ІV Рэспубліканская канферэнцыя студэнтаў і магістрантаў «Фальклор гісторыя і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян»

16 лістапада 2017 г. адбылася ІРэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў і магістрантаў «Фальклор гісторыя і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кафедры гісторыі славянскіх народаў (загадчык – доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч), рускай літаратуры і журналістыкі (загадчык – кандыдат філалагічных навук, дацэнт Людміла Васільеўна Скібіцкая), студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «Фалькларыстыка і краязнаўства» (кіраўнік – доктар філалагічных навук, прафесар Іна Анатольеўна Швед). Удзельнікамі канферэнцыі з’яўляліся студэнты, магістранты і аспіранты не толькі БрДУ імя А.С. Пушкіна, але і іншых ВНУ краіны з Гомеля, Гродна, Мінска.

Дэкан філалагічнага факультэта Таццяна Васільеўна Сянькевіч у прывітальным слове адзначыла актуальнасць вывучэння айчыннай спадчыны. Пазітыўны настрой для ўдзельнікаў канферэнцыі стварыла выступленне вучнёўскага аб’яднання па інтарэсах «Батлейка» пад кіраўніцтвам Тамары Іванаўны Салапуры (сярэдняя школа № 37 г. Брэста). Усе даклады пленарнага пасяджэння выклікалі асаблівую цікаўнасць у прысутных. Выступленні прадстаўнікоў БрДУ імя А.С. Пушкіна ахоплівалі шырокае праблемна-тэматычнае поле. Студэнт гістарычнага факультэта Станіслаў Даніленка прасачыў еўрапейскі ўплыў на трансфармацыю вобразаў змяіных бостваў у беларуска-літоўскай міфалогіі, магістрант філалагічнага факультэта Вольга Гронская паказала адлюстраванне вобразу ластаўкі ў творчасці Н. Мацяш, Я. Янішчыц, Р. Баравіковай, а студэнтка гістарычнага факультэта Вікторыя Баран раскрыла развіццё асветы ў Івацэвіцкім раёне ў 1945–1985 гг. Магістрант Антон Арцюх (Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы) падзяліўся ўласнымі даследаваннямі аб лакалізацыя ратушы і будынка паседжанняў магістрата ў Брэсце ў першай палове ХІХ ст., а магістрант Аліна Чапрунова (Гомель, ГДУ імя Ф. Скарыны) узняла пытанне аб аўтэнтычнасці ў дзейнасці расійскіх музеяў пад адкрытым небам.

Даклады на 6 секцыйных пасяджэннях былі прысвечаны разнастайным пытанням айчыннай і сусветнай гісторыі, культуралогіі, фалькларыстыкі, літаратуразнаўства, журналістыкі. У ходзе канферэнцыі была таксама праведзена прэзентацыя навуковай школы «Гісторыя, культура і рэлігія заходнебеларускіх зямель» (кіраўнік – прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч). Інтарэс ва ўдзельнікаў канферэнцыі выклікала наведванне сектара рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, дзе яны пазнаёміліся з каштоўнымі фаліянтамі і рукапісамі.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Поделиться: