СЕЙБІТ (успаміны пра сябра)

Яўген Крамко

Незабыўнае першае знаёмства. Неяк у майскую нядзельку сорак другога года раненька я выйшаў на падворак. Сонца толькі-толькі ўзнялося над лесам і ахінула садок і падворак. На голлі яблынь блішчэлі лісцікі, лагодны цень накрываў плот. Над хатаю і загонамі то там, то сям звінелі жаваранкі. Усё наваколле дыхала бадзёрай свежасцю жыцця, панавала гаючая раніца. Раптам бачу па сцяжынцы з-за гумна ў двор ідуць двое. Углядваюся, хачу пазнаць. Але дарэмна.

Павіталіся, адзін назваўся Кастусём, другі Валодзем.

– Мы з Сіняўскай Слабады прыйшлі да цябе на сувязь ад нашых падпольшчыкаў, – без усякай прадмовы кажа Валодзя. Для мяне гэта была нечаканасць, бо толькі пільнасць у той час гарантавала пазбегнуць арышту.

Таму я маўчу, не ведаю, што адказаць.

– Не сумнявайся. Нам параілі зайсці да цябе з групы Балабанава, – кажа Кастусь. Спасылка на камандзіра першай партызанскай групы ў нашым раёне развеяла мае сумненні, бо гэта група была створана ў нашым лесе з нашым удзелам.

Далей гутарка пайшла даверліва. Госці паведамілі аб дзейнасці падпольшчыкаў свае вёскі. Я ў агульных рысах – аб Беражноўскіх. Прозвішчаў я, так і яны, не называлі. У гэтым не было патрэбы.

Кастусь Балабановіч быў сярэдняга росту, мажны, з цёмнымі густымі валасамі, здавалася, флегматычны. Гаварыў мала, але ўпэўнена, рашуча.

Валодзя Калеснік вышэй сярэдняга росту, бялявы, хударлявы, хуткі ў руках, энергічны, гаваркі. Не выпадкова яны былі блізкімі сябрамі, разумелі адзін аднаго і ніколі, як мне здавалася, не супярэчылі адзін аднаму.

Зацікавіла іх маё паведамленне, як мы арганізавалі ўзброенае дзяжурства на дарозе ў вёску, каб знянацку нас не захапіла паліцыя.

Але галоўным пытаннем, якое ўзнялі сіняўцы, было пытанне пераходу да адкрытай партызанскай барацьбы.

– Лічу, варта падпольшчыкам з нашых вёсак сустрэцца дзе-небудзь у лесе і вырашыць пытанне, каб разам у адзін і той жа дзень пачаць барацьбу, – сказаў Калеснік.

– Я думаю, было бы вельмі цікава, каб у дамоўлены кірмашовы дзень падпольшчыкі прыехалі ў Мір на кірмаш, перабілі немцаў і паліцыю і гэтым пачалі ўзброеную барацьбу, – выказваў сваю думку Кастусь.

Я не супярэчыў, бо прапанова падалася цікаваю, але нейкаю малаверагоднаю. “Хіба мала можа быць розных выпадковасцей,” – падумаў.

І ўсё ж мы дамовіліся, калі і дзе сустрэцца, каб вырашыць пытанне выхаду ў партызаны. Далейшыя падзеі пацвердзілі, што гэтая задумка была не рэальнай. У той дзень, на які планавалася сустрэча на Ціхове, наляцелі карнікі, спалілі хутар і застрэлілі гаспадара. Мы так і не даведаліся, ці гэта быў налёт выпадковы, ці хтосьці нас выдаў.

У жніўні познім вечарам у двор да нас са зброяю заходзяць трое: Калеснік, Іван Мацко і Кастусь Смалянка. Павіталіся, ды Валодзя кажа:

– Як бачыш, мы ўжо са стрэльбамі. Лічу, што і вы пойдзеце з намі.

– Адзін вырашаць гэта пытанне я не бяруся. Пойдзем у вёску і з хлопцамі абмяркуем, што рабіць, – адказаў я.

Як прыйшлі, на ўскраіне вёскі ўжо была група партызан і некалькі нашых падпольшчыкаў.

– Вы згодны змагацца з акупантамі? – пытае энергічны, невысокі партызан Дзенісенка (мы яго ведалі раней).

– Згодны, – у разнабой адказалі мы.

– Тады бярыце зброю і каб да світанку былі ў Крынічным на пароме, – нібы загадаў Дзенісенка.

Па яго загаду некалькі партызан пайшлі ў бліжэйшыя хаты, паклікалі мужчын. Дзенісенка кажа:

– Ад імя савецкай улады гэтыя хлопцы мабілізаваныя намі ў партызаны. Перадайце ў вёсцы, што яны ўзяты намі прымусова. Партызаны пастралялі ў паветра і пайшлі за вёску. Ля мяне затрымаліся ўжо знаёмыя партызаны: Калеснік, Балабановіч і двое незнаёмых.

– Гэта Андрэй Саятэвіч, а гэта Іван Качановіч з вёскі Ператокі, – знаёміць мяне Валодзя. – Як прыйдзеце на пераправу, папярэдзь сваіх хлопцаў, каб не ішлі з Міцькаю (так клікалі Дзенісенку), – кажа Калеснік.

– Мы створым свой атрад з мясцовай моладзі і пакажам, як трэба ваяваць. Такіх ваяк, як яны, мы пабачылі ў Чапаеўскім атрадзе, – кажа Саятэвіч.

Ноччу са свайго склада мы ўзялі зброю і пайшлі на пераправу. Нас сустрэлі ветліва. Ноч была спакойная. Гэта рабіла мяне разважлівым, але спакою на душы не было. Нейкая самота варушыла свядомасць, відаць, невядомасць і трывога за сям’ю. Незразумелая для мяне была і спрэчка Дзенісенкі і Саятэвіча, з кім нам ісці.

Мы моўчкі ішлі берагам Нёмана з групаю Саятэвіча. На аеры і ў плюснягу блішчэлі ў промнях ранішняга сонца пацеркі расы. За намі на атаве заставаліся сляды ад збітае расы.

Зайшлі за вёску Антанёва і леглі спаць. Калеснік лёг ля мяне ды кажа:

– Ты паслухай тут шум баровы.

Сапраўды ён быў незвычайны. Над галовамі неяк асабліва шапталіся ласкавыя хваіны. Колькі спалі не ведаю, згубіўся лік часу.

Вечарам пайшлі ў вёску Лядкі, дзе мы, ужо без Дзенісенкі, правялі “мабілізацыю” ў партызаны.

На базе нашых першых груп у верасні быў створаны атрад з мясцовай моладзі і назвалі яго “Камсамольскім”, так, як называла нас насельніцтва.

Вось цяпер думаю, якая дальнабачнасць і мэтанакіраванасць была ў Валодзі Калесніка ў той цяжкі арганізацыйны час. Каб не ён, відаць, уся наша падпольная група пайшла з групаю Дзенісенкі, у якой тады пераважна былі вайскоўцы-акружэнцы ці ўцёкшыя з палону.

Сярод юнакоў нашых вёсак, што першымі пайшлі ў лес, Валодзя быў самы адукаваны.

Яшчэ да Навагрудскага педагагічнага вучылішча, дзе скончыў два курсы, у яго багажы былі сем класаў польскай школы і тры класы гімназіі. Відаць, таму ў яго моцна адчувалася начытаннасць і “іскарка” пісьменніцкага і мастацкага таленту, якіх мы тады не разумелі, хаця адчувалі яго інтэлігентнасць, а разам з ёю – прастату і таварыскасць. Усё гэта стварала амаль агульную павагу да яго. Веды і нейкая свая інтуіцыя, відаць, былі прычынай таго, што ён першы ў сваёй вёсцы зразумеў звярыны воблік фашызму.

Вярнуўшыся дамоў разам з Кастусём Балабановічам, сябрам па педвучылішчы, пачалі збіраць зброю, якую пакідалі адыходзячыя войскі, ствараць падполле і падрыхтоўку да партызанскай вайны. Пры ўдзеле Калесніка і Балабановіча такую падрыхтоўку вяла і перадавая моладзь суседніх вёсак – Антанёва, Пагарэлкі, Лядак і іншых.

Калі акупацыйныя ўлады зрабілі спробу гульні ў беларускі суверэнітэт і дазволілі адчыніць беларускія пачатковыя школы, Калеснік пайшоў працаваць настаўнікам у вёску Некрашэвічы, каб легальна мець магчымасць стварыць і там падполле. І ў гэтым меў поспех. Моладзь Некрашэвіч і суседніх вёсак потым ваявала ў партызанскіх атрадах.

Мара Калесніка аб стварэнні асобага атрада існавала даўно. Калі наша задума разам выйсці ў лес не адбылася, тады падпольшчыкі Сіняўскай Слабады і Пагарэлкі самастойна пайшлі ў лес і далучыліся да атрада імя Чапаева. Там ужо былі жыхары вёскі Ператокі Андрэй Саятэвіч і Іван Качановіч. Гэтым атрадам камандаваў вайсковец па мянушцы “Барадач”. Саятэвіч, Качановіч, сіняўскія і пагарэльскія юнакі звярнуліся да камандзіра з просьбаю дазволіць ім пайсці ў свой раён і там стварыць атрад. Такі дазвол яны атрымалі з пісьмовай памяткаю, як гэта лепш зрабіць.

У верасні пасля некалькіх паспяховых баявых аперацый каля вёскі Антанёва на палянцы паміж рэдкіх каржакаватых хваін, якія асвятляла скупое вераснёвае сонца, мы селі ў круг. Андрэй Саятэвіч устаў і кажа: “Я атрымаў дазвол на стварэнне свайго атрада. Валодзя, – звярнуўся ён да Калесніка, – на прачытай”.

Валодзя ўзяў невялікі шматок паперы і спакойна, нібы вучням, павольна прачытаў парады “Барадача”, як стварыць баяздольны атрад. Усе мы, а нас было ўжо чалавек сорак, маўчалі.

– Згодна з парадай “Барадача”, – працягваў далей Калеснік, – мы мусім выбраць камандаванне атрада. Лічу, што на пасаду камандзіра вельмі добра падыходзіць Андрэй Сцяпанавіч Саятэвіч. Ён старэйшы за нас, больш чым мы ў партызанах, а гэта значыць набыў вопыт барацьбы...

– Згодны, – у разнабой выгукнулі мы. Там жа выбралі камандзіраў рот, узводаў і аддзяленняў.

Узгадваючы той сход, я не пакідаў здзіўляцца, чаму Калеснік задаволіўся толькі пасадаю камандзіра ўзвода. Відаць, сціпласць, якая была яму характэрна, перашкаджала. Цікава, што ні ў кога з нас не было жадання быць прызначаным на нейкую высокую пасаду.

Адзін баявы выпадак яшчэ больш замацаваў у мяне пашану да Калесніка. А адбылося вось як. Нам стала вядома, што ў вёсцы Сімакава немцы плануюць паставіць свой апорны пункт, пастарунак. Ён моцна перашкаджаў бы нам хадзіць на чыгунку Стоўбцы-Гарадзея. Вось мне, Валодзю і партызану з вёскі Сімакава Федзі Жуку прапанавалі пайсці ў разведку, і калі гэта праўда, спаліць школу, дзе меўся быць іх штаб.

Пакуль мы палявымі дарогамі дайшлі ў вёску, быў амаль світанак. Вяртацца, не выканаўшы задання, мы не маглі і, па сваёй юнацкай нявопытнасці, вырашылі там дняваць. А дзе? У лясках каля вёскі, якія там называюць “Гаі”, небяспечна. Выпадковыя людзі могуць нас заўважыць і паведаміць у Мір, дзе быў вялікі гарнізон, а гэта зусім блізка да Сімакава.

– Пойдзем да солтыса, пабаіцца прадаць, – прапанаваў Валодзя. “Хто можа падумаць, што ў солтыса партызаны”, – разважалі мы. Так і зрабілі. Яшчэ было цёмна, Федзя давёў нас да хаты солтыса, а сам пайшоў да знаёмых. Пастукалі ў акно. Нам адчынілі, і мы без запрашэння ўвайшлі ў хату.

– Наш атрад недалёка ў лесе, а мы прыйшлі ў разведку і будзем у вас дняваць, – ціха сказаў я.

– Але днём немцы маюцца прыехаць абгледзець школу пад пастарунак, – дрыготкім голасам адказаў гаспадар.

– Яшчэ цемнавата, завядзі нас у гумно. Хто будзе ведаць, што там партызаны. Але калі прадасі, табе адпомсцяць нашы, – папярэдзіў я.

Ён узяў ключы і праз прыгуменне завёў нас у гумно, якое было далекавата ад хаты. Паставіў драбіны і паказаў, як залезці на сена.

– Ці замыкаць гумно? – шэптам спытаў гаспадар.

Мы далі згоду, лічылі, што так будзе больш бяспечна. Але як толькі ён пайшоў, мною авалодаў страх. “Самі па добрай волі селі ў пастку”. Валодзя маўчаў, відаць, як і я, перажываў страх нашага становішча.

Да раніцы мы не заснулі, моўчкі чакалі бяды. У сцяне ад вуліцы выдралі мох, зрабілі штосьці падобнае да байніцы і вырашалі, калі нас солтыс выдасць, то будзем адстрэльвацца да апошняга.

– Калі будзе бой, гумно загарыцца. Пашкадуе гаспадар дабра, – кажа Валодзя. У гэтым была нейкая надзея.

Але трывога наша была дарэмная. Ужо добра развіднела, і гаспадар у рэшаце, нібы ішоў каню па авёс, прынёс нам сняданак: кучку аладак і яешню на сале. Мы паснедалі і заснулі. Толькі сон быў трывожны. Колькі прайшло часу – не ведаю, але праз сон пачулі гул машын.

– Прадаў свалачына, – сказаў сябар, і мы падрыхтаваліся да бою. Стала добра відаць, як дзве грузавыя машыны з немцамі і паліцэйскімі затрымаліся ля двара солтыса, адзін немец у вайсковай форме выскачыў з кабіны і пайшоў у хату. Праз хвіліну-другую выйшлі з хаты немец і солтыс і машыны паехалі па вёсцы. Мы выцерлі з твару пот, Валодзя лёг дагары і моцна пачаў смяяцца.

Толькі сцямнела – выйшлі на вуліцу. Да нас далучыўся Федзя, і мы паспяшаліся да школы. З бліжэйшых хат паклікалі людзей і загадалі насіць у школу салому, рознае ламачча, дошкі. Аднаго з гаспадароў прымусілі запрэгчы каня, падпалілі школу і шпарка паехалі за вёску.

Нам шлях асвятляла полымя пажару. У вёсцы не згарэла ні адна хата.

Неяк вясною 1943 года група партызан на чале з камандзірам атрада трапіла на засаду, цяжка быў паранены Саятэвіч. На яго месца тымчасова прызначылі Рэмізоўскага, начальніка штаба суседняга атрада. Не ведаю чаму, але новы камандзір баявой актыўнасці не праяўляў. Паколькі ў нашым атрадзе партызанская “дэмакратыя” была на належным узроўні, галосна пайшла незадаволенасць камандзірам. Асабліва вызначаліся Балабановіч і Калеснік. Тады Рэмізоўскі дазволіў ім з дабраахвотнікаў стварыць дыверсійную групу і пайсці на чыгунку. Такая група з 7 чалавек была створана на чале з Балабановічам.

Трагедыя напаткала непаседлівых энтузіястаў. Калі пасля начнога паходу на лясным хутары Старая Міранка група спынілася адпачыць, на досвітку іх хутар акружылі карнікі. Днявальны ў апошні момант заўважыў ворагаў, і ўцякаць было позна.

 – Страляючы, за мною на прарыў! – падаў каманду Калеснік і, на бягу страляючы са сваёй “дзесяткі”, кінуўся наперад. Усе за ім, акрамя Балабановіча, які затрымаўся ля хаты. Траскатня кулямётаў і аўтаматаў аглушылі наваколле. Здавалася, пагібель немінучая. Трое партызан упалі адразу. Калеснік, Жук і Мікола Перавоз беглі аж да лесу. Наперадзе быў дрот, і на ім павіс Перавоз, а Калеснік і Жук з некалькімі ранамі ўскочылі ў лес і ўратаваліся ад пагібелі.

– Калі б не рызыка, ляжаць бы нам на той палянцы. Бачу кучаравы арэхавы куст, а ля яго твар паліцэйскага, дрыжыць і страляе. Таму, відаць, і не здолеў пацэліць, – нібы жартуючы, расказваў Валодзя. – Трэба памятаць закон жыцця: “Хто сябе беражэ, таго і лёс сцеражэ”. А мы парушылі яго.

Разважлівасць, адвага, прадбачлівасць лепшага варыянту ў баі былі ўласцівы Калесніку. Яны выявіліся ў баі за вёску Лядкі, пры разгроме гарнізонаў у вёсках Дудкі і Ярэмічы, у блакаду 1943 года, калі мнагалікія сілы ворага акружылі лес, дзе базіраваліся нашы атрады. У тыя цяжкія дні, больш чым раней, Калеснікам валодаў разважлівы аптымізм.

– Колькі б іх там ні было, яны не здолеюць разбіць нас у нашым лесе. Кожнае дрэва, кожны куст, кожнае балотца – нашы сябры-абаронцы, – упэўнена гаварыў ён.

У падтрымку сына быў і яго бацька Андрыян, які добра ведаў лес і ўмеў так вадзіць атрады, каб не сутыкнуцца з намнога мацнейшым ворагам, які прачэсваў Рудзьмянскі лес і Налібоцкую пушчу. Невыпадкова ў нашым атрадзе страт было вельмі мала.

Вось чаму, калі наш атрад вырас колькасна і з трэцяй роты стварылі новы атрад, камісарам у яго прызначылі Кастуся Балабановіча, а начальнікам штаба Уладзіміра Калесніка.

У народзе бытуе пагаворка: “Калі чалавек адышоў ад нас назаўсёды, аб ім гавораць толькі добра або нічога”. Да Калесніка гэта пагаворка не стасуецца, дакладней, будзе несумленна не адзначыць некаторыя яго слабасці. Відаць, у сілу свайго характару, а магчыма, з-за таго, што мала ведаў штатную працу начальніка штаба, ён абыякава адносіўся да збору дакументаў аб атрадзе і яго людзях, нават тых, хто вызначаўся ў баявой дзейнасці. Недаравальна, што і тыя, што былі сабраны, не здаў у архіў, каб захаваць дакументы аб атрадзе і яго людзях.

Вось чаму ў пасляваенныя гады шмат людзей з іх атрада, якія заслугоўвалі ўвагі, былі пакрыўджаны, асабліва тыя, што працавалі сувязнымі, дапамагалі партызанам.

У пасляваенныя гады дарогі нашы былі розныя: ён – выкладчык настаўніцкага інстытута ў Бабруйску, потым педагагічнага ў Брэсце. А я, па волі лёсу, вымушаны быў насіць афіцэрскія пагоны і многа гадоў служыць за мяжою краіны. Але мы, паколькі абаюдна жадалі, знаходзілі час пабачыцца амаль кожны год. Часта сустракаліся, як былі студэнтамі ў розных навучальных установах, у вёсцы на рыбалцы, на традыцыйных штогадовых сустрэчах партызан нашае брыгады. Усе сустрэчы былі цікавымі і карыснымі для мяне. Калеснік амаль ніколі не дазваляў сабе абыякавую размову. Яна заўсёды мела нейкую мэту, накіраванасць.

На традыцыйную сустрэчу партызан нашае брыгады, якую ў тым годзе праводзілі ў Сіняўскай Слабадзе, роднай вёсцы Калесніка, ён прыехаў з Брэста. Сярод тых, што выступалі, самым цікавым было Валодзева. Хаця з таго часу ў Нёмане працякло шмат вады, тое, што сказаў Валодзя, памятаецца вельмі добра. Коратка нагадаўшы важнейшыя падзеі тых дзён, ён выказаў вельмі важную думку: “Партызанскі рух у нашым Мірскім раёне не быў арганізаваны кімсьці. Партыйныя органы не паспелі пакінуць арганізаванае падполле. Але мясцовая моладзь, пераважна камсамольцы, не маючы дастатковай адукацыі, сэрцам адчула небяспеку акупацыі, што заваёўнікі, калі перамогуць, зробяць наш народ працоўнай жывёлай. Таму пераважна моладзь, не шкадуючы сябе і сваіх сем’яў, стала на шлях барацьбы з чужынцамі”.

Шкада, што ў нашых мясцовых хлопцаў-беларусаў у той час, відаць, у характары была нейкая недаацэнка сваёй годнасці, таму не самі ўзначалілі барацьбу, а аддаліся пад каманду іншых. Праўда, тыя мелі некаторы вайсковы вопыт. Як паказала жыццё, не заўсёды ён быў неабходны ў партызанскай барацьбе. Ім, у большасці выпадкаў, характэрны быў кар’ерызм і карысталюбства, што моцна шкодзіла ўсенароднаму руху, асабліва ў адносінах з мясцовым насельніцтвам.

– Раю табе папрацаваць над успамінамі аб ролі мясцовай моладзі ў партызанскім руху. Нельга нам кіравацца тэорыяй Рурыкавічаў, – часта падкрэсліваў ён. – Ты ведаеш, што ніхто іншы з нашых партызан лепш не напіша.

Я заўсёды быў удзячны Валодзю за яго дапамогу ў тым, што мне ўдалося надрукаваць.

Памятаецца адзін выпадак. Калі я напісаў, як мне здавалася, усё аб нашым партызанскім атрадзе, я паехаў у Каралішчавічы, дзе ў доме творчасці быў Валодзя, і паказаў яму. Ён сустрэў мяне надзвычай сардэчна. З алоўкам прачытаў маю працу, многа крэсліў і выказваў свае думкі, якія эпізоды паказаць больш шырока. Над яго заўвагамі я працаваў, і яны без паправак былі надрукаваны ў зборніках “В принёманских лесах” і “За край Родной”.

З той сустрэчы памяць трымае і нязначны эпізод. Пачытаўшы мае ўспаміны, пайшлі пагуляць па лесе. З невысокай бярэзіны Валодзя нарваў жменю маладых лісцікаў і, як прыйшлі ў спальны пакой, з шафы дастаў бутэльку гарэлкі, адкаркаваў і ўпіхнуў у яе бярозавыя лісцікі. Вечарам, як ісці на вячэру, прыгалубілі па чарцы пахучага напою.

На рэдкасць ён быў прыдзірлівы, крэсліў рукапіс, як мне здавалася, залішне. Пасылку ад яго звычайна адсылала Зося, яго жонка, і заўсёды рабіла прыпіску: “Не крыўдуй на Валодзю. Ён так і да свайго”.

Не зважаючы на выключныя здольнасці аналізаваць падзеі і пісаць, ён лічыў патрэбным усё, што напісана аб партызанскім руху, даваў чытаць мне. У стыль я не меў права лезці, бо ён лепшы майстар, чым я. Але мае заўвагі па датах і ацэнцы падзей успрымаў спакойна, з удзячнасцю. Не раз я здзіўляўся, чаму ён так рэагуе, бо за многія гады ведаў яго характар.

Калі ў кніжцы ці газетным артыкуле штосьці не адпавядала яго поглядам, ён не супакоіцца, пакуль у друку не выкажа свой погляд. Асабліва быў бязлітасны да тых, хто несправядліва даваў ацэнкі партызанскаму руху ці заходнебеларускаму друку, злоўжываў адмоўнымі фактамі таго часу ці суб’ектыўнымі трактоўкамі. Яго ўспаміны, якія друкаваліся ў “ЛіМе” і “Беларусі”, за выключэннем некалькіх недакладнасцей, глыбокія па зместу і аб’ектыўныя па апісанні падзей.

Бадай не было ніводнай сустрэчы, каб мы не краналі самага балючага пытання нашага народа: вырашэнне нацыянальнага пытання, лёс роднай мовы і культуры.

– Я патрыёт Радзімы і не магу зразумець, для чаго ім патрэбна так планамерна нішчыць усё беларускае. Гэта супярэчыць марксізму і зусім не патрэбна рускаму народу. У яго і сваіх шмат нявырашаных праблем, – часта выказваў думку.

Як філолаг-прафесар, ён ні на крок не адыходзіў ад барацьбы за годнасць роднай мовы і нацыянальнай літаратуры. Ніхто да яго грунтоўна не паказаў у нашым літаратуразнаўстве значэнне творчасці заходнебеларускай літаратуры ў цэлым, ён вярнуў з небыцця імёны У.Жылкі, Г. Леўчыка, М. Васілька, А. Салагуба, М. Засіма, А. Мілюця і шмат іншых. Навукова абгрунтавана творчасць у манаграфіях пра Максіма Танка, Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Жылку, аб’ектыўныя вытокі і глеба, на якой выраслі іх таленты.

Неяк пры сустрэчы, калі я ўважліва прачытаў падораную ім кніжку аб творчасці Максіма Танка, кажу яму: “Валодзя! Для чаго ты так захапляешся складанай навуковай тэрміналогіяй? Простаму чытачу цяжка зразумець твае думкі. Не насіць жа кожнаму слоўнік”.

– Я разлічваю не на выпадковага чытача, а на падрыхтаванага, – настойліва адказваў ён. Я яму не пярэчыў, хаця быў не згодны.

Нельга абысці ўвагаю майстэрства Калесніка і як фатографа. Ён быў непаўторным не толькі ў партрэтнай фатаграфіі, што выяўляецца ў кнізе “Я з вогненнай вёскі”, але і ў пейзажы. Бываюць хвіліны ў жыцці і даволі частыя, калі надыдзе сум і абыякавасць да жыцця. Тады я бяру кніжку “Між тых палёў”, якую ён зрабіў з Янкам Брылём, і здымкі Валодзі адразу гоняць прэч сум, навяваюць радасць жыцця. І, відаць, іх моц не толькі ў тым, што гэта роднае Наднямонне, а нешта іншае, большае, у тым, што ў свядомасць ідзе прыгажосць жыцця, яго натхняльны змест.

Ён ні хвіліны не быў не ў дзеянні: чытае, піша, або ходзіць з вудамі над Нёманам, або корпаецца над сваім “Масквічом”, які прабег шмат розных дарог, крочыць па ўзлеску ля збажыны з сумкаю фотаапаратуры, ці сядзіць перад эцюднікам, або чэша сякерай нейкую чурку, у якой бачыць яму аднаму знаёмую фігуру. У яго гаражы паліцы завалены гэблікамі, фуганкамі, дрэлямі, долатамі, напільнікамі, усе настольныя лямпы рознай формы, што ўпрыгожваюць пакой, уласнай канструкцыі і выканання.

Неяк Янка Брыль, Калеснік і я, ідучы над Нёманам, натрапілі на свежазрэзаны сухі дуб, ды такі тоўсты, аж у нейкія тры абхваты. Затрымаліся. Валодзя зайшоў у камель, паглядзеў.

– Трэба ж, такі здаровы і засох, – падзівіўся ён.

– Вельмі шкода, што гніе такі цуд. Але можна сёе-тое выкарыстаць, – разважае ён.

– Дроў плойма, а больш што? – пытаю.

– Мне ад яго трэба калода метр дваццаць.

Пайшлі, знайшлі чалавека з бензапілою. Ён адрэзаў, колькі паказаў Калеснік. Калоду на машыне прывезлі да мяне ў двор. Дзён два з сякераю і разаком ён працаваў, вычэсваў плашку таўшчынёю ў дваццаць сантыметраў.

– Для чаго табе такая плашка? – пытаю.

– Нарэдкасць будзе арыгінальны стол на дачу.

Гэту плашку зацягнулі ў хлеў, дзе яна прастаяла гады два. Я думаў, што ён пра яе забыўся. Але адно лета, адведаўшы Янку, прыязджае з электрафуганкам і гадзін пяць працуе над ёю, шліфуе. Потым зацягнулі ў яго машыну і ён павёз яе ў Брэст.

Пры сустрэчах амаль ніколі чаркі не цураўся, але не памятаю выпадку, каб калі выпіў хоць кроплю, якая перашкодзіла б весці патрэбную і цікавую размову. У яго ўсё было чалавечае, хіба толькі больш працавітасці і таленту, якога не шмат каму столькі дала прырода.

У жывапісе перавагу аддаваў пейзажам. І ўсе яны не проста задумённыя малюнкі, а характэрныя вобразы роднага краю, які стварыла прырода на вякі для ўсіх пакаленняў. І, відаць, няма чалавека, які глядзеў бы на іх абыякава.

Цесная двухпакаёвая кватэра – гэта своеасаблівая галерэя працы мастака і скульптара, які ў простай чурцы ці карчы бачыў вобразы людзей-стваральнікаў і пры дапамозе разца і нажа паўставаў вобраз з яскравым для яго характарам.

Неяк улетку на сваім архаічным “Масквічы” заехаў Валодзя да мяне ў Беражна і разам паехалі наведаць Янку Брыля. Машыну ля дарогі паставіў пад вярбу ў цянёк. Сам стаў ля дарогі і ўглядаецца ў дубы, што пры дарозе над Нёманам.

– Пойдзем у хату. Няёмка, прыехалі і чагосьці чакаем, – кажу.

Не адказаўшы ні слова, пайшлі ў хату да Янкі. Павіталіся, крыху пагаманілі і Валодзя кажа:

– Я зараз. Пагаварыце без мяне.

Хуткім крокам пайшоў да машыны, дастаў эцюднік, складны зэдлік, невялікі падрамнік з нацягнутай белай матэрыяй і алоўкам пачаў рысаваць контуры дарогі і дубоў, бераг Нёмана. Мы ведалі, што турбаваць яго ў такія хвіліны нельга, можа сказаць штосьці непрыемнае.

Ужо быў час позняга абеду, і Ніна Міхайлаўна (жонка Янкі) кажа:

– Клічце гэтага “Рэпіна”, а то памрэ з голаду. Мы з Янкам падышлі і маўчым.

– Што, есці захацелі? Я зараз, толькі некалькі мазкоў.

Гэтыя некалькі мазкоў цягнуліся з паўгадзіны, а мы моўчкі стаім і пазіраем то на дарогу і дубы, якіх бачылі тысячу разоў, то на эцюднік, як нараджаецца карціна.

Добра памятаецца, неяк у чэрвені Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Калеснік і я ранічкаю выйшлі з хаты ў Крынках на падворак. Наваколле было спакойнае, вясёлае. На Сэрвачы ціха рухалася мірная плынь, і толькі на заставе ля млына манатонна бурчэла. Подых вады лашчыў твар. Відаць, усё гэта рабіла нас разважлівымі.

Як і часта, пайшла размова на злабадзённыя тэмы. Не памятаю, хтосьці з сяброў кажа: “Дрэнна ў нас прапагандуецца, таму і не прадаецца беларуская літаратура”.

– Тут недапрацоўкі, безумоўна, ёсць. Але трэба прызнаць, што добрыя кніжкі і на роднай мове ў магазінах не залежваюцца, іх хутка раскупляюць. Бывае, купіш тоўстую кнігу, чытаеш, нібы воўну жуеш, ні дажаваць, ні глынуць. Дойдзеш да канца, а ў галаве нічога не застаецца. Шкода патрачанага часу, – павысіўшы голас, адказаў Калеснік. Яму ніхто не пярэчыў.

– Не буду гаварыць аб рознай моладзі, якой усё роўна, дзе жыць, абы была карысць, там і прыжываюцца, як тое перакаці-поле. Не разумею тых людзей, нават адукаваных, якія забываюць мову маці, радзіму, той куточак, дзе іх пуп закопаны, – працягваў ён.

Потым доўга блукалі па цудоўных ваколіцах, шмат фатаграфавалі то Калеснік, то Караткевіч. Ім больш падабалася рабіць здымкі ля збажыны ці ўзлеску. Той, хто будзе праглядаць фотаархіў Калесніка, а ён надзвычай багаты, пераканаецца ў гэтым.

Ведаючы Уладзіміра Андрэевіча многія гады, я маю права сцвярджаць, што жыццё ён пражыў мэтанакіравана. Яго творчасць як пісьменніка і навукоўца, як сейбіта добрага, разумнага, дзейнасць як педагога вышэйшага класу, нібы святло праз цені, свяціла людзям. Ён бачыў і чула разумеў світанкавыя ранкі, гоман лесу і шум дрэў у садзе, наднёманскія туманы і яго прахалоду, шчэбет птушак, маўклівасць палёў і ўсмешкі кветак, таямнічасць сцяжынак, утульнасць лясных палянак. Усё гэта мы адчуваем у яго літаратурных творах і фатаграфіях.

Ён актыўна жыў інтарэсамі свайго народа, ідэямі адраджэння нашай багатай гістарычнай, літаратурнай і культурнай спадчыны, нашай цудоўнай мовы – як найдаражэйшага багацця народа.

Ён верыў, што мы, як і кожны народ аб сваім, з гонарам скажам: “Мы – Беларусы!”