XV рэспубліканская канферэнцыя «Забавы і гульні ў культуры правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі: выклікі і перасцярогі»

Юбілейная XV рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя пад назвай «Забавы і гульні ў культуры правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі: выклікі і перасцярогі» была праведзена 24-25 красавіка кафедрай спартыўных дысцыплінаў у супрацоўніцтве з Упраўленнем спорта і турызму Брэсцкага аблвыканкаму і Сектарам спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкаму (старшыня арганізацыйнага камітэту – дацэнт У.П. Люкевіч). У канферэныі прынялі ўдзел прадстаўнікі трынаццаці вышэйшых навучальных установаў з нашай краіны, а таксама Польшчы і Расіі. Традыцыйна на пленарным паседжанні і на секцыях разглядаліся пытанні, якія датычыліся шырокага кола актыўнасці дзяцей і моладзі ў вольны час. Не заставаліся па-за ўвагай і сучасныя дэвіяцыі.

Фармаванне культуры правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі немагчыма без узнікнення і станаўлення адпаведных арганізацыйных структураў, якія маюць глабальны характар і ўплываюць на гэты працэс. Арганізацыяй падобнага тыпу з’яўляецца Міжнародны алімпійскі камітэт. Таму дацэнт У.П. Люкевіч (УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна») у сваім выступленні надаў галоўную ўвагу намаганням кіраўніцтва гэтай арганізацыі ў накірунку стварэння сістэмы спартыўных спаборніцтваў, якія сталі важным элементам у жыцці моладзі. Дацэнт Г.М. Казаручык (УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна») спынілася на алкагольных дэвіяцыях сучаснай моладзі і на прыкладзе ўласных даследаванняў паказала трывожную дынаміку распаўсюджвання гэтай негатыўнай залежнасці сярод падлеткаў. Дацэнт А.С. Галёнка (УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна») на прыкладзе работы з юнымі футбалістамі вызначыў неабходнасць далучэння да спорту дзяцей малодшага ўзросту як спосаб правядзення імі вольнага часу, з аднаго боку, і сістэматызацыю іх спартыўных зацікаўленасцяў, – з другога. Працяг спартыўная накіраванасць знайшла ў дакладах дацэнтаў К.І. Белага і М.І. Прыступы з УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна». Яшчэ адно цікавае выступленне на пленарным паседжанні знайшло сваё ўвасабленне ў прэзэнтацыі доктара С. Нікіціна (Універсітэт прыродазнаўчых і гуманітарных навук, Седльцэ, Польшча). Ягоны выступ быў прысвечаны распаўсюджванню ў краінах Еўропы разнастайных усходніх гульнявых формаў, якія з поспехам могуць прымяняцца ў розных узроставых групах пад час актыўнага адпачынку. Акрамя таго, на секцыйныя паседжанні былі перанесеныя такія цікавыя паведамленні, якія датычыліся як глабальных падыходаў да культуры правядзення вольнага часу (дацэнты Я.К. Кулінковіч, І.І. Лосева, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Мінск), так і рэалізацыі ідэі аматарскага спорту ў гарадскіх умовах (доктар М. Гвозда, Інстытут сацыялогіі Універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, Польшча).

Нельга таксама не адзначыць, што адначасова ў рамках канферэнцыі пад кіраўніцтвам ст.выкладыка А.А. Палагіна праходзіла студэнцкая сесія пад назвай «Гуманітарызацыя і культура», на ўдзел у якой заявілася больш за 60 студэнтаў і магістрантаў, што даслалі свае даклады.

Т.В.Трафімава, выкладчыца кафедры філасофіі

Поделиться: