-
Университет
224016, Республика Беларусь, г. Брест, бульвар Космонавтов, 21
+375 162 37-00-96 (телефон)
box@brsu.by -
Факультеты
- Абитуриенту
-
Студенту
- Иностранным гражданам
-
Образование
224016, г. Брест, бульвар Космонавтов, 21, кабинет № 217/1
+ 375 162 37-01-27
marzans@brsu.by -
Наука
224016, г. Брест, бульвар Космонавтов, 21, кабинет № 207
+375 162 21-66-86
nis@brsu.by
inovac@brsu.by -
Международная деятельность
224016, г. Брест, бульвар Космонавтов 21, учебный корпус № 1, кабинет № 117
+375 162 37-01-29 (телефон)
+375 29 21-06-115 (мобильный телефон)
int@brsu.by - Услуги
Аляксандр Вабішчэвіч: “Адметнасцямі гістфака з’яўляюцца атмасфера высокай карпаратыўнасці і высокі прафесіяналізм”
Жыццё чалавека можна параўнаць з доўгім калідорам. Калі ідзеш па ім, важна адчыніць тыя дзверы, за якімі знойдзеш шчасце. Прафесар кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Вабішчэвіч лічыць, што ў яго жыцці ўсё склалася добра – ён атрымаў цудоўную адукацыю, займаецца пачэснай навукова-педагагічнай справай, разам з жонкай выхаваў сыноў, якімі ганарыцца.
– Аляксандр Мікалаевіч, ведаю што Вы напісалі манаграфію, прысвечаную роднай вёсцы. Відаць, на гэта Вас натхнілі не толькі прафесійныя зацікаўленні, але і любоў да малой радзімы. Раскажыце, калі ласка, як прайшло Ваша дзяцінства.
Я нарадзіўся ў самабытным старажытным кутку Палесся – на Століншчыне. Мая родная вёска Рубель да 1970-х гадоў была самай вялікай у Беларусі. Дарэчы, у гады Вялікай Айчыннай вайны яна была поўнасцю спалена. Тады ўцалела толькі адна царква. Пасля Перамогі вёска хутка аднавілася і расла.
Мае бацькі – дзеці вайны. Дарослымі яны працавалі ў калгасе: маці была паляводам, а бацька – механізатарам і паляводам. Я рос у шматдзетнай сям’і. Як і ўсе рубельцы, мае бацькі выхоўвалі сваіх дзяцей адказнымі, працавітымі і сумленнымі. Цікавасць да ведаў мне прывілі першыя настаўнікі Соф’я Аляксандраўна Страха і Марыя Андрэеўна Грышко. Школу скончыў з залатым медалём.
– Чаму Вы вырашылі паступаць на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта?
– Я шмат чым цікавіўся. Нават мог стаць вашым калегам, таму што захапляўся літаратурай і пісаў у газеты “Зорька”, “Пионерская правда”, “Комсомольская правда”. Быў удзельнікам і пераможцам конкурсаў сачыненняў. Але гісторыя была мне бліжэйшая. Настаўнік гісторыі Адам Міхайлавіч Вяроха быў неардынарным выкладчыкам. Яго можна назваць наватарам, бо ён цікавіўся ўсімі перадавымі тэхналогіямі. Ён навучыў нас пры вывучэнні любой тэмы ставіць два пытанні: як? І чаму? Гэта азначала, што заўсёды трэба шукаць прычынна-выніковыя сувязі.
На гістфаку БДУ працавала цэлая плеяда таленавітых вучоных: Іраіда Восіпаўна Царук, Леў Міхайлавіч Шнеерсон, Эдуард Міхайлавіч Загарульскі, Валянцін Навумавіч Рабцэвіч, Казімір Адамавіч Рэвяка, Мечыслаў Эдвардавіч Часноўскі (у 2002–2014 гадах быў рэктарам нашага ўніверсітэта) і многія іншыя. У часы студэнцтва мы вельмі добрасумленна ставіліся да вучобы. Часта хадзілі ў бібліятэкі. Дарэчы, са сваёй жонкай я пазнаёміўся менавіта ў бібліятэцы. Прыйсці на заняткі непадрыхтаваным было сорамна. Мне пашчасціла працаваць у будаўнічых атрадах. Цёплыя ўспаміны засталіся ад археалагічнай і краязнаўчай практык. У вучобу ўклінілася тэрміновая служба ў войску – на касмадроме Байканур у Казахстане.
– У Брэст Вы трапілі па размеркаванні?
– Атрымаўшы дыплом з адзнакай, спачатку быў размеркаваны ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук і павінен быў застацца ў Мінску. Менавіта тады адбылося знаёмства з дырэктарам гэтай установы, доктарам гістарычных навук, акадэмікам НАН Беларусі Міхаілам Паўлавічам Касцюком, які і стане потым навуковым кіраўніком кандыдацкай дысертацыі і кансультантам доктарскай дысертацыі. Аднак яшчэ ў школьныя гады мяне прывабіў Брэст. Я пераразмеркаваўся, і мой прафесійны шлях пачаўся ў сярэдняй школе № 21 (цяпер гэта гімназія № 4) горада Брэста. У лютым 1992 года ўладкаваўся на працу ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна.
– Як складваецца Ваш прафесійны шлях у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна?
– Маё прафесійнае станаўленне тут у многім супадала з развіццём гістарычнага факультэта. Я прайшоў шлях ад асістэнта кафедры да кіраўніка факультэта, загадчыка кафедры. Сёння працую прафесарам кафедры гісторыі славянскіх народаў. У нашым універсітэце сабраўся цудоўны калектыў аднадумцаў. Выкладчыкі гістарычнага факультэта маюць шмат напрацовак па розных навуковых напрамках. Маіх калег прыемна слухаць на занятках, таму што выкладчыкі не только расказваюць пра падзеі, якія апісаны ў падручніках, але і прыводзяць прыклады са свайго вопыту.
Сёння асноўную частку кадраў гістарычнага факультэта БрДУ складаюць яго ж выпускнікі. На маю думку, адметнасцямі гістфака з’яўляюцца атмасфера здаровай карпаратыўнасці, высокі прафесіяналізм, што падмацавана шматлікімі дасягненнямі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. На факультэце прыемна працаваць.
Я разумею, што ў наш высокатэхналагічны час нельга прыйсці да студэнтаў толькі з канспектам. Мае лекцыі заўсёды мультымедыйныя. Упэўнены, што сінтэз слова і візуальнай інфармацыі дапамагае зацікавіць моладзь гістарычнай навукай. Калі навучэнцы даведваюцца, што вельмі часта выкарыстоўваю асабістыя фотаздымкі, а не запазычаныя з адкрытых крыніц, то яшчэ больш захапляюцца тэмай.
– Давайце пагаворым пра сучасных студэнтаў.
– Канешне, сучасныя студэнты не такія, якімі былі мы. Яны іншыя. І гэта нармальна, моладзь ідзе ў нагу з часам. Многія студэнты матываваны адразу на вынік. Яны больш прагматычныя, а мы былі рамантыкамі. Пры падрыхтоўцы да заняткаў ці пры правядзенні даследаванняў у маладых людзей ёсць магчымасці карыстацца сучаснымі тэхналогіямі, аператыўна знаходзіць інфармацыю. Студэнты мабільныя. Сёння і мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, стараемся не адставаць ад іх.
– Аляксандр Мікалаевіч, раскажыце пра сваю навуковую школу.
– Навукова-педагагічная школа па вывучэнні гісторыі, культуры і рэлігіі заходнебеларускіх зямель на цяперашні час мае пэўныя вынікі. Пад маім кіраўніцтвам абаронены дзве кандыдацкія дысертацыі, падрыхтаваны шэраг манаграфій, зборнікаў дакументаў, шматлікія артыкулы, выконваюцца навуковыя праекты. Хоць пераважна даследуецца праблематыка гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў 1918–1939 гадах, беларуска-польскія адносіны ў першай палове ХХ стагоддзя, гістарычнае краязнаўства, крыніцазнаўства гісторыі Беларусі, аднак тэматыка ўвесь час пашыраецца. Асаблівая ўвага надаецца выяўленню і ўвядзенню ў навуковы ўжытак новых крыніц, асабліва архіўных дакументаў.
– Ва ўніверсітэце многія ведаюць, што Вы вывучылі ўласны радавод, а сёння ўжо даяце парады тым, каго цікавіць гэта тэма.
– Я пачаў займацца ўласным радаводам, калі вывучаў гісторыю роднай вёскі. Сёння бачу, што многія цікавяцца продкамі, гісторыяй свайго роду. Майстар-клас, які праводзіў напярэдадні Дня сям’і, быў не першым у маёй практыцы. Часам менавіта з яго пачынаю заняткі, каб абудзіць у студэнтаў цікавасць да гісторыі. Заўсёды адзначаю, што з гісторыі сям’і пачынаецца гісторыя краіны. Падзялюся назіраннем: у ходзе генеалагічнага даследавання ў чалавека больш матывацыі, бо ён вывучае свае карані.
– Ці ёсць у Вас час на хобі?
– Захапляюся фатаграфаваннем, люблю падарожнічаць, перш за ўсё па Беларусі. З задавальненнем праглядваю гістарычныя і мастацкія фільмы. Мне лёгка дыхаецца на прыродзе, дзе адчуваю сябе маленькай часцінкай сусвету.
– Аляксандр Мікалаевіч, у сваёй прафесіі Вы дасягнулі значных вышынь. Атрымалася зацікавіць гісторыяй сыноў?
– Мае дзеці добра вучыліся і скончылі сярэднюю школу з залатым медалём. Яны цікавяцца гісторыяй, культурай, філасофіяй, але атрымалі добрую тэхнічную адукацыю ў Мінску. Мне прыемна, што сыны – патрыёты Беларусі і Брэста. Яны адслужылі ў войску, у родным горадзе стварылі свае сем’і. Больш за два месяцы таму ў мяне нарадзіўся ўнук.
– Вялікі дзякуй, Аляксандр Мікалаевіч! Вы прыемны субяседнік. З нашай гутаркі даведалася шмат новага. Упэўнена, што Вы зацікавіце гісторыяй яшчэ шмат маладых людзей.
Юлія Воўк
Фота з архіву Аляксандра Вабішчэвіча