Культурная вечарына ў год культуры

Год культуры, абвешчаны ў нашай краіне, прызваны аб’яднаць інтэлектуальныя і духоўныя сілы для развіцця народных традыцый, выхавання любові да Айчыны. Далучэнню студэнцкай моладзі да традыцыйнай культуры розных народаў, шанаванню імі звычаяў, абрадаў як форм захавання традыцыйнасці ў культуры быў прысвечаны вечар «Сонца засвяціла – вясну прабудзіла!», які ладзіў 30 сакавiка клуб «Дыялог культур» пры актыўным удзеле студэнцкага савета інтэрната № 2 у рамках года культуры і фестывалю «Студэнцкая вясна».

Вясна заўсёды сімвалізавала час абуджэння, росквіту, пачатак жыцця і кахання. Прыход вясны, паяўленне сонца звязаны з пэўнымі традыцыямі ў розных народаў. У беларускай культуры вясна пачынаецца са святкавання Масленіцы, што звязана з культам прыроды, адраджэннем плодных сілаў зямлі. У культуры народаў Азіі, у тым ліку і ў туркменаў, на вясну прыпадае новы сонечны год – Наўруз Байрам, які святкуецца 21 сакавіка. Наўруз – самае старажытнае свята, якое ведае чалавецтва: яму ужо 5 тысяч гадоў. Наўруз можна лічыць аналагам Масленіцы.

Галоўнай дзеючай асобай свята была прыгажуння Вясна, якая ўсіх прысутных запрасіла далучыцца да традыцый продкаў. Былі прадстаўлены прэзентацыі: «Масленіца ў традыцыйнай культуры беларусаў» (аўтар: Карэнька Аліна, сацыяльна-педагагічны факультэт). «Навруз Байрам – символ весны и начало года в туркменской культуре» (аўтары: Атамурадава Сабіна, філалагічны факультэт, i Акназарава Азіза, факультэт замежных моў). «Рушнік як адлюстраванне лёсу чалавека працы» (аўтар: Жыгар Святлана, філалагічны факультэт).

На вечары было ўсё як на сапраўным свяце продкаў: тэатралізаваная дзея (у выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта), гульнёвая праграма «Вясеннія забавы» (цудоўна арганізаваная Дземасюком Андрэем з гістарычнага факультэта).

Творчая праграма «Песні вясны – песні кахання» выклікала ў прысутных шквал апладысментаў і паказала, што вясна і каханне – гэта тое, што ўздымае чалавека, робіць людзей шчаслівымі. Вясновы настрой утваралі: Малюк Настасія (геаграфічны факультэт), Яхнавец Максім (біялагічны факультэт), Шахалевіч Сямен (фізіка-матэматычны факультэт), Маразюк Вольга і Хафізаў Ілля (філалачігны факультэт), Кузюр Вольга, Вайтуховіч Вераніка, Брыч Дзіяна, Валасевіч Алена і Валасюк Дзіяна (сацыяльна-педагагічны факультэт).

Беларусы і туркмены вылучаюцца сваёй гасціннасцю, што было ў чарговы раз прадэманстравана на свяце вясны. Кожны прысутны пачаставаўся смачнымі беларускімі блінамі ад гаспадынь: Гук Діяны (фізіка-матэматычны факультэт) і Страпко С.К. (выхавацеля інтэрната № 2), а таксама туркменскім пішмэ Гельпімаммедавай Маі (філалагічны факультэт) – печывам, якое спецыяльна гатуюць на Наўруз Байрам.

На свята завіталі шаноўныя госці – загадчык кафедры дашкольнай адукацыi Казаручык Г.М. і намеснік дэкана філалагічнага факультэта па выхаваўчай працы Шчэрба С.М. разам з тэатральным гуртком «Эпізод “У-нескладовік”».

Падобныя святы прыводзяць да высновы, што культурныя традыцыі народа, якія так годна прадстаўляе моладзь, будуць жыць у вяках.

Важна адзначыць, што да дзейнасці клуба «Дыялог культур» далучаецца ўсё больш студэнтаў, асабліва – студэнтаў першага курса. Гэта значыць, што наперадзе – новыя цікавыя справы.

З.С. Леўчук,
кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Поделиться: