V Рэспубліканская канферэнцыя «Беларусь і славянскі свет у інтэлектуальным кантэксце часу»

15 сакавіка 2018 г. адбылася V навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь і славянскі свет у інтэлектуальным кантэксце часу», арганізаваная кафедрай гісторыі славянскіх народаў і кафедрай замежных моў. У гэтым годзе канферэнцыя, традыцыя правядзення якой была пакладзена ў 2014 г., набыла рэспубліканскі статус. Удзельнікамі канферэнцыі сталі выкладчыкі, аспіранты, магістранты і студэнты сямі ВНУ Беларусі, а таксама госці з Польшчы. Самы актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі супрацоўнікі нашага ўніверсітэта.

Актуальныя тэмы, якія выклікалі дыскусіі, былі прадстаўлены на пленарным пасяджэнні. І.М. Грачова (РІВШ БДУ, г. Мінск) прааналізавала гістарыяграфію гісторыі пракуратуры на тэрыторыі Беларусі, а культуролаг, краязнаўца Д. Фіёнік (дырэктар прыватнага Музея малой радзімы ў Студзіводах, Польшча) паказаў працэс станаўлення беларускай школьнай адукацыі ў горадзе Бельск-Падляскі ў першыя гады пасля вызвалення яго ад нямецка-фашысцкіх акупантаў (1944–1946 гг.). Разнастайныя аспекты гісторыі, культуры і рэлігіі былі разгледжаны ў пленарных выступленнях прадстаўнікоў БрДУ імя А.С. Пушкіна: каштоўнасці хрысціянства як аснова кансалідацыі славянскага свету (дацэнт А.А. Лагуноўская), сінагогі Беларусі як «месца памяці» (магістрант гістарычнага факультэта К. Гаўрыленка), кадравае забеспячэнне калектывізацыі на Брэстчыне ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг (магістрант гістарычнага факультэта А. Паско), традыцыі святкавання Вялікадня ў славянскіх краінах (студэнтка біялагічнага факультэта В. Панфёрава).

Не менш цікавай і плённай была праца сямі секцый канферэнцыі, якія прайшлі ў сяброўскай атмасферы. Адна з секцый была прысвечана трагедыі беларускіх вёсак, што паўтарылі страшны лёс Хатыні, спаленай разам з жыхарамі падчас нямецка-фашысцкай акупацыі 22 сакавіка 1943 г.

Аргкамітэт канферэнцыі выказвае шчырую падзяку ўсім, хто словам і справай дапамагаў яе правядзенню, асабліва кіраўнікам секцый.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў, кафедра замежных моў

Падзяліцца: