Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя "Фальклор, гісторыя і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян"

19 кастрычніка 2011 года прайшла Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя "Фальклор, гісторыя і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян". У мерапрыемстве прынялі ўдзел аспіранты, магістранты і студэнты з розных ВНУ Рэспублікі Беларусь: г. Брэст (БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ), г. Мінск (БДУ, БДУКіМ, БДПУ імя Максіма Танка), г. Віцебск (ВДУ імя П.М.Машэрава), г. Гомель (ГДУ імя Францыска Скарыны), г. Мазыр (МазДПУ імя І.П.Шамякіна).

Адкрыла канферэнцыю загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства Зоя Пятроўна Мельнікава. З прывітальным словам удзельнікам канферэнцыі выступіла дэкан філалагічнага факультэта Вольга Антонаўна Фелькіна, якая акцэнтавала ўвагу на тое, што канферэнцыя з’яўляецца спробай сістэматызацыі навуковых поглядаў даследчыкаў на праблемы, у аснове якіх ляжыць зацікаўленасць фальклорнай спадчынай, гісторыяй і літаратурай беларусаў, звярнула ўвагу на архаічнасць палескага фальклору.

Навуковыя пытанні культуры і гісторыі беларусаў разглядаліся ў шырокім параўнальным кантэксце, з выкарыстаннем славянскага матэрыялу. Даклады, заслуханыя на пленарным пасяджэнні, прысвячаліся актуальным тэмам фалькларыстыкі, літаратуразнаўства, гісторыі. Цікавасць выклікала паведамленне магістранта Кацярыны Вінакуравай з установы адукацыі “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава” (на  фота). Працавалі секцыі: “Ідэйна-мастацкае багацце міфапаэтычнай спадчыны беларусаў”, “Фальклорна-міфалагічныя, этнаграфічныя традыцыі ў літаратуры беларусаў і іншых славянскіх народаў”, “Рэгіянальная і сусветная літаратура: інтэртэкстуальнае вымярэнне”, “Актуальныя пытанні гісторыі беларусаў у славянскім кантэксце”, “Этналінгвістыка і актуальныя праблемы беларускага мовазнаўства”.

У межах канферэнцыі адбылося фальклорна-краязнаўчае свята "Ад прадзедаў спакон вякоў…", на якім студэнты дакрануліся да сваіх родных вытокаў (на фота – студэнтка III курса гістарычнага факультэта БДУ (г. Мінск) Наталля Гецман).

Вынікам праведзенай канферэнцыі стане актывізацыя сувязей паміж студэнтамі ВНУ рэспублікі, увядзеннем новых даследаванняў і фактаў традыцыйнай культуры беларусаў і іншых славян у навуковы ўжытак і выданне зборніка навуковых артыкулаў удзельнікаў канферэнцыі.

Вучэбная фальклорна-краязнаўчая лабараторыя
пры кафедры беларускага літаратуразнаўства

Поделиться: