«Таямніцы слова і думкі–2018»

2 сакавіка 2018 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў адкрыты ўніверсітэцкі конкурс чытальнікаў «Таямніцы слова і думкі», прысвечаны 70–годдзю з дня нараджэння выдатнай беларускай паэтэсы і перакладчыцы Яўгеніі Янішчыц. Арганізатарам штогадовага мерапрыемства выступіла кафедра рускай літаратуры і журналістыкі.

У конкурсе прынялі ўдзел вучні 5–11-х класаў агульнаадукацыйных устаноў горада Брэста, навучэнцы ліцэяў і каледжаў Берасцейшчыны, а таксама студэнты розных факультэтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пасля адборачнага туру, у якім спрабавалі свае сілы 58 канкурсантаў, на фінальным этапе выступілі 38 чытальнікаў.

Конкурсная праграма складалася з двух аддзяленняў – выканальніцкага і аўтарскага. У выканальніцкім аддзяленні выступоўцы дэкламавалі творы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў. Журы ацэньвала ўменне стварыць сцэнічны вобраз, выканаўчае майстэрства і тэхніку прамаўлення. У аўтарскім аддзяленні ўдзельнікі чыталі ўласныя тэксты, а журы найперш улічвала арыгінальнасць і самастойнасць твора, сэнсавую і паэтычную насычанасць, а таксама лагічна-структурную цэласнасць і тэхніку прамаўлення.

У выніку ў выканальніцкім аддзяленні дыпломам першай ступені была ўзнагароджана вучаніца 8-га класа СШ № 6 г. Брэста Ксенія Барысюк, а таксама студэнтка 2-га курса філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна Анастасія Афанасовіч, у аўтарскім аддзяленні – студэнтка 4-га курса факультэта замежных моў БрДУ імя А.С. Пушкіна Крысціна Анішчанка. А лаўрэатам конкурсу «Таямніцы слова і думкі–2018» стаў прадстаўнік 11-га класа Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава Уладзімір Мілейка з аўтарскім творам «Перажыць час».

Усе канкурсанты фінальнага этапу спаборніцтва былі ўзнагароджаны дыпломамі ў пэўных намінацыях, а пераможцы атрымалі і каштоўныя падарункі.

Спадзяёмся, што праз год мы зноў зможам акунуцца ў таямніцы слова і думкі і атрымаць асалоду ад пачутага і ўбачанага.

Кафедра рускай літаратуры і журналістыкі

Поделиться: