Вершы, прысвечаныя Уладзіміру Калесніку

Алег Лойка

ЗАХОПЛЕНЫ ПРАФЕСАР

                        Светлай памяці
                        Уладзіміра Калесніка

    Ён быў у захапленнях,
    Нібы ў лусцы стронг, быў:
    Красу ўвасабленняў,
    Як белы свет, любіў.

    І бачыў тыя пальчыкі,
    Што бачылі яе,
    Мо крышачку зухвальчыкі,
    Аднак красе свае.

    Сам меўшы іх, не імі
    Ён цешыўся ўвесь век,
    А перш за ўсё чужымі,
    Не даўшы іх на здзек.

    Ён, нібыта асэсар,
    Красу ў прыгон цугляў, –
    Захоплены прафесар
    Сабою захапляў.

 

Алесь Каско

ПЕРАЕМНАСЦЬ

                 У.А. Калесніку

   “Нялёгка будзе маладым,
   калі бывалыя салдаты
   цераз мяжу апошняй даты
   ў легенды сыдуць назаўжды...”
   Нам кажуць так не ўпершыню,
   І азіраемся ў трывозе
   На ўладкаваных пры абозе,
   далекавата ад агню.
   Надзеі мала,
    пабягуць...
    Агонь – ён не для ўсіх стыхія.
    І ўсё важней нам: хто, якія –
    у злітным, шчыльным ланцугу?
    Яшчэ ўзмужнелыя не ўсе,
    Не ўсе напоўнены адвагай,   
    затое – вераю
    і прагай
    служыць Радзіме і Красе.
    Ёсць, дзякуй богу, і цяпер
    каму павесці за сабою
    і лініяй перадавою
    трымаць аголены свой нерв.
    Яно вядома: не ў вайну,
    тут іншы фронт...
    А ўсё ж ці проста
    ўставаць і крочыць поўным ростам,
    браць і адстойваць вышыню?
    І калі цяжка – кожны раз
    нам свецяць лёсы агнявыя,
    каб ведалі: не бог нас крые –
    салдаты прыкрываюць нас.
1996

 

Анатоль Дэбіш

РАЗВІТАЛЬНЫ САНЕТ

  Жыццё – як зорка;
 блісне сярод хмар
  І згасне ў цемры ночы
 безнадзейна,
  Пакінуўшы на межах
   ніў завейных
  Зярняткі слоў і
    мудрасць ясных мар.

  Зазалаціцца пэўным днём
    абшар
  Цяжкім калоссем справаў
    цудадзейных,  
  Усе задумы выспеюць і дзеі
  І высвецяць прарока
   думны твар.

  Я ведаю, цяпер і праз вякі
  І Вас чакае час і лёс
   такі –
  Аратая, настаўніка, прарока.

  Адыдуць прэч і боль,
 і тлум журбы.
  Не счэзне зерне
 Вашае сяўбы, –
  Жытнёвым словам
    зашуміць высока!

 

Васіль Жуковіч

МАЙМУ НАСТАЎНІКУ

    З тым горадам,
 дзе, як паводка,
    пятнаццаць год
 маіх сплыло,
    было развітвацца
    мне горка,
    не толькі сумна
   мне было.
    Там з задушэўнымі
    сябрамі
    дзяліў я радасці свае,
    там быў я
    зроднены з барамі,
    дзе крона
   сонечна пяе.
    ...Цякла бяседа
 на змярканні.
    Калі ж настаў
 расстання час,
    мой голас выдаў
    хваляванне,
    як нельга
 выдаць напаказ.
    І ты мяне,
   як бацька сына,
    настаўнік,
 к сэрцу прыгарнуў,
    перад нялёгкай
   пуцявінай
    маю ўпэўненасць
 вярнуў.
    Цягнік
   праз ноч ляцеў.
 Маланкі
    красалі
    ў цемрыве святло.
    А я ўслухоўваўся
    да ранку
    у сэнс тваіх
 нядаўніх слоў.
    Настаўнік мой,
   харошы самы,
  чамусьці гэтак
    часта сню,
  што ўсё яшчэ здаю
    экзамен,
  хвалююся,
 бы ўпершыню.
1995

ТРЫВОЖНАЯ ВОСЕНЬ

  Смяротна хворы
    добры мой настаўнік,
  як свечка, жоўты, як ўвосень ліст;
  уратаваць яго ніхто не ў стане,
  а жыццялюб такі ж, як быў калісь.

  Агонь жыццёвы зводзіцца павольна,
  трымаецца, як прысак у кастры.
  Прафесар, ён яшчэ на жарты здольны,
  як завітаюць вучні ці сябры;

  падобна, не баіцца лютай смерці,
  яе так часта бачыў на вайне.
  Магутны Бог, не дай пакуль памерці,
  дапамажы яму, пачуй мяне!

  Ён майстра непаўторна-адмысловы,
  спяшаецца, асільваючы боль,
  праўдзівыя знайсці такія словы,
  каб выказаць бязмежную любоў;

  шмат бачылі праніклівыя вочы,
  пачуццяў сэрца вынасіла шмат;
  паспець сказаць павінен ён да НОЧЫ,
  у гэты – мо апошні – лістапад...

  Рука пяро трымае, думку – памяць,
  яшчэ ў душы гарыць святы агонь.
  Сустрэцца з ім лячу праз лісця замець;
  ах, лістапад, не забірай яго!
Лістапад 1994

БУДАЎНІЧЫ БУДУЧЫНІ

  Паміж Мінулым ды Будучым
  мінаючы ці адмяняючы дробязнае,
  Чалавек будуе свет;
  самае каштоўнае
  пераносіць з Мінуўшчыны ў Будучыню:
  Чалавек – будаўнічы Будучыні.

  Памяць і Любоў – магутныя крылы –
  дазваляюць яму
  сваё цела
  паставіць на службу Духу,
  службу верную,
  самаахвярную.

  Калі на Свет Чалавека
  насоўваецца цяжар цемры,
  запальваецца свечка цела,
  і цемра, разгубленая, марудзіць;
  цемра замірае прад святлом.
  Цемра памірае перад Духам.
 
  Калі згасае свечка цела,
  на зямлі застаецца святло
  з крыламі Любові і Памяці.
  І з рысамі Мінулага пазнаюць людзі Будучае.
  Гэта – змест, гэта – сэнс,
  гэта – прыклад служэння
  (для сучаснікаў і нашчадкаў).
Снежань 1995

* * *

  Свет хісткі і век наш кароткі;
  глядзіш – і палічаны дні, –
  пара адпраўляцца да продкаў,
  у край незямной цішыні.

  Там – вечнасць... Якая там вечнасць,
  для нас таямніца сама...
  Што ж тут, у жыцці хуткацечным?
  Вясна, лета, восень, зіма?..

  Шукаю, шукаю няўтомна
  ў мурашніку сэнс і ў гняздзе...
  А як жа стварае грунтоўна
  сябе чалавек між людзей!

    Жыцця рухавік незалежны
    ад нас,
    толькі, што ні кажы,
    ў руках мысляра непазбежна
    яго дасканаласць душы.
Снежань 1995

* * *

14 снежня 1995 года,
у дзень І Мемарыяльных чытанняў
у Берасці
  
     

    Так нязмушана, шчыра, свабодна
    гаварыла сябрына пра Вас,
    Уладзімір Андрэевіч, родны!
    Заўтра – сумная дата якраз.

    Вобраз Ваш
    у развагах стваралі
    не прыгладжана-посны – жывы.
    Калі чулі ўсё,
    ці не назвалі
    нас, аднак, пашахонцамі Вы?

* * *

    Зося Міхайлаўна – Ваша паплечніца –
    хутка сівець пачала.
    Што, каб яшчэ ды не клопаты вечныя?
    Самаахвярна шчыруе, сардэчная,
    Працалюбівая, быццам пчала.

    Усё на высокай любові трымаецца;
    вернасць – адданая любові сястра,
    з Вамі ўсё Ваша любімая раіцца;
    век ёй тужыць, стаўшы белаю чаіцай,
    покуль не прыйдзе СУСТРЭЧЫ пара.
17 снежня 1995

* * *

  Прыроды зімовае ззянне –
  пачатак пагожага дня –
  у гэта журлівае ранне
  душой не адразу прыняў.

  У час, калі свет чалавечы
  ішоў – памінальна – са мной,
  здавалася мне недарэчнай
  усмешка прыроды самой.
 
  Падумаў жа:
  ў ззянні прыроды,
  душа я г о зліта з якой,
  ёсць нешта ад чуйнай турботы
  і штось ад усмешкі жывой...
    
  Пачаўся дзень белы-бялюткі,
  дзень снежаньскі – сонца ды снег.
  З імглой натуральнага смутку
  душы далягляд паяснеў.
15 снежня 1995

МОЙ НАРОД

Маналог

    Чалавек, радзіна, род, народ...
    Радасць і смутак чытаю ў тваіх вачах,
    на тваім чале, чала – век.
    На радзіны, на вяселле, на памінкі
    збіраецца твая радзіна.
    Радзіна радуецца. Радзіна засмучаецца.
    Радзіна радзіцца. Нараджаецца рада,
    удароўваецца парада – людзі даюць рады
    розным бедам, нягодам.
    З роду ў род перадаецца ўсё святое.
    Вядзецца род. Жыве народ.

    Падобна, як на ніве залатому коласу
    пагражае збуялае пустазелле,
    народу майму пагражае
    насельніцтва глухата.
    Хоць, як і сам народ,
    насельніцтва села, асела, пасялілася,
    насяліла паселішчы,
    яно чужое народу,
    бо не знае той высокай еднасці,
    якую мае народ. Насельніцтва лічаць,
    як статак, каб забяспечыць ядою.
    Хлеб і відовішчы – спажыва яго.

    Народ – родны, высакародны, высокадухоўны.
    Лікам не вылічыць яго велічы.
    Маса – паняцце другараднае.
    Мне назваць бы вялікім цябе, мой адзіны,
    ды няма на планеце народаў малых.
    З чым параўнаць народ?
    Чалавек – зорка, род – сузор’е.

    Народ – гэта цэлы духоўны Сусвет.
    З глыбіні стагоддзяў да нас ідзе
    сіла яго стваральнай энергіі. Праз цэлае  
    тысячагоддзе даходзіць святло мужнасці
    і любові да Бацькаўшчыны князя Рагвалода
    і легендарнай Рагнеды-князёўны. Няўрымслівы
    дух нашчадкаў сілкуецца разумнай адвагаю
   Усяслава Чарадзея, святасцю Еўфрасінні
   Полацкай і Кірылы Тураўскага, стойкасцю
   Давіда Гарадзенскага і Канстанціна Астрожскага,
   асветнай мудрасцю Францішка Скарыны,
   глыбінным гуманізмам Міколы Гусоўскага,
   геройствам і самаахвярнасцю Каліноўскага,
   хараством талентаў Міхала Агінскага
   і Максіма Багдановіча.

   Так, народ ёсць духоўны Сусвет. Ды навошта
   я прыгадаў Страцім-лебедзя? Бачу страшнае:
   “І населі тут на лебедзя
   птахі дробныя ўсёй стаяю”.
   Ці ж не гэтак насельніцтва
   насела на народ “усёй стаяю”,
   не дае грудзям “вальней уздыхнуць”,
   не дае крылам “шырэй узмахнуць...”

   Божа мой, не дай Яму
   долі жорсткае Страцім-лебедзя!
   Сэнс які губіць гэтакі Сусвет?!
   Звесці гэткі род – найвялікшы грэх!
   З роду ў род перадаецца ўсё святое.
   Вядзецца род. Жыве народ.
1995

 

Васіль Сахарчук

СТАНСЫ ДА ЗАНАВЕШАНАГА ЛЮСТЭРКА

1.
   У люстэрка глядзяцца
   душы мёртвых,
   таму з прыходам Чорнай Госці
   яго занавешваюць
   і не адкрываюць,
   пакуль душа памерлага
   не вернецца ў неба.
2.
   Жыццё на зямлі
   аднолькава вымяраецца
   і сыпучым пяском, і хуткаплыннай вадою,
   і яго апошняя хвіля
   спыняе гадзіннік,
   які служыць чалавеку
   люстэркам часу.
3.
   Бы вада з пасудзінай,
   Бы пясок з ракавінай,
   чалавек развітваецца з часам,
   але ад таго на зямлі
   нічога не мяняецца,
   і ён пільней і пільней пазірае
   то на гадзіннік, то ў люстэрка.
4.
   Вада з пасудзіны,
   як і пясок з ракавіны,
   нікуды не выцякае;
   і вада, і пясок нязменныя ў часе;
   гэта чалавек выцякае з часу
   і не можа прымірыцца
   з трагічнасцю свайго лёсу.
5.
   І калі яго час спустошваецца,
   адбываецца тое,
   што павінна было адбыцца:
   узятае з зямлі ў зямлю і вяртаецца,
   пра што красамоўна свядкуе
   жоўты пагорак,
   акроплены слязьмі яго блізкіх.
6.
   І сорак дзён і начэй,
   пакуль душа наўца
   бяздомна блукае па зямлі
   ў пошуках новага часу,
   у яго спусцелай хаце
   занавешанае люстэрка
   адлюстроўвае спынены
   гадзіннік.
7.
   Моўчкі схіляю голаў
   перад спыненым часам занавешанага люстэрка.
   Бы ад шолаху ветру,
   ручнік на ім ледзь улоўна
   адхінаецца,
   і з астральнай сферы
   на яго застылай плыні
   адбіваюцца цені Дзядоў.

 

Генадзь Праневіч

   Даў сэрца Бог
   Гарачае, як сонца!
   Як сталь – гартоўнае
   І мяккае, бы воск...
   А сам пайшоў
   У спраў сваіх бясконцасць,
   Каб я спакойна
   У свеце жыць не мог!..

   Не даручыў
   Ніякіх абавязкаў...
   Сказаў адно:
   Жыві з сваёй душы!..
   І я пайшоў
   Дарогай гэтай цяжкай,
   Як ён... Свой крыж
   Па свеце валачыць!..

 

Кастусь Жмінько

ІСЦІНА

          Шукайма ісціны ў патрэбе
    пазнання свету і самога сябе.

                            У. Калеснік
 
   Так блізка лета да журбы.
   Мярэжы павуціння.
   На Спаса скокну па грыбы,
   Згублюся ў дымцы сіняй.
   І першы з гумарам крумкач
   Між дрэвамі густымі
   Мне згушкае на золку плач
   Арэлямі старымі.
   Звінецьме ў верасе пчалой
   Шчымлівая мінуласць.
   Дакор, адчай і неспакой
   Пачую ў звоне-гуле.
   Вуголле згадак марны лёс
   Мне на душу абрыне.
   Што век нясе, што я прынёс
   Пакутніцы-краіне?..
  ..Пайду назад, да бальшака:
   Няма. Хвіліна страху...
   Кранецца мудрая рука:
   – Твой шлях ёсць пошук шляху.

 

Мікола Аляхновіч

    З надзеяй, любоўю і вераю –
    былінка ў сусвеце людзей –
    спакон і заўсёды верую:
    ёсць ранак, то будзе і дзень.

    Не кожны трымаецца вернасці –
    прадажны, няверны час!
    Ні веры, ні страху, што вернецца
    любоў і надзея да нас.

    Спыніцца б – часу не дадзена.
    Нявер’е – хоць гвалт крычы!
    Жыццёвае веры прадзіва
    замацаваць бы...
    Чым?!

    Надзея на кон пастаўлена...
    Хто да чаго дабяжыць...
    Ты не дазволь, настаўнік, нам
    без веры
    ў свята
    жыць!

 

Мікола Пракаповіч

ШЛЯХ

   Мы шлях выбіралі самі,
   Акрыленыя яшчэ...
   У вочы ўзіралася Памяць:
   Усё чалавечае – з вамі?
   І мы не хавалі вачэй.

  Быў шлях той – на ўсіх адзіны,
  Ад родных сівых муроў...
  Гукала Пагоню сябрына,
  Вянчаліся мы з Айчынай
  Ля чыстых купальскіх кастроў.
  Рамантыкі і паэты,
  Забыліся мы пра час
  І сплочвалі поўніцу свету
  За веру, што будзе гэтак:
  Пачуе Айчына нас.

   Валошкі ў прыбітым жыце –   
   Нямая туга ў вачах, –  
   Куды ж мы прыйшлі, скажыце,
   І колькі высокіх жыццяў
   Запатрабуе Шлях?

 

Міхась Рудкоўскі

МОЙ ДЗЕД БЫЎ СЕЛЬСКІМ КАВАЛЁМ

    Мой дзед быў сельскім кавалём,
    кавальскай справы каралём:  
    калі каваць – ужо каваў,
    не ў хаце – ў кузні начаваў,
    а баляваць – дык баляваць
    і дзень, і два, і тры, і пяць.

    Стары, а сіла ў руках:
    рукі ўзмах – душы размах.
    Спакойна дзед мой паміраў,
    не паміраў, а дагараў,
    не дагараў ён, а згараў,
    як вугаль ў горне.
 
    Папрасіў:
    – Вады, унучак, прынясі,
    усё ў грудзях маіх пячэ...
    Прынёс. Ён выпіў.
   – Мы яшчэ
    з табой, унучак, будзем жыць,
    каваць плугі... Ну, ты бяжы –
    гуляй... я ж трохі прыкархну...
    І я памчаўся ў сінь-вясну,
    а ён заснуў... навек заснуў...
    Сякеры гахкалі ў лясах,
    звінела ў лугах каса,
    што дзед загартаваў;
    падковай высякаў агонь
    на кіламетры сотым конь,
    што дзед мой падкаваў.
    А вечарам з падхмарных стром
    прагрукатаў над кузняй гром,
    і, зломленыя ў крыле,
    маланкі ўпалі ў траву...
_____________
    Яшчэ і сёння на сяле
    нас Кавалёвымі завуць.
    Мой дзед быў сельскім кавалём,
    кавальскай справы каралём.

 

Ніна Мацяш

СА ШЧЫМЛІВАЙ УДЗЯЧНАСЦЮ...

Апошняя мая размова з Уладзімірам Андрэевічам адбылася за дзесяць дзён да Ягонага адыходу. На мой званок у Брэст тэлефонную трубку, як зазвычай, падняла Зося Міхайлаўна. Уладзімір Андрэевіч, пачуўшы ейнае вітанне са мной, сам, хоць я й пярэчыла, прасіла Зосю Міхайлаўну не турбаваць Яго, падышоў да тэлефона. Ягоны кволы, страшэнна стомлены працяглай пакутаю голас на гэты раз ужо не ўтрымваў аніякай надзеі на палёгку. “Хутчэй бы ўсё гэта ўжо скончылася”, – адзіная фраза, датычная ўласнага самапачування, якую гэтым разам дазволіў сабе Уладзімір Андрэевіч, і тут жа скіраваў усю ўвагу на мяне, распытваючы, што я раблю, над чым працую. Я расказвала Яму пра нямецкую паэтку Хрысціну Лавант, пра свае пераклады з ейных кніжак і са шчымлівай удзячнасцю адчувала, якой неадменна шчырай, спагаднай зацікаўленасцю да кожнага майго творчага руху ўсё яшчэ поўнілася душа Настаўніка. “Працуй, Ніначка, працуй. Творчасць – адзінае, што тут вартае нашых высільванняў да рэшты, да канца”. На маё абяцанне даслаць Яму будучую кнігу з надзеяй на заўжды жаданы, бо справядлівы і мудры, водгук Настаўніка Ён прамаўчаў: Ён ужо ўсё ведаў пра свой побыт на гэтым свеце...

   Я праз цябе зледзянела,
   я праз цябе згарэла,
   ты стаўся чыстцом маёй плоці,
   ты расцёр мой пірог велікодны,
   ты завініўся мне ўваскрэсеннем.
   Жалюся я Мілавіцы вячорнай,
   жалюся я Мілавіцы світаннай:
   ніколі не буду святлінкай
   прад сонцам,
   а былінкай на цёмным баку
   месяцовым,
   дзе ўзыходзяць сумлення
   згрызоты.
   Што ў табе робіць хлеб
   беднай душы маёй,
   што ў табе робіць
   мой напой памінальны,
   каму дазволена зараз табе
   пячы ды марозіць,
   каму дазволена ісці праз
   твой чысцец?
   Вось я ад цябе й паела,
   вось я ад цябе й папіла,
   вечна будзе прасветленай
   ува мне тая косць,
   што пірог велікодны
   твой сузірацьме.
                   (Хрысціна Лавант)

СТУДНЯ

    Піць,
    Не толькі вуснам,
    Сэрцу піць.

    Кожны сам сваю
    капае студню.

    Дзе ж мая крынічка
    спіць?

    Важкі, вязкі глей
    далоні студзіць.

    Піць.
    Каб не адной.

    Яшчэ кагось,
    Шчэ адну хоць
    Блізкую мне душу
    Напаіць з калодзежа
    майго.

    Да крынічкі я дабрацца
    мушу!
    Уздыхну, шчаслівая,
    тады,

    Праз гады дарогу
    пацалую,
    Прыпаду да ломкае
    вады,
    Смагу наталю
    І... засмуткую.

 

Расціслаў Бензярук

ЛЯ БЕРАСЦЕЙСКАГА ВОГНІШЧА

    Хто дарогу шукаў
    як бы вобмацкам,
    Хто ішоў праз кусты напралом
    К Берасцейскаму зыркаму
    вогнішчу,
    Каб сказаць, што на
    сэрца лягло.
    Разгараліся спрэчкі,
    што полымя,
    Як смалістых падкідвалі дроў...
    Ваш бацькоўскі наказ,
    каб ніколі мы
    Не зракаліся праўды й сяброў.
    Мы чыталі так вершы, бы ставілі
    Усё чыста на кон, што маглі...
    Побач з Вамі,
    любімым Настаўнікам,
    Нам жылося лягчэй на зямлі.
    ... Сёння слёзна,
    сцюдзёна і воблачна:
    Расставанне прыспешвае час...
    Не згасаць
    Берасцейскаму вогнішчу –
    Гэта добрая памяць пра Вас.

 

Святлана Варонік

У Верасня – душа паэта.
Ля вогнішча пагрэецца душа...
І не адна
яна вандруе і шукае,
маўчыць, гукае...
Чуе Зорны Спеў...

* * *

У паэта – сумота:
не пішуцца вершы...
Сівеюць скроні, а ты –
не першы...
Падыйшоў малады Калеснік,
падварушвае вогнішча...

* * *

Майстар і Маргарыта...
Скарыну пра Полацак сняцца сны.
Сняцца сыны...
Прагнучы Прагі – чытаю-п’ю:
“Понеже от прирожения...”

* * *

Растуць з зямлі камяні
самотна-маўкліва...
Не дзіва...
Расце і магільны камень,
і той, што кладуць у падмурак...
Расце каля ганку памяць...

* * *

Захочаш у далонях патрымаць
сярод зімы халоднае
валошкі...
І ад галінкі моднае ялінкі
пачуеш пах
Купалля і Дзядоў...

 

Уладзімір Караткевіч

БЕЛАВЕЖСКІ АЛЕНЬ

  За спакоем тваім сонца майскае радасна сочыць,
  Над табою ў блакіце бязмежных лясоў палавень...
  Дык чаму ж у тузе твае мудрыя сумныя вочы,
  Белавежскі алень?
  І адказваюць вочы, рахманыя, поўныя жалю:
  – Як схаваць мне тугу, і пакорлівасць лёсу, і жах,
  Калі тысячы год маіх продкаў падступна хапалі,
  Калі сто пакаленняў канчалі жыццё на зубах?
  Я ляжу ля кармушкі. Лагодны і радасны ранак
  Сотні сонечных зайчыкаў сыпануў мне на бок.
  Але сню я бязлітасны пошчак крывавых маланак
  І – ў зеніце прыпынены – мой апошні скачок.
  І ў вачах маіх, чорных персідскіх,
  тужліва-бяздонных,
  Ёсць вышэйшая мудрасць пяшчотных і ўпартых істот,
  Бо на гэтай няладнай зямлі мы ратуем ад вечнага
  скону
  І ўратуем наш добры, трывалы і моцны народ.
  Ён ідзе да мяне і да друга, як сцішаны вецер,
  Галаву падстаўляе, спадзяецца, што сэрца кране:
  “Вы мяне не зачэпіце? Вы мяне зберажэце?
  Пашкадуйце мяне!
  Калі ласка...
  Пашкадуйце мяне...”