Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з цыклу «Гульні і забавы ў культуры правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі: змены сацыяльнай парадыгмы»

Чарговая Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з цыклу «Гульні і забавы ў культуры правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі: змены сацыяльнай парадыгмы» прайшла на базе нашага ўніверсітэту 22 красавіка. Яе арганізатарам на працягу пяці апошніх гадоў з’яўляецца кафедра спартыўных дысцыплінаў. Галоўнай мэтай даследаванняў навукоўцаў з вышэйшых навучальных ўстаноў Беларусі, Польшчы і Украіны, былі праблемы, што звязваліся са зменамі ў накірунках зацікаўленасцяў дзяцей і моладзі ў цяперашніх сацыяльных рэаліях.

Вольны час на дадзеным этапе развіцця сучаснага грамадства ператвараецца ў сур’ёзную праблему для сістэмы дзяржаўнага кіравання. Як падкрэсліла памочнік пракурора Брэсцкай вобласці за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі, малодшы дарадца юстыцыі Н.І. Цярэшка, незаконны абарот наркотыкаў прымае ўсё больш шырокі размах на тэрыторыі рэгіёна і запаўняе тую сферу, якую па тых ці іншых прычынах не ўдаецца забяспечыць другімі сродкамі. Дэвіянтныя паводзіны становяцца штодзённай з’явай, і ў пэўным сэнсе таксама могуць інтэрпрэтавацца як спосаб правядзення вольнага часу. Сугучныя думкі і занепакоенасць сённяшняй сітуацыяй у гэтай галіне выказалі таксама прадстаўнікі нашага ўніверсітэта, якія на падставе сваіх асабістых даследаванняў паінфармавалі прысутных пра актуальны стан рэчаў. Так, дацэнт М.В. Галавач зрабіў структурны аналіз меркаванняў настаўнікаў і навучэнцаў сярэдніх школ аб валеалагічных праблемах адукацыі, а дацэнт Г.М. Казаручык паведаміла пра прафілактыку правапарушэнняў у навучэнцаў коледжа сувязі. Разам з тым прагучалі таксама выступленні, якія мелі прагнастычны характар і базаваліся на выпрацоўцы шэрагу метадаў у выхаванні моладзі. Дацэнт А.Р. Рафікава (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) прапанавала некаторыя падыходы па стымуляванню рухавай актыўнасці пакалення, якое падрастае, а дацэнт І.І. Лосева з той жа самай ВНУ канкрэтызавала шэраг аспектаў фізічнага выхавання ў кантэсце моладзевай палітыкі дзяржавы. Практычныя парады ў гэтым накірунку былі сфармаваныя ў сумеснай медыяпрэзентацыі дацэнтаў М.З. Гамкалы і П.В. Раманіва з Львоўскага Нацыянальнага ўніверсітэту імя Івана Франка.

Асобна трэба адзначыць два выступленні на алімпійскую тэматыку, якія былі звязаныя з традыцыяй старажытных гульняў. Дацэнт Ул.П. Люкевіч (Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна) акцэнтаваў увагу слухачоў на паняцці «алімпійская ідэя» у інтэрпрэтацыі П’ера дэ Кубертэна, што мела вялікае значэнне на маральнае і эстэтычнае выхаванне моладзі, а дацэнт Я.К. Кулінковіч (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) на падставе аналізу Алімпійскіх гульняў антычнасці вызначыў галоўныя іх урокі для цяперашняга часу.

Пленарныя даклады завершыліся агульнай дыскусіяй, галоўнай высновай якой стала занепакоенасць навукоўцаў станам культуры правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі, калі тэндэнцыі дэвіянтных паводзінаў выразна ўплываюць на гэты працэс. Арганізатарамі канферэнцыі таксама было адзначана, што праект «Гульні і забавы» у дадзеным фармаце сябе вычарпаў і праводзіцца далей не будзе. Акрамя навуковых дыскусіяў госці канферэнцыі змаглі пазнаёміцца з адным з турыстычных маршрутаў, які распрацаваны кафедрай спартыўных дысцыплінаў, што ўключае ў сябе наведванне помнікаў матэрыяльнай культуры на трасе Брэст – Чарнаўчыцы – Камянец – Воўчын – Скокі, і атрымаць уяўленне аб традыцыйнай рэгіянальнай кухні ў кавярні «Шляхецкая фарціна».

Т.В.Трафімава,
выкладчыца кафедры філасофіі

Поделиться: