Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “ХІІ Калеснікаўскія чытанні” (28.10.2022)

28 кастрычніка 2022 года ў Навукова-асветніцкім цэнтры імя У.А. Калесніка на філалагічным факультэце адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “ХІІ Калеснікаўскія чытанні”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння У.А. Калесніка.

У вочнай і завочнай форме ў ёй прынялі ўдзел выкладчыкі, студэнты, магістранты і аспіранты факультэта, настаўнікі школ, навукоўцы рэспублікі і НАН. Таксама выступілі вучні Уладзіміра Андрэевіча Гетман І.У., галоўны рэдактар Брэсцкай абласной газеты “Заря”; Рачэўскі С.Р., дацэнт Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі; Бысюк Р.Р., дырэктар ДУ “Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»”; Асіпук Г.А., загадчык навукова-метадычнага аддзела УК “Брэсцкі абласны краязнаўчы музей”, інш.

Акрамя выступленняў з успамінамі, словамі удзячнасці і навуковымі даследваннямі, прысвечанымі нашаму знакамітаму земляку, адбылася таксама культурная праграма, якая рэалiзоўвалася з 28 па 29 кастрычніка. Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць ушанаваць памяць Уладзіміра Андрэевіча, наведаўшы могілкі, дзе ён пахаваны, а таксама пазнаёміцца з сучаснай Брэстчынай.

Госцi разам з нашымі выкладчыкамі адправіліся ў сядзібу Нямцэвічаў і школу ў Скоках, прайшлі па Брэсцкай крэпасці і вуліцах Брэста, паглядзелі, як знакаміты ліхтаршчык запальвае ліхтары і абяцалі вярнуцца ў наш гасцінны горад і на наш утульны факультэт, калі будзе такая магчымасць.