Прэзентацыі кнігі пра малую радзіму

18–19 красавіка 2021 г. у Рубельскім сельсавеце Столінскага раёна Брэсцкай вобласці адбыліся прэзентацыі выдання “Вёска Рубель на Століншчыне: гісторыка-краязнаўчы нарыс”. Яго аўтарам з’яўляецца загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Вабішчэвіч Аляксандр Мікалаевіч.

Кніга падрыхтавана ў межах Года малой радзімы, які адзначаўся ў Беларусі ў 2018–2020 гг. Яна прысвечана гісторыі вёскі Рубель, аднаго з самых буйных сельскіх населеных пунктаў не толькі Брэсцкай вобласці, але і нашай краіны. Прасочваецца яе мінулае ад першабытнага ладу, першых пісьмовых упамінанняў у 1458 г. да сучаснасці. У 1944 г. сяло Рубель (730 двароў) была поўнасцю спалена германскімі нацысцкімі акупантамі. У пасляваенныя дзесяцігоддзі адбылося адраджэнне і далейшае развіццё вёскі. У 1970 г. там налічвалася больш за 5,5 тыс. жыхароў. У кнізе ўпершыню выкарыстаны шматлікія дакументы з айчынных і замежных архіваў, матэрыялы перыёдыкі, вуснай гісторыі і іншыя крыніцы.

У Рубельскім сельскім Доме культуры на сустрэчу з аўтарам сабраліся яго землякі-аднавяскоўцы: работнікі і спецыялісты мясцовага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства, устаноў сацыяльнай сферы, працоўная і навучэнцкая моладзь, пенсіянеры. У сельскай бібліятэцы была наладжана кніжная выстава “Родны край, навек любімы”, праведзена таварыская гутарка з яе супрацоўнікамі і чытачамі.

Прэзентацыя ў дзяржаўнай установе адукацыі “Рубельская сярэдняя школа” пачалася з выступлення вучнёўскага вакальна-харавога калектыву “Рубляначка”. Удзельнікамі мерапрыемства былі настаўнікі, вучні, краязнаўцы. Падчас сустрэчы яны даведаліся ад аўтара кнігі пра цікавыя і невядомыя старонкі мінулага роднай вёскі, задавалі пытанні пра пошук крыніц у архівах, складванне радаводаў, творчыя планы, а жадаючыя змаглі набыць кнігу і атрымаць аўтограф. Вынікі сваёй дзейнасці прадэманстравалі школьны музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, патрыятычны атрад “Любра”.

Прэзентацыя кнігі адбылася і ў дзяржаўнай установе адукацыі “Хотамельская сярэдняя школа”. Вучні разам з настаўнікамі ўжо маюць пэўны вопыт гісторыка-краязнаўчай працы: збіраюць звесткі пра мікратапаніміку, прымаюць удзел у розных праектах і конкурсах.

Таксама падчас прэзентацый у школах праводзіліся прафарыентацыйныя кансультацыі аб парадку прыёму ў БрДУ імя А.С. Пушкіна. Будучым абітурыентам былі дадзены парады і выказаны пажаданні. Сярод настаўнікаў ёсць нямала выпускнікоў універсітэта і яго папярэдніка – Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. Яны з душэўнай цеплынёй і добрымі словамі ўспамінаюць сваіх выкладчыкаў.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Поделиться: