Дзень роднай мовы ў танцы

21 лютага ў свеце адзначаўся Дзень роднай мовы. У гэты дзень у інтэрнат № 2 завіталі Марына Бубовіч (загадчык сектарам культмассавай працы студклуба) і Кацярына Леванюк (дырэктар студклуба), апранутыя у нацыянальныя касцюмы, і весела запрашалі ўсіх жыхароў інтэрнату ў тэлезалу. Менавіта там разгарнуліся так званыя "ўрокі беларускіх танцаў і гульняў" пад агульнай назвай "Ойра".

Усе жадаючыя, а іх было нямала, змаглі дакрануцца да беларускіх традыцый. Кракавяк, ойра, полька беларуская, падыспан – гэтыя і іншыя народныя танцы, а таксама народныя гульні "Цяцерка", "Чачотка", "Явар" былі вельмі добра ўспрыняты моладдзю. А каб атмасфера была больш народная, танцавалі хлопцы і дзяўчаты пад акампанемент гармоні Юрыя Жалудко (II курс, гістарычны факультэт).

Акрамя добрага настрою і пэўных навыкаў у танцах, студэнты вынеслі з тэлезалы і аднайменныя з мерапрыемствам цукеркі, што надалі ўражанням прысмак шакаладу.

Дзяніс Трацюк,
філалагічны факультэт.
Фота аўтара

Поделиться: