У БрДУ праходзіць Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Беларусі: вывучэнне і захаванне”

27.03.2026

26–27 сакавіка на гістарычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна праходзіць Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Беларусі: вывучэнне і захаванне”. У навуковым мерапрыемстве прымаюць удзел студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта БрДУ, навукоўцы Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, іншых арганізацый і ўстаноў адукацыі і навукі, а таксама Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

26 сакавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё канферэнцыі і пленарнае пасяджэнне. Пленарныя даклады былі прысвечаны актуальным пытанням антрапалогіі, вынікам археалагічных даследаванняў (у тым ліку падводнай археалогіі і вывучэнню сярэднявечных помнікаў), а таксама новым інтэрпрэтацыям вядомых археалагічных комплексаў.

На пасяджэннях канферэнцыі і ў яе кулуарах абмяркоўваюцца тэарэтычныя і практычныя пытанні вывучэння, захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны: археалагічныя, этнаграфічныя, краязнаўчыя, культуралагічныя даследаванні, асобныя аспекты вывучэння і захавання гістарычнай памяці.

Віталій Юр’евіч Піліповіч,
старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін
Фота Наталлі Пятровай

Поделиться: