Фармiраванне асноў чытацкай кампетэнтнасці малодшых школьнікаў: iнавацыйная практыка

21 лістапада 2019 года адбыўся гарадскі навукова-метадычны семінар «Iнавацыйны падыход да фарміравання асноў чытацкай кампетэнтнасці малодшых школьнікаў», арганізатарам якога выступілі ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. I. Хована» і кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання.

Са словамі прывітання да ўдзельнікаў семінара звярнуліся Г. М. Канцавая, загадчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, і В. К. Красько, намеснік дырэктара па вучэбнай працы ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. I. Хована», якія адзначылі, што сёння праца з інфармацыяй з’яўляецца састаўной часткай усіх вучэбных прадметаў на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, таму фарміраванне чытацкай кампетэнтнасці – адна з найважнейшых задач настаўніка пачатковых класаў.

В. К. Красько ў сваім выступленні засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў семінара на фарміраванні чытацкай кампетэнтнасці малодшых школьнікаў шляхам выкарыстання тэхналогіі прадуктыўнага чытання, а Г. М. Канцавая вяла размову пра фарміраванне чытацкай кампетэнтнасці вучняў метадамі і прыёмамі тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.

Удзельнікі семінара абмеркавалі таксама асаблівасці арганізацыі працы па фарміраванні навыку чытання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, асноўныя віды матываў чытання, стымулы чытання, разгледзелі эфектыўныя прыёмы фарміравання чытацкай кампетэнтнасці вучняў пачатковых класаў на ўроках літаратурнага чытання, шляхі развіцця цікавасці да працэсу чытання. Настаўнікамі пачатковых класаў Н. М. Шуганавай, Ю. В. Асіюк, Р. В. Бяловай быў прадстаўлены эфектыўны вопыт адукацыйнай практыкі па фарміраванні асноў чытацкай кампетэнтнасці малодшых школьнікаў. Некаторыя прыёмы фарміравання чытацкай дзейнасці вучняў былі апрабіраваны падчас семінара.

Асаблівую цікавасць выклікала выступленне I. Я. Клімовіч, загадчыка аддзела культурна-інфармацыйнай і праектнай дзейнасці ДУК «Брэсцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна», якая распавядала пра далучэнне вучняў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі да чытання праз рэалізацыю сумеснага з ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. I. Хована» праекта «Адкрый сэрца сябру», накіраванага на стварэнне ўмоў для развіцця ў вучняў цікавасці да чытання і кнігі, стабілізацыі іх псіхічнага і эмацыянальнага стану з дапамогай метадаў біблія- і каністэрапіі.

Напрыканцы для ўсіх удзельнікаў семінара была арганізавана экскурсія па залах цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна.

Шчыра дзякуем усім і спадзяёмся на далейшыя плённыя сустрэчы.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання