Творчая вечарына «Ад прадзедаў спакон вякоў…»

10 кастрычніка 2018 года на філалагічным факультэце пад кіраўніцтвам прафесара Швед І.А. і дацэнта Сенькаўца У.А. прайшло фальклорнае свята «Ад прадзедаў спакон вякоў…», якое па выніках летняй вучэбнай практыкі падрыхтавалі і правялі студэнты 2-га курса спецыяльнасцей «Беларуская філалагія» і «Руская філалогія». У аснову творчай вечарыны былі пакладзены фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, запісаныя першакурснікамі ў Кобрынскім раёне, – у прыватнасці, рэканструяваны элементы вясельнага і каляднага абрадаў. Студэнты таксама прадэманстравалі фрагменты ўласных гутарак з рэспандэнтамі, акцэнтавалі ўвагу на асаблівасцях аўтэнтычнага выканання фальклорна-песенных твораў.

Асабліва запомнілася прысутным беларускім і замежным студэнтам-першакурснікам рэканструкцыя фінальнай часткі вясельнага абраду пад назвай «Цыганы» ў выкананні Настассі Пашкавец і Дзяніса Пышко. Маладыя таленавітыя артысты пранікнёна заглыбіліся ў атмасферу палескага вяселля, што паспрыяла і гледачам адчуць сябе прысутнымі на адным з самых яркіх фрагментаў народнага свята. На вечарыне панавалі ўзнёслае вуснае слова, душэўныя спевы, жывая музыка, танцы, дасціпныя жарты.

Такія святы сталі штогадовай традыцыяй на факультэце, і кожны раз яны праходзяць з асаблівым эмацыйным пад’ёмам, з’яўляюцца адной з найбольш дзейсных форм далучэння студэнцкай моладзі да багатай народнай культуры Берасцейшчыны.

Ганна Місько,
студэнтка другога курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія»

Поделиться: