андрэевіч наведаў рэдакцыю. І падышоў да мяне, каб “паглядзець на тую дзяўчынку, якая зрабіла мне такі цудоўны падарунак!” Мы заўсміхаліся адзін аднаму. І з таго часу ён быў заўсёды шчодры да мяне на прыхільныя ўсмешкі і позіркі. А вочы ў прафесара былі асаблівыя: чорныя, выразныя, праніклівыя, полымныя. І вельмі багаты на адценні высокі голас – лагодны, з хітрынкай, з’едлівы, а то і здзеклівы часам. Уяўляла сабе, як цікава было б слухаць яго лекцыі! Бо хутка зразумела, што ён, несумненна, меў вочы і душу мастака, і мастака асаблівага – які ўмеў і прамаўляць.

Магчыма, у наступны свой прыезд, ужо перагаварыўшы з Верай Сямёнаўнай усе брэсцкія і мінскія навіны і развітваючыся, Уладзімір Андрэевіч раптам звярнуўся да мяне: “Наталька, а дзе ў вас тут цукеркі прадаюць?” – “А ў “Рамонку”, побач”. – “Дык хадзем са мной, даражэнькая, дапаможаш выбраць”. Мы прыйшлі ў “Рамонак” і сур’ёзна ўтаропіліся ў россыпы цукерак за плячыма магазіншчыцы. Прафесар быццам вагаўся.

– А ты якія любіш? – спытаў у мяне, быццам раіўся.

– Я? Ну, “Цытрон”, яны кісленькія.

– Так. Паважаная, – звярнуўся ён дзелавіта да прадаўшчыцы, – нам “Труфелей”.

– Колькі?

– Кілаграм. …Яшчэ кілаграм. … Яшчэ… Зося Міхайлаўна мая любіць, каб на стале цукеркі былі, каб пачаставаць, як хто прыйдзе, – патлумачыў ён. – І “Цытрона” кілаграм.

Я ціха войкнула, але прафесар і вокам не павёў у мой бок.

– Так, трымай, – сказаў ён, вымаючы высокія папяровыя пакеты з кошыка, і рашуча пасунуў да мяне пакеты з “Цытронам” і “Труфелямі”, – а гэта Веры Сямёнаўне аднясеш, – загадаў, стаўляючы трэці “стаўбун” з “Труфелямі”, – а гэта Зосі. Усё!.. Ну, дзякуй, што дапамагла, данясеш? – і пасміхнуўся мне, як малой.

Я і адчувала сябе шчаслівай малой дзяўчынкай, несучы пакеты ў абедзвюх руках, і нават хацелася пахваліцца па-дзіцячы: “Ага! А ў мяне цукеркі!”.

І мы весела рагаталі з Верай Сямёнаўнай, што не так даўно яна нечакана ўбачыла ў сваёй шуфлядзе ладны пакунак з “Мішкамі”; доўга гадалі – калі гэта і хто мог яго “падкласці”. “Падазрэнне” ўпала на вельмі паважанага аўтара, кніжка якога выйшла незадоўга перад гэтым. І калі той прыйшоў за аўтарскімі экземплярамі і горача дзякаваў, Вера Сямёнаўна міла паўшчувала яго за прыемны, але ж зусім неабавязковы падарунак, чым і ўвагнала беднага “невінаватага” аўтара ў палаючую пунцовасць і буйны пот на лобе. Цяпер было ясна, чые то былі салодкія “Мішкі”.

…Прайшло некалькі гадоў. Можна сказаць – “дзяўчынка падрасла”, – пасля пераходу Алеся ў іншую рэдакцыю стала рэдактарам, а потым захварэла Вера Сямёнаўна, і я засталася ў рэдакцыі сам-насам і быццам “па спадчыне” атрымала нашых любімых аўтараў, а таксама рукапіс новай кнігі Уладзіміра Андрэевіча “Тварэнне легенды”, і мы зноў сустрэліся.

Я вельмі сур’ёзна рыхтавалася да працы, перачытала амаль усе кнігі прафесара, але рэдагавала важкі том з асаблівай цікавасцю, з трапятаннем і вялікай бояззю, ці адолею, ці спраўлюся. Я не баялася не разабрацца ў змесце, але мне было ясна, што ўсе кнігі Калесніка – гэта кнігі, напісаныя менавіта мастаком. І як мастак у самым шырокім сэнсе гэтага слова ён і глядзеў, і ацэньваў творчасць вялікіх папярэднікаў – Скарыны, Гусоўскага, Купалы – мастаковым вокам, добразычлівым, горача зацікаўленым і прафесійным. Ён бачыў “колеры” іх твораў, чуў у іх пахі і галасы роднай зямлі, ён шукаў у іх правобразы і вобразы, ці, дакладней – адбіткі нацыянальных скарбаў, заключаных у слове і высокіх думках. Ён умеў цаніць і шанаваць духоўныя і жыццёвыя подзвігі сапраўдных адраджэнцаў нацыянальнай культуры.

І, будучы мастаком па сутнасці сваёй, ён і сам не надта зважаў на ўсялякія правілы, каноны і падсушаныя тагачаснай ідэалогіяй традыцыі. У яго душы гарэў агонь незалежнай думкі, але ён цвёрда ведаў да апошніх дзён свайго жыцця, якая сталёвая зашмарга трымала і трымае гэткіх незалежнікаў за горла і што супраціў можа каштаваць не проста галавы, але і жыцця.

Рэдагаваць, рыхтаваць рукапіс да друку – не самы цяжкі занятак, асабліва калі гэта вартая ўвагі рэч. Самае цяжкое, можа быць, – працаваць з аўтарам, “здымаць пытанні”. Кніга для аўтара – што дзіця, любае, бясцэннае, выпакутаванае. А тут нехта ці нейкая сядзіць і пальцам “вочкі” дзіцяці калупае! А яно – дзіцятка – жывое! Заўсёды адчувала гэта ўсёй душой. Але ж ты, рэдактар, збоку глядзіш і трохі “прахалодней”, і таму ў стане ўсумніцца, ці дастаткова добра ляжыць той ці іншы “завіток” на галоўцы чужога дзіцяці. І аўтара – дзеля яго ж самога – трэба залагодзіць часам так, каб ён паверыў табе – і даверыўся аддацца ў твае ўхопістыя ручкі, і не нарабіць яму ніякай шкоды. І тое “здыманне пытанняў” патрабуе ад цябе не толькі ведаў і прафесійнасці, але і псіхалагічных здольнасцяў, і ўсіх псіхічных сіл.

Надта спрактыкаваным рэдактарам я стаць яшчэ не паспела і трымцела, як зайчаня. Сяброўка мая Наталля Семашкевіч-Брыль, для якой Уладзімір Андрэевіч з самога дзяцінства быў проста “дзядзя Валодзя”, каварна падлівала масла ў агонь, пацвельваючыся:

– Ой, Давыдзенка, перш чым пытанні здымаць, ты спытай у дзядзі Валодзі, ці здаў ён свой трафейны пісталет пасля партызанкі. А то глядзі – на трэцім пытанні і прыстрэліць!

Зранку я чакала прыезду аўтара і заломвала рукі ад хвалявання, калі ў рэдакцыі пачуўся званок.

– Наталля Аляксееўна? Гэта Зося Міхайлаўна…

Я была насцярожылася.

– Наталечка, я сказаць вам хачу – не бярыце да сэрца, калі ён крычаць будзе. Ён адыходзіць хутка… Што зробіш, такі ён чалавек, як кажуць – у кіпні купаны. Вы ўжо не крыўдуйце на яго калі што…

Мяккі, прыглушана-срабрысты голас Зосі Міхайлаўны трохі супакоіў і неяк адразу і назаўсёды лёг на душу як родны.

Пытанні мы здымалі два дні запар. Думаю, настроены перад дарогай мудрай жонкай, прафесар яшчэ доўга зносіў мае дробязныя пытанні, і не тры, а ўсе трыццаць тры, але цярпенне яго нарэшце скончылася-такі, і ён забурчэў, закрычаў, закамандаваў. Я сцішвалася на хвіліну, і ён сапраўды хутка адыходзіў. Сарваўшы акуляры і пастукаўшы імі па стале, супакойваўся:

– Ну што, што ты яшчэ знайшла?!

Узвіўся прафесар у адным месцы зусім нечакана, быццам я торкнула пальцам у ранку. Аказалася, то была скрытая палеміка з іншым паважаным і любімым нашым аўтарам і сябрам рэдакцыі Віктарам Антонавічам Каваленкам, пра што я і не здагадвалася і таму зусім не “спецыяльна”, як западозрыў прафесар, зачапілася за гэты вельмі дарагі аўтару пасаж.

 Старонкі былі прысвечаны ідэалу кахання ў патрыярхальным грамадстве. І прачытвалася так, што тады ўсё было добра і высока, а ў сучасным – ніякага кахання няма, адна толькі разбэшчанасць і суцэльная бездухоўнасць.

– За што ж вы так сучаснікаў? – пацікавілася я.

Прафесар спачатку пакрычаў, павучыў мяне, зялёную дзяўчынку, а калі перабушаваў, я папрасіла:

– Ну, уявіце сабе, што я ваша студэнтка, і самая няздольная, і проста раскажыце даходліва, што вы хацелі сказаць – сваімі словамі.

– Што хацеў, тое і сказаў! – з’едліва агрызнуўся прафесар, але ўсё-такі здаўся і, уздыхнуўшы, патлумачыў, што сказаць-то ён хацеў не гэта, а вось тое, што народ не быў цёмным і забітым статкам, што ён выпеставаў высокі ідэал кахання і сямейных адносін, сапраўдны духоўны ідэал, і сучаснікам варта было б прыгледзіцца, успомніць пра яго і ўспрыняць лепшае з нацыянальных духоўных набыткаў.

Палымяная думка даследчыка ляцела хутчэй за напісанае слова, а гэта, дарэчы, вельмі тыповая з’ява, асабліва для такіх аўтараў – багатых на думкі і вобразы. Бурлівыя, гарачыя думкі апярэджваюць словы, і тады прыдзірлівыя рэдактары павінны лавіць тыя думкі за хвост, як Іванька жар-птушку. Мае параўнанні рассмяшылі прафесара, і ён бурчэў ужо зусім лагодна:

– Добра, давай мне гэтыя дзесяць старонак, дадому завязу, папрацую. Я ўсё па пяць разоў перапісваў, а гэты кавалак толькі два, а ты і пабачыла…

Дасылаючы перапісаныя старонкі назад, ён напісаў у лісце (ад 16 снежня 1986 г.): “…не мог стрымацца, каб не паправіць заадно і стылю. Дакладнае слова ўсё больш набывае для мяне смак. Старэю і раблюся педантычным…”

 У тыя гады выдавецкі працэс цягнуўся няспешна і павольна, як на валах, праходзілі доўгія месяцы, і яшчэ не раз прафесар бушаваў з-за маіх “прыдзірак” (да цытат, прынамсі, і менавіта пасля пераправеркі шматлікіх цытат, якія ён пісаў ледзь не па памяці, як выявілася ўжо ў карэктуры, я і зарубіла сабе на носе раз і назаўсёды: “Нікому не вер!”).

Нарэшце кніга выйшла, у самым канцы 1987 года, на радасць аўтару, чытачам і мне. Па аўтарскія экземпляры Уладзімір Андрэевіч прыехаў пасля Новага года, і адзначыць нашу радасць мы пайшлі на абед у “Планету”. Добра, весела і шчыра гаманілі пра ўсё на свеце, і пра каханне таксама.

– Мужчына, Наталечка, канешне захопнік па сваёй сутнасці і сваёю меркаю мерае і свет, і жыццё, і жанчын. І гоніцца толькі за цялеснай уцехай. А жанчына – не, што ёй уцеха, яна сама ўцеха… Ёй іншае патрэбна, больш высокае…

– Уладзімір Андрэевіч, калі вы так добра гэта разумееце, скажыце вы мне, чым жанчына трымае каля сябе мужчыну многія гады, нават і без штампа ў пашпарце?

Ён адказаў імгненна і горача:

– Духоўным багаццем, Наталечка! Толькі гэтым і нічым іншым яго не ўтрымаеш, хоць ты што! Канешне, хто яго ў жанчыне не шукае, той і бегае, і мяняе, а так толькі сваім духоўным багаццем… “і пагаварыць”! – дадаў ён, весела бліснуўшы гарачым вокам, і мы разам засмяяліся, бо слова гэтае было ўжо як пароль і знак суладдзя нашых думак і пачуццяў.

Цікавілася я і яго працай над кнігай пра Таўлая, падбівала неадкладна падаць заяўку, бо кніга ж была амаль напісаная, вось і была б у нас зноў сумесная праца, як ён сам казаў. Прафесар весела памінаў маю ўедлівасць (“Як ты мяне пра каханне прымусіла перарабіць! Тры разы перапісаў!”), я весела рызыкавала, што ён, відаць, папрывык да студэнтак і яму падабаецца, калі ў рот глядзяць, ціхія і маўклівыя.

– Мне падабаюцца гэткія!

– Якія?

– Непакорлівыя. Як ты! – зноў бліснуў прафесар вокам, як адрэзаў.

І мы зноў засмяяліся.

На наступны дзень мы зноў-такі падаліся ў “Планету”:

– Ат, Наталька, дапамажы час да ад’езду прабавіць, потым правядзеш мяне. …Быў у мастацкім салоне, хацеў табе на памяць карціну выбраць, але нічога добрага не знайшоў.

Я збянтэжылася – карціна! Ого! Гэта ж табе не цукеркі… Але пасмялела ад усіх яго душэўных шчадротаў – і папрасіла: а хай ён сам для мяне напіша, ён жа малюе. Хоць маленечкую!

– Праўда? А што! Толькі летам, к восені бліжэй… Я знайду для цябе такі куточак, каб душа твая супакойвалася… А Зося Міхайлаўна палюбіла цябе, як родную дачку.

– Ой! Як гэта?

– А вось так!.. Збярыся ты неяк ды прыедзь да нас, – запрасіў ён мяне не ўпершыню, – я табе ўсё пакажу, у пушчу з’ездзім, да Белай вежы ў Камянец, я такія прыгожыя мясціны табе пакажу, якіх ніхто не ведае!

Мне падумалася тады чамусьці, што гэта было б так хораша, што зусім нерэальна. А можа, і рэальна? – хаця б як добры ўспамін, што тое магло быць…

У выдавецкім калідоры мы сутыкнуліся з Рыгорам Барадуліным, і яны пашанотна і радасна абняліся. Бурапенны Рыгор Іванавіч хлынуў каскадам шчаслівых воклічаў:

– Вы ведаеце, хто такі з вамі побач? – выгукнуў ён з замілаваннем.

– Ведаю! Мой цудоўны аўтар! – закрасавалася я з гонарам.

– А вы ведаеце, хто напісаў на мяне першую рэцэнзію ў “Дружбе народов”? Калеснік! А хто мне Брэсцкую крэпасць паказаў? Калеснік! Фарпост культуры ў Брэсце – Калеснік!!!

– Рыгор, Рыгор, супыніся! – засмяяўся Уладзімір Андрэевіч. – Паслухай, а чаму б табе да нас зноў не прыехаць?

– Прыеду! З радасцю! Калі? – імгненна згадзіўся Рыгор Іванавіч, гэткі лёгкі на пад’ём у тыя гады, што, здавалася, у тую ж хвіліну, як гарэзлівы неўтаймаваны дух, гатоў быў рынуцца на вакзал.

– Дамовіліся. Падрыхтуем вечарыну ў інстытуце. Мяне і Зося даўно пыталася: “А чаму гэта Рыгор Іванавіч ніколі ў нас дома не бываў?”

Праз пару дзён Рыгор Іванавіч прынёс паказаць мне ліст Калесніка, які некалі нечакана атрымаў пасля выхаду годам раней яго перакладу “Слова пра паход Ігаравы”. Прафесар вельмі высока ацаніў пераклад (як на маю думку – сапраўды геніяльны!) і не пашкадаваў сур’ёзных і праніклівых словаў, каб сказаць пра ўклад паэта ў скарбніцу нацыянальнай культуры.

Рыгор Іванавіч нёс да мяне ліст чамусьці разгорнутым, амаль у выцягнутай руцэ, і я адзначыла, што трымаў ён лісток як пялёстак белай ружы. (Мяне наогул нязменна здзіўляла, як моцныя, сапраўды сялянскія пальцы паэта абыходзяцца са старонкамі любога рукапісу – так асцярожна, амаль пяшчотна, далікатна, быццам гэта не паперы, а крылцы матылькоў).

Вечарына Рыгора Іванавіча ў Брэсцкім педінстытуце адбылася ў красавіку 1987 года (бачыла перадачу аб ёй па тэлевізары). Уладзімір Андрэевіч вазіў яго ў Белавежу, запрашаў на дачу і ў госці. І Рыгор Іванавіч вярнуўся расчулены да глыбіні душы і зачараваны Зосяй Міхайлаўнай. Мне ён прывёз прывітанне і запрашэнне прыехаць. І гэтая душэўная ласка і ўвага па-сапраўднаму сагрэлі маю захаладалую было ад асабістых нягодаў душу.

Мы працягвалі перазвоньвацца, зрэдку бачыцца з Уладзімірам Андрэевічам у рэдакцыі, гаманіць па душах. Ужо трохі “заварочалася” перабудова, ідэалагічны лядовы панцыр даваў першыя трэшчыны, злёгку крышыліся каменныя падмуркі, з наймення “адраджэнец” паціху здымалася кляймо “нацдэмаўшчыны”, і з падмарожаных пупышак прабіваліся вясенне-зялёныя лісцінкі нацыянальнага жыцця. На гладзі і нашых выдавецкіх “водаў” загулялі асцярожныя хвалькі, але вакол сябе я пачынала бачыць не столькі абноўленыя твары, як пераніцаваныя маскі, часам прадажныя і, што было яшчэ балючэй – глыбока абыякавыя да нацыянальнай справы, у святле якой яны публічна пачыналі асцярожненька красавацца, а па сутнасці – паразітаваць на святой справе Адраджэння. І я горача, нястрымана рэагавала на бачанае і адчутае. Уладзімір Андрэевіч глядзеў на гэтых людзей інакш, ён дужа хацеў верыць і верыў, што яны шчыра робяць справу, што я не разумею, перабольшваю, і няма чаго мне наракаць. Я зразумела, што ён так бясконца доўга чакаў новых часоў, так спадзяецца на быццам бы сталых і маладых запісных адраджэнцаў, што не захоча, не зможа пачуць мяне. І наогул ведала, што пераконваць нікога ні ў чым не трэба, нават дзяцей. Прафесар тым больш абыдзецца без маіх назіранняў і трывог. А мне дастаткова адчуваць яго добрае стаўленне да мяне і давер.

Да 8 Сакавіка 1989 года ён даслаў мне віншаванне, як мне падалося, уважлівае да нашых размоў, але з падтэкстам, які я, можа быць, да канца магла і не расчытаць: “Дарагая Наталля Аляксееўна! Віншую са святам вясны, маладога сонца, грэшных спакус і святых надзей, няхай не пакідае цябе зычлівасць да тлумнага свету і паблажлівасць да ўсякай драбязы, што выводзіць з раўнавагі і адводзіць душу ад подзвігу. Запішыся ў кааператыў стоікаў, купі ліхтар і шукай сапраўнага аўтара. І не перажывай, калі не знойдзеш. Пішы сама! Ды прысылай мне на рэцэнзію. Пад канец сакавіка спадзяюся быць у Менску – пагамонім. Ул. К.”.

Відаць, на яго словы “пішы сама” я і асмелілася даслаць яму сваю невялічкую падборку вершаў у калектыўным зборніку “Первая встреча” (пад псеўданімам Марына Наталіч). Уладзімір Андрэевіч адгукнуўся па тэлефоне ў чарговы прыезд у чэрвені, прыехаўшы, калі не памыляюся, на ўстаноўчы з’езд Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Успомніўшы пра кніжку, ён сказаў, што геніяльнасць мне не пагражае, а так вершы ці то культурныя, ці то пісьменныя і нешта пра сувязь трагічнасці і геніяльнасці. Чутнасць была, на жаль, такая дрэнная, што я амаль нічога не магла разабраць, а перапытваць не насмелілася і на яго ласкавае асцярожнае пытанне “А ты як лічыш?” пагадзілася, што трагічнасць у маіх вершах наогул-то ёсць, а геніяльнасці канечне “недахват”. І толькі пашкадавала, што недачула ўсіх яго слоў і, можа, не зразумела нечага важнага, але не хапіла духу перапытваць. Ён і без таго скардзіўся на дрэннае самаадчуванне.

Восенню, у кастрычніку, Уладзімір Андрэевіч прыехаў зноў, радасна гаманілі па тэлефоне, сказаў, што кнігу пра Таўлая трэба зрабіць на еўрапейскім узроўні, папрацаваць яшчэ ў архівах, але вось да архіва КДБ пакуль недаступіцца. “Я ж табе паабяцаў, што зраблю кніжку, разам будзем рабіць!” Потым пахваліўся, што трапіў на канцэрт Данчыка, і быў у захапленні, спадзяваўся, што і мяне там сустрэне, але пабачыў толькі некаторых супрацоўнікаў ды яшчэ нашага знаёмага хлопчыка: “Такі незвычайны, у белым…” Я хмыкнула, што не хацела б і гаварыць аб гэтым “прыгожанькім”. Прафесар рэзка адчаканіў, што хлопчык ёсць талент, якія рэдка сустрэнеш, і яго трэба берагчы! Я пагадзілася, што так, магчыма, і талент, але ж чалавек непрыстойны, а для мяне гэта асноўнае ў адносінах да людзей. Звычайна такія людзі свае таленты лёгка могуць загубіць, з-за чарноцця душы. Прафесар узвіўся, што гэта суцэльная лухта – які ён чалавек, хай ён робіць у жыцці што хоча, гэта ўсё потым акупіцца ў сто разоў! Я змоўкла. Мы ўжо не ўпершыню не маглі прыйсці да згоды “пра добрыя справы дрэнных людзей”, людзей канкрэтных, у якіх ён верыў як у “творцаў культуры”, а я не (мне так і не прыйшлося пераканацца ў адваротным за ўсё апошняе дзесяцігоддзе, і ад гэтага было і балюча).

Ён гаварыў і ўзгараўся ўсё больш і ўжо проста крычаў – пра натоўп, статак, быдла, якое нясецца, нічога не бачачы перад сабой, і топча жывое!

– Прабач, можа, я што і перавысіў, але гэта так, прымі гэта да ведама!! І ўсё, больш не будзем! Я стаміўся! Кладзіся і ты спаць і спі спакойна, – ён засмяяўся нервова і здзекліва і кінуў трубку.

Агаломшаная крыкам, неразуменнем, я да ночы ліла слёзы. І ў адчаі вінаваціла сябе – за тое, што іду да ўсіх з адкрытым сэрцам, як да блізкіх і родных, і таму кажу ўсё, што думаю. І не адзін ён ставіцца да людзей гэтаксама: галоўнае справа, а не чалавек, хай і дрэнны (ды ці дрэнны яшчэ!), але справу робіць! Ён не прымаў майго пераканання, што дрэнны чалавек рана ці позна добрую справу ці зглуміць, ці прадасць. І я вінаватая, асмельваюся (дзяўчынка-жанчынка!) мець сваю думку ды яшчэ не хаваць яе. А трэба ведаць сваё месца і быць ціхай і маўклівай. І не атрымліваць вось так наводмаш! Захацела справядлівасці, дзівачка, а мы не роўныя. Гэта мужчыны маюць права на першынство ва ўсім, а жанчыны – толькі на другія і падсобныя ролі. І мужчынскі шавінізм з іх падкоркі яшчэ ніхто не выняў.

Я цвёрда хацела навучыцца толькі аднаму – сумленна рабіць сваю работу і ні з кім больш не дапускаць ніякіх асабістых адносін, чалавечых, даверлівых. Жыві як крэпасць – пры ўсякім набліжэнні закрывай дзверы, лепей будзе табе, лепей будзе і іншым. Твая душа – твая крэпасць. І нічога не даказвай, а можа, і не ведай. Папярэджвала ж цябе сяброўка, жахаючыся: “Што ж ты ляціш кожнаму насустрач – душа наросхрыст?!” Шкадуючы, Наталля ў той раз запэўніла мяне, пасміхнуўшыся: “Не раві, крычаў дзядзя Валодзя – значыць, за сваю лічыць…”

У лістападзе 1989 года памёр Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі – і для мяне не проста яшчэ адзін паважаны чалавек, праз кнігі якога я асабліва адчувальна даходзіла да смаку, водару беларускага слова, спасцігаючы яго крынічную чысціню. На развітанні з ім у Доме пісьменнікаў здаля бачыла Івана Антонавіча Брыля з Нінай Міхайлаўнай і Уладзіміра Андрэевіча з Зосяй Міхайлаўнай. Каб і магла – не асмелілася б падысці да іх сама, яны хавалі найбліжэйшага свайго сябра. Пасля грамадзянскай паніхіды мы з Наталляй чакалі вынасу ў журботным натоўпе, як нечакана аднекуль з-за спіны падышоў нехта і ўзяў пад локаць: “Добры дзень, Наталька…” – сказаў ціхі голас. У такую хвіліну – ад шкадавання і спачування не змагла падняць галавы і толькі моўчкі паціснула яго руку ў адказ.

Праз паўгода, складаючы планы на 1991 год, зноў напомніла Калесніку пра заяўку на кнігу пра Таўлая, і ён даслаў заяўку, расчулены маім клопатам, але кнігу дапісаць усё не ўдавалася, так і не было доступу да партызанскіх архіваў. І Уладзімір Андрэевіч вырашыў здаць у рэдакцыю рукапіс іншай кнігі, якую назваў “Усё чалавечае”.

У наступны прыезд ён хацеў пагаварыць пра свой рукапіс і, як настойваў – пачуць маю думку, прасіў сустрэцца ў гасцініцы “Мінск”, разам паабедаць і вольна пасумовіцца. Сустрэліся мы прыязна, і я зноў амаль згубіла ўсялякую пільнасць, шчыра адказваючы на пытанні – як жыццё, як праца, што новага ў выдавецтве. Пасля страты Веры Сямёнаўны і вымушанага – з-за хваробы – звальнення Міхала Фёдаравіча Дубянецкага, якога я любіла і цаніла не толькі за дабрыню душы, але і за асаблівыя бясстрашша і крылатасць, якую ламалі і крышылі чужыя і, што страшней і агідней, “свае” навыварат, я асабліва балюча перажывала несумненна надыходзячы развал выдавецтва, такога слаўнага і таленавітымі людзьмі, і руплівымі супрацоўнікамі. Немінучая пагібель любімай справы душыла мяне смярдзючым пахам гніення, хлусні, подлай падмены, і я неабачліва абмовілася, што асоб, якія б рухалі пачэсную адраджэнскую справу, там амаль не засталося. І зноў атрымала наводмаш:

– Каб судзіць пра асобу, трэба самой ёю быць! Вось А. – чым не асоба?! Вучоны, крытык, прыстойны чалавек.

Не, сітуацыя была абсалютна невыправімая! І я проста рассмяялася.

– А Л.? Асоба? Мову ведае выдатна!

Я не пярэчыла, я дзёрзка рагатала. Гэта ён сам – Уладзімір Андрэевіч Калеснік быў асобай, яркай, сапраўднай постаццю беларускага Адраджэння, гэта ён меў права запальчыва дзяліць беларусаў на сваіх і чужых, на вартых увагі і нявартых, на здольных творцаў і пустадомкаў. І я сапраўды хацела ведаць сваё месца. За сабой я пакінула толькі адно права: любіць няродную мову, як сваю, шанаваць чужое, як роднае, не аддаваць душу крыўдзе, таму што такім, як Вера Палтаран, Фёдар Янкоўскі, Уладзімір Калеснік, Міхал Дубянецкі і іх сапраўдным аднадумцам, рупліўцам-паплечнікам, і пайшоўшым з жыцця, і жывым, было невыносна балюча жыць, працаваць, тварыць, бараніць і ратаваць ад канчатковай пагібелі найвялікшы неацэнны скарб роднага Слова, культуру, нацыянальныя дух і святыні. Мне не выпала іх долі, але і я ўжо ведала, даўно ніякая не дзяўчынка, што з людзьмі жыць – па-людску і плакаць (а то і выць)…

І над новай кнігай мы працавалі так, што ад мяне ляцелі пух і пер’е, і прыходзілася залізваць раны. А прафесар не саромеўся часам скупа павініцца. Дасылаючы праўкі ў рукапіс, павіншаваў: “…са старым новым (1992) годам і праваслаўнымі Калядамі, няхай сняцца Табе чароўныя сны, а ява стане ў годзе наступным больш разумнай. Прабач за грахі мінулага года. Прывітанне ад Зосі”.

Здароўе яго пагаршалася раз ад разу, але ніколі ён не забываў пазваніць, прыязджаючы па справах, сваіх і чужых. Кнігу перанеслі яшчэ на год, і калі ён пазваніў 1 студзеня 1993 года, голас яго быў ласкавы, ціхі і зусім сумны. Мне вельмі хацелася падвесяліць яму душу, і я абяцала, што карэктура кнігі будзе вось-вось.

– Бог з ёй, не хвалюйся так, будзе калі-небудзь, беражы сябе…

Апошні раз мы сустрэліся з Уладзімірам Андрэевічам у ліпені 1993 года на выставе беларускіх мастакоў з Пецярбурга, якія прыехалі на Першы з’езд Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ён быў з Валодзем Ягоўдзікам, яго вучнем і сябрам, з якім я праз яго і пазнаёмілася і з лёгкай рукі стала рэдактарам і яго кніжкі, якую рабілі лёгка, душэўна і па-сяброўску. Яны абдымалі мяне з абодвух бакоў, абодва ласкава жмурыліся і пасміхаліся, вельмавалі адзін “душыцелькай”, другі “сонейкам-рэдактарам”. Уладзімір Андрэевіч велікадушна падмасліваў, што “выжала” з яго кніжку лепшай, чым ён здаў, і абяцаў, што наступную мы зробім яшчэ лепшай. Цяпер яго лечыць гематолаг і стала трохі лягчэй.

Але надзеі нашы на паляпшэнне не спраўдзіліся, ён злёг. У размове па тэлефоне сказаў аднойчы сумна, але з мужнай прастатой:

– Параспачынаў столькі прац… але ўжо не паспею дарабіць…

І апошнія сілы аддаў Жылку. Перапрацоўваў “Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі” (1977), правіў, узнаўляў знятае некалі па цэнзурных забабонах, дапісваў новыя старонкі. Сабраў у адзін том найпоўную спадчыну паэта і пра паэта (успаміны і эпісталярый).

Падзвіжнік пра падзвіжніка…

Я веру ўсёй душой, што агонь незалежнай думкі, які нёс у сабе гэты незвычайны і таленавіты чалавек і мастак, пяройдзе па духоўнай спадчыне новым, светлым беларусам. І цемра яго не праглыне…

“СЛЕД НА ЦЭЛЫ ВЕК...”, або МАЕ СУСТРЭЧЫ З УЛАДЗІМІРАМ АНДРЭЕВІЧАМ КАЛЕСНІКАМ

Галіна Тычка

Нас пазнаёміў мой сябра і аднакурснік Валодзя Ягоўдзік напрыканцы 1987 года. (Сам ён пасябраваў з Уладзімірам Андрэевічам, калі жыў у Брэсце, прыехаўшы туды на працу пасля заканчэння філфака БДУ). Маё ж знаёмства з Калеснікам адбылося ў тлумнай лімаўскай рэдакцыі, дзе, дзякуючы дапамозе ўсяго таго ж ініцыятыўнага Валодзі, я стала працаваць у аддзеле крытыкі.

Уладзімір Андрэевіч досыць часта прыязджаў тады ў Мінск па розных навуковых і творчых справах і заўсёды на гадзінку-другую зазіраў у рэдакцыю, каб перадаць той ці іншы свой матэрыял альбо проста пагаварыць пра літаратурныя ды іншыя справы. У гэтых гутарках я прымала нязначны ўдзел. З той прычыны, што і літаратурнае жыццё, і саміх пісьменнікаў ведала слаба, больш з кніг, так бы мовіць, тэарэтычна. Славутыя творцы, якія заходзілі ў наш рэдакцыйны пакой і якіх я, нядаўняя студэнтка, ведала толькі са здымкаў у падручніках, выклікалі ў маёй душы амаль панічны страх. Здавалася, што я скажу абавязкова што-небудзь не тое, не адпаведнае моманту. Таму я больш маўчала і слухала. А Уладзімір Андрэевіч, між тым, уважліва прыглядаўся да мяне, усмешліва сачыў за рэакцыяй новай лімаўскай супрацоўніцы.

Неўзабаве ён падарыў мне сваю кнігу “Тварэнне легенды: Літаратурныя партрэты і нарысы” (Мастацкая літаратура, 1987) з наступным аўтографам:

“Галіне Казіміраўне Тычко – чыёй бездакорнай шчырасцю поглядаў на літаратуру і літаратурнае жыццё любуюся.

Мінск.

 Ул. Калеснік”.

Потым ён прыслаў мне ліст.

Паважаная Галіна Казіміраўна!

Высылаю Вам дзве папраўкі ў тэкст артыкула, які знаходзіцца ў Вас і, як мне перадаваў Ул. Ягоўдзік, мае быць надрукаваны ў “ЛіМе”. Вельмі буду ўдзячны, калі Вы пакажаце (асабліва ўстаўку да 19 старонкі) і пераканаеце рэдактара, што хоць нешта з гэтай устаўкі варта ўціснуць.

Устаўка да 25-ай старонкі толькі дае больш фактаў і канкрэтызуе сказанае, але асабліва нічога новага не ўносіць, так што глядзіце, варта з яе ўзяць нешта ці не.

Загадзя ўдзячны.

9.VІ.1988 г. Брэст    Ул. Калеснік

Я не магу зараз успомніць, пра якую канкрэтна публікацыю ідзе гаворка. Аднак ліст шмат гаварыў пра тое, з якой адказнасцю і творчай руплівасцю працаваў Уладзімір Андрэевіч над кожным сваім артыкулам, як не адзін раз вывяраў ён кожную сваю думку, узважаў кожнае сваё слова.

Гэты ліст стаў пачаткам нашага творчага супрацоўніцтва з Уладзімірам Андрэевічам. Потым усе яго артыкулы, якія друкаваліся ў “ЛіМе”, так ці інакш праходзілі праз мае рукі.

Праз пару месяцаў Уладзімір Андрэевіч даслаў мне яшчэ адзін ліст наступнага зместу:

“Брэст, 29.VШ.88.

Паважаная Галіна Казіміраўна!

Высылаю на Ваша імя кавалак рукапісу манаграфіі пра Брыля, які закранае пытанне ролі Талстога ў духоўным жыцці Заходняй Беларусі і ў станаўленні пісьменніцкага таленту Я. Брыля. Матэрыял гэты – з вялікім запасам для выбару. Многае з гэтага ў кнігу не ўвойдзе, скажам, раздзел ад 101 старонкі да 126, а таксама з біяграфічнага раздзелу шэраг тэм, якія тады, калі рукапіс пісаўся, выдаліся або лішне рызыкоўнымі, або не прычосанымі “педагагічна”. Калі Вам штосьці выдасца цікавым – друкуйце выбарачна, толькі адзначце ў падзагалоўку (“Урыўкі з кнігі пра Я. Брыля”). Прабачце, што завальваю рэдакцыю такім чцівам, дзе многа трэба будзе прачытаць дарэмна. Суцяшаю сябе тым, што прынамсі чытацца павінен матэрыял даволі гладка, без асаблівых зацёнаў.

Шчыра ўдзячны Вам за падказку. І не турбуйцеся, калі атрымаецца асечка. Захавайце, калі ласка, толькі рукапіс, асабліва з 100-й старонкі, бо гэтая частка мне будзе патрэбна для афамлення планавай навуковай тэмы (для В. Каваленкі).

Сардэчны прывет Уладзіміру Ягоўдзіку, ад якога я чуў тут, на Берасцейшчыне, толькі тэлефоннае рэха.

З павагай Ул. Калеснік”.

У гэты час у грамадска-палітычным жыцці краіны, а таксама і ў нашым рэдакцыйным жыцці адбываліся вялікія змены. Рэдакцыю “ЛіМа” ўзначаліў Анатоль Вярцінскі. І першым ягоным перабудовачным крокам стала арыентацыя рэдакцыі на працу з чытачом, на так званую зваротную сувязь. У штотыднёвіку адкрываецца новы аддзел, які так і называецца “аддзел пісьмаў і грамадскай думкі”. Менавіта публікацыі гэтага аддзелу – ліст віцебскага настаўніка (зараз вядомага пісьменніка) Франца Сіўко пра стан беларускай мовы і рэдакцыйны артыкул “Закон і вакол закона” як быццам адкрылі шлюз, праз які хлынула цэлая плынь чытацкіх водгукаў, дзе выказвалася абурэнне і спрадвечная крыўда беларусаў за занядбанне роднай мовы, нашай нацыянальнай годнасці. Па ініцыятыве галоўнага рэдактара здымаецца з першай лімаўскай паласы трафарэтна абавязковы для ўсіх тагачасных выданняў дэвіз-лозунг: “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”, і яго месца займаюць славутыя купалаўскія радкі “Людзьмі звацца” (якіх, на жаль, няма сёння на старонках “ЛіМа”).

Адраджэнцкая скіраванасць тагачаснага “ЛіМа” выклікае цікавасць да нашай гісторыі, патрэбу перагляду многіх яе старонак. Уладзімір Калеснік быў адным з тых нешматлікіх аўтараў, які не толькі пісаў пра гісторыю беларускага Адраджэння, але і сам быў гэтай гісторыяй. Таму і галоўны рэдактар, і рэдакцыйныя супрацоўнікі, і чытачы з нецярпеннем чакалі кожнай яго новай публікацыі, яго ўсхваляванага і разам з тым узважанага слова. Але публічна гаварыць тое, што думаеш, у тыя часы было няпроста. Кожны лімаўскі нумар перад выхадам у свет кантралявала палітычная цэнзура, якая выкрэслівала няўгодныя імёны, здымала цэлыя абзацы з артыкулаў, а то і ўвогуле цэлы матэрыял. Менавіта пра гэта і ідзе гаворка ў наступным лісце Уладзіміра Андрэевіча:

“Паважаная Галіна!

Высылаю на тваё саліднае імя дапрацаваную старонку 7(а) рукапісу ”Роздум на пожні”. (Можаце назваць “Роздум у бураломе”), выцягні тую, што там ёсць і ўстаў гэтую, яна больш дакладна характарызуе палітычную сітуацыю пасля разгрому БСДГ у канцы 20 – пачатку 30-х гг. Для мяне гэта важна. Не хачу, каб прыдзіркі палітычнага характару змазалі маю маральна-філасофскую пазіцыю, якая складае тэму і сэнс артыкула.

Гэта ўсё на выпадак, калі Вярцінскі згадзіцца друкаваць тэкст.

З прывітаннем    Ул. Калеснік

11.ХП.1988.”

Безумоўна, А.І. Вярцінскі надрукаваў той матэрыял. Варта сказаць увогуле, што дзякуючы яму, яго пашанотнаму стаўленню да Калесніка, я магла выконваць просьбы Уладзіміра Андрэевіча аб замене таго ці іншага абзаца ці нават старонкі ва ўжо падрыхтаваным матэрыяле. Такія замены ламалі ўжо звёрстаны макет нумара, а ў тыя часы, калі камп’ютараў яшчэ не было і ў паміне, гэта прыносіла шмат складанасцяў тэхнічнага плану. Але ж публікацыі былі вартыя таго...

З Уладзімірам Андрэевічам мы звычайна сустракаліся ў рэдакцыі “ЛіМа”, куды ён заходзіў пасля наведвання Акадэміі Навук ці якой іншай установы. Аднойчы напрыканцы лета ці на пачатку залатой восені, восемдзесят восьмага, здаецца, года, ён прыйшоў у “ЛіМ” раней звычайнага. Мяне ў той час турбавалі шматлікія праблемы жыццёвага парадку, і, відаць, гэтыя праблемы ды клопаты адбіваліся на маім твары, бо, пасядзеўшы крыху, Уладзімір Андрэевіч са спачуваннем спытаўся, ці хутка я скончу працу і ці магла б я раздзяліць з ім яго запознены абед перад ад’ездам дадому ў Брэст. Працы пільнай не было, і я пагадзілася.

Мы выйшлі з рэдакцыі і пешшу, размаўляючы, ішлі па цяперашнім праспекце Францішка Скарыны ад плошчы Перамогі ў бок вакзала. Абедалі мы ў рэстаране гасцініцы “Мінск”. Сядзелі каля вакна, пілі сухое белае віно, размаўлялі, паглядаючы на няспынную людскую плынь за вакном. Потым выйшлі на вуліцу і, паколькі да адыходу цягніка заставалася яшчэ досыць шмат часу, пасядзелі ў прывакзальным скверыку.

Не памятаю ўсяго, пра што мы тады з ім гаварылі. Ён, відаць, заўважыў мой сумны настрой і па-бацькоўску далікатна распытваў пра мае праблемы. Галоўнай маёй бядой тады была адсутнасць уласнага жылля. Помню, што ён прапаноўваў мне пераехаць у Брэст, перайсці на выкладчыцкую працу, абяцаў дапамогу ва ўладкаванні. Але я адмовілася, і ён не настойваў.

Недзе праз год-паўтара я пакінула працу ў лімаўскай рэдакцыі, бо выйшла замуж, нарадзіла дачку і займалася яе выхаваннем...

У сакавіку 1991 г. Ягоўдзік прывёз мне з Брэста прывітанне ад Уладзіміра Андрэевіча і яго кнігу “Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці” (Мн.: Народная асвета, 1990) з наступным аўтографам:

“Галіне Казіміраўне Тычцы – багіні Гебе на беларускім Парнасе – кніжку пра Зевеса, якога мы шануем.

3.VІ.1991

Брэст.    Ул. Калеснік”.

Разам з ёй быў наступны ліст:

“3 сакавіка 1991.

Дарагая Галіна Казіміраўна!

Віншую Цябе са шчасцем мацярынства, са споўненым абавязкам, жадаю светлага, змястоўнага і шчаслівага жыцця тваёй малечы! Няхай стане тым, кім быць захоча, і будзе ў радасць ёй і праца, і абавязак, і цяжкасці, без якіх жыццё не мае паўнаты.

Шчыра рады, што спадарынька выйшла на работу. З прыемнасцю забягу ў рэдакцыю, якая без цябе і без Уладзіка неяк апусцела. Пішы, даражэнькая, пра літаратуру, бо ў “ЛіМе” задужа палітыкі, замала эстэтыкі, як на мой старэчы густ. Рады, што мая пісаніна трапіла ў твае залатыя рукі і пад дотыкам чарадзейных пальчыкаў ачысціцца ад шурпацін і сукоў. Сам убачыў пасля прыезду дамоў, што канец у другой частцы артыкула зашылены, і перарабіў. Пачытай, і калі ён лепшы за той – устаў.

Па недаглядзе выпаў у часе перапісвання на машынцы і адзін абзац са старонкі 4-й (уставіць трэба пасля першага абзаца перад словамі: “Першы этап”).

Быў бы вельмі ўдзячны, каб спадарыня не палічыла за назолістасць і выслала той рукапіс першай часткі – тое, што не ўвойдзе ў публікацыю – яго чытаў Брыль і Гіль, то, напэўна, зрабілі каштоўныя для мяне паправачкі, а я хачу змясціць гэты матэрыял як працяг “Пражскага эпісталярыя” ў сваю юбілейную кніжку.

З прывітаннем Ул. Калеснік”.

На жаль, Уладзімір Андрэевіч памыляўся. На працу ў той год я не выйшла, і ўвогуле больш у лімаўскую рэдакцыю не вярнулася. З красавіка 1993 года стала працаваць рэдактарам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства ў часопісе “Полымя”. Але і тут нашае творчае супрацоўніцтва з Уладзімірам Андрэевічам працягвалася. З гэтых часоў у маім архіве захаваўся ўсяго адзін недатаваны ліст У.А. Калесніка, які, як я зараз мяркую, быў дасланы разам з тэкстам артыкула “Паэтаў лёс і воля-вольніца”. Гэта быў творчы партрэт Алеся Каско, пра якога і ідзе гаворка ў лісце. Артыкул надрукаваны ў 12 нумары часопіса “Полымя” за 1994 год. Значыць, ліст гэты пісаўся недзе прыкладна ў ліпені-жніўні 1994 года.

“Дарагая Галіна Казіміраўна!

Дзякую табе за клопат пра мой артыкул: вельмі далікатна была зроблена рэдакцыйная праўка. Я сам некалькі разоў, дзякуючы зычлівасці Зосі, перапісваў першапачатковы тэкст, таму макра паправак у мяне няма. Памяняў некалькі слоў са стылёвых меркаванняў. Алесь высветлены даволі поўна, так што задача, якую я ставіў, цалкам выканана.

Перадай маё слова ўдзячнасці Вашым рэдакцыйным работнікам, якія прычыніліся да паляпшэння матэрыялу.

Жадаю Вам творчых поспехаў і паспяховага выратавання ад прэзідэнцкіх сатрапаў, якія хочуць пусціць літаратурныя выданні на самапас.

З прывітаннем Ул. Калеснік”.

Гэта быў апошні ліст Уладзіміра Андрэевіча да мяне. Неўзабаве яго не стала. Я не была на яго пахаванні, і не была на яго магіле. Таму мне цяжка ўявіць, што яго ўжо няма на гэтым свеце – гэтага высакароднага рамантыка і рыцара Беларушчыны.

Ды ведаю – нашы сустрэчы з Уладзімірам Андрэевічам не былі выпадковасцю. Гэта быў падарунак лёсу. Падарунак дзеля майго сталення, майго духоўнага росту. Дзеля еднасці нашых ідэалаў, нашых адраджэнцкіх памкненняў.

Я ГАМАНЮ 3 ЯГОНАЮ ДУШОЙ...

Ніна Мацяш

Адзін французскі святар, віншуючы маладых са шлюбам, казаў: “Перш чым вы сустрэліся і сярод мноства людзей выбралі адно аднаго, вас выбраў Бог; будзьце ж годныя дарунка Божага; у жыцці ўсяляк бывае, але як бы ні складваліся жыццёвыя варункі, і ў радасныя, і ў цяжкія хвіліны свае не забывайцеся падзячліва думаць адно пра аднаго: “Чым я заслужыў ці заслужыла цябе?” Гэтая ваша шчырая ўзаемная ўдзяка і хвала Богу за пасланага спадарожніка жыцця заўсёды паможа вам адолець усе перашкоды, годна вырашыць усе вашыя праблемы”.

Спаміж найдарожшых людзей, да якіх найчасцей ляціць падзячлівае і маё – “Чым я заслужыла цябе?”, – Уладзімір Андрэевіч Калеснік.

Ладны, абаяльны, разумны, раскаваны і вонкава пэўны самога сябе. Ён і бянтэжыў мяне (ды ці адну мяне?!), і прыцягваў – сваёй выключнай эрудыцыяй і дасціпнасцю, моцай нейкага геданістычнага духу, актыўным жыццялюбствам, ураўнаважаным высокай эстэтычнай мерай у падыходзе да жыцця і ацэнцы ўсемагчымых ягоных праяваў. Вартая подзіву была Ягоная здольнасць спраўляцца з безадхланнем самахотна ўзваленых на свае плечы і душу абавязкаў – выкладчыцка-асветніцкіх, літаратурных, грамадскіх, побытавых. Часам Ён дазваляў сабе паскардзіцца на фізічную і нервовую перагрузку (“Падбіўся ў дарозе”...), аднак ніколі не даваў сабе паслабкі, хоць якога пярэдыху, хіба што зрэдчас “адпачываў” з фотаапаратам у руках, з пэндзлем за мальбертам, з разцом, апрацоўваючы падабраны ў лесе незвычайны формаю корань ці сук, з сякерай, пілой ды гэблікам, ладзячы гараж ці будан і ўлягаючы ва ўсё гэта з поўнай самааддачай. Яму ўдавалася літаральна ўсё: і настаўніцтва (прафесарам Калеснікам створана, па сутнасці, свая школа педагагічнага майстэрства), і росшук ды гуртаванне схільных да літаратурнай дзейнасці берасцейцаў (намаганнямі пісьменніка Калесніка ўтварылася і працуе абласное аддзяленне СП), і налада сяброўства літаратараў Берасцейшчыны і Валыні (традыцыя сумесных творчых паездак і сустрэч з жыхарамі нашага памежжа і цяпер прагне працягу). Як пачаткоўцы, так і сталыя паэты ды празаікі ўважалі за гонар апынуцца ў коле зацікаўленняў Калесніка-крытыка і літаратуразнаўцы – фенаменальна дасведчанага даследчыка і аналітыка плыняў і з’яваў “прыгожага пісьменства”. Неардынарнае мыслярства шчасліва спалучалася ў ім з узнёслым рамантызмам: побач з Уладзімірам Андрэевічам не было холадна нікому. Праўда, нікому не гарантавалася і няўзрушнасць ідылічнага ўтулля: ходзячы зблізку каля агню, чалавеку надараецца і апячыся... А ў магнітным полі гэтай самабытнай Асобы была, бадай, не адна тысяча людзей: настаўнікі (калегі ды выхаванцы), творчыя людзі (і не толькі Беларусі), партызанскія сябры, дзяржаўныя службоўцы, суседзі ды землякі... Свяцільня духу Уладзіміра Андрэевіча Калесніка слала кожнаму тое, у чым хто меў найнеабходнейшую патрэбу: з каго злятала, хоць на пэўны момант, самадурства ды пыха, каму дадавалася веры ў патэнцыял нацыянальнай культуры, хто набываў непасрэдную дапамогу ці маральную падтрымку ў скрутных будзённых абставінах: душа Настаўніка расхіналася насустрач цэламу свету з усёй яго зямною нэндзай і высокай Красою. “Кругласутачная вахта” стамляла, хацелася “пераключыцца на чыста інтэлектуальныя заняткі, а заняткаў накапілася горы, – прызнаваўся ў адным з лістоў Уладзімір Андрэевіч. – Зрэшты, Арыстоцель лічыў, што самымі шчаслівымі істотамі ў свеце з’яўляюцца багі і філосафы, бо тыя і другія вядуць сузіральнае жыццё, а не дзейснае”.

Ды ўявіць Уладзіміра Андрэевіча сузіральным пустэльнікам проста немагчыма. Ягоная магутная актыўная натура палымнела чалавечай і люд-ской устурбаванасцю і не магла мірыцца з тленнем іншых, а пагатоў творчых людзей: “сумны цень кідае на наша творчае жыццё гэтая няшчасная вульгарная гарэлка”; “хоць завый ад бяссілля людзей – гэтых таленавітых самагубцаў”; “сэрца кроўю абліваецца за згубленыя магчымасці”; “няхай у новым годзе свет будзе менш дзіўным”... I Сам рабіў усё, што мог, каб прыўнесці ў гэты разладжаны свет хоць трохі гармоніі і дабраты.

Усе мы дачасныя на зямлі, ды не выпадковыя тут істоты. I кола нашых чалавечых узаемінаў таксама не выпадковае. Гэтак трэба было Жыццю, культуры, літаратуры беларускай, духоўнасці грамадства і зямлі берасцейскай, каб менавіта на ёй з’явіўся і плённа дзеяў магутны духоўны магніт у асобе Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Гэтак трэба было, каб Ён стаўся і маім духоўным Бацькам і Братам. Звыш чвэрці стагоддзя я адчувала Ягоную паўсякчасную падтрымку.

Ды лепш няхай з голасу самога Уладзіміра Андрэевіча пачуецца ды ўбачыцца, кім Ён быў у маім жыцці. Перапрашаю чытачоў, што мушу быць нясціплай, разгалошваючы датычныя мяне завышаныя ацэнкі Настаўніка. Прагну, каб чытацкая ўвага засяродзілася на ісцівым прызначэнні публікацыі гэтых фрагментаў з лістоў Уладзіміра Андрэевіча: паўней выявіць, якім чулым, уразлівым, шчодрым на дабрату і зычлівае слова быў Ён, як блізка да сэрца прымаў усё, што адбывалася ці магло адбыцца са мною, як далікатна і мудра навучаў мяне чалавечай годнасці.

“Мілая Ніна! Усё ў душы пераварочвалася, калі мы тут даведаліся пра здарэнне з Табою і сястрою (у 1973 г. мы трапілі ў аўтакатастрофу, сястра загінула. – Н.М.). Сапраўды, нейкія дзікія жарты лёсу, выпрабаванні зусім неймаверныя нават у нашу трагічную эпоху. Не ведаю, якою Ты станеш пасля таго, як паправішся і пачнеш працаваць, але веру, што здолееш выгнаць з душы бяссільную крыўду і горыч на сляпыя прыхамаці лёсу. Ты дастаткова загартаваная, каб не зламацца і не сагнуцца, дастаткова мудрая, каб разумець, што жыццю прымальна толькі тое, што рухае яго, развівае стваральныя сілы...” (23.ХІІ.73).

“...Вярнуўшыся з Гродна, дзе сядзеў на вельмі цяжкім судовым працэсе (працэс над карнікамі, якія знішчалі Хатынь), быў усцешаны Тваімі віншаваннямі і галоўнае звесткамі, што ў Цябе ўсё пакрысе ідзе на норму. Жадаю Табе хутчэй паправіцца і засесці за рабочы стол...” (5.III.74).

“...Давялося некалькі разоў з прыемнасцю гаварыць пра Тваю творчасць, а “Берасцейскае вогнішча” спадабалася “Дружбе народаў” і, відаць, дойдзе справа да друку – гэта, зразумела, дзеля вас, маладых та-лентаў...” (6.XI.74).

“...Рады, што не маеш часу сумаваць, але калі знойдзецца вольная хвіліна, пацеш вока альбомам Манэ, які Табе высылаю...” (8.Ш.75).

“...Шлі свае балтыйскія вершы. Праўда, са старонкамі ў нас бяда, у “Зары” цяпер такая неспрыяльная атмасфера, што Івану Кірэйчыку яе не ацяпліць. Я ўжо падымаў шум у абкоме супраць рэдактара, але толку мала. Відаць, справа не палепшае ажно да нейкай персанальнай перамены ў складзе рэдакцыі ці хоць бы ідэалагічнага аддзела. Мне самому цікава, што вычаравала з Цябе Юрмала – сосны і мора. Хоць цяпер я ўжо ўзяўся за гісторыю літаратуры і сяджу над Жылкам, потым думаю ўзяцца за Таўлая, Танка і Брыля, але ж сваіх крэўных паэтаў берасцейскіх нельга абыходзіць увагай. Буду і далей рэцэнзаваць новыя зборнікі, каб калі-небудзь перавыдаць “Берасцейскае вогнішча” дапоўненым. Дарэчы, учора Разанаў прыслаў мне сігнальны экз. “Зорнага спеву”, дзе вогнішча займае 1/3 частку тэксту. Выдаў добрую кніжку вершаў Міхась Рудкоўскі “У краі тым...”, куды ўвайшлі выбраныя яго ранейшыя вершы і некалькі новых. Каб ад мяне залежала, я б даў яму Купалаўскую прэмію і без скідак...” (24.ІХ.75).

“...Віншую Цябе з дзіцячаю кніжкаю. (Казка “Два браты і сякера”. – Н.М.). Прызнацца, чакаў гэтага, чакаў, прыгадваючы, як хораша ты гуляла з пляменнікам, калі мы з Васілём наведваліся да Цябе ў Нівы. Кніжка ў цэлым харошая, як на першую – аж надта, пачынаючы з другой старонкі тэксту, я не змог да яе прыдрацца. Усё ідзе так натуральна і хораша і зацёпіста і ясна, як у народнай паэзіі. Але першая старонка мяне была насцярожыла. “Распісвалася” Твая ручка даўгавата. Для перавыдання я раіў бы Табе перарабіць гэты пачатак. ... Няўдала і тое, што ён, чалавек, як відаць, тонкай душы і сціплы і сумленны, пакланяецца толькі зямлі, а не небу. Зямлі хутчэй павінен пакланяцца, як я разумею, старэйшы брат, нездарма ж у народзе гавораць пра прагавітых і скнарыстых “зямля ты ненаежная”. Зямлю ты пераідэалізавала, яна ў Цябе і настаўніца: “А зямля вучыла быць і нясквапным, і цярплівым” – гэта не так: улада зямлі і ўлада цьмы – з той жа бочкі, Ніначка, зямля ва ўмовах уласніцтва – вучыцелька каварная, яна вучыць прагнасці і эгаізму і чаго хочаш, толькі не “нясквапнасці”. Вось і канец старонкі, якую трэба перарабіць. Шкада, што не прыслала мне рукапісу ў свой час, можа б падзейнічалі мае прыдзіркі...” (14.XI.75).

“...Думаю, што Твае сумненні наконт таго, ці не будзе сама-надзейнасцю пісаць твор па матывах легенды, расказанай Янкам Купалам, – выкліканы лішняй далікатнасцю. Калі ў паэзіі нават пераклад лічыцца самастойным творам, дык чаму наследаванне ці тым больш выкарыстанне сюжэтнай канвы мае быць чымсьці непрыемным ці нясціплым. Наадварот, калі ступень і характар выкарыстання першапачатковага тэксту ўказаны (ці ў загалоўку, ці ў падзагалоўку, ці ў эпіграфе) – дык гэта здымае ўсякія мажлівыя дакоры таму, хто піша перайманне, вольны пераклад ці свой варыянт твора, падказаны папярэднікам. Што датычыць аўтара першаўзору, дык для яго гэта чэсць і форма прызнання, калі наступнікі спрабуюць па-свойму інтэрпрэтаваць яго задумы ці карціны. Толькі такім шляхам у рэшце рэшт і жывуць літаратурныя вобразы. Без абнаўлення яны пераходзяць у сферу гісторыі літаратуры, мярцвеюць для сучаснікаў...” (24.1.76).

“...Добры і верш “Не ў Рым вядуць дарогі”, хоць трывога дзяўчыны за даўгавечнасць кахання і шчасця выказана крыху занадта “інтэлектуальна”, мудра, а любоў, даўно вядома, – дурненькая, і чым больш яна дурная, тым больш трывалая і, я б сказаў, цудоўная, прыгожая...” (17.П.76).

“...Заадно хачу Табе параіць не абгароджваць сваёй асабістай інтымнай сітуацыі частаколам жыццёвай мудрасці. У Тваёй сітуацыі не можа быць месца трафарэту. Трэба прымаць факты як яны ёсць і дзякаваць лёсу за тое, што ёсць, а не планаваць нейкую мадэль вечнага кахання і мнагадзетнай сям’і. Каварства такой планавай гаспадаркі ў сферы інтымных адносін вядомае – плануючы вечнае і абмяжоўваючы дачаснае ў імя вечнага, не атрымаеш ні таго, ні другога ў поўнай меры. На маю думку, лепш мець поўную меру дачаснага, чым крохі ілюзіі на вечнае. А галоўнае тое, што Твой каханы павінен быць чалавекам незвычайным! I толькі стаўка на гэтую незвычайнасць мае сэнс. Яна якраз і дасць моцнае і трывалае пачуццё, моцную сувязь, да якой імкнуцца людзі, асабліва жанчыны. Жадаю Табе такога кахання і веру, што яно такім і будзе. Толькі менш мазгуй і менш бойся...” (30.ІХ.76).

“...У Мінску чуў добрую навіну, што Табе прадоўжылі прабыванне ў санаторыі яшчэ на адзін тэрмін. Шэрман з кампаніяй збіраюцца падскочыць на саюзнай машыне да Цябе ў адведкі. Так што чакай гасцей, а галоўнае – гімнастыкуйся і памятай пра асноўную службу. Тут у нас намячаецца абласная сустрэча пісьменнікаў з начальствам. Я хадзіў па справах пісьменніцкіх да Мацюшэўскага, і той падаў мне гэтую ідэю. Мне хочацца, каб на сустрэчу прыехала і Ты, будзе добры момант для мяне падняць пытанне аб павелічэнні Табе пенсіі, таму пастарайся паведаміць мне, калі Ты вернешся і калі зможаш прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве...” (27.ХП.81).

“Мілая Ніна! Рады быў атрымаць ад Цябе пісьмо, хоць і навіны, і настрой у Цябе не вясновыя, але, думаю, гэта ўсё пройдзе, для панікі няма падстаў. Усе перажываюць станы смутку і расчаравання, калі нешта аказваецца недасяжным... Адным словам, мілае дзіцятка, перастань эксперыментаваць над сваім целам, змірыся і задавальняйся тым, што ёсць. Чалавек можа і да горшага прывыкнуць і не адчуваць сябе нешчаслівым, варта толькі ўгаварыць самога сябе. ...Адным словам, Ніна, трымайся ў сваёй стыхіі, памятаючы пра дыялектыку, паводле якой усё на свеце ўзаемазвязана і ўсякія абмежаванні і недамаганні ці немагата –кампенсуюцца.

Я гэта заўважыў па сабе, калі цэлы месяц хварэў грыпам, які паў мне на твар і прымусіў разразаць шчаку, а потым мучыцца неймавернай слабасцю і немагатой што-небудзь рабіць, пісаць, нават чытаць. I адклаў я справы. Не адпісаў яшчэ (больш месяца) энцыклапедыстам, не завізіраваў тэкстаў сваіх артыкулаў, не напісаў пра рамантызм, перастаў пісаць самую трагічную кнігу сваёй партызанскай маладосці “Рэквіем Зіне” – адным словам, вызваліўся. Спачатку перажываў, палохаўся, а потым звыкся і вось пачынаю ажываць і з ахвотаю пішу да Цябе гэты ліст, жадаючы ў душы, каб і Цябе хутка наведала ранейшае жаданне жыць і працаваць, пісаць вясёлыя вершы. Вось пастаўлю машыну на калёсы, дык прыеду і прачытаю Табе натацыю!..” (27.Ш.85).

“Дарагая Ніна! З Новым годам, з новымі задумамі і здзяйсненнямі, з новымі гіпотэзамі шчасця і сэнсу быцця! Гоюся і адыходжу ад абурэння і крыўды, якая агортвае, калі чалавек вымушаны пераварваць штодзённыя горы хлусні, вульгаршчыны, ідэалагічнага махлярства і немаведама якіх яшчэ сюрпрызаў нашага “пераходнага” чысцілішча. Рады, што закончыў, аддаў сварлівы артыкул у “Вячэрні Брэст” і нарэшце прайшоў у царства Апалона, дзе Ты прадзеш сваё мудрае і далікатнае прадзіва. Чытаю і думаю: вось гэта і ёсць тое жывое, што можа збавіць чалавецтва ад самагубных і душазгубных інстынктаў...” (28.III.92).

“...Так што стой на варце. Абнімаем, цалуем. Зося і Ул. Калеснікі”. (30.XП.1993).

Апошнія радкі – з апошняй да мяне паштоўкі падараванага Богам Настаўніка і Сябра.

Больш Ён ужо не напіша мне, не патэлефануе, не прыедзе. Ніколі.

Бо мусіў адысці – за мяжу ўявімага.

Каб ужо АДТУЛЬ па-ранейшаму аберагальна свяціць і мне. Заўсёды.

Гаманю з Ягонай душою.

“БУДЗЬ САБОЮ!..”

Васіль Жуковіч

…Я развітваўся з Берасцем у 1972 годзе. На развітальным вечары, які адбыўся па ініцыятыве Уладзіміра Андрэевіча і сябрыны найбольш актыўных тады літаратараў, ён, кіраўнік літаб’яднання, адчуў маё хваляванне, калі наблізіўся час майго ад’езду, падышоў да мяне, абняў рукою за плячо і пастараўся лагодна-жартаўлівым голасам супакоіць:

– Ну, што ты, не хвалюйся. Будзеш у Мінску тузом, а мы будзем прыязджаць да цябе...

У Мінску ўтварылася выдавецтва “Мастацкая літаратура”, куды я (пасля пасады літкансультанта ў маладзёжнай газеце) быў прыняты М.Г. Ткачовым у аддзел, якім кіравала А.С. Васілевіч.

З Берасцейшчынай сувязі не парываліся. Ездзіў на радзіму і ў сталіцы сустракаў пісьменнікаў-землякоў. Ліставаліся. Уладзіміра Андрэевіча стараўся залішне не турбаваць, але раз-два на год пасылаў лісток ці паштоўку разам з новымі вершамі. Ад яго атрымліваў лісты, поўныя ўвагі і цеплыні. Ніводзін мой твор не заставаўся незаўважаны крытыкам. Не ведаю, дзе бралася цярпенне, каб дэталёва разглядаць кожны верш, суправаджаючы канкрэтныя парады тэарэтычнымі ўстаноўкамі і развагамі накшталт вось гэтай: “Асабісты вопыт жыцця паэта – гэта аснова арыгінальнасці, жыццёвасці і эстэтычнай каштоўнасці твора”. Зазвычай лепшае з дасланага ён адносіў у рэдакцыю абласной газеты, дзе рэгулярна друкаваліся літстаронкі. Са мной настаўнік дзяліўся сваімі клопатамі, планамі. Радкі з ліста (20.12.73): “Выслаў я нарэшце рукапіс кніжкі артыкулаў, набралася 470 стар. машынкі, прыкладна трэцяя частка гэтага матэрыялу – яшчэ сырэц. Над ім думаю працаваць, пачынаючы з другой палавіны студзеня і аж да завяршэння справы. Цяпер сяджу над раздзелам да нашай агульнай кнігі. (Гаворка – пра кнігу “Я з вогненнай вёскі...” – В.Ж.) Трэба яшчэ будзе парабіць здымкі. Работы – процьма, а з сіл ужо выбіўся. Дажыць бы да Новага года, а там, можа, лягчэй пойдуць справы”.

Перарываю таропкія радкі ліста, якія мне нагадалі лінію высокага напружання, каб звярнуць увагу чытача: у лісце гаворыць творца, але маўчыць выкладчык, загадчык кафедры педагагічнага інстытута, установы, дзе яму штодня быў забяспечаны фронт асноўных абавязкаў. Тут была перадавая, дзе ішло змаганне за годнасць будучых настаўнікаў. Высокапрафесійны пісьменнік з вытанчаным педагогам у адной асобе вымагалі ад асобы-унікума зашмат высілкаў. Трэба дадаць, што пры гэтым прывычна цягнуўся воз грамадскіх нагрузак, такіх, як, напрыклад, кіраванне літаратурным аб’яднаннем Берасцейшчыны.

Далейшыя радкі ліста Уладзіміра Андрэевіча акурат і выяўляюць яго жывую заклапочанасць лёсамі літаратараў. Найперш – лёсам Н. Мацяш (пасля катастрофы, у якой загінула сястра Люба, яна, пакалечаная, трапіла ў шпіталь у горадзе Бярозе): “...Ніна папраўляецца, але канчатковае выздараўленне яшчэ не скора, праляжыць некалькі месяцаў. Цяпер, натуральна, яна сябе вельмі блага адчувае маральна, хочацца нейкіх звестак са знешняга свету, ад дюдзей. І не ведаю, як туды выбрацца, столькі тут работы. Трэба будзе напісаць хоць ліста, як казаў нябожчык Засім.

Тут у нас усе сталі нейкія залётаныя, нікога не чуваць і не відаць, як у нейкім віры бізнеса, хоць ніхто не робіць ніякага выгаднага гішэфту. (Амаль чыстая копія сучаснага жыцця! – В.Ж.). Маю на стале рукапіс новай аповесці Святланы Курылёвай, але яшчэ не чытаў.

Прыемна было сёння атрымаць “Полымя” і прачытаць вершы Твае і Міхасёў (Міхася Рудкоўскага. – В.Ж.) – дай бог часцей. Харошыя вершы.

Цісну руку. Прывет усім сябрам і знаёмым, а тваёй шэфіні і Палтаран – персанальна.

Ул. Калеснік”

Як бы ні быў заняты, Уладзімір Андрэевіч заўсёды быў гатовы сустракацца, сябраваць сем’ямі, пра што красамоўна гавораць такія канцоўкі лістоў: “Прывітанне тваёй гаспадыні. Будзеце ў Брэсце – заходзьце як дахаты”; “Рады будзем бачыць Цябе і Тваіх у нашай хаце”; “Бывай, не забывай, заходзь”...

Шчасціла мне бачыць і чуць шаноўнага творцу і ў ролі вядучага той ці іншай вечарыны, радыё- і телеперадач, і ў ролі прамоўцы ў часе беларуска-ўкраінскіх сустрэч, і ў ролі тамады. Выдатны імправізатар меў цудоўную памяць, тонка валодаў пачуццём гумару, заўсёды ад яго можна было пачуць арыгінальныя думкі.

У кастрычніку 1975 г. у лісце да мяне ён пісаў: “...нават талент М. Танка не застаецца нязменным, узрост робіць сваё, і паэтычнасць як таямнічы дух паэзіі пераходзіць і ў яго са сферы эмацыянальна-валявой у сферу інтэлектуальную, мысліцельна-сузіральную, асноўным тыпам вобраза-ацэнкі становіцца парадокс, які будзіць розум, а не метафара, якая бударажыць эмоцыі”. Натуральна, галоўны яго клопат быў пра літаратуру і тых, хто з ёю звязаў сваё жыццё. Радкі з ліста (01.11.76): “...займай добры кабінет у новым будынку выдавецтва, каб можна было зайсці нашым берасцейцам ды, як кажуць, у спакойнай і дзелавой абстаноўцы абмеркаваць рукапісы новых кніжак і г.д. Ходзяць чуткі, што скора павінна быць адкрыта ў нас абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў – вось каб выцерпеў у Брэсце да таго часу, дык мы б Цябе выбралі старшынёю і меў бы процьму вольнага творчага часу і самастойнасць дзеяння”. Далей – аб творчым росце юных і маладых: “Значна падняўся над аматарскім узроўнем Каско.., прыкметна вырасла Зіна Дудзюк... Але нешта заціхла Ніна Гарагляд”. Затым – пра абмеркаванне на факультэце кнігі А. Разанава. І толькі пасля – пра сябе: “Я заняты дапрацоўкай рукапісу кнігі пра Жылку і рамантызм і зусім выбіўся з сіл. Засталося дапрацаваць яшчэ адзін раздзел. Божа, дай мне сілы”. Шчыры чалавек расказвае і пра тое, што радуе, і пра тое, што баліць і засмучае. З наступнага ліста (1 мая 1977): “...я быў наэлектрызаваны аперацыяй абразання, тым больш што рабіла гэтую аперацыю кабета. Кніга выйдзе як авечка абскубаная трыма стрыгунамі, якія выпрабоўвалі на ёй ножніцы... Не шанцуе беднаму Жылку нават і пасля смерці. Усё жыццё быў невязучым і пасля смерці застаўся такім”. Уладзімір Андрэевіч у гэтым жа пісьме паведамляў пра тэлеперадачу аб літаратурнай Брэстчыне: “Паглядзі, скажаш свае ўражанні”. Кожны выхад на Мінск быў падзеяй, і яму, вядучаму перадачы, было важна пачуць, найперш ад блізкіх яму людзей, які будзе рэзананс. Яшчэ ён даваў тут параду мне (бо я з ім падзяліўся нечаканай навіною: тадышні галоўны рэдактар “Полымя” запрасіў мяне на працу ў аддзел прозы): “Не згаджайся ў “Полымя”, бо там няма ніякіх перспектыў, будзеш чарнарабочым у Пташнікава, давядзецца пералапачваць сотні аркушаў пасрэднай пісаніны, бракаваць і выкідаць у кошык – занятак малацікавы, тым больш што проза не твой пакуль што профіль”.

Пісьмы У. Калесніка сведчаць як пра яго напружанае творчае жыццё, так і пра натуральную прагу быць дасканалым даследчыкам. Радкі з ліста (12.08.78): “...каб напісаць раздзел пра Скарыну, давялося перачытаць усю біблію, занятак цікавы, хоць і не лёгкі. Дарэчы, пасля захопленых выказванняў М. Горкага пра біблію як пра літаратурна-мастацкі помнік у нас ніхто нічога не пісаў. Скарынінскія каментарыі дазваляюць зрабіць шэраг цікавых назіранняў і ацэнак. Не ведаю толькі, ці пройдуць мае разважанні праз сіта рэдактуры...” А далей смелы літаратурны разведчык і аналітык выступае ў іпастасі суровага рэцэнзента: “Нядаўна напісаў для “ЛіМа” рэцэнзуху на “Ясельду” Янішчыц. Па-мойму, яна робіць добрыя поспехі, вызваляецца ад манернасці і наіўнага какетнічання, але яшчэ шмат дзе застаюцца сляды даўняй нязжытай традыцыі”.

У наступным лісце (6.11.78) асоба Жэні Янішчыц трапляе пад мацнейшы абстрэл У. Калесніка, бо побач з яго рэцэнзіяй газета змясціла “адвакацкае слова Семашкевіча”. (Выраз Калесніка. – В.Ж.). Ён піша: “...я не выступаў у ролі пракурора, а толькі прад’явіў таленавітай паэтэсе сапраўды высокія патрабаванні – на меру яе здольнасці і адукацыі, а галоўнае – творчага вопыту, які ўжо за перавалам вучнёўства. Але ўсё яшчэ самой паэтэсе цяжка да гэтага прывыкнуць, хочацца па-вучнёўску пазухаваць, пафарсіць, памоднічаць…

Уладзімір Андрэевіч заўсёды, да апошніх дзён сваіх, быў па-грамадзянску актыўнай асобаю. Хвалявала яго і сучаснае жыццё, ідэалагічнае супрацьстаянне ўладаў і апазіцыі, становішча, у якім апынуліся творцы, і, вядома, цьмяныя перспектывы развіцця грамадства. Як змагар за нацыянальнае адраджэнне Беларусі ён не мог не радавацца дэмакратызацыяй і яе вынікамі (хоць бы адменай цэнзуры, ідэалагічнага нагляду). У той жа час абурала дэградацыя высокіх кіраўнікоў, партыйных функцыянераў, – не адпускалі мінулыя падзеі.

– Чаму ляснуў Саюз і не трапыхнуўся? – казаў ён настаўніцкай і творчай інтэлігенцыі ў дзень свайго 70-годдзя. – Чаму ляснула партыя з такой лёгкасцю? Бо не было ў кіраўнікоў самаахвярнасці. Прыстасаванцы! Атрымалі новыя пасады і гарантыі...

Тут ён згадаў словы, пачутыя ў свой час ад Машэрава: “Нам тоже нужен комфорт” і абурыўся: “Які камфорт? Ідзі да людзей!..”.

Прыемна ўражвае паслядоўнасць патрыёта, носьбіта нацыянальнай ідэі. У той час было даволі смелае хоць бы такое цвярозае выказванне пра выбары: “не камуністаў, не дэмакратаў трэба выбіраць, а свядомых, тых, хто за Беларусь”. І пра войска: “Раней думаў: што ахоўваць нацыянальнаму войску? Цяпер сітуацыя іншая. Беларускае войска становіцца ці не асновай у адраджэнскім працэсе”.

Пры ўдумліва-крытычным паглядзе на рэчаіснасць яму дужа карцела бачыць станоўчае і нават нешта ідэальнае ў суайчынніках, у сем’ях, найперш – у сваіх былых вучнях. І ён знаходзіў элемент ідэальнага, мудрым словам педагога падтрымліваў ці заахвочваў яго, што засведчыла, прыкладам, адно навагодняе віншаванне на мой адрас. (Думаецца, ён нікому не накіроўваў адчэпных паштовачак). Пасля як бы стандартных віншавальных слоў пайшлі сказы нязменнага носьбіта і выхавальніка нацыянальнай ідэі, нястомнага духоўнага лідэра: “Прыемна ўспамінаюць студэнты сустрэчу з Табою, Твае вершы і запаветы. Я рады, што Табе ўдалося не толькі захаваць творчы плацдарм у сталіцы, але стварыць у сваёй хаце культ беларускага слова, звычаю, духоўнай культуры, замацаванай у народнай песні, казцы, кнізе. Шчасця Тваёй хаце.

 Ул. Калеснік”

Над усім тэкстам датаванне: 31.12.1987, Брэст.

...17 верасня 1993 г. віншую з днём нараджэння, зычу найперш, каб палепшылася здароўе.

– Ну вось, стараюся, – кажа імяніннік, – троха крыві падліваюць, то галава святлейшая. Прыязджай, грыбны сезон пачынаецца. Адну паездачку зробім.

Божа мой! У такім стане – паездачку (ён – за рулём)?!

І ў ліпені 1994 (за пяць месяцаў да смерці) у адказе на лімаўскую анкету ён пісаў: “Радуюся, што магу яшчэ са смакам чытаць, думаць, дзяліцца з іншымі”. І напрыканцы: “Люблю моладзь, не адчуваю сябе састарэлым духоўна...” Але крыху вышэй – ужо пра развітанне з хобі: маляваннем, разьбой па дрэве, фатаграфіяй. І яшчэ – так адкрыта і без страху: “Мінулым летам, відаць, апошні раз прайшоўся па беразе Нёмана, а на Сервячы злавіў апошняга свайго шчупака”.

У адказ на апошняе тэлефоннае віншаванне (17.09.94) я пачуў:

– Кепска мне, хлопча...

Шаную памяць.

Берагу ўсе дзесяць пісьмаў, паштовачку і ўсе кнігі з аўтографамі непараўнанага Настаўніка.

У аўтографах – нямала завышаных эпітэтаў, азначэнняў. А на тытульнай старонцы “Зорнага спеву” – так коратка, светла і ахоўна: “Васілю Жуковічу – паэту ў жыцці і ў слове. Будзь сабою!”...

ЯГО АПОШНІ ЛІСТ

Ніл Гілевіч

У канцы лістапада я атрымаў ліст ад Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Ліст, як і заўсёды раней у Яго, – змястоўны, шчыры, сяброўскі, у якім – такі знаёмы Ён: заклапочаны, сур’ёзны, прынцыповы, мужны Чалавек і Грамадзянін з вялікай літары. Рашыў, што я напішу ў адказ таксама па магчымасці грунтоўна і пастараюся сказаць яму шмат добрага. Так захацелася сказаць яму шмат добрага!.. Але збіраўся на некалькі дзён у камандзіроўку, іншых неадкладных спраў было навалам, – і падумаў: зраблю гэта крыху пазней, вярнуўшыся з дарогі, каб не наспех... Пачуў, што едзе праведаць сябра Янка Брыль, папрасіў: перадай Уладзіміру Андрэевічу прывітанне і скажы, што я прышлю яму неўзабаве вялікі грунтоўны ліст... І так жа горка пралічыўся, так горка, што проста не магу дараваць сабе. Ліста так і не паспеў напісаць Яму, а паехаў у Брэст на балючае развітанне з ім. Сказаць Яму апошняе бывай і даруй.

А Ягоны ліст, напэўна, адзін з самых апошніх Яго лістоў наогул, – для мяне і для іншых Яго паплечнікаў ужо як бы і завяшчанне: змагайцеся, сябры! Працуйце чорнарабочымі і змагайцеся! За вольную, незалежную Бацькаўшчыну!.. За тое, за што мы змагаліся разам!..

“Дарагі Ніл Сымонавіч!

Рады быў атрымаць заданне ТБМ з Тваім подпісам, прыемна чуць, што наша самая гуманітарная і чыста духоўная арганізацыя скіроўвае свае сілы на парламенцкія выбары. Смуткую толькі, што здароўе не дазволіць мне прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве як бы належала, змагу толькі ўздзейнічаць на выкладчыкаў, пісьменнікаў і студэнтаў, якія мяне наведваюць у бальніцы, бяруць кансультацыі па дысертацыях, дыпломных працах, фальклорнай практыцы. Але на студэнтаў я маю не малы ўплыў, нядаўна правялі без мяне прэзентацыю маёй кнігі “Усё чалавечае”, дык выступіла больш 20 чалавек. Адным словам, філфак Берасцейскага педінстытута будзе галасаваць за кандыдатаў ТБМ, і не толькі філфак, але і многія настаўнікі з горада і перыферыі. Разумею, што гэтага мала, але што зробіш? Цяпер маё жыццё дагарае і праходзіць па графіку дажывання: два месяцы ў бальніцы і два тыдні дома. У бальніцы ўсё пад капельніцамі ды на іншых працэдурах, а дома пэўны адпачынак.

Але выкройваю крыху часу, каб хоць сёе-тое пісаць. Працую зараз на дапрацоўцы сваёй кнігі пра Жылку, пры выданні яе абрэзалі на 2 аркушы, акрамя таго і многа там ідэалагічных балванак для таго, каб падмануць цэнзуру ці рэдактара. Многа новых матэрыялаў патрэбна ўключыць, адным словам, ажывіць “Ветразі Адысея”. Да 70-годдзя мне прапанавалі выдаць выбранае, але я прынёс рукапіс “Усяго чалавечага”, а замест выбранага перавыдаць кніжку пра Жылку. Цяпер гэта, відаць, цяжкая справа, а што будзе далей – адзін Бог ведае ды Лукашэнка.

З вялікай прыемнасцю і патрыятычнай гордасцю сустракаю ўсё, што выходзіць з-пад Твайго пяра і з вуснаў трыбуна. Прыгадваю, што ляжыць у мяне рукапіс пра Тваю творчасць на 120 с. машынкі. З яго выбрана было для “Полымя” і надрукавана палавіна. Хочацца папрацаваць над ім, але не ўпэўнены, што хопіць мне сілы паправіць, а не сапсаваць. А як падумаю, што з тых часоў Ты столькі зрабіў новага ў паэзіі і ў публіцыстыцы, то зусім апускаюцца рукі. Захапляюся Тваімі прамовамі ў абарону мовы нашай ад шальмавання рознымі прыезджымі прафанамі і тэарэтыкамі славянскіх ці расейскіх саюзаў і вечаў. Не хапае ў нашай прэсе чорнарабочых, якія б прафесійна як гуманітарнікі выкрывалі і крытыкавалі нахабных цемрашалаў, што ўзводзяць у святасць брахню дарэвалюцыйных чарнасоценцаў, якія за адмаўленне нашай мове самабытнасці нажывалі чыны і званні. Іх ніхто не лічыў вучонымі, пасміхаліся ў кулак, а сёння – уга! І чарнасоценцы лічаць іх вучонымі, і многія нашы таксама апускаюць рукі і не ідуць у спрэчкі. Хацеў бы я папрацаваць такім чорнарабочым выкрывальнікам, каб тая сіла...

Сардэчна ўдзячны за падмогу. Абнімаю

У. Калеснік”.

СПОЗНЕНЫ ЛІСТ

Ян Чыквін

Глыбокапаважаны Прафесар Уладзімір Андрэевіч!

Тры дні (12-14.12) я быў у Мінску. Выезд быў звязаны з выхадам адзінаццатага нумару “Нёмана”, прысвечанага беларусам Беласточчыны. Была наладжана ў Доме пісьменніка аўтарская сустрэча-вечарына. Прайшла яна выдатна, пра творчасць “белавежцаў” гаварылі Гніламёдаў, Конан, Разанаў, Кудравец.

Аднак, не тое найважнейшае...

Ваш артыкул у “Нёмане” пра нашу літаратурную суполку! Гэта першы шырокамаштабны такі агляд-аналіз, і з якой пранікнёнасцю ён напісаны! Як рэльефна адценены ўсе асноўныя факты!

Вельмі Вас не хапала на гэтай вечарыне, шаноўны Уладзімір Андрэевіч. Вельмі! Я дзякую, і асабліва глыбока ўзрушаны, за Вашыя развагі наконт маёй творчасці.

Прыміце ад мяне ў знак пашаны гэты прыложаны да ліста верш.

   Я ўвайшоў,

   каб спытаць пра сваё лісце

   у індыйскіх мудрацоў.

   На старатамільскай мове

   мінулае і прышласць прышэльца вырыты

   дробненькімі значкамі,

   для маласпрактыкаванага вока

   амаль нераспазнавальнымі.

   Для кожнага маюцца два лісты

   у 3665 тамах па 365 лісцяў у кожным.

   На адным – аб перажытых ужо жыццях шматразова,

   на другім – што ніхто не памірае назаўсёды.

   На планеце Зямля,

   паложанай на малазначным краю млечнай дарогі,

   аддаленай ад яе цэнтра на нейкіх 30 тысяч светавых гадоў.

   Уладары часу,

   прыбыўшы з вельмі далёка

   на тахіёнавых машынах,

   перададуць нам аб’ектыўны вобраз нашай рэчаіснасці.

   І не паверым.

Зычу, каб Вам было лягчэй. З пашанай і любоўю Ян Чыквін.

15 снежня 1994 г.