Майстар-клас «Мой радавод»

19 красавіка 2019 г. адбыўся майстар-клас «Мой радавод» доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры гісторыі славянскіх народаў Вабішчэвіча Аляксандра Мікалаевіча. Мерапрыемства праводзілася ў межах Году малой радзімы, які адзначаецца ў Беларусі ў 2018–2020 гг. Удзельнікамі мерапрыемства былі выкладчыкі, аспіранты, студэнты, настаўнікі і вучні.

Спачатку Аляксандр Мікалаевіч падзяліўся вынікамі ўласнага генеалагічнага даследавання. Яго радавод бярэ пачатак з XIV–XV стст., а першым дакументальна пацверджаным фактам з’яўляецца прывілей каралевы Боны Сфорцы 1524 г. на валоданне землямі ў Пінскім павеце, выдадзены пачынальнікам шляхецкага роду Вабішчэвічам-Плотніцкім. Далей былі агучаны практычныя парады тым, хто збіраецца рыхтаваць свой радавод. Асноўнымі этапамі такога няпростага працэсу вызначаны наступныя: устанаўленне інфармацыі для пошуку, збор звестак (асабліва ў архівах), іх апрацоўка і рэканструкцыя генеалагічнага дрэва. Паводле А.М. Вабішчэвіча, важнымі складнікамі поспеху з’яўляюцца жаданне, настойлівасць і цярпенне, пэўная падрыхтаванасць (чытанне дакументаў на старабеларускай, польскай, лацінскай і іншых мовах, веды і навыкі па палеаграфіі), наяўнасць часу, сродкаў і, безумоўна, удачлівасць.

Прысутныя на майстар-класе змаглі атрымаць адказы на свае пытанні, а таксама пазнаёміцца з копіямі розных дакументальных крыніц: справы Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу, інвентароў маёнткаў, рэвізскіх сказак, царкоўных метрычных кніг, спавядальных ведамасцей і інш. Вядучы мерапрыемства пажадаў поспеху ўсім, хто цікавіцца сваімі радаводнымі каранямі.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў