З любоўю да калегі і настаўніка

18 кастрычніка 2018 года на філалагічным факультэце адбыліся юбілейныя «Дзясятыя Калеснікаўскія чытанні». Названы навуковы форум праводзіцца з перыядычнасцю адзін раз на два гады ў гонар вучонага, якім ганарыцца не толькі наша навучальная ўстанова. Уладзімір Андрэевіч Калеснік – чалавек, які любіў свой народ, яго гісторыю і культуру, быў сапраўдным грамадзянінам, патрыётам, апантаным сваёй працай, улюбёным у справу, якой займаўся. Ён быў выдатным выкладчыкам, першым прафесарам нашай ВНУ, справядлівым крытыкам, адметным літаратуразнаўцам і пісьменнікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Апроч навуковай і пісьменніцкай дзейнасці, ён няблага маляваў, выразаў па дрэве, фатаграфаваў. Для студэнтаў філалагічнага факультэта ён назаўсёды застаўся Настаўнікам з вялікай літары. Сёння яго вучні аддаюць свае веды новаму пакаленню студэнтаў, з іх вуснаў часта гучыць імя Уладзіміра Андрэевіча, як сімвала нашай установы, нашага краю, нашай радзімы.

Удзел у чарговых «Калеснікаўскіх чытаннях» прымалі як навукоўцы, так і творцы, пісьменнікі. Сярод мастакоў слова былі Мікалай Мікалаевіч Пракаповіч і Мікалай Мікалаевіч Аляхновіч. Яны дзяліліся сваімі ўспамінамі пра Настаўніка, расказвалі, як Уладзімір Андрэевіч паўплываў на іх далейшае жыццё. Кандыдат філалагічных навук, паэтка Ала Мікалаеўна Петрушкевіч, якая прыехала з Гродна, паведаміла пра творчасць вядомай беларускай паэткі Наталлі Арсенневай у кантэксце заходнебеларускай паэзіі, якой доўгі час займаўся і У. А. Калеснік. Яна расказала пра сувязь Наталлі Арсенневай з яшчэ адным знакамітым беларускім пісьменнікам Максімам Танкам, пра іх сяброўства і літаратурныя дыскусіі.

З грунтоўнымі дакладамі на пленарным пасяджэнні чытанняў выступілі прафесар Зоя Пятроўна Мельнікава і дацэнт Уладзімір Адамавіч Сенькавец. Яны распавядалі пра навуковыя набыткі слыннага берасцейскага літаратуразнаўцы.

У гэты дзень гучала шмат цёплых, ласкавых, шчырых слоў, адрасаваных Уладзіміру Андрэевічу Калесніку. І ва ўсіх прысутных на душы было прыемнае адчуванне. Мы бачылі, з якой пранікнёнасцю і цеплынёй гавораць цяперашнія выкладчыкі, а некалі вучні Уладзіміра Андрэевіча, пра свайго Настаўніка. Спадзяемся, што і мы сваіх выкладчыкаў згадаем праз нейкі час з вялікай удзячнасцю за іх працу, аддадзеныя нам сілы, вопыт і веды.

Ужо шмат гадоў няма на свеце Уладзіміра Андрэевіча, але жыве памяць пра яго, якую доўжаць яго калегі, вучні. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна працуе навукова-асветніцкі цэнтр імя У. А. Калесніка. У яго гонар названа літаратурная прэмія. Яго імя носіць вуліца ў г. Брэсце, а таксама Ярэміцкая школа, дзе ён вучыўся. Выдадзена цудоўная кніга «Пасланец Праметэя», якая змясціла ў сабе ўспаміны сучаснікаў пра У. А. Калесніка, а таксама мастацкія творы, прысвечаныя яму. Памяць і спадчына, якую пакінуў сваім нашчадкам Уладзімір Андрэевіч, будзе жыць яшчэ доўгі час і перадавацца будучым пакаленням, каб і яны ведалі і ганарыліся сваім славутым земляком.

Ганна Місько,
студэнтка 2-га курса філалагічнага факультэта
спецыяльнасці «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)»

Поделиться: