Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Заходняя Беларусь 1921–1939 гг. у прасторы і часе: да 100-годдзя Беларускай сялянска-работнiцкай Грамады і Дня народнага адзінства”

У дзень святкавання Дня народнага адзінства ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Заходняя Беларусь 1921–1939 гг. у прасторы і часе: да 100-годдзя Беларускай сялянска-работнiцкай Грамады і Дня народнага адзінства”. Навуковае мерапрыемства, прысвечанае 86-годдзю ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, выклікала зацікаўленасць шырокага кола даследчыкаў з Беларусі, Расіі і Таджыкістана.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся дэкан гістарычнага факультэта кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Аляксандравіч Савіч, рэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Васільевіч Машчук і дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Уладзіміравіч Міцюкоў. Яны падкрэслілі, што Дзень народнага адзінства сімвалізуе сувязь паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, нагадвае пра гістарычныя падзеі і важнасць адзінства нацыі для захавання незалежнасці, а таксама для забеспячэння ўстойлівага мірнага развіцця.

На пленарным пасяджэнні канферэнцыі былі заслуханы даклады дактароў гістарычных навук, прафесараў кафедры гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БрДУ Аляксандра Мікалаевіча Вабішчэвіча і Уладзіміра Васільевіча Здановіча, дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі і паліталогіі кандыдата гістарычных навук, дацэнта Яўгена Сямёнавіча Разенблата, дэкана гістарычнага факультэта Аляксандра Аляксандравіча Савіча і іншых.

На абмеркаванне ўдзельнікаў навуковага мерапрыемства былі прапанаваны пытанні палітыкі Польшчы ў адносінах да насельніцтва заходнебеларускіх зямель, адміністрацыйна-палітычнага становішча, сацыяльна-эканамічных адносін, грамадска-палітычных і этнакультурных працэсаў у Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг., міжнародных зносін ў 20-я–30-я гг. ХХ стагоддзя, а такмама праблемы захавання гістарычнай памяці і задачы патрыятычнага выхавання моладзі.

Кафедра гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін
Фота Вікторыі Швядоўскай

Поделиться: