Міжфакультэцкі вучэбна-метадычны семінар «Курсавыя і дыпломныя працы: парады па падрыхтоўцы»

15 кастрычніка на кафедры беларускай філалогіі адбыўся міжфакультэцкі вучэбна-метадычны семінар «Курсавыя і дыпломныя працы: парады па падрыхтоўцы». Семінар вызначаўся практычнай накіраванасцю на студэнцкую аўдыторыю і меў на мэце дапамагчы студэнтам арганізаваць сваю навуковую дзейнасць і тым самым актывізаваць працу па напісанні курсавых і дыпломных работ.

Усяго на семінары было агучана 13 дакладаў, у якіх закраналіся розныя праблемы і пытанні навуковай дзейнасці студэнтаў. У прыватнасці, былі абмеркаваны агульныя патрабаванні да зместу і формы курсавых і дыпломных прац, а таксама асаблівасці працы са спецыяльнай літаратурай, акрэсліваліся асноўныя метады лінгвістычных і літаратуразнаўчых даследаванняў і спецыфіка збору фактычнага матэрыялу, вызначалася роля навуковай дзейнасці студэнтаў у фарміраванні іх прафесійных кампетэнцый. Адметную цікавасць студэнцкай аўдыторыі выклікалі выступленні студэнтак 3-га курса спецыяльнасці «Беларуская філалаогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)» А. Фурсевіч і Я. Вецік, якія падзяліліся сваім досведам працы над курсавымі праектамі і расказалі пра асноўныя цяжкасці ў такой працы. А. Фурсевіч, старшыня СНТ філалагічнага факультэта, у сваім выступленні яшчэ і нагадала патрабаванні да афармлення бібліяграфічнага спіса навуковай працы.

Семінар «Курсавыя і дыпломныя працы: парады па падрыхтоўцы» прайшоў вынікова і даў магчымасць абмеркаваць зацікаўленай аўдыторыі актуальныя пытанні, звязаныя з навуковай дзейнасцю студэнтаў.

Кафедра беларускай філалогіі

Поделиться: