Агульныя звесткі

Установа адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна” пачынае адлік сваёй гісторыі са стварэння настаўніцкага інстытута ў г. Брэсце (рашэнне пра стварэнне інстытута зацверджана пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 06.06.1945 № 801). У адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў СССР ад 23.09.1950 № 15414-р настаўніцкі інстытут рэарганізаваны ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, які загадам Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.1995 № 320 перайменаваны ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 1999 г. № 275 Брэсцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту нададзена імя А. С. Пушкіна.

За гэтыя гады ўніверсітэт прайшоў слаўны шлях ад настаўніцкага інстытута да ўніверсітэта, вядучага цэнтра культурнага, адукацыйнага і навукова-інавацыйнага развіцця Брэсцкага рэгіёна.

У адпаведнасці з загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 28.07.2023 № 133-к рэктарам універсітэта прызначаны Голубеў Юрый Пятровіч, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт.

За дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці адукацыйных паслуг, навуковай прадукцыі, укараненне інавацыйных тэхналогій і метадаў менеджменту Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 01.03.2017 г. № 171 установе адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна” прысуджана Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. У 2020 годзе ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі ад 03.04.2020 года № 203 установе адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна” Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці прысуджана паўторна.

У 2020 г. універсітэт паспяхова прайшоў рэсертыфікацыйны аўдыт і атрымаў Сертыфікат адпаведнасці СТБ ISO 9001-2015 (да 2023 года).

Сёння ўніверсітэту ўласцівы шматпрофільнасць і шматузроўневасць прафесійнай падрыхтоўкі. Універсітэт ажыццяўляе прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў па наступных профілях вышэйшай адукацыі: “Педагогіка”, “Гуманітарныя навукі”, “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Прыродазнаўчыя навукі”, “Экалагічныя навукі”, “Сацыяльная абарона”, “Фізічная культура. Турызм і гасціннасць”, “Педагогiка. Прафесiйная адукацыя”.

У структуру ўніверсітэта ўваходзяць 9 факультэтаў (філалагічны, псіхолага-педагагічны, сацыяльна-педагагічны, факультэт замежных моў, факультэт фізічнага выхавання i тцрызму, факультэт прыродазнаўства, фізіка-матэматычны, гістарычны, юрыдычны), 32 кафедры, магістратура, аспірантура. Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, адасобленае структурнае падраздзяленне Пінскі каледж.

Лабараторныя заняткі па біятэхналогіях

БрДУ імя А. С. Пушкіна акрэдытаваны па 27 спецыяльнасцях I ступені вышэйшай адукацыі і 17 спецыяльнасцях II ступені вышэйшай адукацыі.

У 2022 годзе адкрыты дзве новыя спецыяльнасці – “Урбаналогiя і cіці-менеджмент” і “Iнфармацыя і камунікацыя”.

Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рэалізуе павышэнне кваліфікацыі па 9 профілях і 18 напрамках адукацыі, перападрыхтоўку – па 19 спецыяльнасцях на ўзроўні вышэйшай адукацыі і па 2 спецыяльнасцях на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Неабходна адзначыць, што 53,7 % штатных выкладчыкаў універсітэта маюць вучоныя ступені і/або званні.

Пінскі каледж як структурнае падраздзяленне ўніверсітэта ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялiстаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Замежная мова (англійская, нямецкая)”, “Музычная адукацыя”, “Турызм і гасціннасць”.

Археалагічная практыка студэнтаў гістарычнага факультэта

З мэтай узмацнення практыкаарыентаванай прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў створаны 41 філіял кафедраў. Заключаны дагаворы аб узаемадзеянні з 25 базавымi арганізацыямi (установы агульнай сярэдняй адукацыi Брэсцкай воюласцi, Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, пракуратура Брэсцкай вобласці, Упраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, дзяржаўная ўстанова «Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”», Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, установа “Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці”, установа культуры “Брэсцкі абласны краязнаўчы музей”, дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі”», ТАА “Эполь Софт”, EPAM Systems, Inc., камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Гасцініца “ВЕСТА”» і інш. Работнікі базавых арганізацый прымаюць непасрэдны ўдзел у праектаванні, ажыццяўленні і ацэнцы якасці адукацыйнага працэсу.

Для каардынацыі навукова- і вучэбна-метадычнай дзейнасці ва ўніверсітэце створаны Навукова-метадычны савет. Адным з ключавых напрамкаў яго дзейнасці з’яўляецца фарміраванне ў выкладчыкаў метадычнай і метадалагічнай культуры праз арганізацыю прафесійных конкурсаў “Майстар лекцыйных заняткаў, “Майстар практычных (семінарскіх) заняткаў”, “Прафесійны дэбют” (для маладых выкладчыкаў), “Тэхнапанарама” (конкурс у сферы сучасных адукацыйных інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій), конкурс на лепшую дыпломную працу і магістарскую дысертацыю па прыродазнаўчых, педагагічных і гуманітарных спецыяльнасцях.

Важную ролю ў падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў адыгрываюць універсітэцкія цэнтры, лабараторыі, спецыялізаваныя вучэбныя кабінеты. Функцыянуюць навукова-метадычны цэнтр “Школа – сям’я”, юрыдычная клініка, зала судовых пасяджэнняў, кабінет геалогіі, цэнтр экалогіі з батанічнымі экспазіцыямі (зімні сад і сад бесперапыннага цвіцення) і аграбіялагічнай станцыяй, рэгіянальны Беларуска-індыйскі цэнтр у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, кампетэнтнасны цэнтр адукацыйнага менеджменту і міжнародных адукацыйных праграм, адукацыйна-асветны цэнтр імя Уладзіміра Калесніка і інш. У 2020 годзе створаны Інстытут Канфуцыя (сумесна з Аньхойскім універсітэтам).

Для каардынацыі навукова-даследчай дзейнасці ва ўніверсітэце створаны Навукова-тэхнічны савет.

Сумесным рашэннем ДКНТ і НАН Беларусі ўніверсітэт акрэдытаваны на статус навуковай арганізацыі (пасведчанне ад 27.12.2022 № 192). Ва ўніверсітэце паспяхова функцыянуе сістэма падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі: за апошнія тры гады выкладчыкамі ўніверсітэта абаронена 7 дысертацый на саісканне вучонай ступені кандыдата навук, 1 дысертацыя на саісканне вучонай ступені доктара навук.

У БрДУ імя А. С. Пушкіна вынікова функцыянуюць навукова-педагагічныя школы: «Педагогіка і методыка вышэйшай школы» (кiраўнiк – доктар педагагічных навук, прафесар Г. М. Сендзер); «Практычная псіхалогія дзяцінства» (кір. – кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт І. Я. Валiтава); «Псіхалогія пазнаючага суб’екта» (кір. – кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт А. І. Мядзведская), «Школа намiнатыўнай і функцыянальнай лінгвістыкі» (кір. – доктар філалагічных навук, прафесар В. І. Сянкевіч); «Беларускае гісторыка-функцыянальнае літаратуразнаўства: тэорыя і практыка інтэрпрэтацыі мастацкага твора» (кір. – доктар філалагічных навук, прафесар З. П. Мельнікава); навукова-педагагічная школа па вывучэнні гісторыі, культуры і рэлігіі заходнебеларускіх зямель (кiр. – доктар гістарычных навук, прафесар А. М. Вабішчэвіч); «Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці беларускага народа» (кір. – доктар гістарычных навук, прафесар У. В. Здановіч) і інш.

За асаблівыя вынікі сацыяльна-гуманітарных і прыродазнаўчых даследаванняў выкладчыкам універсітэта прысуджаюцца прэміі першых прафесараў універсітэта С. Г. Кандрацені і У. А. Калесніка.

Значная ўвага надаецца таксама арганізацыі навукова-даследчай працы студэнтаў (НДПС), фарміраванню ў студэнцкай моладзі каштоўнасных адносін да навукі, прыцягненню студэнтаў да выканання заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, праектаў БРФФД, стымуляванню развіцця стартап-руху.

Ва ўніверсітэце функцыянуе Студэнцкае навуковае таварыства, Савет маладых вучоных, 137 студэнцкіх навукова-даследчых аб’яднанняў, з іх – 10 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (СНДЛ). Больш за 75 % студэнтаў далучаны да навуковых даследаванняў. На Рэспубліканскі конкурс навуковых прац студэнтаў за апошнія тры гады прадстаўлена 143 работы, з іх 124 (86,7 %) прысвоена катэгорыя, у тым ліку 51 (35,7 %) – званне лаўрэата або першая катэгорыя.

У міжнародным супрацоўніцтве ўніверсітэт надае асаблівую ўвагу развіццю (дыверсіфікацыі) экспарту паслуг, пашырэнню геаграфіі экспарту і ўдзелу ў праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі, адукацыйных праектах, праграмах мабільнасці (уключаючы развіццё «ўваходнай» мабільнасці выкладчыкаў, студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў). Ва ўніверсітэце навучаецца больш за 600 замежных грамадзян з Расіі, Кітая, Туркменістана, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана і іншых краін.

У 2021–2022 гг. заключана 12 новых дагавораў аб супрацоўніцтве: Універсітэт Сiялкота (Пакістан), Універсітэт Зялёна-Гура (Польшча), Універсітэт Чанакале Асекiз Март (Турцыя), Тульскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (Расія), Варонежскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (Расія), Ялецкі дзяржаўны ўніверсітэт імя І. А. Буніна (Расія), дзяржаўны гуманітарна-тэхналагічны ўніверсітэт (Расія), Ліпецкі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя П. П. Сямёнава-Цян-Шанскага (Расія), Астраханскі дзяржаўны ўніверсітэт імя В. Н. Тацішчава (Расія), Таджыкскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Садрыдзіна Айні (Таджыкістан), Таджыкскі нацыянальны ўніверсітэт (Таджыкістан), Таджыкскі інстытут фізічнай культуры імя Саiдмумiна Рахімава (Таджыкістан). Універсітэт з’яўляецца таксама членам Міжнароднага аб’яднання: асацыяцыя ўніверсітэтаў прафесійнай адукацыі трох правінцый і аднаго раёна Кітая ў рамках ініцыятывы “Адзін пояс, адзiн шлях”.

Лекцыя прафесара I.А. Швед для студэнтаў Аньхойскага ўніверсітэта