Сваiм следам

Уладзімір Калеснік

Мая родная вёска Сіняўская Слабада стаіць над Нёманам на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Старыя людзі кажуць, што сюды ссылаў князь Радзівіл сваіх непакорных мужыкоў: “Кіне на песчугу і – жыві як знаеш”. Сасланыя амаль не рабілі паншчыны, бо не было паблізу пана, станавіліся віціннікамі, плытнікамі і “вазакамі”. Назначылі ім нейкі аброк, але і ад яго выкручваліся – бедныя...

Я быў у бацькі першы сын. Да мяне нараджаліся дочкі і чамусьці паміралі яшчэ малыя. Жыла толькі самая старэйшая, Маруся. Бацька, расказвалі ў вёсцы, вельмі рады быў майму прыходу на свет і трывожыўся, помнячы лёс папярэдніх дзяцей. Калісьці, выпіўшы, расчулена гаварыў знаёмаму шынкару, што не хацеў бы большага шчасця, каб сын падрос ды мог хоць разбіць акно ў хаце. Праўда са мной бацька не дазваляў сабе падобнай гаворкі. Трымаўся сурова, і не толькі са мной...

Мужчын, якія памагалі жонкам падходжвацца, ён зняважліва абзываў за вочы і ў вочы: “прыгарка”, “пячура” і “бабскі патурай”. Я не помню, каб ён прынёс у хату бярэмя дроў або вядро вады. (Затое маці паліла заўсёды трэцегалетнімі дровамі, нават суседкі прыбягалі зімой да нас узяць пару сухенькіх паленцаў на распалку, а калодзеж выкапаў свой ля самай хаты.) Для маці сам зрабіў кросны, церніцу, валак, качалку. Cам сабе рабіў сані, козачку, плуг, барану, граблі, аднойчы нават калёсы, але толькі для сябе, не на продаж. Калі бацька майстраваў, усе сямейнікі павінны былі стаяць напагатове: меншы брат Жэня трымаў лучыну і слухаў каманду, куды свяціць, я падаваў у бацькаву ляўшу то цвік, то малаток, то долата, то сякеру – як хірургічная сястра. Наш спартыўны азарт заключаўся ў тым, каб зарабіць як мага менш мянушак. Прызнацца, гэта ўдавалася мне, а не брату. Брат быў маім утрапеннем. У дзяцінстве ён перанёс шкарлятыну, недачуваў і развіваўся марудна. Так і застаўся, бядак, паміж першым і другім класам. Мяне называў не па імені, а толькі “брат”, прытым “р” не вымаўляў, і атрымлівалася “блат” – гэта слова стала маёй мянушкай, за якую я часта браўся “ў рожкі” з аднагодкамі.

Бывалыя мужчыны глядзелі на нашу сямейную бяду, пазяхаючы: “Вось і добра: адзін будзе гаспадар, а гэты, памятлівы ды шустры, – вывучыцца, у Андрыяна грошай хопіць”. Я-то вывучыўся, а Жэня гаспадаром не стаў. У 1944 годзе трапіў у армію і загінуў дзесьці на Одэры. У часе прызыву гордасць не дазволіла мне сказаць пра яго непрыкметнае звонку калецтва, хоць у партызаны я не браў яго менавіта па гэтай прычыне... Сёння шкада яго і сорамна. Ён быў наіўны, добры душою і чулы. Як памерла маці ў 1938 годзе, – цягнуў на сваіх плячах усю жаночую працу ў хаце. Мне пры любой аказіі прысылаў яйкі, масла, сыры ў Навагрудак, дзе я вучыўся.

Ад бацькі я пераняў спрыт да сякеры, малатка, гэбліка. Сам рабіў сабе канькі, лыжы, пеналы, а потым перайшоў на заказы маці – то трапло, то калатоўку, то днюшча – і быў на сёмым небе, калі яна хваліла, што выйшла гладчэй, як у бацькі. А лепш выходзіла таму, што маім другім настаўнікам зрабіўся сусед Ладымер Пазняк. Ён змайстраваў нават скрыпку. Адным нажом! Пад яго кіраўніцтвам зрабіў скрыпку і я. Навучыў ён мяне іграць пару мелодый, але бацька мой глядзеў на гэта непрыязна - от, балаўство... рабіць вам, гультаям, няма чаго. “Вунь я табе знайду работу, дровы пойдзеш рэзаць”. Ён прызнаваў толькі карысныя заняткі, а гэта – забаўка.

Вельмі рана адчуў я нейкую балючую раздвоенасць свету. На адным баку была вясёлая радасць існавання, мілыя сэрцу гульні, прыемныя заняткі, дзівосныя, хоць і бескарысныя прадметы – хараство; на другім баку была суровая неабходнасць працаваць, рабіць хлеб, пасвіць каня, вазіць лес, ганяць плыты – чорствая карысць. Над першаю палавінай свету панаваў, пакашліваючы, добры, лагодны, вясёлы бабыль – дзядзька Уладзік, у другой палавіне бушаваў здаравенны (самы дужы ў вёсцы) няўмольны бацька. Жыццёвым дэвізам бацькі была незалежнасць. Ад каго? Ад усіх і ўсяго. У гэтым ён бачыў аснову шчасця і такога шчасця хацеў сыну. Быць незалежным - гэта значыць усё умець рабіць самому, умець зрабіць і зарабіць, каб не кланяцца ўсякаму чорту лысаму. Бацька ўмеў... Ён быў не толькі земляроб, але першы ў ваколіцы “вазак і плытагон”.

* * *

Пасля сямігодкі я шыбануў у іншы свет. У паднябессе, дзе матэрыяльныя турботы, фізічная праца і хлеб лічыліся чымсьці нікчэмным, нават непрыстойным і нізкім. Вартасць мелі толькі духоўныя валёры: веды, утончаныя пачуцці, культурнасць... Навагрудская гімназія... пазней, праўда, заўважыў, што за фанатычным усхваленнем інтэлекту тут часта скрываўся звычайны снабізм. Гэта не была школа інтэлігентаў і рыцараў, хутчэй школа гульні ў інтэлігентнасць і шляхетнасць...

...Дома забеленая пшанічная зацірка ды макароны лічыліся прысмакамі, тут іх давалі толькі ў канцы месяца, калі кіраўнік інтэрната наводзіў “эканомію”. Вучні-“арыстакраты”, што абзывалі нас, вяскоўцаў, “гнойкамі”, бунтаваліся і ў знак пратэсту шпурлялі талеркі з макаронамі ў ліфт, праз які іх падавалі з кухні на другі паверх у сталовую.

Я спярша адчуваў сябе ў гэтым асяроддзі “збянтэжаным Саўкам”. А потым... Потым прыйшоў прафесар Крук, выкладчык рысунку і ручной працы.

– Валодзю, – гаварыў ён, бяры ключы ад майстэрні і пасля заняткаў рабі сабе, што захочаш, набівай руку.

Я маляваў, тачыў на станку, займаўся разьбою па дрэву. Рабілі мы з ім на пару розныя драбніцы - настольныя лямпы, шкатулкі, падстаўкі, рамачкі – усё ў мадэрным стылі. Ён прыносіў мне кнігі, часопісы, малюнкі, і я хутка засвоіў прынцыпы хараства ў прыкладным мастацтве. Цяжэй была справа з чыстым хараством. Па тэорыі жывапісу я чытаў шмат, але набытыя веды не заўсёды супадалі з маім успрыманнем хараства ў жыцці і ў мастацтве.

Хвалёныя творы мадэрністаў мне падабаліся толькі інтэлектуальна, як шарады і рэбусы ці хлёсткія афарызмы, а душу расчульвалі пейзажы рэалістаў і імпрэсіяністаў. Асабліва любіў я Хэлмоньскага, Вычулкоўскага, Фалата, Рушчыца, з французаў – Клода Манэ. Фалат мне падабаўся, бо маляваў беларускія лясы, зімовыя пейзажы з ласямі, паляванні – усё вельмі свойскае і дарагое з дзяцінства. У Рушчыца была таксама беларуская прырода, але не такая, як у Фалата, – дзівосная, рамантычная, амаль казачная. Калі глядзіш на яго карціны - займае дух.

Сам я маляваў акварэлі то рэалістычныя з натуры, то стылістычныя ў кубісцкім духу. Прафесар Крук быў прыкладнік і далікатна адгаворваў мяне ад выяўленчага жывапісу як такога.

Бічом вучняў-беларусаў была польская мова. Мне яна давалася нязгорш. Аднойчы настаўніца прынесла ўсім па паштоўцы з рэпрадукцыямі і загадала апісаць. Маё сачыненне яна зачытала пры ўсіх, аднак не прамінула падпусціць пару шпілек, бо сустракаліся беларусізмы. У заключэнне велікадушна выцадзіла: "Увогуле гэты хлопчык умее глядзець на хараство прыроды", нібыта яе адкрыццё было вялікім непаразуменнем. Яна прытрымлівалася прынцыпу, што беларусы ніколі не могуць знаць польскую мову больш як на “тройку”. Ну і хараство адчуваць – мабыць, таксама.

З упартасці я рашыў, што стану крытыкам жывапісу на зло ёй і буду пісаць пра карціны па-польску так, як піша славуты Віткевіч або Герсан-Дамброўская. Гэтых аўтараў я прачытаў ад коркі да коркі ў першым і другім класе гімназіі.

Нягледзячы на поспехі ў вучобе, я ўсё ж адчуваў сябе белаю варонай. Неяк у спальні адзін увогуле ніштаваты хлопец пачаў кепікі: “Што гэта за нацыя беларусы, у яе ж няма ніякай культуры, нават пісьменнікаў сваіх няма...”

– Як няма, – умяшаўся я. – Ёсць у нас пісьменнікі не горшыя за польскіх: Колас, Купала!..

– Ха-ха-ха, Купала! Яго – за спіну драла, агідна зрыфмаваў нягоднік.

Я ўсхапіўся з ложка і кінуўся біцца. Ускочылі на ногі ўсе і нас развялі. “Не гадзіцца так! Справа ганаровая – на бокс!” Ад выпускнікоў прымчалі дзве пары баксёрскіх пальчатак, выбралі секундантаў. Тыя напомнілі правілы: “Біць толькі да пояса, біцца – да крыві”. Потым, абцёршы расквашаныя насы мокрым ручніком, аб'явілі, што канфлікт уладжан ганарова, абодва аказаліся дастойнымі праціўнікамі.

У сямігодцы ў нас былі ўрокі беларускай літаратуры раз у тыдзень. Я вывучыў на памяць нейкі дзесятак вершаў па выбару настаўніцы. Дома куплялі беларускія календары, там я сустрэў прозвішча Максіма Танка з прыпіскай: “ Таленавіты малады паэт”. Вершы дужа баявітыя, але і дужа складаныя. Цяпер старэйшыя вучні далі мне пад сакрэтам творы Коласа, і я трапіў у нейкі стан гіпнозу. Нічога падобнага дагэтуль я не чытаў. Сэрца замірала ад пранікнёных радкоў “Поклічу”:

Гэй, чулыя сэрцам, гэй, людзі жывыя!
Ідзіце вы праўду шукаць.
Ёсць у вас сілы яшчэ маладыя,
Ёсць у вас крыллі лятаць!..

Пад уражаннем Палескіх аповесцей я рашыў змяніць свае планы на будучае. Не буду крытыкам мастацтва, стану вясковым настаўнікам. Буду вучыць сялянскіх дзяцей. Буду жыць і працаваць з чыстым сумленнем, як Андрэй Лабановіч. А маляваць буду для сябе, для прыемнасці.

Усю глыбіню пропасці, якая аддзяляла нас, працоўных беларусаў, ад грамадства буржуазнай Польшчы, мне дапамог уразумець мой дваюрадны брат, камуніст Арсень. Парадкам старэйшы за мяне, ён яшчэ да турмы любіў са мною валэндацца. Зараз сустрэў цёпла: “Добра, што вучышся. Нам адукаваныя хлопцы патрэбны. Толькі слухай там настаўнікаў, а свой розум мей”. За некалькі тыдняў ён перавярнуў дагары нагамі мае ўяўленні аб гісторыі, адкрыў столькі таямніц... Я ўжо ведаю, як узніклі класы, як запрыгонілі, аграбілі і прынізілі паны нашых дзядоў. Ведаю, як далей пойдзе развівацца грамадства. Знаю, што ўяўленні пра Бога – гэта ідэалізаванае зямное жыццё з прымусовым падпарадкаваннем адных класаў другім.

Я перастаў хадзіць у царкву, настаўляў у чытальні прыёмнік на СССР, чытаў савецкую літаратуру. Усё гэта прывяло да канфлікту з дырэкцыяй Наавагрудскай гімназіі, у канцы 1938–1939 навучальнага года мне прапанавалі перавесціся ў іншую.

* * *

Памятны верасень 1939 года быў для нашай сям'і двайным святам. З першымі часцямі Чырвонай Арміі прыйшоў дзядзька, бацькаў брат, высокі, у чорнай казацкай бурцы, з маёрскімі шпаламі на пятліцах і вялікай рудою барадою.

– Ты ж яшчэ малады, навошта табе гэтае памяло? – абціраючы радасныя слёзы, пытаў бацька.

– Гэта сакрэт, – таямніча ўсміхаўся госць. Потым расказаў бацьку, што барада – памяць аб турме, з якое ён толькі што выйшаў. Абвінавачвалі, нібыта перадаваў сакрэтныя звесткі ў Польшчу цераз брата.

– Чортведама што! – дзівіўся і абураўся бацька. – Табе ды не давяраць!..

Дзядзька ўступіў у Чырвоную гвардыю яшчэ хлопчыкам, у грамадзянскую вайну быў двойчы паранены. У вёсцы яго помнілі басаногім падпаскам, а тут – маёр. Лепшай агітацыі за Савецкую ўладу і не прыдумаць. Сам выгляд байцоў Чырвонай Арміі і іх паводзіны – яскравая дэманстрацыя савецкай дэмакратыі і культуры. Людзі ў захапленні.

– Ты глядзі, – здзіўляюцца мужчыны, – цераз Нёман пераправіліся, і ніводзін не мацюкнуўся нават. Адзеты ўсе аднолькава, і камандзіры, і салдаты, а нябось, дысцыпліна! Ніхто нават яблыка ў садзе не сарваў, як святыя... А сіла – танкі, машыны. Калі яны іх толькі нарабілі?!

У Навагрудскім педвучылішчы, дзе я стаў вучыцца, панаваў нейкі святочны настрой. Настаўнікі гавораць з намі як з роўнымі, трактуюць як дарослых. Дазваляецца нават курыць. Сярод студэнтаў шмат пераросткаў – гэта тыя, у каго пры Польшчы не было за што вучыцца. Тут і мае землякі і сябры дзяцінства: Косця Балабановіч, Ваня Мацко, Лёва Васілеўскі. Акрамя іх у пакоі Алёша Карпюк. Жывём дружна. Упершыню я пазнаў і палюбіў сапраўды здаровы калектыў – без сацыяльных градацый, без нацыянальнай грызні, без рэлігійных забабонаў.

Вайна і наша адступленне было такой нечаканасцю, што чалавек літаральна памыкаўся працерці вочы, бо думаў,  што гэта не ява, а жахлівы сон. Самы заядлы сярод нас палітык Алёша Карпюк суцяшае: “Адступленне часовае, пачнецца восень, і нямецкая перавага ў тэхніцы адпадзе”. Рашаем перабірацца на ўсход усёй групай. Але дайшлі чуткі, што “заходнікаў” не прапускаюць цераз старую граніцу. Пераарыенціроўваемся тут жа на падпольную барацьбу. Збіраем зброю. Косця Балабановіч наткнуўся на аўтамашыну з боепрыпасамі. Ноччу бяром з ім лодку, перавозім дванаццаць скрынак патронаў, дзве скрынкі гранат і закопваем на пясчаным гаку. Вінтовак і кулямётаў у нас – цэлы арсенал. У вёсцы Пагарэлка за Нёманам Ваня Мацко з хлопцамі ўстанавіў патайны прыёмнік, запісваюць савецкія зводкі, перадаюць нам, мы – распаўсюджваем. Потым аддаюць і радыёпрыёмнік. Мы з Косцем падбіраем батарэі, некалькі дзён майструем, але нічога не выходзіць – селі лямпы.

Рашаем стварыць падпольную арганізацыю і выступіць. Мы гатовы пачаць і адны, але баімся за сем'і.

У маёнткі вярнуліся астабрыдлыя паны, акупанты пачалі расстрэльваць людзей, загаварылі аб вывазе моладзі ў Германію. Расце трывога і гнеў. Рашаем уладжвацца часова на работу, дзе каму ўдасца, каб пазбегнуць вывазу. Рушыць на зіму ў лес – безнадзейна: сляды. Я іду працаваць настаўнікам у Некрашэвічы. Вучу па савецкіх падручніках – сумленне ў парадку.

На весну 1942 года загад: усім ваеннапалонным, якія жывуць у вёсках, з’явіцца ў раён. Смялейшыя ўцяклі ў лес. Спатрэбіўся наш арсенал. Узбройваем групкі першых партызан і плануем падняць паўстанне па ўсім раёне. Сетка антыфашысцкіх арганізацый разраслася. У нас ужо сувязь з многімі вёскамі. Пара! Ідзём з Косцем у Беражна да Жэні Крамко, той мае моцную падпольную баявую дружыну (нават піша лістоўкі на машынцы), дзейнічае ў кантакце з камсамоліяй з-пад Стаўбцоў і Замір'я. Назначаем тэрмін сустрэчы дэлегатаў ад усіх дружын і груп. Месца збору – лес за нашай Сіняўскаю Слабадой.

Але нечаканае супадзенне: на світанні карнікі акружылі вёску, нашы дэлегаты не дайшлі, пачулі страляніну, убачылі пажар і павярнулі назад. Пастанаўляем уліцца ў Чапаеўскі атрад актывам дзвюх дружын з вёсак Сіняўская Слабада і Пагарэлка. Потым паднімаем і астатнія арганізацыі. Гэта было 23 ліпеня 1942 года. Дамовіліся з камандзірам, каб “мабілізаваў” нас як камсамольцаў. Хоць фармальна я не быў тады камсамольцам, але сышоў за камсамольца. Вярнуўся з партызан кандыдатам у члены КПСС.

* * *

Уражанні двух гадоў партызанскай барацьбы, калі іх апісваць падрабязна, маглі б скласці два тамы. Тут няма месца на гэта. Скажу пару слоў пра пэўны вопыт душы, які прынеслі партызанскія гады.

Здаецца, пазнаў крайнія межы пачуццяў – хараства і агіднасці, дабра і зла... Самае цудрўнае – гэта адчуванне кроўнай роднасці з сябрамі, той непаўторны стан душы, калі ў баі для цябе знікае розніца, хто загіне, – ты сам ці твой сябра, бо ты і ён – адно. Гэты стан бязважкасці наступае не часта. Пераважна тады, калі ўбачыш друга ў небяспецы або параненага ці, не дай божа, забітага. Тады імгненна знікае рэфлекс самазахавання і ты ўздымаешся над жыццём і смерцю – ты гатоў!

Самае агіднае відовішча – трупы. Іх трупы і нашы... Мы закопвалі тых і тых, а яны, карнікі, блакіруючы пушчу, звычайна адкопвалі з ямаў і голых, уздутых, сініх падвязвалі да галін дрэў калючым дротам. Які нячулы быў той складальнік салдацкай песні, што апаэтызаваў гругана! Ён, мусіць, ніколі не бачыў гэтага ўласнымі вачыма. Калі так, то даруем яму... Хай не пабачыць груганоў над чалавечымі трупамі ніхто і ніколі больш!

Самае велічнае відовішча – выбухі толавых шашак пад рэйкамі. Ноччу жалеза здаецца чырвоным і выгінаецца дзівоснымі дугамі – усё палатно чыгункі на некалькі кіламетраў...

Вельмі прыгожае вогненнае шытво трансіруючых куль у начным баі – такое хараство, што ніяк не можаш паверыць у небяспеку. Думаеш – гульня.

Я ўдзячны сябрам за тое, што пры іх і праз іх не страціў веры ў жыццё, не атупеў маральна, глядзеў на змаганне сумленна і сур'ёзна.

Аднойчы ў блакаду, вырываючыся ад фашыстаў, якія аблажыліся танкамі, я з групай разведкі напароўся на шпіталь суседняга атрада ў глухім урочышчы. Яловы часцернік зусім скрываў дашчаныя баракі, і я пад’ехаў на кані ўпрытык. Але пазнаў мяне і загаварыў на польска-беларускай мяшанцы:

– Ах, Валодзю! Дзень добры! Impozantnie wygladasz na tym swoim koniu. Што табе! Ты вольны вецер, кавалер... Ніякіх абавязкаў. Рамантыкі нахапаешся – да старасці хопіць...

Я жахнуўся: дык вось, аказваецца, з якога аспекту можна глядзець на гэту трагічную яву, на гэту святую барацьбу, якую мы вядзём. Сорамна і крыўдна зрабілася мне. Бо гаварыў гэта адукаваны чалавек, які вучыўся і ў Берліне, і ў Вене, ды на сваёй скуры спазнаў, што такое фашызм. Гэта горш як бацькавы жарты з маёй прастрэленай рукі: “Ну што? Музыкантам будзеш!..”  Жартаваць-то бацька жартаваў, але, нябось, прыбег з дазору ў зямлянку як на падмеці. Ды і жартаваў толькі над рукою, а пра нагу трывожыўся, усё дапытваўся ў доктара, ці косць не закранута... Я хацеў сказаць Гофману нешта гнеўнае, але ўбачыў у яго вялікіх вачах такі безнадзейны сум і трывогу, што прыкусіў язык. Сапраўды, мы хоць разбітыя, але не дадзім ворагу наздзекавацца з сябе, пакуль жывыя. А ён?.. На развітанне суцешыў яго: “Сховішча тут надзейнае... – і пагнаў каня”.

Кажуць, да небяспекі можна прывыкнуць. Я заўважыў на сабе і на другіх, што пасля кожнага “пераплёту” людзі становяцца больш асцярожнымі. І я іх пачаў разумець. Нягледзячы на тое, што жаданне жыць і выжыць лічыў для тых абставін немаральным і нікчэмным. Зразумеў, можа, таму, што неадольным маім жаданнем к канцу партызаншчыны стала – выспацца. Хоць адну ноч заснуць у цяпле, разуўшыся, раздзеўшыся, бяспечна, як у дзяцінстве. Выспацца і паляжаць крыху ў ложку, памарыць... Сёння прыпамінаецца тое адчуванне даволі часта, нават калі чытаеш збітыя фразы пра мірны сон. Калі самому давядзецца пісаць партызанскія ўспаміны, дык хіба з павагі да гэтага святога права кожнага чалавека на ціхі, спакойны сон. Абы зразумелі гэта сённяшнія падросткі, што бачылі вайну толькі на экране.

...Мая работа ў Мірскім райваенкамаце і райана пасля прыходу Савецкай Арміі была толькі эпізодам пры перасадцы з вайсковага эшалона ў мірны. Я ўсё марыў аб працы ў галіне мастацтва. Паступаючы на літфак Мінскага педінстытута, таксама думаў, што гэта чарговая купіна, з якой ступлю ўжо на цвёрды грунт свайго прызвання. Здарылася інакш.

* * *

Прыходу ў літаратуру я абавязан перш за ўсё Янку Брылю. Мы пазнаёміліся яшчэ ў партызанах. У Мінску заходзіў да яго на кватэру, там сустракаў многіх пісьменнікаў. Не трэба было вялікай назіральнасці, каб заўважыць, што ў прыватных гутарках і асабістым жыцці пісьменнікі часта больш цікавыя, чым у творчасці. Узнікла спакуса заняцца гэтаю з’явай. Захацелася стаць прапагандыстам не толькі твораў, але і складаных жыццёвых і мастацкіх біяграфій.

Творчую працу Янкі Брыля я назіраў, можна сказаць, з дня ў дзень. Ён меў тады звычку чытаць свае свежыя рукапісы, як бы правяраючы напісанае на жывым чалавеку. Мне часта даводзілася быць у ролі першага слухача. Паступова развіваў я ўражлівасць да мастацкага слова, навучыўся цаніць вартасці слова, як матэрыялу мастацкай творчасці, як сродку, пры дапамозе якога ствараюцца вобразы, выражаюцца пачуцці. Мне адкрылася падабенства і розніца паміж вобразнасцю ў выяўленчых мастацтвах і літаратуры. Пад уплывам філалагічнай адукацыі я зразумеў, што слова мае больш універсальныя, самавітыя колеры, больш багатыя адценні, чым самы дасканалы набор фарбаў. Я палюбіў слова.

Янка Брыль чытаў усе мае аспіранцкія рэфераты, далікатна рабіў заўвагі па сэнсу і стылю. Слухаючы яго, я пачынаў дабівацца чалавечай натуральнасці выказвання. Я ўцяміў, што без сувязі з чалавекам слова пусцее і блекне. Але, аказалася, мала знаць, трэба ўмець, ну і мець смеласць гаварыць ад сябе. Пісаць мудрагеліста ад імя нейкай абстрактнай асобы было лягчэй. Брыль суцяшаў: "Нічога, усе мы, сядаючы за рабочы стол, любім нацягваць на галаву вучоны каўпак".

Тэмай навуковай працы я выбраў літаратуру былой Заходняй Беларусі. Не толькі з меркаванняў мясцовага патрыятызму, хутчэй дзеля таго, што бачыў у ёй шчырае, пазбаўленае фальшу выражэнне рэвалюцыйнай чалавечнасці. Вабіла мяне заходнебеларуская літаратура і тым, што была некранутай пушчай, падарожжа па ёй абяцала шмат інтэлектуальных прыгод.

Каб вывучыць фальклор рэвалюцыйнага руху, аб'ездзіў на веласіпедзе многія раёны, сустракаўся з былымі падпольшчыкамі. Падарожнічалі разам з Янкам Брылём, які збіраў тады матэрыял для рамана “Граніца”. Разам працавалі ў архівах Вільні, Гродна, Слоніма і іншых гарадоў. У выніку я напісаў старонак трыста і хутчэй адчуў, чым пераканаўся (на вучоным савеце працу адобрылі), што мая пісаніна нічога не вартая.

На Кампартыі Заходняй Беларусі тады ляжаў цень. У архівах я не знаходзіў пацверджання тых абвінавачванняў, якія лічыліся бясспрэчнымі аксіёмамі. Браць іх на веру не дазваляла гордасць. Ды і не лезлі праз горла папрокі ў адрас крыштальна чыстых людзей, з якімі пазнаёміўся ў часе вандравання і архіўных пошукаў. Рашыў змяніць тэму і пачаў пісаць пра давераснёўскую творчасць Максіма Танка. Вывучэнне яго таленавітай паэзіі было для мяне добраю школай. Работа, праўда, зацягвалася, бо адначасова авалодваў прафесіяй выкладчыка літаратуры ў Бабруйскім, а потым Брэсцкім педінстытуце, спрабаваў выступаць у друку як крытык, а ў дадатак хварэў туберкулёзам. Апублікаваў працу пра Танка пад назвай “Паэзія змагання” ў 1959 годзе. Нядаўна, працуючы над раздзелам акадэмічнага выдання гісторыі беларускай літаратуры, я перачытаў сваю першую кніжку. Многае хацелася перапісаць нанова. Нічога дзіўнага: пішучы яе, я сам пакутліва змагаўся супраць спакусліва лёгкай схаластыкі і схематызму. Не заўсёды перамагаў.

Помню, калі давёў яе да друку, адчуваў такую зморанасць, што даў слова больш не пісаць аб'ёмістых манаграфій – толькі артыкулы. З артыкулаў, нарысаў, партрэтаў склалася мая другая кніжка "Час і песні". Яна пісалася больш свабодна, у нармальнай атмасферы, якая ўстанавілася пасля ХХ з'езда КПСС. Пісаў з намерам давесці, што пісьменнік нават з сярэднім або не раскрытым да канца талентам – цікавы чалавек. Шматгранная асоба! Яго жыццё больш выражае дух эпохі, чым здаецца на першы погляд, бо ў жыццёвым рэчышчы творчая адзінка, па-мойму, заўсёды плыве па вірах.

Зараз працую над дакументальнай аповесцю пра Валянціна Таўлая. Час ад часу рэцэнзірую творы сучасных пісьменнікаў, адклікаюся на выстаўкі мастакоў. Выношваю планы стварыць вялікі фотаальбом “Мае любімыя пісьменнікі ў жыцці”. Зрокавыя ўспрыманні, пластычныя вобразы мне ўсё ж блізкія, прывычныя з дзяцінства.

Не лёгка спалучаць работу ў інстытуце з літаратурнай творчасцю, але ў студэнцкай аўдыторыі можна праверыць, аб’ектывізаваць свае эстэтычныя ацэнкі; жывы вусны кантакт са слухачамі дапамагае пазбаўляцца ад той нейтральнаадчужанай інтанацыі ў гаворцы, якая спадарожнічае бадай кожнаму літаратару. З гэтай моладзі прыходзяць у літаратуру новыя сілы, і радасна думаць, што нейкі ўдзел у лёсе таленавітых юнакоў прымаў і ты, сплачваў доўг перад сваімі настаўнікамі і старэйшымі сябрамі па пяру. Колькі год запар даводзіцца кіраваць абласным літаб'яднаннем, дзе добрая палова членаў - былыя мае студэнты. Сёння такія паэты, як Міхась Рудкоўскі, Мікола Купрэеў, Мікалай Цялічка, ужо выйшлі на літаратурную ніву рэспублікі, а шэраг іншых рыхтуецца да гэтага свята. Талентаў прыбывае з кожным годам. Дзякуючы іх творчым намаганням думы і справы адсталага ў мінулым Палесся ўліваюцца ў рэчышча духоўнага жыцця краіны. Гэта радуе.

23 лістапада 1964 г.

З кнігі "Пра час і пра сябе": Аўтабіяграфіі  беларускіх пісьменнікаў. – Мінск : Беларусь, 1966. –392 с.