Прэзентацыя кнігі пра бежанства ў гады Першай сусветнай вайны

29 верасня 2016 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя кнігі дзеяча беларускай культуры ў Польшчы Дарафея Фіёніка “Бежанства. Дарога і павароты. 1915–1922”, у якой удзельнічалі супрацоўнікі ўстаноў культуры, а таксама выкладчыкі і студэнты гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Падчас прэзентацыі аўтар не толькі распавёў аб сваёй больш чым 20-гадовай збіральніцкай працы над успамінамі бежанцаў Падляшша ў час Першай сусветнай вайны, але і пра зборнік “Бельскі гасцінец”, іншыя гістарычныя, этнаграфічныя і краязнаўчыя працы. Удзельнікі змаглі паглядзець мультымедыйную прэзентацыю фотадакументаў з кнігі, дакументальную стужку з жывымі галасамі бежанцаў.

Вядучы мерапрыемства – доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Вабішчэвіч – адзначаў унікальнасць і даступнасць гэтага выдання, заснаванага на шырокім коле крыніц (асабліва матэрыялаў з архіваў і прыватных (сямейных) збораў, успамінаў людзей), выкарыстанні беларускай, польскай, рускай моў і падляшскай гаворкі. Прысутныя пажадалі аўтару далейшых поспехаў у захаванні традыцыйнай і духоўнай культуры беларусаў суседняга Падляшша.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Поделиться: