МУЖНЫ І НЕПАЎТОРНЫ...

Вольга Іпатава

Ёсць людзі, прысутнасць якіх у тваім жыцці ты па-сапраўднаму ацэньваеш толькі пасля іхняе смерці. Жыццё імклівае: бяжыш на нарады, сядзіш за кампутарам, гнешся над старонкамі старажытных кніг і падсвядома спадзяешся на пастаянства Жыцця і тых, хто ў ім прысутнічае. Чалавеку ўласціва адчуваць сябе цэнтрам Сусвету і ўспрымаць навакольных як тых, хто абкружае Цябе...

Сёння я ўспрыймаю Уладзіміра Андрэевіча Калесніка як чалавека, у чыёй арбіце пашчасціла, так бы мовіць, круціцца і мне, як маленькаму спадарожніку вакол вялікай Планеты. Таму што ў нейкай ступені сышліся не толькі нашыя чалавечыя, але, што больш важна, літаратурныя жыцці.

Памятаю свой першы прыезд у Брэст разам з Аляксеем Карпюком, колішнім сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нас запрасіў выступіць у Брэсцкім педінстытуце, дзе ён тады выкладаў, менавіта Уладзімір Андрэевіч, які на першым жа прадстаўленні мяне студэнтам сказаў жартаўліва: “Олю Іпатаву я ведаю яшчэ да ейнага нараджэння”. І ў адказ на вясёлы шум патлумачыў, што ён быў разам з маімі бацькам і маці ў адным партызанскім атрадзе (там жа, дарэчы, быў і Янка Брыль) і цяжарнасць маёй маладой мамы праходзіла на ягоных вачах.

Я пра гэта не ведала, тым болей што маці мая памерла сапраўды зусім маладой, ёй толькі споўнілася 26 гадоў. Пасля выступлення, калі мы селі палуднаваць, я распытвала яго пра партызанскі атрад, пра маю маці, якую я, канешне, не памятала (у памяці застаўся толькі дзень пахавання і старыя Наваградскія могілкі). Ён адказваў падрабязна, і ад іхніх з Карпюком спагадлівых позіркаў мне стала надзвычай цёпла, нібыта душу маю сагрэў гэты яшчэ тады не надта знаёмы мне чалавек (што-кольвечы з ягоных артыкулаў я, вядома, чытала, але гэтага было мала для сардэчнага адчування яго як чалавека).

З таго часу я заўсёды сачыла за публікацыямі Уладзіміра Калесніка. Яны ўражвалі шырынёй погляду і нейкай не ўласцівай нават таму, колішняму часу інтэлігентнасцю, а таксама глыбокай любоўю да Беларусі і яскравай нацыянальнай арыентаванасцю. Толькі пазней я даведалася, што У. Калеснік вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі (у артыкуле пра яго ў “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” звесткі аб гэтым адсутнічаюць), што ён нейкі час нават быў вучнем славутага Барыса Кіта. Уладзімір Калеснік пайшоў па шляху камсамольства і камуністычнай ідэі, але яна не вытруціла з яго беларускасці, як гэта пазней сталася з многімі камуністамі – і ў гэтым яго унікальная вартасць для літаратуры і грамадства. Ён заставаўся ў шэрагу тых нямногіх камуністаў, якія служылі менавіта нацыянальнай ідэі і яскрава асэнсоўвалі трагедыю інтэлігенцыі, падзеленай, вобразна кажучы, паміж БНР і БССР. Лёс і тых, і гэтых – амаль усіх творцаў той, беларускай дзяржаўнасці, – быў трагічным, удалося ацалець толькі той моладзі, якая шчыра верыла ў савецкія ідэалы і, што яшчэ важней, засведчыла сваё змаганне з фашызмам уласнай крывёй.

У друку пачатку 90-х яго раз-пораз крытывалі за “савецкасць” у поглядах. Але я добра памятаю пачуццё, з якім у шэры змрочны дзень разгарнула ў чытальнай залі Нацыянальнай бібліятэкі невялічкую кніжку вершаў Уладзіміра Жылкі – першую за многія дзесяцігоддзі забыцця! – з прадмовай У. Калесніка. Гэтая паэзія перавярнула ўсю маю душу, і былі абсалютна прыймальнымі тыя радкі, дзе беларускі крытык пісаў пра нібыта “савецкасць” Ул. Жылкі – без іх ніяк не ўдалося б увогуле выдаць паэзію гэтага слыннага сына Беларусі. Мы ўжо добра ведалі гэтую “гульню” і навучыліся ацэньваць сутнасць, а не формы. Таму я напісала яму ліст з падзякай – “за Жылку”. А ён, прыехаўшы ў Мінск, патэлефанаваў мне і павіншаваў з тым, што я так, як ён выказаўся, “чуйна”, ацаніла Паэта. Дарэчы, усё, што ён адкрываў, было для нас, філолагаў, пісьменнікаў (як, зрэшты, і для шырокай грамадскасці) новым і нязведаным – і ў ягонай манаграфіі “Паэзія змагання”, і анталогія “Сцягі і паходні”, і зборнік “Час і песні”, і многае іншае...

За многія гады мы не аднойчы сустракаліся з Уладзімірам Калеснікам – то ў нейкай вёсачцы, дзе ён разам з Я. Брылём і А.Адамовічам рабіў запісы для будучай іх сумеснай кнігі “Я з вогненнай вёскі”, то на розных пленумах ці “круглых сталах”. Звычайна засяроджана-іранічны, ён усміхаўся мне добрай бацькоўскай усмешкай, і заўсёды ўзгадвалася тая цеплыня, якая так сагрэла сэрца ў самую першую сустрэчу ў Брэсце...

Апошні раз я бачыла яго ў музеі Якуба Коласа, куды нас запрасіў Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Уладзімір Андрэевіч быў ужо цяжка хворы, мы гэта ведалі. І ўпершыню я ўбачыла, як ён вітаецца і гаворыць без усмешкі, нібыта ўжо аддзелены, аддалены ад усіх нас нябачнай сцяной, і тым папярэджвае, каб не было ніякіх гаворак пра ягоную хваробу, ніякіх спачуванняў і нават напамінкаў пра яе. ГЭТА ён хацеў несці ў сабе і не падпускаў да сваёй душы нікога.

Развітваючыся з ім, я здагадвалася, што бачу яго, мабыць, у апошні раз, і незваротнасць усяго, што з намі адбываецца, пранізала з неверагоднай сілай. Я ледзь стрымала слёзы, а ён, кіўнуўшы нам усім, пайшоў з музею, трымаючыся прама, хаця было відавочна, як яму цяжка...

На ягонае сямідзесяціпяцігоддзе ў Ярэміцкай сярэдняй школе, што ў некалькіх кіламетрах ад Сіняўскай Слабады, дзе ён нарадзіўся, быў урачыста адчынены музей. Мне пашчасціла быць там і ўбачыць частку карцін, якія Уладзімір Андрэевіч маляваў у апошнія гады, яшчэ раз адчуць, якім таленавітым, шматгранным быў гэты сын нашае зямлі.

Любоў да яго як асобы і як Творцы яшчэ раз праявілася і ў святкаванні ў Брэсцкім (цяпер ужо універсітэце) ягонага 80-годдзя. І зноў так склаліся абставіны, што я змагла прыехаць на гэтае свята, ды не адна, а з групай пісьменнікаў. Мабыць, ягоная душа збірае тых, каго яна хацела б бачыць разам, каго яднае ягоны непаўторны воблік і лёс...