Гэтых дзён не змоўкне слава!

Добрай традыцыяй напярэдадні свята 9 мая сталі ўрачыстыя сходы, якія праводзяцца ў нашым універсітэце. Гэты год – асаблівы: ён праходзіць пад знакам 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і юбілею нашай alma mater. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася рэктар Г.М. Сендзер. Яна адзначыла, як важна захоўваць памяць пра герояў і не скажаць факты аб мінулай вайне.

Кожны год ганаровымі гасцямі ўрачыстага сходу становяцца ветэраны, якія пасля вайны шмат гадоў працавалі ў нашым універсітэце. У гэты дзень у зале прысутнічаў Мікалай Маркавіч Ташліковіч. Сімвалічна, што менавіта ён напярэдадні свята Перамогі ўручыў значкі БРСМ тром студэнтам фізіка-матэматычнага і геаграфічнага факультэтаў. У сваю чаргу Брэсцкі абласны камітэт прафсаюза работ нікаў адукацыі і навукі адзначыў заслугі Мікалая Маркавіча Падзячным лістом.

У даніну ўдзячнасці ветэранам студэнты падрыхтавалі святочную праграму. Ірына Замулко выканала праніклівую «Баладу пра маці», Вячаслаў Гаўрылюк – «Майскі вальс», Кірыл Лізуноў чытаў верш Яўгена Еўтушэнкі «Вяселлі», а Яўген Кавалёў пераўвасобіўся ў любімага многімі героя А. Твардоўскага Васіля Цёркіна.

Завяршальным акордам сустрэчы стала запальнае папуры з ваенных песень у выкананні ўдзельнікаў вакальнай студыі «Ступені».

Са святам Вялікай Перамогі!

Студклуб

Поделиться: