University Ringo Open-2013/14

Завершыліся спаборніцтвы чарговага турніру University Ringo Open-2013/14. Гэты турнір, які быў арганізаваны кафедрай спартыўных дысцыплін нашага ўніверсітэта пад началам дацэнта, кандыдата філасофскіх навук, а таксама рэферы міжнароднай катэгорыі па рынга Уладзімiрам Паўлавічам Люкевічам, пачаўся ў верасні мінулага года, а завершыўся непасрэдна перад летняй экзаменацыйнай сесіяй. Гульні праходзілі штомесячна і былі разбітыя на сем этапаў, кожны з якіх даваў удзельнікам заліковыя балы, што напрыканцы вызначылі пераможцаў у індывідуальным заліку.

Найбольш напружаная барацьба адбывалася сярод юнакоў. Бясспрэчнаму лідэру двух апошніх сезонаў, удзельніку чэмпіянатаў Беларусі, студэнту ІV курса факультэта фізічнага выхавання Івану Шулькевічу нечаканую канкурэнцыю складаў першакурснік гэтага ж факультэта Ілля Ліштван. У выніку адлегласць паміж першым і другім месцам вызначылася літаральна ў двух пунктах на карысць Івана Шулькевіча, які стаў двухразовым чэмпіёнам універсітэта ў гэтым відзе спорта. Трэці радок у турнірнай табліцы застаўся за студэнтам трэцяга курса факультэта фізічнага выхавання Міхаілам Кяпцюхай. Цікава адзначыць, што ў гульнях турніра прымалі ўдзел і школьнікі старэйшых класаў сярэдніх навучальных устаноў нашага горада. Так, у спаборніцтвах дэбютаваў Аляксандр Тоўсцік з гімназіі №5 г.Брэста, які ў далейшым збіраецца паступаць у наш універсітэт, каб у будучым прыдбаць прафесію трэнера.

Дзяўчаты таксама змагаліся за першынства ў індывідуальным разрадзе. Тут барацьба ў асноўным была зведзеная да вылучэння пераможцы паміж сяброўкамі з ІV курса факультэта фізічнага выхавання Алінай Шчарбук і Юліяй Панасюк. У выніку менавіта Аліна Шчарбук першынствавала ў агульным заліку.

Зараз лепшыя рынгісты нашага ўніверсітэта ў складзе Аліны Шчарбук, Юліі Панасюк, Іллі Ліштвана і Івана Шулькевіча рыхтуюцца да сур’ёзнага экзамена – ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі. Неабходна таксама адзначыць, што Аліна Шчарбук, Юлія Панасюк і Іван Шулькевіч, якія апошнія два гады праходзілі спецыялізацыю ў дадзеным відзе спорту па адмысловай праграме, у найбліжэйшым часе атрымаюць ад Федэрацыі рынга Рэспублікі Беларусь сэртыфікаты, што даюць права для правядзення трэнерскіх заняткаў.

Плануецца, што адначасова з пачаткам вучобы восенню гэтага года стартуе чарговы турнір University Ringo Open-2014/15, які дазволіць прайсці неабходную практыку спаборніцтваў для рынгістаў нашага ўніверсітэта і горада з перспектывай удзелу ў агульнабеларускіх і міжнародных чэмпіянатах.

Юлія Панасюк,
студэнтка І
V курса факультэта фізічнага выхавання,
капітан каманды БрДУ па рынга

Поделиться: