Тыдзень роднай мовы на філалагічным факультэце

«Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго
народа і ўмець дасканала валодаць ёю
».

Я. Колас

Ярка і запамінальна прайшоў на філалагічным факультэце 19–22 лютага 2018 года традыцыйны Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У бліц-віктарыне «Размаўляем па-беларуску», якую правялі студэнты 3 курса Святлана Жыгар і Вадзім Пукала, прынялі ўдзел студэнты не толькі філалагічнага, але і псіхолага-педагагічнага, сацыяльна-педагагічнага факультэтаў. Падчас мерапрыемства былі прапанаваны заданні, звязаныя з мовай  і літаратурай. Таксама былі падведзены вынікі ІІ завочнай алімпіяды па беларускай мове для вучняў старэйшых класаў г. Брэста і вобласці, удзел у якой прынялі больш за тысячу навучэнцаў.

Удзельнікі конкурса знаўцаў беларускай мовы «Грані Слова» даведваліся пра этымалогію малавядомых слоў і выразаў. Валанцёры факультэта прапанавалі ўдзельнікам прачытаць вершы пра родную мову і праспяваць беларускія песні.

Таксама для студэнтаў і гасцей філалагічнага факультэта быў падрыхтаваны майстар-клас «Філалагічны калейдаскоп». Па прапанаваных рыфмах складаліся вершы і чатырохрадкоўі.

Выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі сумесна са студэнтамі 3 курса арганізавалі сустрэчу «Творчасці зярняты залатыя…» з настаўнікам-славеснікам, нядаўнім выпускніком факультэта Калядой Васілём Мікалаевічам, які распавёў пра творчую лабараторыю настаўніка, пра працу ў школе, а таксама падзяліўся ўласнымі ўражаннямі ад вучобы на факультэце. Васіль Мікалаевіч прадэманстраваў студэнтам свае творчыя здабыткі, фота і відэаматэрыялы з трох этапаў прэстыжнага конкурса «Настаўнік года», дзе заняў IV месца ў Рэспубліцы Беларусь. Сустрэча выдалася на дзіва сардэчнай і сяброўскай.

Сустрэча «Сонца маладзіковае» з паэтам і перакладчыкам Мікалаем Мікалаевічам Аляхновічам аб’яднала амаль усіх студэнтаў факультэта. Вядомы паэт Брэстчыны чытаў уласныя вершы, дзяліўся новымі здабыткамі. Паэты-пачынальнікі пазнаёмілі прысутных са сваімі вершамі. Вынікам сустрэчы стала аднаўленне працы паэтычнага гуртка «МАЛ» пры філалагічным факультэце, куды запрашаюцца студэнты-паэты ўсіх факультэтаў універсітэта.

Заключнай часткай тэматычнага Тыдня стала свята роднай мовы «Ты будзеш звінець, наша родная мова!», якое стварыла пазітыўны настрой і яшчэ раз прадэманстравала мілагучнасць беларускай мовы.

Хочацца падзякаваць усім студэнтам і выкладчыкам, якія прынялі ўдзел у гэтых мерапрыемствах.

Кафедра беларускай філалогіі,
студэнты ІІІ курса беларускай філалогіі

Поделиться: