Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы.

Дзень устаноўлены рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года з мэтай захавання і аховы моўнай і культурнай разнастайнасці.

22 лютага на факультэце прайшла інтэлектуальная віктарына «Мой родны кут», прысвечаная Міжнароднаму Дню роднай мовы. Віктарына была арганізавана кафедрай турызму і краіназнаўства па фармаце папулярнай гульні «Мазгабойня». У гульні ўдзельнічалі 4 каманды студэнтаў 1-2 курса.

Пытанні віктарыны былі прысвечаны Брэсту, Брэсцкай вобласці, Беларусі. Удзельнікі гульні павінны былі адказаць на пытанні з 5 тэматычных блокаў: «Ад Берасця да Брэста», «Погляд з космасу», «Беларуская літаратура», «Родныя мясціны», «Асобы». Цікавасць выклікалі заданні, звязаныя з неабходнасцю пазнаць прыродныя аб’екты ці гарады па касмічных здымках. Напрыклад, пазнаць Жодзіна па вялікай колькасці жоўтых маленькіх «аб’ектаў» змаглі не ўсе каманды. Дыскусію сярод удзельнікаў кожнай каманды выклікалі пытанні пра аўтарства верша «Хто ты гэткі…» ці пра аб’ект аховы заказніка «Барбастэла».

Вянчала гульню апошняе выпрабаванне – «Бліц», дзе на тое, каб адказаць на 6 пытанняў, у каманд было толькі 2 хвіліны.

У выніку пераможцамі сталі 4 дзяўчыны з каманды «Ажынкі», якія прадстаўлялі 2 курс спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць» (3 года навучання).

На працягу ўсяго тыдня ўсе жыхары «Сёмага неба» маглі атрымаць асалоду ад смака беларускай мовы.

А.Д.Панько, Н.С.Луцык