Рэспубліканскі навукова-практычны вэб-семінар «Кніга ў сучаснай медыйнай прасторы»

У межах святкавання 500-годдзя нацыянальнага кнігадрукавання 26 кастрычніка 2017 года на філалагічным факультэце быў праведзены рэспубліканскі навукова-практычны вэб-семінар «Кніга ў сучаснай медыйнай прасторы». Арганізатарам мерапрыемства выступіла кафедра рускай літаратуры і журналістыкі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася загадчык кафедры рускай літаратуры і журналістыкі Людміла Скібіцкая, якая адначыла важнасць кніжнай прадукцыі ў развіцці сучаснага грамадства і падкрэсліла, што ўпершыню на філалагічным факультэце праводзіцца навукова-практычнае мерапрыемства ў вэб-фармаце.

Урачыстую ноту форуму задала відэапрэзентацыя з выступленнямі фіналістаў конкурсу арт-выказванняў «Залатая восень А.С. Пушкіна», падрыхтаваная дацэнтам кафедры рускай літаратуры і журналістыкі Людмілай Садко. Дарэчы, «народным галасаваннем» былі абраны і пераможцы гэтага конкурсу.

Праблемнае поле семінара склалі наступныя пытанні: гісторыя нацыянальнага кнігадрукавання ў сусветным кантэксце; кніга ў новым медыйным асяроддзі; праблемы рэцэпцыі мастацкай літаратуры; бібліятэка і яе функцыі ў новай медыяпрасторы.

Мультымедыйнае выступленне ўласнага карэспандэнта газеты «Транспартны веснік», магістра філалагічных навук, аспіранткі Інстытута журналістыкі БДУ Марты Мартынюк на тэму «Книжные сообщества в социальных сетях: виртуальное и реальное общение» выклікала жывую дыскусію ў гасцей мерапрыемства.

У відэадакладзе дацэнта кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Алы Брадзіхінай былі акцэнтаваны праблемныя пытанні функцыянавання беларускай літаратуры ў сучаснай айчыннай прасторы.

Змястоўнымі і карыснымі былі скайп-выступленні супрацоўнікаў НАН Беларусі. Вучоны сакратар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Анатоль Трафімчык расказаў берасцейцам пра першыя грамадскія бібліятэкі ў заходнебеларускай глыбінцы (на прыкладзе Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства). Вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Алесь Бразгуноў прэзентаваў тэму «Біблія Скарыны: эдыцыйныя і тэксталагічныя навацыі».

На семінары працавала кніжная выстава «Слова Скарыны – спадчына чалавецтва», арганізаваная абласной бібліятэкай імя М. Горкага. Удзельнікі мерапрыемства маглі пазнаёміцца з навінкамі кніжнай Скарыніяны, у тым ліку з факсімільнымі выданнямі апошніх гадоў.

Падчас падвядзення вынікаў семінара была адзначана важнасць і мэтазгоднасць правядзення навукова-практычных мерапрыемстваў у вэб-фармаце.

Аргкамітэт выказвае шчырую падзяку супрацоўнікам Цэнтра інфармацыйных тэхналогій нашага ўніверсітэта за бездакорнае тэхнічнае суправаджэнне вэб-семінара.

Святлана Клундук,
дацэнт кафедры рускай літаратуры і журналістыкі

Поделиться: