Адкрытая лекцыя «Сучасныя падыходы да фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці малодшых школьнікаў»

29 красавіка 2017 года ў рамках II Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і моладзевай творчасці «Дзеці планеты» на псіхолага-педагагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна прайшла адкрытая лекцыя «Сучасныя падыходы да фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці малодшых школьнікаў» дацэнта кафедры філалагічных дысцыплін і методыкі іх выкладання ў пачатковай школе Iнстытута педагогікі і псіхалогіі адукацыі (IППА) Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта (МГПУ), кандыдата педагагічных навук, дацэнта Вольгі Яўгенаўны Курлыгінай.

В.Я. Курлыгіна – вядомы расійскі метадыст, аўтар і сааўтар падручнікаў і дапаможнікаў па методыцы навучання рускай мове для педагагічных ВНУ, буквара, вучэбных дапаможнікаў па рускай мове і літаратурным чытанні.

Слухачамі лекцыі сталi каля 130 чалавек – выкладчыкаў, слухачоў IПКП, студэнтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна, метадыстаў вучэбна-метадычных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Ленінскага і Маскоўскага раёнаў г. Брэста, намеснікаў дырэктараў дзяржаўных устаноў адукацыі г. Брэста па вучэбнай працы (пачатковыя класы), настаўнікаў пачатковых класаў г. Брэста.

Тэма адкрытай лекцыі выклікала жывую цікавасць аўдыторыі. В.Я. Курлыгіна ў даступнай і зразумелай форме выклала метады і прыёмы, якія спрыяюць не толькі павышэнню арфаграфічнай пісьменнасці малодшых школьнікаў, але і садзейнічаюць павышэнню цікавасці вучняў пачатковых класаў да самога працэсу навучання рускай мове. Падача тэарэтычнага матэрыялу суправаджалася паказам змястоўных слайдаў, якія раскрывалі даволі складаныя паняцці, тэрміны, выказванні. Заяўленыя ў лекцыі пытанні былі раскрыты падрабязна, дакладна і глыбока. Неабходна таксама адзначыць высокую культуру маўлення лектара і валоданне метадамі ўключэння слухачоў у абмеркаванне пытанняў. Матэрыял быў пададзены настолькі жыва і цікава, што пасля заканчэння лекцыі прысутныя не хацелі разыходзіцца, задавалі пытанні, уступалі ў гутарку з лектарам. Слухачы лекцыі многае занатавалі для сябе з мэтай выкарыстання ў сваёй працы.

Прысутныя шчыра падзякавалі Вольгу Яўгенаўну за яе выступ i выказалі меркаванне, што такія мерапрыемствы вельмі карысныя, эфектыўныя і садзейнічаюць больш глыбокаму пагружэнню ў змест заяўленай тэмы, абмену вопытам.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання

Поделиться: