Майстар-клас па генеалогіі “Мой радавод”

7 мая прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч правёў майстар-клас па генеалогіі “Мой радавод” для студэнтаў юрыдычнага факультэта.

  

Мерапрыемства адбылося напярэдадні Радуніцы, таму спачатку ўвага прысутных была звернута на народны характар і глыбокі філасофскі змест свята памінання дзядоў. У асноўнай прэзентацыі былі не толькі прадстаўлены ўласныя вынікі генеалагічнага даследавання Аляксандра Мікалаевіча (яго радавод пачынаецца з XIV–XV стст.), але і дадзены практычныя парады і кансультацыі па пошуку і выкарыстанні звестак аб продках. Студэнты даведаліся пра пачатак і асноўныя этапы збору патрэбнай інфармацыі, асаблівасцях працы з архіўнымі крыніцамі, пазнаёміліся з карыснымі сайтамі, даступнымі электроннымі базамі даных, краязнаўчымі выданнямі. Таксама была магчымасць пачытаць і патрымаць у руках як копіі, так і нават некаторыя арыгіналы каштоўных старажытных дакументаў: рэвізскіх сказак, царкоўных метрычных кніг, кліравых ведамасцей, інвентароў маёнткаў і інш.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства яшчэ раз пераканаліся ў тым, што любоў да краіны пачынаецца з ведання і шанавання гісторыі сваёй сям’і, працоўнага калектыву, вёскі, горада.

Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права

Поделиться: