Беларускія краявіды і беларуская гасціннасць

Даведацца як мага больш пра беларускі край і яго гасцінны народ стала мэтай цікавай экскурсіі, арганізаванай для ўдзельнікаў студэнцкага клубнага аб’яднання «Дыялог культур» ў Дом народнай культуры, што месціцца ў вёсцы Залуззе на Брэстчыне. Маршрут пралёг праз прыгожыя мясціны Жабінкаўскага краю. Дом народнай культуры гасцінна прыняў нашых студэнтаў. Дырэктар культурнай установы Людміла Пышынская распавяла пра такія традыцыі беларусаў, як культура вырошчвання і апрацоўкі льну, культура выпечкі смачнага хлеба, культура ткацтва, культура сялянскага побыту.

Студэнтаў зацікавілі экспанаты, якімі беларусы колісь карысталіся ў паўсядзённай жыццядзейнасці: плеценыя кашы розных памераў з лазы, прыстасаванні для абмалоту зерня (жорны), прыстасаванні для ткацтва (кросны, пралкі, матавіла). Такія рэчы выкарыстоўваліся выключна для хатняй гаспадаркі і сведчылі, што жыццё беларусаў было цяжкім і, разам з тым, вельмі насычаным і прадуктыўным, бо амаль ўсё для жыцця сям’і неабходна было зрабіць сваімі сіламі.

Вялікая калекцыя святочнага і паўсядзённага ўбранства сялян, сабраная ў доме-музеі – сапраўдны скарб, які вельмі заваражыў наведвальнікаў. Святочныя кашулі зроблены з высокаякаснага адбеленага кужалю і расшыты прыгожым арнаментам. Не менш якасныя вырабы – тканыя андаракі (спадніцы), у якіх выяўляюцца свае асаблівасці ткацтва і спалучэння колераў. Найбольш ужываныя колеры ў такіх вырабах – чорны і чырвоны, радзей – жоўты і зялёны.

Студэнцкая моладзь даведалася пра даўнія вясельныя абрады беларусаў, да якіх адносяцца сватанне (знаёмства) маладых, заручыны, падрыхтоўка вясельнага каравая і яго дзяльба ў час вяселля.

Студэнтам пашчасціла дакрануцца не толькі да матэрыяльнай культурнай спадчыны Заходняй Беларусі, але і стаць ўдзельнікамі творчай праграмы фальклорнага калектыву «Багуслаўка», які працуе ў Доме народнай культуры. Удзельніцы калектыву і віртуёзны гарманіст праспявалі мноства беларускіх народных песень і запрасілі гасцей патанцаваць.

Эмоцыі перапоўнілі гасцей у наступнай частцы экскурсіі, калі яны пакаштавалі пачастунак ад гаспадынь дома культуры. Дранікі, каўбаскі, таўканіца з бульбы, фаршыраваныя яйкі, кіслая капуста – смак гэтых страў застанецца надоўга. Студэнты таксама пачаставалі гаспадароў свята сваім нацыянальным хлебам (ляпёшкамі), які выпеклі Таганава Агулджан і Ашырава Дзілрабо.

Завяршылася экскурсія наведваннем Мемарыяльнай капліцы, усталяванай на месцы гібелі беларускіх і польскіх жаўнераў і расійскіх салдат на Крупчыцкім полі ў час паўстання пад караўніцтвам Т. Касцюшкі ў 1794 г. Таксама ў Крупчыцах студэнты наведалі праваслаўную царкву ў гонар роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра, пабудаваную праз 100 год пасля Крупчыцкай бітвы. Гэтая царква мае гістарычнае значэнне і з’яўляецца помнікам культуры Беларусі.

Удзельнікі вандроўкі выказалі спадзяванне, што наперадзе іх чакаюць новыя турыстычныя паездкі па беларускім краі.

З.С. Леўчук, кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Барановичский государственный университет
Белорусская государственная академия искусств
Белорусская медицинская академия последипломного образования
Белорусский государственный медицинский университет
Белорусский государственный университет транспорта
Белорусский государственный экономический университет
Брестская областная библиотека имени М. Горького
Витебский государственный ордена Дружбы народов медицинский университет
Витебский государственный технологический университет
Витебский государственный университет имени П. М. Машерова
Гомельский государственный технический университет имени П. О. Сухого
Гродненский государственный университет имени Я.Купалы
Университет гражданской защиты МЧС Беларуси
Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова
Белорусский государственный университет пищевых и химических технологий
Мозырский государственный педагогический университет имени И. П. Шамякина
Академия Министерства внутренних дел Республики Беларусь
Белорусская ассоциация студенческого спорта