Прэзентацыя энцыклапедыі да 1000-годдзя Брэста

8 кастрычніка 2019 г. у круглай зале Брэсцкага гарвыканкама адбылася прэзентацыя энцыклапедыі «Брест. Брэст. Brest. 1000». Кніга выдадзена выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» да тысячагадовага юбілею горада. У прэзентацыі прынялі ўдзел супрацоўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў культуры, выкладчыкі, настаўнікі, студэнты і школьнікі.

Выкладчыкі і супрацоўнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна прынялі самы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы энцыклапедыі. Сярод аўтараў былі таксама кіраўнікі і спецыялісты розных устаноў, краязнаўцы. Арганізацыйную падтрымку аказваў Брэсцкі гарвыканкам. Каардынатарам праекта, складальнікам энцыклапедыі выступіў загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Вабішчэвіч Аляксандр Мікалаевіч. Ён адзначыў на прэзентацыі ўніверсальны характар гэтага ўнікальнага энцыклапедычнага выдання.

Кніга складаецца з 14 раздзелаў: органы кіравання; гісторыя; адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел; насельніцтва; прырода; эканоміка; ахова здароўя; СМІ; грамадскія арганізацыі; рэлігія і царква; архітэктура і горадабудаўніцтва, помнікі і памятныя мясціны; фізічная культура, спорт і турызм; адукацыя, навука; культура. 28 ілюстраваных артыкулаў-разваротаў на беларускай, рускай і англійскай мовах прадстаўляюць самыя вядомыя гістарычныя сімвалы Брэста, флагманы яго эканомікі, вядучыя ўстановы адукацыі (у т. л. БрДУ імя А. С. Пушкіна), культуры, буйнейшыя спартыўныя аб’екты і каманды, фестывалі. У кнізе змешчаны прыкладна 1 тыс. артыкулаў, з іх каля 400 біяграфічных – пра гістарычных асоб, ганаровых грамадзян, работнікаў розных сфер, што атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды, ганаровыя званні.

Пра запатрабаванасць жыхарамі горада і гасцямі выдання гаварыў на прэзентацыі старшыня Брэсцкага гарвыканкама Рагачук Аляксандр Сцяпанавіч. Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрыевіч Уладзімір Уладзіміравіч паведаміў, як стваралася энцыклапедыя, і ўручыў А. М. Вабішчэвічу Падзяку Міністра інфармацыі. Дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» Ваніна Вольга Уладзіміраўна адзначыла самых актыўных аўтараў – акрамя А.М. Вабішчэвіча, дыпломы атрымалі загадчык кафедры гісторыі Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Здановіч Уладзімір Васільевіч, дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Свірыд Аляксандр Мікалаевіч, дацэнт кафедры лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Зданевіч Аляксандр Аляксандравіч і іншыя аўтары.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў