Сустрэча праз 50 гадоў

13 верасня 2014 года на філалагічным факультэце адбылася незвычайная сустрэча: сустрэча былых студэнтаў, якія навучаліся тут з 1959 па 1964 год. Прайшло 55 гадоў, як яны сустрэліся ўпершыню ў Брэсцкім дзяржаўным педінстытуце, 50 – пасля заканчэння! Студэнты групы, куратарам у якой быў Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Невыпадкова і праграма сустрэчы была звязана з памяццю пра сваіх выкладчыкаў, свайго куратара.

З хваляваннем і ўзнёслым настроем праходзіла сустрэча выпускнікоў 1964 года з першакурснікамі 2014 года ў Адукацыйна-асветным цэнтры імя У.Калесніка. Сталыя, шаноўныя людзі – ім за 70! – падчас успамінаў пра сваё студэнцкае жыццё распавядалі пра сваіх выкладчыкаў, якія выводзілі іх у людзі, з цеплынёй успаміналі дэкана факультэта П.Ф.Шляхтунова. Сучасныя студэнты, якія знаёмяцца з жыццём і творчасцю  У.А.Калесніка ўжо толькі па яго працах, пачулі шмат цікавага пра яго ад тых, хто да гэтага часу помніць яго настаўніцкую падтрымку, увагу да чалавека, ягоны гумар, і, вядома ж, патрабавальнасць.

Павага былых студэнтаў да свайго Настаўніка выявілася і ў тым, што яны праведалі яго ўдаву Зосю Міхайлаўну Калеснік. Да мемарыяльнай дошкі ўсклалі кветкі, ушанавалі памяць Настаўніка ля ягонай магілы, а таксама пабывалі на вуліцы імя У.Калесніка. Інтэлігентныя, адукаваныя, прафесійна спраўджаныя людзі – выпускнікі 1964 года, што сустрэліся ў родных сценах, – пакінулі сучасным студэнтам свае ўдзячныя ўспаміны, падзяліліся сваімі творчымі набыткамі, падтрымалі мудрым аптымізмам і дабрынёй.

Гучалі падчас сустрэчы і вершы – сярод выпускнікоў гэтага года і вядомы паэт Васіль Жуковіч. Падарункам для факультэта стаў дыск з беларускімі песнямі на ягоныя словы. Дэкан факультэта В.А.Фелькіна і загадчык Адукацыйна-асветнага цэнтра імя У.Калесніка падарылі дарагім выпускнікам кнігу  пра У.Калесніка “Пасланец Праметэя”. Развітваліся з добрым спадзяваннем на новыя сустрэчы.

Святлана Варонік,
Адукацыйна-асветны цэнтр імя У. Калесніка

 

Поделиться: