ІІ Рэгіянальны вучэбна-метадычны семінар-практыкум “Вывучэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Берасцейшчыны”

28 сакавіка 2019 г. на гістарычным факультэце адбыўся ІІ рэгіянальны вучэбна-метадычны семінар-практыкум “Вывучэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Берасцейшчыны”. Семінар ставіў мэту пазнаёміць студэнтаў-археолагаў з: апошнімі дасягненнямі беларускай археалагічнай навукі; сучаснай методыкай палявых даследаванняў; праблемамі вывучэння, захавання і музеефікацыі помнікаў Берасцейшчыны, унесеных у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў РБ.

Спецыяльнымі гасцямі семінара сталі супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі: намеснік дырэктара па навуцы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Лакіза Вадзім Леанідавіч; загадчык аддзела археалогіі Сярэднявечча і Новага часу кандыдат гістарычных навук, дацэнт Кошман Вадзім Іванавіч.

Асобным блокам семінара стаў майстар-клас па апрацоўцы крэменю, які правёў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Ткачоў Алег Юр’евіч. Студэнты на ўласныя вочы маглі пераканацца ў тым, што бясформенны кавалак крэменю за 15 хвілін можа пераўтварыцца ў шыкоўны наканечнік стралы, зроблены па старажытнай тэхналогіі нашых далёкіх продкаў.

Адзначым, што прыбыўшыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ асабіста знаёмыя са студэнтамі гістарычнага факультэта. Знаёмства археолагаў-прафесіяналаў з нашымі студэнтамі адбываецца ў рамках штогадовых археалагічных практык. Гэта абумовіла добразычлівую і цёплую атмасферу сустрэчы і змястоўнай гутаркі пра актуальныя праблемы беларускай археалогіі.

Семінар прадугледжваў асобны раздзел гістарычнага краязнаўства і этнаграфіі. Добрым прыкладам няўрымслівага навуковага пошуку і пашаны да сваёй “малой Радзімы” стаў даклад прафесара кафедры фізікі БрДТУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнта Гладышчука Анатоля Антонавіча.

Правядзенне падобных семінараў становіцца добрай традыцыяй гістарычнага факультэта, якая дапамагае нашым студэнтам-археолагам пераканацца ў правільнасці выбару будучай прафесіі.