Рэгіянальны навукова-практычны семінар «Тэкст у парадыгме філалагічнай адукацыі ў вышэйшай і сярэдняй школе»

17 сакавіка на кафедры беларускай філалогіі быў праведзены рэгіянальны навукова-практычны семінар «Тэкст у парадыгме філалагічнай адукацыі ў вышэйшай і сярэдняй школе». Мерапрыемства традыцыйна было прымеркавана да дня ўшанавання памяці прафесара Галіны Мікалаеўны Малажай, вядомага беларускага лінгвіста, педагога, члена-карэспандэнта Акадэміі адукацыі Рэспублікі Беларусь, настаўніка не аднаго пакалення берасцейскіх філолагаў. Тэма семінара непасрэдна звязана з багатай навуковай і метадычнай спадчынай прафесара. У свой час Галіна Мікалаеўна стала аўтарам першага ў краіне беларускамоўнага падручніка па лінгвістычным аналізе тэксту, кіраўніком калектыву, які падрыхтаваў і выдаў дапаможнік «Праца з тэкстам на ўроку беларускай мовы». Многія іншыя даследаванні і выданні слыннага беларусіста таксама вылучаюцца адметным падыходам да вывучэння тэкстаў. З гаворкі пра кнігі Г. М. Малажай і пачаўся семінар. Пра іх распавяла арганізатар семінара, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Л. І. Яўдошына. Выступоўца таксама расказала пра тэкстацэнтрычнасць сучаснай гуманітарнай адукацыі і пазнаёміла прысутных са сваім вопытам правядзення філалагічнага аналізу верша Г. Бураўкіна «Настаўнікі не паміраюць…».

Усяго на семінары было агучана каля 40 дакладаў, у тым ліку стэндавых. Выкладчыкі, настаўнікі, магістранты і студэнты ў сваіх выступленнях звярталіся да аналізу апорных паняццяў тэксталогіі, закраналі праблемы тэкстацэнтрычнага падыходу ў выкладанні дысцыплін гуманітарнага цыкла ў вышэйшай і сярэдняй школе, разглядалі асаблівасці тэкстаўтваральнай дзейнасці і спецыфіку мастацкіх ідыялектаў, эксплікаваных аўтарскімі тэкстамі. Асаблівы водгук аўдыторыі выклікалі выступленні кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускай філалогіі Галіны Мікалаеўны Ішчанка і магістранткі нашага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Мовазнаўства» Наталлі Аляксандраўны Дзенісюк. Галіна Мікалаеўна цікава і займальна расказала прысутным пра новыя падыходы ў выкладанні літаратуры ў школе, а студэнтка выпускнога курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)» Яна Дзерман пры гэтым прадэманстравала наглядныя метадычныя распрацоўкі, выкананыя пад кіраўніцтвам Г. М. Ішчанка. Н. А. Дзенісюк распавяла гаворку пра ўзроўні тэксту, якія вылучаюцца ў актуальным напрамку філалагічных даследаванняў – камунікатыўнай стылістыцы.

Семінар «Тэкст у парадыгме філалагічнай адукацыі ў вышэйшай і сярэдняй школе» прайшоў вынікова і даў магчымасць абмеркаваць зацікаўленай аўдыторыі актуальныя пытанні філалогіі, звязаныя з праблемамі даследавання рознага тыпу тэкстаў, а таксама падзяліцца каштоўным вопытам рэалізацыі тэкстацэнтрычнага падыходу ў філалагічнай адукацыі Брэсцкага рэгіёна.

Кафедра беларускай філалогіі