Трэнінг-практыкум - VI

18 і 23 красавіка 2019 г. адбыліся два выязных трэнінгі для студэнтаў спецыяльнасці “Гісторыя (археалогія)” у г.п. Ружаны Пружанскага р-на. У іх узялі ўдзел студэнты 1 – 3 курсаў. Прынамсі студэнты 2-га курса выехалі на трэнінг упершыню. На гэты раз аб’ектам вывучэння стаў не толькі палацавы комплекс Сапегаў, але і само мястэчка. Мэтай трэнінгу стала азнаямленне студэнтаў з актуальнай тапаграфічнай сітуацыяй у цэнтры населенага пункта для вызначэння дакладных межаў ахоўнай зоны і каардынацыі дзействаў з прадстаўнікамі будаўнічых арганізацый, якія плануюць і распачынаюць працы па добраўпарадкаванню мястэчка да святкавання рэспубліканскіх “Дажынак”. У выніку праведзена рэкагнасцыроўка на мясцовасці, спраўджаная магутнасць культурнага пласта па заходняй межы ахоўнай зоны мястэчка і сабраны археалагічны матэрыял на месцах правядзення земляных прац. Так сама студэнты пазнаёміліся з актуальным станам рэстаўрацыйных прац на тэатральным корпусе рэзідэнцыі Сапег і былога комплекса базыліянскага кляштару XVIII ст. (сёння ўладанні праваслаўнай царквы святых Пятра і Паўла), наведалі касцёл Св. Троіцы XVII ст. і капліцу Св. Казіміра XVIII ст.