ПАДЗВІЖНІК ДУХУ

Генадзь Праневіч

...Прыснілася: я паставіў сваю машыну ў гараж да Калесніка!.. У тым гаражы, што ўніз па вуліцы Спакойнай, адразу за Трышынскімі могілкамі, яшчэ пры жыцці гаспадара я быў усяго адзін раз. І нават, калі б хацеў, не змог бы сёння знайсці ні сам гараж, ні нават прыблізнае яго месца... Але хто ходзіць тваімі сцежкамі, Божа! І хто паказвае нам тыя сцежкі... Самохаць заехаць у Калеснікаў гараж, ды яшчэ і паставіць туды сваю машыну!.. І гэта нібы яшчэ пры ім, жывым, прысутным... Абсурднасць і абсалютная немажлівасць таго, што адбывалася незалежна ад маёй волі, выклікалі ўва мне нават у сне нейкую стрэсавую ашаломленасць, пачуццё непапраўнай віны, што паступова ахоплівалі ўсю істоту гарачаю хваляю сораму і прыкрасці...

...Містычны сон перарваўся зусім рэальным тэлефонным званком. На тым канцы проваду была Зося Міхайлаўна, ягоная жонка і найблізкі сябра, якая цяпер, пасля смерці гаспадара, узяла на сябе клопат аб усіх яго недавершаных справах, аб ягоных асірацелых аспірантах і дыпломніках... І вось цяпер клапацілася пра лёс аднаго з іх, беручы пад сваю абарону і апеку...

І сон, і ява звязваюць нас з ім, адышоўшым, інерцыяй прыцяжэння агромністага касмічнага цела, таямнічага і маласпазнанага, што ціха праплыло каля нас, захапіла ў сваю арбіту і бударажыць уяўленне гарызонтамі нязвыклымі, невядомымі...

Памяць не адпускае. Памяць лучыць нас з ім (жывых з мёртвым) адзіным ланцугом лёсу, дзе ў грандыёзным працэсе тварэння нацыянальнай свядомасці (Калеснік паэтычна называў гэта “тварэннем легенды”) кожны толькі звяно, з’яднанае родавым абавязкам і духам з папярэднікамі і наступнікамі. Продкі цанілі і ставілі гэтае пачуццё лучнасці вышэй за ўсё: пачынаючы пабудову храма ці крэпасці, засяваючы белае поле пергаменту ці паперы зернем мудрых ісцін, ведалі: нашчадкі давершаць пачатае, бо вечны род людскі духам і добрымі справамі. З тым прыходзілі ў свет, аб тым клапаціліся, адыходзячы з яго.

Я чую іх спавядальныя галасы з глыбіні стагоддзяў.

Еўфрасіннін: “Но что Успѣша при нас бывши родове наши? И женишася, и посягоша, и княжиша, но не вѣчноваша. И житие их мимо тече. Слава их погыбе, яко прах, и хужши паучины».

Скарынаў: “Таковый убо был милосник наукы и мудрости (пра Пталамея Філадэльфа. – Г.П.), иже болѣй избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и паметь свою, нежели во тленных великих царскых сокровищах”.

У гэтым духоўным запавеце продкаў, з іх прагай выйсці за межы наканаванага зямнога быцця, прадоўжыцца ў памяці нашчадкаў праведнай сілай і аўтарытэтам сваёй духоўнай існасці, свайго духоўнага подзвігу, мне чуецца і яго саслабелы, балесны голас там, у бальнічнай палаце, калі, пакутуючы ад болю і мройна паказваючы вачыма некуды ўвысь, пад столь пакоя, ён як выдыхнуў нешта сваё запаветнае, вынашанае: “...От, каб дзе-небудзь там застацца, пісаў бы, думаў...”

Канцэнтрацыя на духоўным змесце жыцця, адчуванне сваёй прафесіі і творчай дзейнасці крытыка, літаратара найперш як місіі слугавання свайму народу і людзям, праз якую і ён сам як бы выходзіў у сферу вечнага чалавечага духу, альбо наасферу, як яе называў Вярнадскі, былі, як мне здаецца, магутным унутраным рухавіком і сэнсам яго падзвіжніцкай творчай дзейнасці на ніве нацыянальнай літаратуры, культуры, асветы.

Юнаком спазнаўшы пекла вайны і гераічны драматызм партызанскага змагання, страту сяброў і страх смерці, меру чалавечага і нечалавечага ў самім чалавеку, ён вельмі рана пачаў вымяраць сваё жыццё і ўчынкі катэгорыяй вечнага, маштабам гістарычнага поступу нацыі і ў гэтай сваёй грамадзянскай і чалавечай звышзадачы альбо місіі, старанна прыхаванай абалонкай знешняй прастаты і звычайнасці, вельмі часта заставаўся незразумелым не толькі абывацелю, але і людзям блізкім, нават сябрам...

Да гэтага трэба дадаць незвычайна развітую эстэтычную і маральна-этычную ўражлівасць і бясспрэчную сумленнасць, памножаныя на гарачлівы, бескампрамісны характар, якія непазбежна штурхалі яго ў самы вір жыцця, у эпіцэнтр грамадска-палітычных і літаратурных праблем і канфліктаў, з самага пачатку творчай дзейнасці выводзячы на вастрыё грамадска-навуковай думкі, што найперш канцэнтравалася тады ў сферы літаратуры і літаратуразнаўства.

Нездарма пасля вайны, калі вынішчаная ў 30-я гады беларуская літаратура і крытыка пачалі пакрысе апрытомніваць, збіраць сілы і інтуітыўна намацваць пераараны бульдозерамі сталінізму і вульгарна-сацыялагічнай крытыкі нацыянальны шлях, расстаўляць новыя вехі, тады яшчэ малады, пачынаючы крытык адразу ж замацаваўся на гэтым грунце як даследчык літаратуры ЗаходняйБеларусі. Нацыянальная адраджэнская ідэя, прыціснутая напластаваннямі марксісцкіх догмаў, задушлівай атмасферай ідэалагічнага ўціску і цкавання, падспудна жыла ў ім заўсёды. Цяпер жа яна станавілася той унутранай духоўнай апорай, што надавала сэнс жыццю, навуковай і літаратурнай творчасці, спакваля гартавала ў ім дух апазіцыйнасці і ўнутранага супраціўлення афіцыйнай ідэалогіі таталітарызму і уніфікацыі.

Дарэчы, У. Калеснік ніколі не быў ні руйнавальнікам сацыялістычных асноў, ні палітычным праціўнікам сістэмы. Ягоная апазіцыйнасць у цэлым не выходзіла за рамкі памяркоўна-ліберальнай рэфармісцкай ідэалогіі шасцідзесятнікаў, а арыентацыя на сацыялістычную ідэю і сацыялістычны выбар была і да апошніх дзён заставалася па-за ўсякай палітычнай кан’юнктурай. У пачатку 80-х гадоў мне нават даводзілася чуць на яго адрас папрокі ў залішняй артадаксальнасці.

Зрэшты, ці можна нешта пэўнае сказаць пра верніка па тым, як часта ў царкве кладзе ён паклоны?! Не палітычная фразеалогія і не марксісцка-ленінская аснашчанасць асобных прац У. Калесніка (месцамі і сапраўды густаватая) вызначалі глыбінную сутнасць, змест і напрамак яго літаратурна-крытычнай дзейнасці, а прафесійная сумленнасць і нацыянальны грунт мыслення, пазіцыя шчырага заступніцтва і абароны беларускасці, роднай мовы і культуры, што рэалізаваліся ў фундаментальнай распрацоўцы ім ідэалогіі і эстэтыкі нацыянальна-вызваленчага адраджэнскага руху ў гісторыі беларускай літаратуры ХVІ-ХХ стст. Варта задумацца над значэннем хоць бы аднаго толькі факта адкрыцця і грунтоўнай прапіскі ў гісторыі нацыянальнага пісьменства творчасці У. Жылкі, В. Таўлая, Л. Родзевіча, К. Сваяка, І. Канчэўскага, Л.Геніюш, М. Машары, М. Васілька, М. Засіма, шматлікіх іншых імёнаў і твораў паднагляднай і санацыйнай да самага апошняга часу літаратуры Заходняй Беларусі. І гэта ва ўмовах, калі нават на былых членах КПЗБ ляжаў цень падазронасці, закрываліся беларускія школы, ішоў шалёны русіфікатарскі наступ, а правадыры БССР ліхаманкава рыхтаваліся папоўніць беларусамі новую гістарычную супольнасць – савецкі народ...

Дзівакам-рамантыкам, накшталт У. Калесніка, пры такім раскладзе, што прапаноўвала сваім грамадзянам магутнейшая ў свеце таталітарная дзяржава з яе жорскай сістэмай іерархічнага падпарадкавання, строгай рэгламентацыяй і кантролем за ўсімі формамі выяўлення грамадскай думкі, не заставалася нічога лепшага, як разгортваць свой ідэал дзяржаўнага і грамадскага ўладкавання на пляцоўках ідэалагічна больш ціхіх і бяспечных, чым сфера рэальнай палітыкі. Скажам, дрэйфаваць у мінулую гісторыю Беларусі, да цьмяных берагоў Сярэднявечча, дзе ўзгаралася зорка беларускага Адраджэння, пачынаўся Новы час, наступаў Залаты век... І Францыск Скарына са старонак “Библии русской” разважаў аб мудрых законах, якіх павінны слухацца і якім мусяць падпарадкоўвацца нават цары...

Непапраўны ідэаліст і фантазёр, які публічна бажыўся ў сваіх камуністычных перакананнях, ён чамусьці захапляўся і аддаваў відочную перавагу ў сваіх працах прымітыўна-простым, змадэляваным паводле законаў жывой прыроды і боскай справядлівасці формам арганізацыі грамадства і грамадскага жыцця. Тым самым, паводле якіх жылі першыя хрысціянскія абшчыны, што яшчэ не скаштавалі пладоў рэальнага сацыялізму, паводле якіх і сёння жывуць у прывольных пушчанскіх лясах чароды асілкаў-зуброў, раяцца пчаліныя раі... Звяры і птушкі ведаюць свае лагавіскі і гнёзды, а людзі навекі захоўваюць у сваім сэрцы любоў і ласку да мясцін, дзе нарадзіліся і ўзгадаваліся з ласкі Божай...

Чалавек нябесны, улюбёны ў Сярэднявечча і паэзію класічных рамантыкаў, ён быў адначасна і чалавекам надзіва зямным, рэалістычным, які хадзіў па грэшнай зямлі, і гэты цвёрды грунт пад нагамі, смак цяжкой штодзённай навуковай і творчай працы, вір службовых, гаспадарчых, бытавых і іншых дробязных і нядробязных клопатаў і спраў былі для яго такой жа неабходнай і сэнсоўнай часткай жыцця, як і патрэба ўзірацца ў зорнае неба над галавой і недасяжны іскрысты Млечны Шлях...

Жыццё, людзі, свет цікавілі яго ва ўсёй разнастайнасці і шматаблічнасці сваіх праяў, ва ўсіх сваіх унутраных дачыненнях, сутыкненнях і супярэчнасцях, гармоніі і анамаліях, высокім і нізкім, трагедыйным і камічным.

Ён і сам быў чалавекам няпростым, складаным – як уласнай неардынарнай, рэдкай натурай, так і адбітым у ёй часам з яго кантрастамі, супярэчнасцямі і ілюзіямі, з яго надзеямі і памылкамі, з яго праўдамі і горкімі крыўдамі. Ён быў як само жыццё... І нават назвай сваёй развітальнай кнігі дзякаваў жыццю за дар блаславёнага святога і грэшнага чалавечага наканавання...

Ягоны чалавечы характар можна суаднесці з спектрам дзённага святла: у ім як бы ўсе мажлівыя адценні і грані чалавечай натуры, узятыя ў іх дыялектычных антыномах... Ён быў мудры і гарачліва безаглядны, праніклівы і наіўна-даверлівы, адчайна смелы, нават дзёрзкі і абачліва асцярожны, бескампрамісны і памяркоўны, паблажлівы і педантычна строгі, па-таварыску просты, даступны і субардынацыйна недасягальны... Быў шляхетна далікатны і абыходлівы з людзьмі і мог прылюдна разануць такое... у духу не горшых узораў вуснай творчасці народа, што заставалася толькі пачухаць патыліцу... Усё залежала ад узроўню асобы субяседніка і сітуацыі, грамадскай важнасці і прынцыповасці дыскутаванага пытання ці праблемы, унутранага настрою і стану душы.

Але над усімі антыномамі дамінавала і звязвала іх у цэласны чалавечы характар ягоная непаўторная мудрая, іранічна-мяккая ўсмешка, якая гаварыла пра яе ўладальніка больш і глыбей, чым усе напісаныя ім кнігі і сказаныя словы...

...Мне здаецца, што якраз у шматграннасці і дыялектычна-супярэчлівым універсалізме натуры і чалавечага характару Уладзіміра Андрэевіча, што дазвалялі яму лёгка распазнаваць розныя тыпы аўтарскай індывідуальнасці і характараў літаратурных герояў, прагназаваць і дакладна ацэньваць іх псіхалагічныя рэакцыі і паводзіны ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях і, адпаведна, адэкватнасць іх эстэтычнай сублімацыі ў мастацкім вобразе, якраз і прыхавана таямніца яго унікальнага крытычнага дару.

Прычым сама літаратурна-крытычная праца была для яго не толькі інструментам пазнання рэчаіснасці і мастацтва, але і формай самога жыцця, той яго унікальнай гранню, якая дазваляла спаўна рэалізаваць якраз найбольш моцныя бакі яго шматграннай таленавітай натуры.

Калеснік – літаратар, творца і Калеснік – жывы чалавек – шмат у чым розныя людзі. Пісьмо, праца над словам астуджвалі яго гарачую імпульсіўную натуру, яго імгненную, часта непрадказальную рэакцыю на падзеі і з’явы грамадска-палітычнага і літаратурнага жыцця, людзей, дазвалялі спыніць і вярнуць час, скарэкціраваць празмерна эмацыянальныя ацэнкі альбо недакладныя высновы. Пісанае слова вызваляла ў ім прастору для вечнага, для глыбіннага філасофскага роздуму над сутнасцю жыцця і з’яў мастацтва, вызваляла ў ім мысліцеля, як Радэн вызваляў скульптурны вобраз, адсякаючы, па яго словах, усё лішняе.

Ён і сапраўды быў у гушчыні жыцця, быў як само жыццё, але адначасна і над жыццём.

Ён жыў у сваім часе, але і над часам.

Ён заўсёды быў самім сабою, але і над сабой, больш за самога сябе...

Усё ягонае жыццё ёсць гісторыя бязлітаснага спаборніцтва, змагання і барацьбы: з часам, лёсам, з самім сабою – учарашнім, недасканалым, кансерватыўным...

Я не магу назваць у сённяшняй нашай літаратуры пісьменніка, літаратара, роўнага яму ў гэтым чалавечым і творчым подзвігу: патрэба ў самаўдасканаленні, у пастаянным самаабнаўленні была ўнутранай асновай, стрыжнем яго натуры, яго тытанічнай, па-сапраўднаму рэнесансавай постаці.

У свае семдзесят тры гады ён пайшоў ад нас да крыўднага рана, па-маладому прагны праўды і хараства, поўны шматлікіх задум, у вечнай, няскончанай спрэчцы з жыццём і яго праблемамі.

Ягоны дух сягаў на стагоддзе!..

........................................

Прысніцца ж такое: я паставіў сваю машыну ў гараж да Калесніка!..