Таямніцы слова і думкі – 2023

У БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў адкрыты ўніверсітэцкі конкурс чытальнікаў “Таямніцы слова і думкі”, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння выдатнай беларускай пісьменніцы Ніны Мацяш і прымеркаваны да Года міру і стварэння. Арганізатарамі штогадовага мерапрыемства выступілі кафедра рускай літаратуры і журналістыкі, філалагічны факультэт, аддзел выхаваўчай працы з моладдзю і прафсаюзны камітэт студэнтаў універсітэта.

  

На пачатку мерапрыемства прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей звярнулася прарэктар па выхаваўчай працы Т.В. Сакалова. Таццяна Васільеўна падкрэсліла значнасць правядзення паэтычнага форуму, які ўжо шмат гадоў аб’ядноўвае маладзёжную супольнасць Берасцейшчыны.

  

З кожным годам цікавасць да паэтычнага спаборніцтва павялічваецца. Так, сёлета на адборачны тур было пададзена 79 заявак, а на фінальным этапе выступілі 57 чытальнікаў. У конкурсе прынялі ўдзел вучні 9–11-х класаў агульнаадукацыйных устаноў горада Брэста, навучэнцы ліцэяў і каледжаў Берасцейшчыны, а таксама студэнты розных факультэтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

  

Пранікнёныя радкі Ніны Мацяш – “пясняркі чалавечнасці”, “ціхай весталкі дабрыні”, “райскай птушкі ў вечнай клетцы” – адкрылі праграму, якая традыцыйна складалася з выканальніцкага і аўтарскага аддзяленняў. У выканальніцкім аддзяленні журы ацэньвала нестандартны падыход да рашэння задач конкурсу, зварот да рэсурсаў сумежных відаў мастацтваў, выканаўчае майстэрства і тэхніку прамаўлення, уменне данесці да слухачоў і гледачоў асноўную ідэю твора. Літаратурныя зацікаўленні выступоўцаў аказаліся вельмі разнастайныя. Яны дэкламавалі паэтычныя, празаічныя, драматургічныя творы як класікаў літаратуры, так і сучасных аўтараў.

  

У аўтарскім аддзяленні ўдзельнікі чыталі ўласныя тэксты, а журы найперш улічвала арыгінальнасць і самастойнасць твора, сэнсавую і паэтычную насычанасць, лагічна-структурную цэласнасць і тэхніку прамаўлення, а таксама мастацкі густ аўтара.

  

У выніку гран-пры конкурсу атрымала Ганна Ціхамірава (Пінскі каледж УА “БрДУ імя А.С. Пушкіна”), якая артыстычна і натхняльна прачытала ўрывак з паэмы “Руслан і Людміла”. У выканальніцкім аддзяленні дыпломы першай ступені атрымалі Кацярына Дарашэнка (філалагічны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна) і Павел Воран (ДУА “Сярэдняя школа № 27 г. Брэста”). У аўтарскім аддзяленні дыпломамі першай ступені ўзнагароджаны Ілона Сіплівая (ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Брэста імя Героя Беларусі У.М. Карвата”) і Паліна Ракіцкая (філалагічны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна). Яшчэ 22 удзельнікі атрымалі дыпломы другой і трэцяй ступеняў. У намінацыях “За любоў да мастацкага слова”, “За шчырасць пачуццяў”, “За ўдалы сцэнічны вобраз” адзначаны 10 канкурсантаў.

  

Пераможцам і прызёрам кожнага аддзялення арганізатары ўручылі сувеніры, а прафсаюзны камітэт БрДУ імя А.С. Пушкіна заахвоціў сваіх студэнтаў яшчэ і каштоўнымі падарункамі.

Шчыра віншуем дыпламантаў конкурсу і спадзяёмся, што праз год таямніцы слова і думкі аб’яднаюць яшчэ больш аматараў прыгожага пісьменства.

Кафедра рускай літаратуры і журналістыкі

Поделиться: