З любоўю да слова і роднага краю: у БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў традыцыйны конкурс чытальнікаў «Таямніцы слова і думкі»

Юбілейны адкрыты конкурс чытальнікаў «Таямніцы слова і думкі» адбыўся 15 лютага 2019 года ў актавай зале ўніверсітэта. Пра тое, што сённяшні конкурс – юбілейны, нагадала ў прывітальным слове начальнік выхаваўчага аддзела з моладдзю Таццяна Мікалаеўна Кошык. Вось ужо пятнаццаты раз гэты паэтычны форум збірае сапраўдных аматараў мастацкага слова.

Штогод арганізатары прапануюць удзельнікам новую тэму. Калі летась «Таямніцы» прысвячаліся юбілею з дня нараджэння беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц, то сёлета – тысячагадоваму юбілею Брэста і Году малой радзімы. Таму са сцэны і гучалі творы пра наш горад, пра любоў да сваёй зямлі, да роднага куточка.

Варта адзначыць, што «Таямніцы слова і думкі» – сапраўдны брэнд філфака БрДУ. Пра гэта сведчыць і той факт, што ў мерапрыемства ёсць пастаянныя канкурсанты, якія з года ў год прымаюць у ім удзел. Гэта, напрыклад, Ксенія Барысюк, вучаніца 9 класа СШ № 6 г. Брэста і Валерыя Сцепаненка, вучаніца 11 класа СШ № 31 г. Брэста. Акрамя таго, штогод паслухаць юных выступоўцаў прыходзяць вядомыя людзі горада і прафесійныя дэкламатары вершаваных і празаічных радкоў. На гэты раз сярод членаў журы быў вядучы майстар сцэны Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксей Шчарбакоў, які правёў сапраўдны майстар-клас па красамоўстве і прачытаў творы Сяргея Ясеніна.

Пакуль канкурсанты Уладзіслаў Макарэвіч (гістарычны факультэт) і Ксенія Пухнарэвіч (факультэт замежных моў) уражвалі аўдыторыю вакальным майстэрствам, журы вызначалася з пераможцамі.

У выніку ў выканальніцкім аддзяленні дыпломамі першай ступені былі ўзнагароджаны вучаніца 11 класа СШ № 27 г. Брэста Ксенія Карасцялёва і студэнтка 3 курса факультэта замежных моў Ксенія Пухнарэвіч, а найлепшым у аўтарскім аддзяленні прызнаны Фёдар Галавач – прадстаўнік гістарычнага факультэта БрДУ.

Дыпломы другой і трэцяй ступеняў атрымалі шаснаццаць канкурсантаў. Да таго ж некаторыя ўдзельнікі былі адзначаны ў намінацыях «За шчырае адчуванне роднага слова», «За стварэнне сцэнічнага вобраза» і «За любоў да паэтычнага слова».

З кожным годам цікавасць да «Таямніц слова і думкі» расце. А гэта сведчыць пра тое, што моладзь Берасцейшчыны ўважліва ставіцца да слова, паважае сваю культуру і любіць малую радзіму.

Віншуем пераможцаў і запрашаем да ўдзелу ў конкурсе ўжо ў наступным годзе!

Уладзіслаў Шпарла, фота Зінаіды Жэгждрын, «Журналістыка (друкаваныя СМІ)»

Поделиться: