Бессмяротная "Паўлінка" на філфаку

25 красавіка 2012 года адбылася прэм'ера спектакля "Паўлінка" ў пастаноўцы драматычнага гуртка філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна (кіраўнік гуртка – дацэнт С.М.Шчэрба). Улетку Беларусь будзе святкаваць 130-годдзе класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, i гэты юбілей студэнты-філолагі пачалі адзначаць ужо зараз.

Кожны спектакль – выпрабаванне для актораў, але на гэты раз іх майстэрства ацэньвалі не толькі гледачы: гэта быў спектакль-конкурс, па выніках якога лепшыя выканаўцы атрымалі каштоўныя падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў. Цікава, што рэжысёрам пастаноўкі была таксама студэнтка – Ульяна Казлоўская. З роллю Паўлінкі выдатна справілася Вікторыя Мацука, якую член журы прафесар М.І.Мішчанчук параўнаў з першай выканаўцай гэтай ролі Паўлінай Мядзёлкай (менавіта яе імя выбраў Купала для назвы твора). Незабыўныя ўражанні ў гледачоў засталіся ад вобраза Адольфа Быкоўскага, якога бліскуча, гратэскна і з фантазіяй зыграў Сяргей Смаршчок.

Святкаванне 130-годдзя Янкі Купалы будзе працягвацца, і пабачыць "Паўлінку" ў выкананні студэнтаў-філолагаў яшчэ будзе магчымасць.

Філалагічны факультэт

Поделиться: